Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+

22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+

Беларускі ПЭН у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам "Свабодная прэса для Усходняй Еўропы" абвяшчае заснаванне новай прэміі "Голас пакалення свабоды". Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Мэта прэміі – выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій. Прэмія прызначана для дзеячаў/дзяячак, якія пасля 2020 года былі вымушаны з’ехаць з Беларусі ад палітычнага ці грамадскага пераследу і цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (БАЖ), Павал Сапелка ("Вясна"), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач ("Свабодная прэса для Усходняй Еўропы").

Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа:

"Мы ўсведамляем, што людзей, якія заслугоўваюць гэтай прэміі, значна больш, чым магчымасцяў у нас сёлета, і спадзяёмся, што ў будучыні ў нас будзе магчымасць працягнуць гэтую справу. Таксама разумеем, што асобы, годныя ўганаравання, знаходзяцца і ўнутры Беларусі. Нашая мэта – не раздзяліць на "тут" і "там", а паспрабаваць праз такую прэмію даць магчымасць тым, хто мусіў пакінуць Беларусь, працягнуць сваю творчую, журналісцкую і/ці праваабарончую дзейнасць. Я глыбока перакананая, што сёння людзі, якім давялося стаць уцекачамі і выжываць на чужыне, могуць зрабіць істотны ўнёсак у агульную справу, і спадзяюся, што прэмія, акрамя належнага прызнання, дасць ім магчымасць забяспечыць сваё існаванне хаця б на кароткі перыяд і зрэалізаваць літаратурны, журналісцкі ці праваабарончы праект".

Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:

  • Мець значныя дасягненні ў галіне літаратуры, журналістыкі або абароны правоў чалавека ў Беларусі.

  • Не пазней як у 2025 годзе дасягнуць 60-гадовага ўзросту.

  • Быць вымушанымі эмігрантамі/эмігранткамі з Беларусі пасля 2020 года ў сувязі з пераследам і пражываць у Польшчы, Чэхіі або Літве.

  • Актыўна ўдзельнічаць у пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.

  • Вылучацца грамадзянскай адвагай, непахіснасцю прынцыпаў і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.

Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 20 лістапада 2025 года  быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з публікацыяй зборніка "Голас пакалення свабоды".

Працэс намінацыі:

Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Заяўкі будуць  прымацца выключна праз анлайн-форму, якая будзе дадзена ахвочым пасля іх верыфікацыі. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Адрасы для запыту анлайн-формы знаходзяцца ў канцы тэксту.

Намінацыі прымаюцца да 20 верасня 2025 года ўключна. Узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак і дыскусія адбудзецца 15 лістапада 2025 года як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця.

Форма ўзнагароды:

Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра). Акрамя таго, матэрыялы пра лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай "Голас пакалення свабоды", які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял  у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання прэміі.

Арганізатары і партнёры прэміі, а таксама іх кантактныя адрасы:

Адказная асоба для запытаў СМІ – Таццяна Нядбай (Беларускі ПЭН): svaboda@penbelarus.org

Рэгламент прэміі: https://penbelarus.org/reglament-premii-golas-pakalennya-svabody.html

Праект "Голас пакалення свабоды" суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Share

See more news

Прайшла трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека
01 July 2026, 12:56 PM
Прайшла трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека
26–27 чэрвеня адбылася трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Ліквідацыя 140 НДА і выхад з экалагiчных канвенцый ААН: «Экадом» прэзентаваў агляд экалагічнага сектара Беларусі
29 June 2026, 11:48 AM
Ліквідацыя 140 НДА і выхад з экалагiчных канвенцый ААН: «Экадом» прэзентаваў агляд экалагічнага сектара Беларусі
Экадом» з «Зялёнай сеткай» прэзентаваў аналітычны агляд «Становішча экалагічных арганізацый і актывістаў у Беларусі ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу».
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе
27 April 2026, 11:29 AM
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе
26 красавіка Праваабарончаму цэнтру "Вясна" спаўняецца 30 гадоў.
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 February 2026, 10:13 AM
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026 года споўнілася 77 год з дня нараджэння Барыса Звозскава – праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці