Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў агляд стана правоў чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2024 года.
Правы чалавека ў Беларусі па-ранейшаму паўсюдна парушаюцца, асноўныя свабоды знаходзяцца ў крытычна ўразлівым становішчы; бесперапынна адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных супернікаў рэжыму і іншадумцаў; узмацнілася ваяўнічая рыторыка ўладаў у знешняй і ўнутранай палітыцы;
на канец сакавіка 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1402 палітзняволеныя, з іх 171 жанчына, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 38 чалавек, а таксама запатрабавала рэабілітацыі 66 былых палітвязняў;
асуджаныя да зняволення праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк і праваабаронца Human Constanta Наста Лойка — адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
працягваюцца адвольныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў за рэалізацыю грамадзянскіх правоў: у сакавіку "Вясне" стала вядома пра не менш як 453 выпадкі рэпрэсій (судоў і затрыманняў), звязаных з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, у тым ліку не менш за 416 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 82 адміністрацыйныя арышты, 86 штрафаў, адзін раз — грамадскія працы;
праваабаронцамі "Вясны" па-ранейшаму рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, выпадкі забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама пераследу, пазбаўлення волі і прымусовых дэпартацый паводле палітычных матываў;
у Міжнародны дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы, 8 сакавіка, "Вясна" ў лічбах і малюнках распавяла пра рэпрэсіі ў дачыненні да жанчын. Менавіта за барацьбу за грамадска-палітычныя правы і выказванне свайго меркавання ў Беларусі са жніўня 2020 года сутыкнуліся з пераследам больш за 8000 жанчын. Паводле стану на 8 сакавіка 2024 года, у Беларусі налічвалася 171 палітзняволеная-жанчына. За іншадумства, у сувязі з пратэстамі супраць дзейснай улады і вайной ва Украіне з 2020 года агулам былі асуджаныя мінімум 1 033 жанчыны, з іх 242 — да калоніі, 497 — да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, 70 — з накіраваннем у папраўчую ўстанову, пяць жанчын — да арышту, дзве — да прымусовага лячэння. За гэты час асуджана і вызвалена са зняволення мінімум 321 жанчына;
у супольным лісце, накіраваным 13 сакавіка 2024 года, Фонд "Дом правоў чалавека" і некалькі міжнародных і беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці заклікалі дзяржавы-сябры Савета па правах чалавека падтрымаць падаўжэнне паўнамоцтваў Спецыяльнага дакладчыка па Беларусі і стварэнне незалежнага механізму падсправаздачнасці для прасоўвання працы УВКПЧ па расследаванні сітуацыі ў Беларусі;
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У дакладзе гаворыцца пра закрыццё НДА, змены заканадаўства, пра палітвязняў і ўмовы іх зняволення, у тым ліку ў рэжыме інкамунікада, пра рэпрэсіі супраць СМІ, пазбаўленне адвакатаў ліцэнзій, пашырэнне "экстрэмісцкіх" спісаў, вобшукі, адвольныя затрыманні, катаванні, смерці падчас пратэстаў і ў зняволенні, а таксама вымушаную эміграцыю. Савет прыйшоў да высновы, што "УВКПЧ мае разумныя падставы меркаваць, што было здзейснена злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі". Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі разгледжана 20 сакавіка на 55-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.
На канец сакавіка ў Беларусі налічвалася 1 402 палітвязні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасцю; сярод іх 171 жанчына. Акрамя таго, не менш за 1 680 палітвязняў, у тым ліку 381 жанчына, ужо вызвалены з месцаў пазбаўлення волі ў сувязі з адбыццём пакарання, зменай меры стрымання, прызначэннем пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, а таксама з прычыны амністыі і памілавання. Такім чынам, сумарная колькасць палітзняволеных і былых палітзняволеных няўхільна расце, іх агульная лічба набліжаецца да 3 100 чалавек, сярод якіх больш за 550 жанчын.
За месяц праваабаронцамі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 38 чалавек. Акрамя таго, праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 66 былых палітвязняў — удзельнікаў мірных сходаў і асуджаных за выказванне меркавання. Гэта людзі, якія адпавядалі крытэрам прызнання палітзняволенымі, пра пазбаўленне волі якіх ці пра падставы пазбаўлення волі якіх стала вядома ўжо пасля іх вызвалення.
