Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2024 года

27 May 2024, 11:25 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2024 года

Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў красавіку 2024 года.

Высновы:

  • Правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму паўсюдна і сістэматычна парушаюцца, узровень рэпрэсій у дачыненні да палітычных праціўнікаў рэжыму і іншадумцаў застаецца на крытычна высокім узроўні;

  • на канец красавіка 2024 года ў Беларусі ў месцах зняволення знаходзілася 1 386 палітзняволеных, з іх 166 жанчын; за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 65 чалавек;

  • праваабаронцы — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк і Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;

  • працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у красавіку "Вясне" стала вядома пра не менш як 541 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманняў), звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, у тым ліку не менш як пра 531 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 31 адміністрацыйны арышт, 45 штрафаў, адзін раз прызначаны грамадскія працы;

  • праваабаронцамі "Вясны" па-ранейшаму рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу і пазбаўлення волі паводле палітычных матываў;

  • Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па індывідуальным звароце ад імя Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, асуджаных да смяротнага пакарання і пакараных уладамі Беларусі ў 2018 годзе. Сярод парушэнняў Камітэт угледзеў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, адзначыў, што ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця, і запатрабаваў ад уладаў Беларусі выплаціць маці пакараных адпаведную кампенсацыю;

  • на пасяджэнні 55-й сесіі ў Жэневе 4 красавіка Савет ААН па правах чалавека прыняў рэзалюцыю "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі". Савет пастанавіў працягнуць мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі на адзін год, пачынаючы з канца сваёй 56-й сесіі (да 12 ліпеня 2025 года) і папрасіў яго "працягваць сачыць за развіццём падзеяў і выносіць рэкамендацыі аб шляхах умацавання павагі, абароны і ажыццяўлення правоў чалавека ў Беларусі, праводзіць кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі, уключаючы грамадзянскую супольнасць у Беларусі і па-за яе межамі". Таксама СПЧ ААН пастанавіў "у тэрміновым парадку стварыць групу з трох незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У ейны мандат будзе ўваходзіць правядзенне расследавання і выяўленне фактаў, акалічнасцяў і карэнных прычынаў усіх меркаваных парушэнняў і ўшчамленняў правоў чалавека і парушэнняў, здзейсненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года". Новы орган, за які выступалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя групы, мае мандат на расследаванне сур'ёзных парушэнняў, збор і захаванне доказаў міжнародных злачынстваў, а таксама выяўленне вінаватых, абапіраючыся на працу Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

Палітычныя зняволеныя. Пераслед праваабаронцаў

На канец красавіка ў Беларусі налічвалася 1 386 палітзняволеных, з іх 166 жанчын. Акрамя таго, не менш за 1 760 палітзняволеных, з іх 394 жанчыны, ужо вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не злучанага з пазбаўленнем волі, а таксама ў сувязі з амністыяй і памілаваннем. Такім чынам, сумарная колькасць палітвязняў і былых палітвязняў няўхільна расце, іх агульная лічба набліжаецца да 3 150 чалавек, сярод якіх больш за 550 жанчын.

За месяц праваабаронцамі прызнаныя палітвязнямі 65 чалавек.

Агулам "Вясне" цяпер вядома пра амаль 4 950 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў. У красавіку праваабаронцы "Вясны" апублікавалі вынікі крымінальнага пераследу ў сакавіку, зафіксаваўшы тэндэнцыю да павелічэння інтэнсіўнасці судовых разглядаў паводле палітычных крымінальных спраў. Згодна са звесткамі "Вясны", у сакавіку былі асуджаны не менш за 165 чалавек, з якіх 48 — жанчыны, 117 — мужчыны. Акрамя гэтага, працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: прынамсі 85 чалавек за месяц былі асуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, у тым ліку — дзесяць сем'яў.

