Беларускі ПЭН выступіў з заявай з нагоды затрымання выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцы выдавецтва Насты Карнацкай, а таксама супраць пераследу кнігароў Беларусі.
Незалежная кніжная сфера Беларусі не толькі існуе ў складаных умовах, але і зазнае маштабныя рэпрэсіі, якія закранаюць як выраб, так і распаўсюд кніжнай прадукцыі.
З аднаго боку, гэта адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, высокія падаткі (нават у параўнанні з суседнімі краінамі), камерцыйныя кошты на выраб кнігі пры фактычнай адсутнасці кніжнага рынку ў Беларусі, – усё гэта ўплывае на канчатовы кошт беларускай кнігі і робіць яе вельмі дарагой для спажыўца. Фармаванне ўласнага кніжнага рынку ўскладненае тым, што ў Беларусі шырока прадстаўленыя кнігі расійскіх выдавецтваў. Улічваючы актуальныя падзеі ў рэгіёне і ў краіне, агульную сітуацыю ў сферы культуры ў Беларусі можна без перабольшання назваць расійскай культурніцкай акупацыяй і прасоўваннем ідэалогіі “рускага міру”, спалучанымі з вынішчэннем усяго беларускага.
З другога боку, гэта пастаянныя рэпрэсіі, якія закранаюць аўтараў, выдаўцоў і супрацоўнікаў выдавецтваў, распаўсюднікаў кніг, літаратурных аглядальнікаў. Нелаяльныя да ўладаў літаратары практычна не маюць магчымасці сустракацца з чытачамі, аддаваць кнігі на распаўсюд у дзяржаўныя кнігарні, згадваюцца ў дзяржаўных СМІ, выключна ў кантэксце прапаганды і дыфамацыі.
У 2021 годзе былі ліквідаваныя грамадскія аб’яднанні, якія, сярод іншага, займаліся развіццём беларускай літаратуры і кніжнага рынку, – Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Са студзеня 2021 г беларускі рэжым пачаў сістэмна ціснуць на выдавецтвы і іх супрацоўнікаў – адбыліся ператрусы ў выдавецтвах “Янушкевіч” і “Кнігазбор”, на пляцоўцы распаўсюду беларускіх кніг knihi.by. Падчас ператрусаў вымалася тэхніка. Падчас спробы выдавецтвам “Янушкевіч” перавезці наклад рамана Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы” (1000 асобнікаў) праз мяжу, увесь тыраж быў канфіскаваны, 17 траўня 2022 г. суд Мінскага раёна прызнаў гэты твор экстрэмісцкім. Выдавецтвам заблакавалі банкаўскія рахункі.
У 2022 годзе цягам месяца (з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны траўня) была прыпыненая дзейнасць як мінімум чатырох незалежных выдавецтваў – “Галіяфы” (з 18.04.2022), “Медысонт” (з 15.04.2022), “Лімарыус” і “Кнігазбор” (з 16.05.2022). Падстава для спынення дзейнасці ўсіх 4 выдавецтваў аднолькавая – “нарушение срока обращения в Мининформации с уведомлением об изменении сведений для включения в Государственный реестр издателей, производителей и распространителей печатных изданий”.
22 сакавіка 2022 выдавецтва “Янушкевіч” засталося без офісу. Уладальнік “папрасіў” вызваліць офіснае памяшканне цягам трох дзён без тлумачэння прычынаў. Памяшканне выконвала таксама складскую функцыю. Паколькі выдавецтва не мела іншага месца для захоўвання кніг, яму давялося распрадаць іх са зніжкай 20%.
У пачатку траўня выдавецтва “Янушкевіч” анансавала адкрыццё ў Мінску кнігарні “Кнігаўка”, запланаванае на 16.05.2022. У сітуацыі, калі прысутнасць незалежнай беларускай кнігі ў публічнай прасторы фактычна зводзіцца да нуля, а ўсё больш кніг беларускіх аўтараў трапляюць пад негалосную або галосную (з унясеннем у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) забарону, гэтая навіна выклікала вялікую зацікаўленасць з боку чытачоў беларускай літаратуры .