У сакавіку апублікаваны звесткі праваабаронцаў "Вясны" наконт асуджэння грамадзян паводле палітычных матываў за люты: колькасць грамадзян, якія маглі зазнаць рэпрэсіі ў судовым парадку і асуджаныя ў межах крымінальнага судаводства, згодна з папярэднімі звесткамі, склала 129 чалавек, з якіх 46 — жанчыны, 83 — мужчыны. Агулам "Вясне" цяпер вядома пра больш за 4 860 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў.
З мінулага года па-ранейшаму няма звестак пра лёс шэрагу палітычных зняволеных: Марыю Калеснікаву (з 15 лютага 2023 года), Мікалая Статкевіча (з 10 лютага 2023 года), Сяргея Ціханоўскага (з 9 сакавіка 2023 года), Ігора Лосіка (з 20 лютага 2023 года), Віктара Бабарыку і некаторых іншых палітзняволеных працягла ўтрымоўваюць інкамунікада.
Праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты таксама маюць звесткі пра значныя перапынкі ў кантактах родных з іншымі палітвязнямі. Наогул палітзняволеныя істотна абмежаваныя ў ліставанні, тэлефанаваннях і спатканнях з роднымі і адвакатамі.
Такое становішча стварае ўмовы для беспакаранага парушэння правоў палітвязняў, у тым ліку — права не зазнаваць катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання.
За кратамі працягваюць утрымлівацца праваабаронцы: асуджаныя да пазбаўлення волі палітзняволеныя Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Наста Лойка. Спецыяльныя дакладчыкі ААН выступілі з заявай з нагоды незаконных і несправядлівых прысудаў праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу. Мінуў год пасля таго, як іх асудзілі да дзесяці, дзевяці і сямі гадоў зняволення адпаведна, але занепакоенасць з нагоды справядлівасці судовага разгляду па-ранейшаму захоўваецца, заявілі эксперты ААН.
На палітвязняў працягваюць аказваць жорсткі ціск у месцах пазбаўлення волі.
Адной з найбольш жорсткіх мер з'яўляецца падаўжэнне тэрміну пазбаўлення волі:
У раскладзе суда Чыгуначнага раёна Гомеля з'явілася крымінальная справа палітзняволенай Вольгі Маёравай. Яна цяпер адбывае 20-гадовы тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4. Жанчына абвінавачваецца паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за "злоснае непадпарадкаванне" адміністрацыі калоніі.
У судзе г. Жодзіна 7 сакавіка абвешчаны прысуд палітзняволенаму Алегу Рубцу па новай крымінальнай справе. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 411 КК. Суддзя Святлана Самусева прызнала палітвязня вінаватым і прызначыла яму ў дадатак да пяці з паловай гадоў зняволення яшчэ паўтара года калоніі. Раней Алега асудзілі за ўдзел у паслявыбарных пратэстах у Пінску ў 2020 годзе. Асуджэнню паводле арт. 411 КК папярэднічаў жорсткі ціск: палітвязня шмат разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар, а потым перавялі ў ПКТ. У чэрвені 2022 года наваполацкая суддзя Вольга Баліка вырашыла перавесці Алега на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. Алега за апошні год утрымоўвалі больш за 200 сутак у штрафным ізалятары жодзінскай турмы № 8, у тым ліку і па некалькі месяцаў запар.
"Вясна" абагульніла і распавяла, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з іх прызнаныя "злоснымі парушальнікамі рэжыму".
Становяцца вядомымі новыя факты, якія характарызуюць умовы адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу: сачэнне за асуджанымі па камерах вонкавага назірання, строга абмежаваны час выхаду з дома — ад адной да дзвюх гадзінаў на дзень, кантроль месца знаходжання геалакацыі ўвесь дзень кожныя дзве гадзіны і праз відэасувязь па некалькі разоў на дзень, вобшукі, фактычная забарона наведваць у вольны час горад, дыскрымінацыйныя ўмовы працы.
З 2020 года праз прымусовае фатаграфаванне ў месцах няволі прайшлі беларусы і беларускі, затрыманыя з палітычных прычынаў. Былыя палітзняволеныя распавялі ў праекце "Магшоты палітвязняў", як гэта адбывалася ў гомельскай жаночай, віцебскай, шклоўскай і магілёўскай калоніях.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" падрыхтаваў да Міжнароднага дня правоў жанчын фільм пра былую палітзняволеную Дар'ю Кароль, якую ў 2022 годзе чатыры месяцы ўтрымлівалі ў СІЗА-1 за ўдзел у паслявыбарных акцыях пратэсту.
