170 парламентарыяў з 16 еўрапейскіх краінаў падпісалі агульны ліст, які будзе адпраўлены Міністэрству ўнутранных спраў Беларусі і кіраўнікам 48 беларускіх турмаў, дзе ўтрымліваюцца палітвязні. Еўрадэпутаты заклікаюць турэмныя ўлады спыніць усе парушэнні і ўшчамленні правоў зняволеных ва ўсіх беларускіх месцах несвабоды.
Ліст падпісалі парламентарыі з Аўстрыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Шатландыі, Славакіі, Іспаніі, Швецыі і Швейцарыі.
Прадстаўнік Libereco ў Злучаным Каралеўстве Кен Макбейн сказаў:
"Важна, каб тыя, хто нясе адказнасць за жыццё, здароўе і бяспеку палітычных зняволеных у Беларусі, ведалі, што іх незаконнае і бесчалавечнае абыходжанне не застаецца незаўважаным. Мы спадзяемся, што атрыманне ліста, адрасаванага асабіста, са шматлікімі подпісамі Еўрапейскіх парламентарыяў з розных краінаў, прымусіць іх задумацца пра свае абавязкі. Яны могуць адчуваць, што дзейнічаюць беспакарана і ананімна, але свет назірае за імі".
У лісце дэпутатаў гаворыцца:
"Мы ведаем пра парушэнні асноўных правоў, у якіх адмаўляюць палітвязням у беларускіх следчых ізалятарах, турмах і калонія. Мы ведаем, што затрыманых змяшчаюць у перапоўненыя памяшканні без належнага адзення, сродкаў асабістай гігіены і пасцельных прыналежнасцяў. Мы ведаем, што вязням адмаўляюць у атрыманні лістоў і пасылак, у сустрэчах з іх сем'ямі і ў доступе да належнага юрыдычнага прадстаўніцтва. Мы ведаем, што зняволеным, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, часта адмаўляюць у доступе да лекараў і неабходных леках, а палітычных зняволеных адпраўляюць у карцэры для аказання на іх ціску з-за іх палітычных поглядаў.
Мы заклікаем вас спыніць гэтыя злоўжыванні і парушэнні правоў зняволеных ва ўсіх вашых месцах утрымання пад вартай. Бесчалавечнае абыходжанне з вашымі зняволенымі, пра які мы так часта чуем і ведаем, непрымальнае".
Цалкам тэкст ліста (на ангельскай і расейскай мовах)