У першы ж дзень працы “Кнігаўкі” ў Мінску, 16 траўня 2022, у кнігарню прыйшлі праўладныя прапагандысты і, запісваючы размову на камеру, публічна прад’явілі прэтэнзіі Андрэю Янушкевічу ў продажы “няправільнай” літаратуры, якая “славіць нацызм”. Таксама Андрэя Янушкевіча абвінавацілі ў “адкрытай антыдзяржаўнай дзейнасці”. У прапагандысцкіх медыя з’явіўся шэраг зняважлівых допісаў пра працу крамы, кнігі і аўтараў кніг, якія там прадаваліся. У другой палове таго ж самага дня ў кнігарні адбыўся ператрус. Падчас вобшуку было вынята 200 кніг, 15 з якіх адправілі на экспертызу на прадмет наяўнасці ў іх прыкметаў экстрэмізму. Выдаўца Андрэя Янушкевіча і супрацоўніцу выдавецтва, літаратурную аглядальніцу, блогерку Насту Карнацкую затрымалі. Янушкевіча арыштавалі на 10 сутак, Карнацкую – на 13 за нібыта “дробнае хуліганства”. Андрэй Янушкевіч і Наста Карнацкая не выйшлі пасля адміністрацыйных арыштаў. У беларускай практыцы гэта можна азначаць як чарговы адміністрацыйны арышт, гэтак і завядзенне крымінальнай справы. Сітуацыя ўскладняецца тым, што, як і ў выпадку з іншымі зняволенымі па палітычных матывах, адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, што ўтварае інфармацыйны вакуум і робіць немагчымым дакладна зразумець юрыдычны статус людзей у зняволенні і іх месцазнаходжанне. Мы перакананыя: усё злачынства Карнацкай і Янушкевіча заключаецца ў тым, што яны працавалі на карысць развіцця беларускай культуры.
Андрэй Янушкевіч – беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, заснавальнік і дырэктар незалежнага выдавецтва “Янушкевіч”, якое з 2014 года паслядоўна займаецца выданнем гістарычнай, мастацкай і дзіцячай літаратуры на беларускай мове. Шмат увагі надаецца перакладам замежных аўтараў на беларускую мову. Выдавецтва адыгрывае важную ролю ў развіцці літаратурнага працэса і беларускай мовы.
Наста Карнацкая – літаратурная аглядальніца, блогерка, супрацоўніца выдавецтва “Янушкевіч”. Аўтарка тэлеграм-канала Белліт, доступ да якога пасля затрымання Насты атрымалі невядомыя, у выніку чаго ў канале змяшчаюцца матэрыялы з прапагандысцкіх каналаў. Такая самая сітуацыя назіраецца і з тэлеграм-каналам выдавецтва “Янушкевіч”.
Беларускаму ПЭНу вядомы і шэраг іншых непублічных фактаў ціску на выдавецтвы, кнігараспаўсюднікаў і аўтараў беларускіх кніг. Пры гэтым у поўнай дасяжнасці застаецца прадукацыя беларускіх дзяржаўных выдавецтваў, якія выдаюць выключна лаяльных дзяржаве аўтараў, а таксама прадукцыя расійскіх выдавецтваў.
Апісаныя вышэй падзеі маюць ідэалагічную і палітычную падставы. Адбываецца спланаванае і паслядоўнае вынішчэнне незалежнай кніжнай прасторы ў Беларусі, ідуць жорсткія рэпрэсіі супраць выдаўцоў і распаўсюднікаў незалежнай кніжнай прадукцыі. Гэта няўхільна вядзе да практычна поўнага абмежавання доступу чытачоў да незалежнай і запатрабаванай беларускай кнігі.
Беларускі ПЭН заяўляе, што дзяржава наўпрост перашкаджае грамадзянам удзельнічаць у культурным жыцці, перашкаджае развіццю культуры і распаўсюду яе прадукцыі. Дзяржава не робіць належных захадаў (не выдаткоўвае сродкаў, не распаўсюджвае інфармацыю), накіраваных на поўную рэалізацыю права грамадзян удзельнічаць у культурным жыцці. У дачыненні да культурнай дзейнасці прымяняецца цэнзура. Знішчаецца магчымасць абіраць уласную культурную самабытнасць. Выдавецтвы церпяць ад дыскрымінацыі паводле выбару мовы і тэмаў кніг. Тым самым дзяржава парушае п. 1, 2, 3 арт. 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.
Беларускі ПЭН патрабуе неадкладнага вызвалення Насты Карнацкай і Андрэя Янушкевіча і спынення ўсякага пераследу за культурніцкую дзейнасць і меркаванне, адрознае ад афіцыйна прынятага.