Супраць былога палітвязня і праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу. Інфармацыя пра гэта з'явілася 4 сакавіка ў Telegram-канале "Спецыяльная вытворчасць. Афіцыйна". Праваабаронцу паставілі ў віну артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пазбаўленне і абмежаванне волі ўдзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў працягвае заставацца найбольш цяжкімі парушэннямі свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў.
Мінулі больш за тры гады, але суды працягваюць выносіць прысуды ў дачыненні да пратэстоўцаў 2020 года.
Праваабаронцам вядома пра не менш як 21 прысуд, вынесены за месяц паводле артыкула 342 КК. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі.
Суд Ленінскага раёна г. Мінска 4 сакавіка вынес прысуд паводле крымінальнай справы згодна з абвінавачваннем у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). У перыяд з 25 студзеня 2024 г. па 1 лютага 2024 г. Жанна Дудзінская знаходзілася пад вартай. У адпаведнасці з матэрыяламі абвінавачвання, у верасні 2020 года асуджаная ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску. Згодна з прысудам, "...актыўныя дзеянні абвінавачаная здзейсніла ў грамадскім месцы — на праезнай частцы дарогі сталіцы на вачах у грамадзян, што знаходзіліся там, чым груба парушыла грамадскі парадак, імкнучыся выказаць сваю непавагу да грамадства і прадэманстраваць грэбаванне да агульнапрынятых правілаў супольнага жыцця, правоў іншых асобаў, здольнасць да бясчынства". Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.
Акрамя таго, вядома пра не менш за 28 вынесеных сёлета ў сакавіку пастановаў паводле артыкула 24.23 КаАП за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
У прыватнасці, у Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да вядомай грамадскай актывісткі Ніны Багінскай — яе будуць судзіць за нацыянальны сцяг. Як паведамілі 28 сакавіка крыніцы "Белсата", жанчыну адвезлі ва ўчастак і трымалі там да вечара. Ніна Багінская павінна прыйсці ў суд Першамайскага раёна Мінска дзеля разгляду адміністрацыйнага пратаколу за тое, што ў ейнай кватэры сілавікі знайшлі нацыянальны сцяг Беларусі: бел-чырвона-белы сцяг быў на тумбачцы ў яе пакоі.
Вялікая колькасць прысудаў па-ранейшаму выносіцца паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу А. Лукашэнкі (арт. 368 КК) і прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі. Праваабаронцам вядома пра не менш за дзевяць вынесеных прысудаў паводле гэтых артыкулаў сёлета ў сакавіку.
Суд Партызанскага раёна г. Мінска 5 сакавіка вынес прысуд Алене Каспяровіч, абвінавачанай у публічнай абразе прадстаўніка ўлады — выканаўцы абавязкаў начальніка УДВП па Віцебскай вобласці Ж. (арт. 369 КК). Жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе непаўнагадовага дзіцяці, які мае інваліднасць, а таксама даглядае састарэлых бацькоў. Пасля затрымання да суда яна была пад падпіскай аб нявыездзе. Згодна з матэрыяламі абвінавачвання, асуджаная размясціла тэкст каментара, які нібы супярэчыў вызначаным правілам зносінаў паміж людзьмі, патрабаванням агульначалавечай маралі, у якім зняважыла гонар і годнасць палкоўніка міліцыі Ж., у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, з пачуцця непрыязнасці да прадстаўнікоў улады. У публікацыі адзначалася, што міліцэйскі начальнік дазваляў сабе здзекі са зняволеных. Суд прызнаў Алену Каспяровіч вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў, а таксама штрафу ў памеры 50 базавых велічыняў, што складае 2 000 рублёў.
Брэсцкі абласны суд 4 сакавіка вынес прысуд 36-гадоваму жыхару Лунінца Аляксандру Паліўку, якога абвінавачвалі паводле пяці крымінальных артыкулаў: заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) паводле ч. 3 арт. 361 КК, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім паводле ч. 3 арт. 361-1 КК, абраза прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК, абраза Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК і паклёп на яго паводле ч. 2 арт. 367 КК за каментары ў сацыяльных сетках. Справу разглядала суддзя Святлана Крамянеўская. Прысуд — сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведаміла "Беларускае Радыё Рацыя".