У брэсцкім СІЗА 9 красавіка 2024 года памёр Аляксандр Кулініч, паведаміла "Люстэрка". Мужчыну абвінавачвалі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ў абразе А. Лукашэнкі. Аляксандра Кулініча затрымалі 29 лютага ў Брэсце, з таго часу ён знаходзіўся ў зняволенні. Суд над ім мусіў адбыцца 16 красавіка. Як распавялі крыніцы выдання, Аляксандр Кулініч памёр праз ішэмічную хваробу сэрца: гэтая прычына пазначаная ў заключэнні аб смерці.

З мінулага года па-ранейшаму няма звестак пра лёс шэрагу палітвязняў: Марыю Калеснікаву (з 15 лютага 2023 г.), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага 2023 г.), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка 2023 г.), Ігара Лосіка (з 20 лютага 2023 г.), Віктара Бабарыку (з 26 красавіка 2023 г.) і некаторых іншых палітвязняў працягла ўтрымоўваюць інкамунікада.

У іншых палітычных зняволеных таксама часта здараюцца працяглыя перапынкі ў кантактах; яны істотна абмежаваны ў ліставанні, тэлефонных перамовах і спатканнях з роднымі і адвакатамі. Гэтыя ўмовы ствараюць спрыяльную глебу для бяскарнага парушэння правоў палітвязняў, у тым ліку — права не зазнаваць катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання. У асабліва ўразлівым стане аказаліся палітвязні сталага веку, людзі з інваліднасцю і цяжкімі хранічнымі захворваннямі.

"Вясна" з дапамогай іншых арганізацый грамадзянскай супольнасці апублікавала спіс палітычных зняволеных, жыццё і здароўе якіх знаходзіцца ў асабліва небяспечным становішчы — праз агульны цяжкі стан здароўя (вядома 93 чалавекі), інваліднасць (вядома 16 чалавек), анкалагічныя захворванні (вядома пяць чалавек), сталага веку (вядома 63 чалавекі), праблемы з псіхічным здароўем (вядома дзесяць чалавек) і наступствы празмернага ўжывання сілы пры затрыманні (вядома чатыры чалавекі).

У зняволенні працягваюць утрымлівацца праваабаронцы: палітвязні Алесь БяляцкіВалянцін СтэфановічУладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі. Жонка Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук распавяла Associated Press, што апошнія паўгода праваабаронца знаходзіцца ў адзіночнай камеры, нягледзячы на свае хранічныя захворванні; стан ягонага здароўя пагоршыўся.

На палітвязняў працягваюць аказваць жорсткі ціск у месцах зняволення.

Да Паліны Шарэнды-Панасюк, якая чатыры месяцы знаходзіцца ў стане інкамунікада ў папраўчай калоніі, 15 красавіка ў чарговы раз не здолеў трапіць адвакат.

Адной з найбольш жорсткіх мер з'яўляецца падаўжэнне тэрміна пазбаўлення волі:

Стала вядома, што сёлета 22 студзеня палітычны зняволены Вадзім Гусеў быў асуджаны да дадатковага года пазбаўлення волі паводле артыкула 411 КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі), сам змест якога і крымінальны працэс парушаюць шэраг гарантый у дачыненні да справядлівага судовага разгляду.

Наогул, згодна са звесткамі праваабаронцаў, паводле стану на 23 красавіка 2024 года прынамсі 71 палітвязня перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 37 пачалі новыя крымінальныя справы паводле арт. 411 КК. "Вясна" распавяла, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з іх прызнаны "злоснымі парушальнікамі рэжыму".

Крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК) у парадку спецыяльнай вытворчасці супраць праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі накіравалі ў Гомельскі абласны суд для завочнага разгляду. Вядома, што матэрыялы справы складаюць два тамы, але сутнасць абвінавачвання самаму праваабаронцу дагэтуль невядомая. Міліцыянты нядаўна прыходзілі ўначы ў беларускую кватэру Леаніда шукаць яго, хаця праваабаронца з'ехаў з краіны мінулым летам.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

Працягваецца актыўны пераслед удзельнікаў масавых пратэсных акцый 2020 года. Напрыклад, у межах так званай брэсцкай "карагоднай справы": 13 верасня 2020 года ў Брэсце адбыўся поствыбарны пратэсны марш, удзельнікі якога спыняліся на праезнай частцы, дзе спявалі песні і вадзілі карагод; акцыя была разагнана з ужываннем вадамёта і іншых спецсродкаў. Гэтая справа лічыцца самым буйным пераследам удзельнікаў мірных пратэстаў, якія адбываліся ў поствыбарны перыяд 2020 года, паводле колькасці абвінавачаных. Згодна са станам на красавік 2024 года асуджана прынамсі 137 чалавек.

