Ілюстрацыйнае фота з ПК-22. Скрыншот з фільма АНТ
Цягам чэрвеня праваабаронцы "Вясны" адзначалі нязменнасць тэндэнцыі крымінальнага пераследу паводле палітычных матываў. Згодна з папярэднімі звесткамі, у чэрвені былі асуджаныя мінімум 146 чалавек, з якіх 98 мужчын і 48 – жанчын. Праваабаронцам на момант публікацыі вядомыя падрабязнасці крымінальных справаў, паводле якіх былі асуджаныя 20 чалавек.
Рэгіянальная структура пераследу паводле палітычна матываваных крымінальных справаў у чэрвені выглядала наступным чынам:
Мінск – 77 чалавек;
Брэсцкая вобласць – 9 чалавек;
Гродзенская вобласць – 13 чалавек;
Гомельская вобласць – 13 чалавек;
Мінская вобласць – 13 чалавек;
Магілёўская вобласць – 14 чалавек;
Віцебская вобласць – 7 чалавек.
Мінск стабільна застаецца лідарам па крымінальных судах паводле палітычных матываў. У чэрвені ў параўнанні з траўнем у Брэсце знізілася колькасць асуджаных амаль у чатыры разы. Гэта звязана з тым, што ў апошні месяц вясны там праходзілі масавыя суды па "справе карагодаў" і за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту. Пры гэтым, на 12 чалавек выраслі паказчыкі на Магілёўшчыне.
На працягу чэрвеня былі завочна вынесеныя абвінаваўчыя прысуды ў дачыненні да грамадскіх дзеячаў, чыя публічная суб'ектнасць выклікае рэзкае раздражненне ў беларускіх уладаў. Брэсцкі абласны суд асудзіў у парадку завочнай вытворчасці ўдзельнікаў "экстрэмісцкага фармавання" "Рудабельская паказуха" Андрэя і Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Іллю Салянкова, Аляксандра Чахоўскага ды Уладзіслава Наважылава да пакарання ў памеры ад трох месяцаў арышту да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Адметнай асаблівасцю чэрвеня стаў паўторны пераслед грамадзян, супраць якіх раней ужывалася рэальнае пакаранне, у парадку завочнай вытворчасці. Акрамя Уладзіслава Наважылава, асуджанага ў складзе групы ўдзельнікаў "Рудабельскай паказухі", у парадку спецвытворчасці быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу праваабаронца Леанід Судаленка, які актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах па тэматыцы беларускіх палітвязняў і пенітэнцыярнай сістэмы на міжнародных пляцоўках.
Супраць Францішка Вячоркі ў парадку завочнай працэдуры ўжытае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 20 гадоў Мінскім гарадскім судом па цэлым наборы артыкулаў Крымінальнага кодэкса, што прадугледжваюць адказнасць за грамадска-палітычную дзейнасць у публічным полі.
Пераслед па палітычных матывах у крымінальным парадку закранае цэлыя сем'і і групы сваякоў. У чэрвені пад крымінальны пераслед паводле "народнага" 342 артыкула КК у судовым парадку трапілі Дар'я і Юрый Марозавы, Вольга і Юрый Хаванскія, Таццяна ды Ілля Палонскія, справы якіх слухаліся ў судах Маскоўскага, Савецкага і Цэнтральнага раёнаў Мінска адпаведна.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва разглядалася групавая справа паводле арт. 342 КК, якая скончылася для Святланы і Дзяніса Котавых вынясеннем пакарання ў выглядзе двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ і двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ адпаведна.
У Гомельскім абласным судзе ў чэрвені быў вынесены прысуд па рэзананснай справе аб здрадзе дзяржаве ў дачыненні да цэлай сям'і – Васіля, Ларысы і Паўла Прохаравых, якіх асудзілі да адзінаццаці (Васіля) і васьмі (Ларысы і Паўла) гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Акрамя артыкула пра "здраду дзяржаве", фігурантам ставіліся ў віну склады злачынстваў у выглядзе "распальвання варожасці", "садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці" і "неданясення аб злачынстве".
Структура крымінальнага пераследу па палітычных матывах па-ранейшаму ў асноўным вызначаецца судовым пераследам удзельнікаў стыхійных сходаў 2020 года. З 146 грамадзян, якія трапілі пад судовы канвеер рэпрэсій, у 90 (62%) у абвінавачванні меўся "народны" арт. 342 КК. Разам з тым, варта адзначыць актывізацыю працэсаў паводле 342-га ў рэгіёнах Беларусі. Адметнай асаблівасцю гэтай тэндэнцыі становяцца групавыя паказальныя суды. У чэрвені такія праходзілі ў Баранавічах, судзе Ленінскага раёна Магілёва і Кастрычніцкага раёна Гродна.
У чэрвені праваабаронцы "Вясны" фіксавалі павелічэнне колькасці выпадкаў паўторнага і наступнага асуджэння раней рэпрэсаваных грамадзян. У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Радзівона Касцінца паводле артыкулаў пра "абразу Лукашэнкі" і "прадстаўніка ўлады". У лютым гэтага года Касцінец пераследаваўся гэтым жа судом паводле артыкулаў пра "абразу Лукашэнкі, прадстаўніка ўлады, суддзі", а таксама паклёп на адрас Лукашэнкі.
У гэтым жа судзе слухалася справа ў дачыненні да Яўгена Масарноўскага паводле артыкула аб "абразе прадстаўніка ўлады". Да гэтага супраць мужчыны неаднаразова ўжывалі рэпрэсіі паводле гэтага ж артыкула, пачынаючы з кастрычніка мінулага года.
У судзе Першамайскага раёна Мінска паводле "народнага" артыкула 342 КК слухалася справа ў дачыненні да Уладзіміра Гібкага, якога раней, у красавіку гэтага года, ужо судзілі паводле гэтага артыкула ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска паводле такога жа артыкула слухалася справа ў дачыненні да Віктара Аўраменкі, якога ўжо пераследавалі ў лютым мінулага года паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі ў судзе Чэрвеньскага раёна.
У судзе Ленінскага раёна Магілёва слухалася справа ў дачыненні да Паўла Белаголава паводле артыкула аб паклёпе на адрас Лукашэнкі. Да гэтага мужчына ў жніўні 2022 года быў рэпрэсаваны судом Дрыбінскага раёна паводле артыкулаў аб абразе прадстаўніка ўлады і дыскрэдытацыі Беларусі. У Мінскім абласным судзе слухалася справа аб распальванні варожасці, абразе Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады ў дачыненні да Міхаіла Тарасевіча, які ў лістападзе 2022 года пераследаваўся судом Цэнтральнага раёна Мінска паводле пяці дыфамацыйных артыкулаў.
У судзе Дзяржынскага раёна слухалася справа ў дачыненні да Таццяны Бародзіч паводле 342 артыкула Крымінальнага кодэкса. У траўні мінулага года жанчыну гэты ж суд і паводле гэтага ж артыкула асудзіў да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. Суд Аршанскага раёна асудзіў Сяргея Гняўко да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі у сукупнасці з папярэднім прысудам паводле аналагічнага артыкула, вынесеным судом Кастрычніцкага раёна Мінска ў траўні мінулага года.
У Віцебскім абласным судзе на працягу месяца слухалася групавая справа ў дачыненні да раней рэпрэсаваных Аляксандра Шарабайкі і Дзяніса Цыбульскага паводле артыкулаў аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання (удзеле ў ім) і абразе Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады. Аляксандр Шарабайка у верасні мінулага года быў асуджаны паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі судом Глыбоцкага раёна, а Дзяніс Цыбульскі – судом Заводскага раёна Мінска паводле "народнага" 342 артыкула ў сакавіку мінулага года.
У чэрвені праваабаронцы працягвалі фіксаваць шырокае рэпрэсіўнае ўжыванне артыкула 411 КК, які прадугледжвае магчымасць дадавання тэрміну пакарання за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі".
Суд Мазырскага раёна разглядаў справу паводле гэтага артыкула ў дачыненні да Вячаслава Сідаракіна, два гады таму асуджанага паводле артыкула аб "незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі і незаконным яе перамяшчэнні праз дзяржмяжу". У судзе Ваўкавыскага раёна слухалася справа ў дачыненні да анархіста Аляксандра Францкевіча, які па шэрагу складаў злачынстваў раней быў рэпрэсаваны на тэрмін амаль у сямнаццаць гадоў пазбаўлення волі.
Суд горада Жодзіна разглядаў справу ў дачыненні да Ягора Ібрагімава, які адбывае пакаранне па артыкулах аб "удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (342 КК) і "гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў" (364 КК). У судзе Барысаўскага раёна паводле артыкула 411 КК слухаліся справы ў дачыненні да Васіля Кавалёва і Сяргея Дзяцука, асуджаных раней паводле артыкулаў аб "абразе прадстаўніка ўлады" і "дыскрэдытацыі Беларусі", а таксама "гвалце або пагрозе яго ўжывання ў адрас супрацоўніка органаў унутраных спраў".
Пад крымінальны пераслед па палітычных матывах па-ранейшаму трапляюць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія да апошняга моманту заставаліся ўнутры Беларусі. Да пяці гадоў пазбаўлення волі і вялізнага штрафу была асуджаная Алена Цімашчук, якой паставілі ў віну супрацоўніцтва з незалежнымі выданнямі. Падставай для пераследу журналісткі сталі артыкулы пра "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "дыскрэдытацыю Беларусі" і "стварэнне экстрэмісцкага фармавання (альбо ўдзел у ім)".