У межах спецыяльнай вытворчасці колькасць абвінавачванняў згодна з артыкуламі 368 і 369 КК склала 13. Так, у дачыненні да Ілоны Рудэні распачалі крымінальную справу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса і, у тым ліку, паводле артыкула 369 КК. Спецыяльная вытворчасць доўжылася сем каляндарных дзён, што з'яўляецца самым кароткім тэрмінам за ўсю гісторыю існавання гэтага інстытуту.
Інфармацыя пра тое, што супраць праваабаронцы і рэдактара аршанскага незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмерчака пачалі спецвытворчасць, стала вядомая 14 сакавіка: яго збіраюцца судзіць завочна. Ігара абвінавачваюць у "абразе Аляксандра Лукашэнкі" (ч. 1 арт. 368 КК) і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК).
Тады ж з'явіліся звесткі пра тое, што спецвытворчасць распачалі і супраць журналіста і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, а таксама супраць актывіста Сяргея Верамеенкі. Ім абодвум інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Трэцяга сакавіка МУС заявіла, што супраць 54-гадовага Андрэя Савіцкага распачалі крымінальную справу за "адмаўленне генацыду беларускага народа" (арт. 130-2 Крымінальнага кодэкса). Мужчыну выставілі абвінавачванні яшчэ паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 130-1 (Рэабілітацыя нацызму). Праваабаронцы адзначалі сумнеўны характар закона, якім вызначана адказнасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа".
Адміністрацыйны пераслед працягвае актыўна выкарыстоўвацца дзеля аказання ціску паводле палітычных матываў. У сакавіку "Вясне" стала вядома пра не менш як 416 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе. Суддзямі прызначана не менш за 82 адміністрацыйныя арышты, 86 штрафаў, адзін раз — грамадскія працы. Вынікі астатніх судоў невядомыя.
Працягвае расці пералік суб'ектаў, прызнаных уладамі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Гэта суправаджаецца павелічэннем колькасці ўзятых пад варту і асуджаных за стварэнне, датычнасць да дзейнасці і фінансаванне такіх ініцыятываў.
Усяго вядома пра не менш як шэсць абвінавачванняў за месяц паводле артыкулаў 361-1, 361-2, 361-4 Крымінальнага кодэкса.
Згодна з падлікамі "Вясны", ад пачатку паслявыбарных рэпрэсій 66 чалавек асуджаны за ахвяраванні розным ініцыятывам, прызнаным экстрэмісцкімі фармаваннямі ці тэрарыстычнымі арганізацыямі.
У Мінскім гарадскім судзе 29 лютага разгледзелі крымінальную справу кіроўцы-дальнабойшчыка Андрэя Бурака. Мужчыну першапачаткова абвінавачвалі ў хуліганстве (ч. 3 арт. 339 КК) і стварэнні экстрэмісцкага фармавання, або ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК). Судовы працэс пачаўся 15 лютага, справу разглядаў суддзя Яўген Хаткевіч.
У адпаведнасці з версіяй абвінавачвання, увечары 11 траўня 2023 года на аўтадарозе М-5 Мінск — Гомель "кіроўца аўтамабіля DAF, што праязджаў міма спыненай ваеннай транспартнай калоны, зрабіў падрыў нявызначанай прылады, самастойна вырабленай з піратэхнічных вырабаў, кінуўшы яе ў бок вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі". Пасля затрымання высвятлілася, што мужчына падпісаны на "План Перамога", гэта стала падставай для абвінавачвання ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. Суд прызнаў Андрэя Бурака вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў. Прыкметаў злачынства ў падрыве петард суд не ўгледзеў.
У Брэсцкім абласным судзе 15 сакавіка вынеслі прысуд палітвязню Віталю Максімчуку. Яго асудзілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім), арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 40 000 рублёў.
У сакавіку 2024 года ў межах спецыяльнай вытворчасці выстаўлена 31 абвінавачванне паводле артыкулаў за садзейнічанне і фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях: арт. 361-1, 361-2, 361-4 КК. Самая вялікая колькасць абвінавачванняў — не менш за 17 — прад'явілі паводле артыкула 361-4 КК.
У Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў дадалі 11 пазіцый, у тым ліку платформу "Голас", фонд Fund of Belarus friends, "Асацыяцыю беларусаў у Амерыцы" (ABA Together).
Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся звесткамі аб інфармацыйных рэсурсах, прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі на падставе 125 рашэнняў судоў.
За сакавік 2024 года вядома пра не менш як 314 выпадкаў адміністрацыйнага асуджэння за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян ці асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, уключылі 113 чалавек, з якіх двое грамадзян Расійскай Федэрацыі і адзін — Украіны.
Працягваюць рабіцца вядомымі факты катаванняў і негуманнага абыходжання, якія датычаць падзеяў як 2020 года, гэтак і цяперашняга часу.
Дзмітрый Хадаровіч распавёў пра жорсткае затрыманне і катаванні ў ІЧУ г. Мінска па вул. Акрэсціна ў 2020 годзе, пасля якіх ён амаль два месяцы правёў у лякарні і рэабілітацыйным цэнтры: пластыкавымі хамутамі, якія выкарыстоўваліся замест кайданкоў, яму зламалі кісць рукі, брэкетамі прабілі вусны і ўдарам разарвалі звязкі на калене.
Былая палітзняволеная Мэрыем Герасіменка падзялілася гісторыяй жорсткага абыходжання супрацоўнікаў ГУБАЗіК у ІЧУ ў г. Мінска па вул. Акрэсціна з яе партнёрам Антонам, затрыманым у 2023 годзе дзеля таго каб здабыць паказанні супраць яе: яна распавяла пра збіванні і прымус знаходзіцца ў катавальнай позе "ластаўка", пры якой чалавека цягнуць за рукі і ногі.
Некалькі чалавек, якія прайшлі праз затрыманне і адміністрацыйны арышт увосень і ўзімку 2023 года, распавялі пра жорсткае затрыманне і збіванні супрацоўнікамі ГУБАЗіК, а таксама пра метады катаванняў у ІЧУ і ЦІП у г. Мінска, якія ўжываюцца дагэтуль: збіванні, ужыванне некалькіх электрашокераў адначасова, надзяванне цэлафанавага пакета на галаву, выліванне ў камеру хлёркі, металічны каркас койкі ў якасці спальнага месца і інш. Мы бачым, што агульныя практыкі негуманнага абыходжання і адмовы ў медыцынскай дапамозе распаўсюджваюцца не толькі на затрыманых паводле палітычных матываў, але і на іншыя ўразлівыя ці маргіналізаваныя групы людзей, напрыклад на бяздомных.
Былая палітзняволеная Кацярына Еўдакімава расказала пра дыскрымінацыйныя і негуманныя ўмовы ўтрымання ў Смалявіцкім ІЧУ ў снежні 2023 года: відэаназіранне ў камеры; сачэнне за тым, што адбываецца ў камеры, супрацоўнікамі ізалятара мужчынскага полу; адсутнасць ізаляванага туалета — замест яго выкарыстоўвалася вядро.
Былы палітзняволены Міхаіл Жамчужны распавёў, што падчас затрымання ў студзені 2024 года на допыце ў КДБ следчы Бакаў стукнуў яго па сківіцы пластыкавай бутэлькай і выбіў пярэднія зубы. Міхаіл прасіў даць яму паперу для складання скаргі на катаванні, але яму адмовілі. У выніку мужчына быў вымушаны пісаць заяву на ручніку, які меў з сабой.
Віталь Чопік, затрыманы на пачатку сакавіка паводле крымінальнай справы за тое, што наведваў пасяджэнні судоў па палітычна матываваных крымінальных справах дзеля фіксацыі іх ходу і выніку, быў дастаўлены у лякарню хуткай дапамогі са слядамі моцных збіванняў і з жоўтым колерам твару, што можа сведчыць аб пашкоджанні ўнутраных органаў.
У якасці формы ціску на палітычных зняволеных працягвае выкарыстоўвацца змяшчэнне ў ШІЗА ці карцар на працяглы час праз накладанне аднаго дысцыплінарнага спагнання ўслед за іншым. Так, палітвязня Вадзіма Гулевіча ўтрымлівалі у ШІЗА на працягу двух з паловай месяцаў запар (з 10 лістапада па канец студзеня).
Вядома, што з такой формай ціску на працягу ўсяго свайго пазбаўлення волі сутыкаецца палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк: у канцы студзеня – пачатку лютага яе зноў змясцілі ў ШІЗА. Акрамя гэтага, на працягу прынамсі двух з паловай месяцаў Паліна знаходзіцца ў стане інкамунікада: 13 сакавіка адміністрацыя калоніі ў чарговы раз не пусціла да яе адваката, апошні ліст сваякам ад яе быў сёлета ў студзені.
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын 19 сакавіка 2024 года заклікаў Беларусь тэрмінова прыняць часовыя меры дзеля абароны палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі. Пасля гэтага, 22 сакавіка, дзяржаўны тэлеканал "Беларусь 1" выпусціў прапагандысцкі фільм пра палітзняволеную, у якім яна была вымушана, мяркуючы па ўсім нядобраахвотна, удзельнічаць.
Працягваецца практыка прымусу да запісу відэа з выбачэннямі ("пакаяльныя відэа") затрыманых паводле палітычна матываваных крымінальных і адміністрацыйных спраў. Перыядычна на ўдзельніках такіх ролікаў можна заўважыць сляды збіванняў: напрыклад, Кірыл Гаўрылаў, затрыманы 29 сакавіка за фатаграфаванне ваенных аб'ектаў, на відэа паказаны з гематомай на левым воку.
Павел Малышчык, затрыманы у сакавіку за каментар пра тэракт у Расіі, з'явіўся на відэа, запісаным пад прымусам, з гематомамі на твары, у тым ліку на правым воку, і з перабінтаваным правым вухам. Пад ролікам, апублікаваным у праўладным медыя, напісана, што ў затрыманага "пачаліся праблемы са слыхам" — гэта была адсылка да відэа жорсткага затрымання падазраванага ў здзяйсненні тэракту ў Расіі, якому адразалі кавалак вуха.
"Вясна" накіравала зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды пагаршэння здароўя Паўла Кучынскага. Палітвязень мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анкалагічнае захворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні больш за два гады. У чэрвені 2022-га яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Пры гэтым замена пакарання на не звязанае з пазбаўленнем волі судом не разглядалася. Замест калоніі Паўла накіравалі ў турэмную лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць лячэнне, якое яму не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў складзе Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці атрымаў прэмію ўніверсітэта Граца ў галіне правоў чалавека за працу па дакументаванні грубых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці.
У зняволенні цяпер знаходзяцца 34 журналісты і супрацоўнікі СМІ.
Гомельскі абласны суд 21 сакавіка вынес прысуд палітзняволенаму журналісту-фрылансеру Андрэю Толчыну, абвінаваціўшы яго ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК) і "паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі" (ч. 2 арт. 367 КК). Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Казлоў. Суд, які доўжыўся з 5 сакавіка, прызнаў Андрэя Толчына вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.
У Мінскім гарадскім судзе 22 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе блогера і журналіста Ігара Карнея. Яго абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" паводле ч. 3 арт. 361-1 КК. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кацэр. Згодна з версіяй абвінавачвання, Ігар Карней актыўна пісаў "негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады. Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў непраўдзівую карціну пра эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь". Пакаранне — тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 20 тысяч рублёў.
Журналісты прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі 12 сакавіка выступілі з заявай у сувязі з масавымі затрыманнямі адвакатаў 28 лютага 2024 года. Праект "Права на Абарону" разам з праваабарончай і юрыдычнай супольнасцямі ў сувязі з гэтым прэцэдэнтам падкрэслілі, што ціск на адвакацкую супольнасць шляхам масавых затрыманняў і рэйдаў наўпрост супярэчыць гарантыям адвакацкай дзейнасці і з'яўляецца парушэннем права грамадзян на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.
У цяперашні час шэсць адвакатаў знаходзяцца ў зняволенні паводле палітычных матываў, 134 з 2020 года пазбаўлены правы на прафесію.
Кваліфікацыйнай камісіяй па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь 14 сакавіка праведзена чарговая атэстацыя адвакатаў, па выніках якой камісіяй прыняты рашэнні аб немагчымасці выканання адвакатам Аляксандрам Галавачом сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны "недастатковай кваліфікацыі" і аб магчымасці спынення ліцэнзіі ў дачыненні да Ірыны Шабанавай у сувязі з "немагчымасцю выканання адвакаткай прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі", пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі ад 15 лютага 2024 года. Гэта расцэньваецца праваабаронцамі як недапушчальнае ўмяшанне ў дзейнасці адвакатуры.