Ва ўсіх выпадках дзеянні затрыманых і асуджаных за рэалізацыю права на мірныя сходы паводле арт. 342 КК насілі выключна мірны характар. Напрыклад, затрыманая ў красавіку Дар'я Давыдзенка абвінавачваецца ў тым, што ў 2020 годзе "ўдзельнічала ў несанкцыянаваных мітынгах, хадзіла па дарогах, фатаграфавалася, рабіла сэлфі". А асуджаным 5 красавіка шасці чалавекам былі прызначаныя пазбаўленне ці абмежаванне волі за тое, што падчас пратэснай акцыі 2020 года ў Брэсце яны выходзілі на праезную частку, выкрыквалі лозунгі і дэманстравалі нацыянальны сцяг.

Суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічаў 1 красавіка 2024 года вынес прысуд паводле арт. 342 КК васьмі ўдзельнікам пратэстаў — марша ў Баранавічах у ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года. Суддзя Анастасія Паўлечка прызначыла ўсім ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага ці строгага рэжыму.

Прысуд другой групе мясцовых жыхароў за ўдзел у паслявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе быў вынесены 11 красавіка ў Баранавічах. Суддзя Іна Паўлоўская прызначыла дзевяці пратэстоўцам ад аднаго да паўтара года калоніі, напісала "Берасцейская Вясна". Сярод асуджаных — дзве жанчыны.

У судзе Ленінскага раёна Брэста сёлета 5 красавіка вынесены прысуд шасці ўдзельнікам пратэстаў. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у пратэстах у Брэсце ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года. Пяцёра з іх асуджаны да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Некаторыя крымінальныя справы за ўдзел у пратэсных акцыях поствыбарнага перыяду 2020 года ўтрымоўваюць абвінавачванні ў гвалтоўных дзеяннях. Напрыклад, затрыманы ўдзельнік пратэстаў у Брэсце абвінавачваецца ў кіданні камянёў у супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Іншы ўдзельнік пратэстаў у Брэсце быў змушаны пасля затрымання прызнацца на відэа ў запуску салютаў у супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Яшчэ аднаго мужчыну, які ўдзельнічаў у пратэсных акцыях у Брэсце, пасля затрымання вымусілі прызнацца на камеру ў тым, што ён кідаў у супрацоўнікаў міліцыі камяні, палкі, цэглу і разабраныя рэкламныя канструкцыі. Удзельнік пратэстаў у Мінску пасля затрымання быў вымушаны прызнавацца на відэа ва ўдзеле ў начной акцыі пратэсту з барыкадамі. Тым не менш падобныя ўсплёскі гвалту падчас поствыбарных пратэстаў 2020 года, калі яны сапраўды мелі месца, то не насілі масавы характар і былі справакаваны злоўжываннямі праваахоўных органаў, якія разганялі акцыі пратэсту.

Іншадумцаў працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці за абразу прадстаўнікоў улады і А. Лукашэнкі, паклёп на яго, пашкоджанне дзяржаўнага сцяга.

Так, Дзяніса Нікіту 2 красавіка 2024 года асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Судовае пасяджэнне правёў старшыня Свіслацкага раённага суда ў памяшканні райвыканкама.

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская была аштрафаваная ў межах адміністрацыйнай справы за несанкцыянаваны пікет (артыкул 24.23 КаАП) за тое, што на яе адзенні быў значок у выглядзе бел-чырвона-белага сцяга.

