Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе спыніць расправу над журналістамі.
У чэрвені ў Беларусі пачнуцца пяць крымінальных працэсаў над прадстаўнікамі медыя. Улады планамерна пераследуюць медыйшчыкаў, абвінавачваючы нашых калег паводле розных артыкулаў Крымінальнага кодэкс — ад удзелу ў пратэстах да дзяржаўнай здрады.
6 чэрвеня ў Мінску ў закрытым рэжыме распачнецца суд па «справе інфармагенцтва БелаПАН». На лаве падсудных: былы намеснік дырэктара інфармагенцтва Андрэй Аляксандраў (яго вінавацяць у арганізацыі пратэстаў, ухіленні ад выплаты падаткаў, стварэнні экстрэмісцкага фармавання «БелаПАН» альбо ўдзеле ў ім і здрадзе дзяржаве), яго дзяўчына Ірына Злобіна (вінавацяць у арганізацыі пратэстаў і здрадзе дзяржаве), былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў (ухіленне ад выплаты падаткаў і стварэнне экстрэмісцкага фармавання «БелаПАН») і галоўны рэдактар Ірына Леўшына (стварэнне экстрэмісцкага фармавання «БелаПАН» альбо ўдзел у ім).
7 чэрвеня ў Мінску пачнуць судзіць галоўную рэдактарку закрытай уладамі газеты «Новы Час» Аксану Колб. Рэдактарку незалежнага выдання вінавацяць у арганізацыі пратэстаў і ўдзеле ў іх.
8 чэрвеня ў Магілёве ў закрытым рэжыме пачнуць судзіць фрылансера «Радыё Свабода» Андрэя Кузнечыка. Ужо пасля яго затрымання ўлады ўнеслі «Радыё Свабода» ў спіс экстрэмісцкіх фармаванняў, а цяпер журналіста будуць судзіць за ўдзел у такім фармаванні.
Таксама ў чэрвені запланаваны суд над журналісткай тэлеканала «Белсат» Кацярынай Андрэевай, якая ўжо асуджаная за асвятленне пратэстаў да двух гадоў зняволення і адсядзела за кратамі 1,5 года.Незадоўга да вызвалення яе абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве. Кацярыне пагражае да 15 гадоў турмы.
У чэрвені пачнецца суд і над журналісткай тэлеканала «Белсат» Ірынай Слаўнікавай. Як і Андрэя Кузнечыка, яе вінавацяць у стварэнні альбо ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.
Усяго на дадзены момант за кратамі ў Беларусі ў жахлівых умовах утрымліваюць 27 прадстаўнікоў медыя. Гэта лічба, на вялікі жаль, павялічваецца.
Беларуская асацыяцыя журналістаў падкрэслівае, што журналісты — не злачынцы. Свабода выказвання з’яўляецца падмуркам дэмакратычнага грамадства. Журналісты павінны быць неадкладна вызваленыя з турмаў, мець магчымасць нармальна працаваць і жыць без страху за сваю сям’ю і сябе.