Праваабаронцы "Вясны" падлічылі агульную колькасць затрыманняў за першы квартал 2024 года: з 1 студзеня па 31 сакавіка ў Беларусі было зафіксавана 987 выпадкаў; траціна затрыманых — жанчыны. Большасць затрыманняў адбыліся ў студзені — 406 выпадкаў. Менавіта тады КДБ зладзіў масавы рэйд за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. У 65 затрыманых ёсць непаўналетнія дзеці.

Таксама праваабаронцам вядома пра мінімум 1 602 суды паводле адміністрацыйных спраў за гэты час. Толькі ў лютым беларускія суды разгледзелі не менш як 671 справу. У тым месяцы ўлады пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі дзеля ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 24.15 КаАП). Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.

У той жа час адзначым, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі з той прычыны, што праваабаронцы не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі. Падвядзенне вынікаў за квартал дае больш дакладную колькасць у параўнанні са штомесячным падлікам, бо вялікі аб'ём інфармацыі даходзіць з затрымкай.

У красавіку "Вясне" стала вядома пра не менш як 541 выпадак рэпрэсій (судоў і затрыманняў), злучаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, у тым ліку пра не менш як 531 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе. Суддзямі прызначаны не менш за 31 адміністрацыйны арышт, 45 штрафаў, адзін раз былі прызначаны грамадскія працы.

Катаванні і негуманнае абыходжанне

Праваахоўныя органы працягваюць практыку непрапарцыйна жорсткіх затрыманняў паводле палітычна матываваных крымінальных спраў за гвалтоўныя дзеянні і дыфамацыйныя парушэнні. Яркім прыкладам з'яўляецца відэа затрымання аднаго мужчыны за негатыўныя каментары ў інтэрнэце ў адрас сілавых структур, якое ажыццяўлялася дзесяццю супрацоўнікамі праваахоўных органаў са зброяй.

Не запавольваецца агульнараспаўсюджаная ў беларускіх праваахоўных органаў практыка публікацыі відэа з прызнаннем віны і выбачэннямі ("пакаяльныя відэа‎"), запісаных пад прымусам. На гэтых запісах затрыманых паводле палітычна матываваных крымінальных і адміністрацыйных спраў прымушаюць прызнаваць віну ў інкрымінаваных ім парушэннях і прыносіць выбачэнні. Напрыклад, 24 красавіка была затрыманая і змушаная да запісу "пакаяннага відэа" Кацярына Кастусёва, дачка палітзняволенага старшыні БНФ Рыгора Кастусёва

Аднак практыка публікацыі відэа з выбачэннямі, запісаных пад прымусам, паступова распаўсюджваецца не толькі на палітычна матываваныя затрыманні, але і на затрыманні за выказванне іншадумства ў шырокім разуменні. Так, быў затрыманы і прымушаны прыносіць выбачэнні на камеру мужчына, які ў TikTok апублікаваў кадры разбітай дарогі.

Працягвае выкарыстоўвацца ў якасці формы ціску на палітычных зняволеных змяшчэнне ў штрафныя ізалятары (ШІЗА) ці карцары. Стала вядома, што чарговы раз быў накіраваны ў ШІЗА палітычны вязень Ігар Аліневіч.

З'явілася інфармацыя аб жорсткім абыходжанні ў Папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку: згодна са звесткамі АЧК-Беларусь, палітзняволены Тамаз Піпія паведамляе пра блакаванне ліставання, катаванні холадам, збіванні і неаказанне медыцынскай дапамогі.

Таксама з'явілася інфармацыя пра тое, што ў Папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку адміністрацыя наўмысна стварае ўмовы для скразнякоў і вельмі нізкай тэмпературы ў камеры. Пры гэтым у штрафныя ізалятары калоніі, нягледзячы на нізкую тэмпературу, асуджаным забараняецца браць з сабой цёплыя рэчы, таксама нельга выконваць фізічныя практыкаванні, каб сагрэцца. Вядома, што ў калоніі прадстаўнікамі ўладаў была праведзена праверка, якая не выявіла ніякіх парушэнняў.

Мужчына, адміністрацыйна затрыманы сёлета ў студзені, расказаў пра ўмовы ўтрымання ў карцары ў ЦІП у Мінску (на вуліцы Акрэсціна), куды змяшчаліся затрыманыя паводле палітычна матываваных адміністрацыйным спраў. У адпаведнасці з ягоным аповедам, карцар быў памерам 3 на 5 метраў, у ім утрымоўвалі адначасова ад 6 да 12 чалавек. Два разы за ноч затрыманых будзілі з патрабаваннем называць свае прозвішчы.

Парушэнне права на жыццё. Смяротнае пакаранне

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па індывідуальным звароце ад імя Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова, асуджаных да смяротнага пакарання і пакараных уладамі Беларусі ў 2018 годзе. Сярод парушэнняў Камітэт угледзеў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, адзначыў, што ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця, і запатрабаваў ад уладаў Беларусі выплаціць маці пакараных смерцю адпаведную кампенсацыю.

Адсутнасць справядлівага судовага разгляду паводле палітычна матываваных спраў

Судовая сістэма ў Беларусі ўжо даўно зрабілася інструментам расправы над палітычнымі праціўнікамі ўлады і іншадумцамі:

Сергій Мельянец, які быў адміністрацыйна затрыманы 19 сакавіка і прабыў у няволі 25 сутак, пасля вызвалення распавёў, што падчас суда, які праходзіў праз Skype, ён знаходзіўся ў аддзяленні міліцыі, і супрацоўнікі праваахоўных органаў збілі яго за тое, што ён спрабаваў пярэчыць суддзі.

З шэрагам парушэнняў гарантый справядлівага судовага разгляду звязана правядзенне папярэдняга расследавання ў межах спецыяльнай вытворчасці і пасля завочнага суда (in absentia) у дачыненні да палітычных апанентаў і грамадскіх актывістаў, якія пакінулі краіну. Згодна са станам на 30 красавіка, спецыяльная вытворчасць была распачатая ў дачыненні да 94 чалавек.

"Вясна" сабрала выпадкі, калі судовыя разгляды паводле крымінальных спраў праходзілі на тэрыторыі следчых ізалятараў, фактычна ў закрытым рэжыме: суд паводле "справы Ціханоўскага" ў 2021 годзе, суд паводле "справы Аўтуховіча" ў 2022 годзе, суд у дачыненні да былога супрацоўніка мытні Яўгена Гурыновіча ў лютым 2024 года і суды за непадпарадкаванне адміністрацыі пенітэцыярнай установы.

У СІЗА г. Баранавічы ў выязным пасяджэнні былі разгледжаны дзве крымінальныя справы паводле абвінавачвання ў знявазе дзяржаўных сімвалаў: з публікі ў зале былі асуджаныя ў чорным адзенні, абвінавачаныя знаходзіліся ў клетках.

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

У Мінскім абласным судзе 1 красавіка да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за данаты палку Каліноўскага і BYSOL асудзілі 57-гадовага Аляксандра Верасовіча. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361-2 (Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання) і ч. 2 арт. 361-3 (Фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях). Справу з 19 сакавіка разглядаў Уладзімір Арэшка, ён пакараў Верасовіча шасцю гадамі пазбаўлення волі.

У Гомельскім абласным судзе 8 красавіка да дзесяці гадоў калоніі і штрафу ў 100 базавых велічыняў (4 000 рублёў) асудзілі 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго абвінавацілі адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — "здрада дзяржаве", "заклік да санкцый" і "ўдзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі". Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён размяшчаў негатыўныя публікацыі ў дачыненні да Лукашэнкі на сваіх старонках у сацсетках, а таксама матэрыялы, якія заклікаюць міжнародныя арганізацыі да санкцый у дачыненні да Беларусі, далучыўся да BYPOL, хацеў стаць ваяром палка Кастуся Каліноўскага і данаціў Узброеным сілам Украіны. Суд праходзіў у закрытым рэжыме з 15 лютага. Прысуд вынес Сяргей Багінскі.

Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся дзевяццю пазіцыямі, сярод якіх аказаліся інтэрнэт-рэсурсы Deutsche Welle — на думку МУС, "група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў інтэрнэт-рэсурсаў пад агульнай назвай "DW Беларусь" ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць". Усяго на канец красавіка экстрэмісцкімі фармаваннямі абвешчаны 199 суб'ектаў.

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі звесткі пра інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі на падставе 140 рашэнняў судоў.

У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян ці асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, уключылі 79 чалавек, на канец красавіка там знаходзяцца імёны 4 011 чалавек.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" 5 красавіка прэзентаваў даклад "Абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам". Даклад ахоплівае перыяд з 1 сакавіка 2023 па 1 сакавіка 2024 года.

Пераслед журналістаў і СМІ

У зняволенні ў цяперашні час знаходзяцца 35 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

Першага красавіка стала вядома пра тое, што сайт Саюза палякаў Беларусі glosznadniemna.pl прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем. Адпаведнае рашэнне прынята КДБ 26 сакавіка. Згодна са звесткамі ведамства, дачыненне да сайта маюць Анджэй Пісальнік і Іна Тодрык-Пісальнік.

Мінскі гарадскі суд 19 красавіка 2024 года абвясціў прысуд Анастасіі Мацяш. Як сцвярджаецца ў пастанове, яна была кансультанткай па мове тэлеканала "Белсат", прызнанага ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем". Суддзя Святлана Макарэвіч прызнала А. Мацяш вінаватай у тым, што з 19 чэрвеня 2021 года па 15 лістапада 2023 года тая з'яўлялася моўнай кансультанткай Польскага тэлебачання TVP, у склад якога ўваходзіць польскі тэлеканал "БЕЛСАТ tv BELSAT". Падчас працы яна нібы праводзіла моўныя кансультацыі, перакладала, карэктавала і рэдагавала тэксты, якія потым выкарыстоўваліся на "БЕЛСАТ". Суд прызнаў жанчыну ўдзельніцай экстрэмісцкага фармавання і прызначыў ёй два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 500 базавых велічыняў (20 000 рублёў) паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні). У Анастасіі канфіскавалі асабісты камп'ютар і мабільны тэлефон. У пастанове суда сказана, што "з абвінавачанай спагнана 102 415 рублёў і 12 капеек у якасці прыбытку, атрыманага злачынным шляхам".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Разъясняет БХК. Можно ли выложить поцелуй в Тик-Токе и стать распространителем порнографии?
25 June 2024, 8:50 AM
Разъясняет БХК. Можно ли выложить поцелуй в Тик-Токе и стать распространителем порнографии?
Разъяснения Беларусского Хельсинкского Комитета касательно постановления Министерства культуры N24, которое вносит изменения в Инструкцию «Об эротической продукции, продукции, содержащей элементы эротики, насилия и жестокости, продукции по сексуальному образованию и половому воспитанию, а также продукции сексуального назначения».
Горш толькі ў КНДР, Эрытрэі і Нікарагуа. Беларусь апынулася ў канцы рэйтынгу краін па ўзроўні свабоды слова
19 June 2024, 11:27 AM
Горш толькі ў КНДР, Эрытрэі і Нікарагуа. Беларусь апынулася ў канцы рэйтынгу краін па ўзроўні свабоды слова
У жыхароў Беларусі свабоды слова менш, чым у любой іншай краіне Эўропы. Ніжэй за Беларусь у рэйтынгу толькі Паўночная Карэя, Эрытрэя і Нікарагуа, вынікае з справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Article 19.
Салідарнасць усёй Еўропы. З’езд ЕФЖ выказаў падтрымку беларускім журналістам за кратамі
19 June 2024, 10:12 AM
Салідарнасць усёй Еўропы. З’езд ЕФЖ выказаў падтрымку беларускім журналістам за кратамі
Удзельнікі з’езда Еўрапейскай федэрацыі журналістаў — лідары і прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў і асацыяцый рэгіёна — прынялі ўдзел у акцыі салідарнасці з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі медыя ў беларускіх турмах і ўкраінскімі журналістамі ў расійскім палоне.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці