становішча з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі цяжкім і суправаджаецца рэпрэсіямі, якія працягваюцца супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, крытыкаў улады і іншадумцаў;
нягледзячы на імкненне ўладаў схаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, у ПЦ "Вясна" працягваюць паступаць даныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных падставах;
агулам "Вясне" вядома пра больш за 6 940 асуджаных (у тым ліку 33 накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;
нягледзячы на тое, што з калоній была вызвалена частка палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на 1 мая 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 206 палітвязняў (з іх 159 — жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя41 чалавек. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да больш як 3 920 чалавек. 2 716 чалавек, з якіх 572 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, працягваюць утрымліваюцца ў зняволенні;
падвяргаюцца рэпрэсіям журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у красавіку 2025 года "Вясна" зафіксавала больш за 50 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана ў асноўным са спыненнем доступу да раскладу судоў — адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі;
праваабаронцы працягваюць сістэматычна фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых форм недапушчальнага абыходжання пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні пакаранняў па такіх справах — як крымінальных, так і адміністрацыйных;
свабода сходаў і выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаецца атакам уладаў: за ўдзел у пратэстах 2020 года людзей працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі;
рэгулярна папаўняюцца спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій;
Кааліцыя беларускіх няўрадавых арганізацый накіравала даклад аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў па правах чалавека ў рамках чацвёртага цыклу УПА. Усё гэта зроблена для прадстаўлення ў рамках чацвёртага цыкла ўсеагульнага перыядычнага агляду (УПА) Савета ААН па правах чалавека. Ён адлюстроўвае становішча з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь у перыяд з 1 лістапада 2020 года па 31 кастрычніка 2024 года. Даклад падрыхтаваны пры ўдзеле Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў партнёрстве з шэрагамняўрадавых арганізацый, якія працуюць у галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі.
Агулам, з 2020 года, як мінімум 8 234 чалавекі сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш як 6 900 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Не менш за 33 чалавекі па палітычных матывах суды накіравалі на прымусовае лячэнне. Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 206 чалавек. За красавік праваабаронцы прызналі палітвязнямі 41 чалавека.
На працягу красавіка было зафіксавана больш за 50 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Таксама ўстанаўліваюцца імёны людзей, аб затрыманні якіх ёсць дакладная інфармацыя. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана са спыненнем адкрытага доступу да раскладу судоў – адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі, а таксама з працягамі рэпрэсіўных практык і пагрозамі ў дачыненні да грамадзян за перадачу звестак аб рэпрэсіях праваабаронцам.
Вядома аб затрыманнях за "садзейнічанне экстрэмізму" людзей, якія перадавалі інфармацыю аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі ініцыятыве "Беларускі Гаюн", якая была прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем, а бот якой быў узламаны.
У абноўленай публічнай базе вышуку РФ знаходзіцца больш за 4 700 грамадзян Беларусі, сярод якіх людзі, якія пераследуюцца па палітычных матывах, у тым ліку праваабаронцы і былыя палітвязні.
Вядома аб працяглым утрыманні ў рэжыме інкамунікада палітвязняў Марыі Калеснікавай, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Уладзіміра Кнігі, Аляксандра Арановіча. Поўная адсутнасць якой-небудзь інфармацыі аб некаторых з іх дае падставы па-ранейшаму лічыць іх ахвярамі гвалтоўнага знікнення.
Многія палітвязні, не знаходзячыся ў поўнай ізаляцыі, тым не менш сутыкаюцца з сур'ёзнымі абмежаваннямі сувязі са знешнім светам. Так, напрыклад, вядома, што Дзяніс Івашын на чатыры месяцы быў пазбаўлены тэлефонных размоваў.
На канец красавіка вядома пра 51 палітвязня, якім судом прызначаны дадатковы тэрмін пазбаўлення волі па абвінавачванні ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Частка асуджаных ужо адбылі свае адвольна працягнутыя тэрміны; агулам вядома пра 56 асуджаных па палітычных матывах, якім прызначалася дадатковае пакаранне па арт. 411, некаторым з іх –неаднаразова.
На працягу месяца стала вядома аб прад'яўленні новых абвінавачанняў па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса палітвязням Мікалаю Дзядку і Вікторыі Кульшы. У выпадку Вікторыі Кульшы, гэта чацвёртае абвінавачанне па артыкуле 411, вядома, што яна аб'явіла бестэрміновую галадоўку. Палітвязням Алене Лазарчык і Яну Папковічу па артыкуле 411 судом прызначаны адзін год і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі адпаведна.
Палітвязні працягваюць выходзіць на волю пасля поўнага адбыцця прызначанага тэрміна пазбаўлення волі. Палітвязень грамадзянін Польшчы Роберт Томпала, асуджаны ў 2023 годзе да трох гадоў пазбаўлення волі, быў вызвалены і адразу ж дэпартаваны.
Многія палітвязень вызваляюцца, маючы набытыя за час знаходжання ў няволі сур'ёзныя праблемы са здароўем. Так, напрыклад, вядома, што былая палітвязня Антаніна Канавалава страціла зрок і набыла інваліднасць.
Пасля вызвалення палітвязні працягваюць сутыкацца з пераследам і ціскам. Так, у дачыненні да былой палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, якая пакінула Беларусь, заведзена крымінальная справа за ўхіленне ад прэвентыўнага нагляду (арт. 422 Крымінальнага кодэкса) і заклікі да санкцый (арт. 361 Крымінальнага кодэкса).
Валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк 18 красавіка быў вызвалены ў сувязі з поўным адбыццём прызначанага тэрміна пазбаўлення волі. Ён быў затрыманы ў кастрычніку 2020 года і асуджаны да пяці гадоў і дзевяці месяцаў пазбаўлення волі. Адразу пасля вызвалення з калоніі яго дапыталі, пасля адпусцілі.
Працягваюць утрымлівацца ў зняволенні праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова. Працягвае знаходзіцца ў няволі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta.
Amnesty International запусціла збор подпісаў пад петыцыяй за вызваленне Марфы Рабковай і пад петыцыяй за вызваленне Насты Лойкі.
У дачыненні да былога палітвязня, праваабаронцы «Вясны» Леаніда Судаленкі, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, узбуджаныя новыя крымінальныя справы.
У адносінах да заснавальнікаў BYSOL і BY_Help, фондаў дапамогі пацярпелых ад палітычна матываванага пераследу, пачаўся разгляд крымінальнай справы ў рамках завочнай вытворчасці.
Працягваюць паступаць паведамленні аб пераследзе за падтрымку палітвязняў. У прыватнасці, у Салігорску па крымінальнай справе затрымана 47-гадовая жанчына за грашовыя пераводы палітвязням.
"Вясна" па-ранейшаму збірае факты катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжаньня, у тым ліку па палітычных матывах.
Палітвязень з Івацэвічаў 19-гадовы Уладзіслаў Ефімовіч у 2022 годзе далучыўся да закрытай суполкі "Саюз беларускага нацыянальнага шчыта", дзе з паплечнікамі дзяліўся відэа расійскай ваеннай тэхнікі і абмяркоўваў партызанскую вайну ў Беларусі. У тым жа годзе Уладзіслава разам з адміністратарамі суполкі затрымалі. Палітвязня асудзілі на 3,5 гады калоніі па некалькіх крымінальных артыкулах. Падчас затрымання хлопцу на руцэ зламалі пальцы і шматразова збівалі электрашокерам. На волю Уладзіслаў выйшаў з шэрагам захворванняў. Сёлета ў студзені ён выйшаў з калоніі па памілаванні, сутыкнуўся з далейшым ціскам і пагрозамі ад сілавікоў, і з’ехаў з Беларуі. Уладзіслаў распавёў "Вясне", як пры затрыманні яму зламалі пальцы, а ў аддзяленні ГУБАЗіК білі электрашокерам у пах. Як ён у СІЗА ад адчаю рэзаў сабе вены, як палітвязняў садзяць у ШІЗА за вывучэнне замежных моваў, а таксама, як праходзіла апошняя хваля памілавання.
Аляксандр Юруць у 2020 годзе мінчук актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны зарэгістраваўся ў плане "Перамога" і збіраўся ўступіць у полк Каліноўскага. Сілавікі затрымалі Аляксандра ў 2022 годзе разам з жонкай і да крыві збівалі яго па твары ў аддзяленні ГУБАЗіК. Палітвязень на два гады патрапіў у калонію, а пасля адбыцця тэрміна з’ехаў з краіны.
Былы палітвязень – адзін з фігурантаў масавага крымінальнага пераследу па "справе Зельцэра" распавёў "Вясне" пра тое, у якіх бесчалавечных умовах утрымлівалі яго і сукамернікаў да суда, якімі былі наступствы знаходжання ў следчай турме.
Таксама працягваецца збор сведчанняў аб катаваннях затрыманых у жніўні 2020 года за ўдзел у пратэстах.
Людзі, якія прайшлі праз адміністрацыйны арышт, падкрэсліваюць, што ўмовы ўтрымання ў ізалятарах не палепшыліся, а ў некаторых месцах сталі яшчэ больш жорсткімі.
Чатыры дзяўчыны і адзін хлопец сутыкнуліся з боку сілавікоў з сексуалізаваным гвалтам. "Вясна" прыводзіць гэтыя цяжкія гісторыі. У іх — сведчанні пра тое, як сістэма катаванняў у Беларусі працуе не толькі праз фізічную жорсткасць, але і праз прыніжэнне, запалохванне і сексуалізаваную пагрозу.
Па стане на 12 сакавіка 2025 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 219 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. За кратамі мінімум 78 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 8 чалавек маюць інваліднасць, 32 сталыя чалавекі, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 10 сямей, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Якасную медыцынскую дапамогу атрымаць у калоніях практычна немагчыма.
Па падліках Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец красавіка 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 40 прадстаўнікоў медыя.
Так, Былога рэдактара «Бабруйскага кур'ера» Анатоля Санаценку арыштавалі на 15 сутак. Яго затрымалі 28 сакавіка ў Бабруйску. У яго жыллі сілавікі правялі ператрус. 31 сакавіка ў судзе Бабруйскага раёна і г. Бабруйска ў дачыненні Анатоля Санаценкі адбыўся адміністрацыйны працэс. Яго абвінавацілі, імаверна, паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), паведаміў БАЖ.
КДБ наклаў арышт на дом у Пінску, у якім жыла сям'я кіраўніка медыя-праекта Belarus Tomorrow Аляксея Дзікавіцкага.
Беларуская асацыяцыя журналістаў фіксуе новую хвалю рэпрэсій, паведамляецца на сайце арганізацыі: спецслужбы ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і родных прадстаўнікоў медыя, якія вымушана працуюць за мяжой. У большасці выпадкаў сілавікі прыходзілі па месцы рэгістрацыі недзяржаўных журналістаў, якія зараз вымушана працуюць за межамі Беларусі. У некаторых выпадках візіты сілавікоў суправаджаліся аглядам памяшкання ў сувязі з узбуджанай супраць журналіста ці журналісткі крымінальнай справай.
Свабода мірных сходаў у Беларусі максімальна абмежавана. Са жніўня 2020 года не было санкцыянавана ніводнага апазіцыйнага мірнага сходу, за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года ўлады пяты год пераследуюць удзельнікаў у крымінальным парадку. Па ч.1 арт. 342 КК за гэты час асуджана не менш як 3 230 чалавек.
Амаль праз пяць гадоў пасля ўдзелу ў пратэстах у 2020 годзе да затрыманых прымяняюць найбольш жорсткую меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту: Алег Цімашэнкаў быў затрыманы 2 красавіка 2025 года ў межах крымінальнай справы па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці), арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Да суда ён утрымліваецца ў СІЗА.
Працягваюць прыцягваць да адказнасці людзей, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы. 2 красавіка ў судзе Заводскага раёна Мінска асудзілі 64-гадовую Жанну Вайніловіч, якую затрымалі пасля вяртання з Польшчы. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў Менску ў 2020 годзе па арт. 342 КК і прызначылі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
За рэалізацыю права на свабоднае выказванне меркавання ў Беларусі прыцягваюць да крымінальнай адказнасці і прызначаюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
21 красавіка Андрэя Лагвіненку прызналі вінаватым па ч. 1 ст. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і штрафу ў 200 базавых велічыняў. У снежні 2024 года ён быў два разы запар асуджаны на "суткі" па ч. 2 ст. 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).
У сярэдзіне месяца ў Дзяржынску адбывалася чарговая хваля масавых затрыманняў і ператрусаў. Нагодай стаў удзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе — людзям інкрымінавалі арт. 342 КК па фатаграфіях і відэа. Вядома аб прыкладна пяці затрыманых, дакладная колькасць людзей, якія трапілі пад пераслед, высвятляецца.
Улады адвольна абмяжоўваюць свабоду выказвання меркаванняў, якая ўключае права на атрыманне і распаўсюджванне ўсякага роду інфармацыі.
У адпаведнасці з дапаўненнямі ў закон "Аб выдавецкай справе", з ліпеня 2023 года Міністэрства інфармацыі вядзе пералік друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх можа нанесці ўрон нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Уключэнне інфармацыі ў гэты пералік ажыццяўляецца на падставе заключэння Рэспубліканскай камісіі. Выпуск выдаўцом такіх друкаваных выданняў прыводзіць да спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі па рашэнню Міністэрства інфармацыі. 1 красавіка спіс папоўніўся 27 кнігамі, сярод якіх "Воблачны атлас" Дэвіда Мітчэла і раман "Дзеці з камеры захоўвання" Ру Муракамі. Раней у спіс уключаны кнігі, якія атрымалі Пулітцэраўскую прэмію — «Less» Эндру Шона Грыра і «ГУЛАГ: Гісторыя» Эн Эплбаўм. Усяго ў пераліку 92 кнігі, у тым ліку сучасных беларускіх аўтараў.
Заява А. Лукашэнка аб намеры прыцягнуць у Беларусь 150 000 працоўных-мігрантаў з Пакістана выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадстве, за якой пачаліся рэпрэсіі. Ва ўмовах аўтарытарнага кіравання, калі адсутнічае публічнае абмеркаванне, парушаецца прынцып удзелу грамадзян у справах дзяржавы і эканамічнага крызісу, міграцыйныя рашэнні без тлумачэння могуць выклікаць пратэстныя ці ксенафобскія настроі, што пагаршаецца нізкім узроўнем даверу да ўлады. Інтэграцыйныя меры і працоўная міграцыя павінны рэалізоўвацца з удзелам мясцовых супольнасцяў, празрыста і з улікам інтарэсаў карэннага насельніцтва - напрыклад, каб не дапусціць пагаршэння ўмоў працы або сацыяльных канфліктаў. Разам з тым рэакцыя грамадства не павінна пераходзіць у ксенафобію і расізм; любыя асцярогі дапушчальныя, але павінны быць выяўлены ў прававым і этычным полі, а не праз агрэсію ці стэрэатыпы.
Рэакцыя дзяржавы на ксенафобскія выказванні і падбухторванне да варожасці павінна адпавядаць прынцыпу суразмернасці абмежаванняў, усталяванаму Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Незалежныя эксперты па правах чалавека выказалі моцную занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб тым, што беларускія крымінальныя суды практыкуюць адпраўку абвінавачаных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў адплату за ажыццяўленне імі грамадзянскіх і палітычных правоў. Эксперты ААН папярэдзілі, што гэта вельмі неправамернае пакаранне можа быць прыраўнавана да бесчалавечнага або зневажаючага годнасць пакарання. На іх думку, мяркуючы па некаторых крымінальных абвінавачаннях, прад'яўленых гэтым людзям, іх пераслед і змяшчэнне ў псіхіятрычныя лякарні, магчыма, з'яўляецца парушэннем грамадзянскіх і палітычных правоў — уключаючы права на свабоду меркаванняў і іх выказвання і права на свабоду мірных сходаў.
За месяц улады працягнулі актыўную барацьбу з іншадумцамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, назваўшы яе барацьбой з экстрэмізмам і тэрарызмам. Улады працягваюць папаўняць "экстрэмісцкія" і "тэрарыстычныя" спісы арганізацый, інфармацыйных рэсурсаў і людзей, на падставе чаго пераследуюць па адміністрацыйным і крымінальным заканадаўствах.
Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў папоўніўся на дзевяць адзінак. Цяпер ў спісе знаходзіцца 279 арганізацый, якія ўлады прызналі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а значыць не проста забаранілі іх дзейнасць, але і крыміналізавалі стварэнне, ўдзел і любое ўзаемадзеянне з імі на падставе адпаведных артыкулаў.
Сярод іх праваабарончая ініцыятыва «Палітвязынка», моладзевы праект «Гэта Моладзь»/«This is Youth», тры інфармацыйных рэсурса («ЧестнОК», "Группа журналистского проекта «БюроМедиа» і информационный ресурс «чё ваще происходит», апошнія допісы якога датаваныя пачаткам году, а падпісаныя на яго – ўсяго 47 чалавек) і «Ямницкий Флот».
Характэрна для рэпрэсій і тое, што пад іх падпадаюць не проста палітычныя або адкрыта выкрываюўчыя праўду пра рэжым, але і проста незалежныя грамадзянскія ініцыятывы. Сярод такіх, напрыклад, у красавіку ўладамі была адзначаная адукацыйная ініцыятыва «Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра». Праграма накіравана на адукацыйныя праекты для беларускіх школьнікаў, стварэнне інавацыйнай вучэбнай анлайн-платформы для трансгранічнай беларускаарыентаванай адукацыі і працу некалькіх каманд даследчыкаў.
Таксама сярод прызнаных у красавіку экстрэмісцкімі фармаваннямі асабліва выдзяляецца і рэлігійная тэматыка як працяг актыўных рэпрэсій супраць святароў. Адразу два хрысціянскія суб’екты («Ксёндз Барок» і «Хрысціянская візія») былі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад рашэнне аб прызнанні Ксяндза Вячаслава Барка “экстрэмісцкім фармаваннем” падпадаюць YouTube-канал, Telegram, Facebook і электронная пошта святарa Вячаслава Барка, а лагатыпам фармавання названая фатаграфія ксяндза на фоне пратэстнай акцыі 2020 года. Ксёндз Вячаслаў Барок сутыкнуўся з палітычным пераследам за сваю пазіцыю пасля выбараў, пасля чаго быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Вядома, што ў красавіку былі затрыманыя як мінімум двое святароў: айцец Сяргей Трысцень — настаяцель манаскай супольнасці кармелітаў босых у Мінску, дырэктар Школы сямейнага жыцця, выкладчык Мінскага тэалагічнага каледжа святога Яна Хрысціцеля і пастар царквы хрысціян веры евангельскай у вёсцы Небытаў Хойніцкага раёна Алег Лойка, які зараз, найбольш верагодна,пераследуецца па крымінальным артыкуле за перадачу фатаграфій ваенный тэхнікі. Вядома, што ў снежні мінулага года ён быў арыштаваны на 10 сутак за «распаўсюд экстрэмізму».
Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, ужо традыцыйна абнаўляецца кожную пятніцу. Туды дадаюць людзей, у адносінах да якіх маецца ўступіўшы ў законную моц прысуд па адным або некалькіх з артыкулаў “экстрэмісцкай” накіраванасці. На людзей з Пераліку накладаюцца абмежаванні на прафесіўную дзейнасць, звязаную з адукацыяй, ідэалогіяй, дзяржаўным кіраваннем, ваеннай службай і зваротам псіхаактыўных рэчываў. А што асабліва адчуваецца гэтымі людзьмі на практыцы – гэта асаблівы фінансавы кантроль за ўсімі іх фінансавымі аперацыямі, у тым ліку адкрыццё рахунка ў банку, пераводы і плацяжы. Людзі дадаюцца ў спіс на даволі працяглы час: да моманту заканчэння пяці год пасля пагашэння судзімасці.
За красавік у "спіс экстрэмістаў" дадалі 139 чалавек, што на 41 чалавек болей, чым у мінулым месяцы. Цяпер у спісе знаходзяцца 5 228 чалавек. Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Латвіі Юрыйса Ганінса, лясніка Вітольда Шалкевіча, а таксама былых сілавікоў з Жодзіна Дзмітрыя Удовіна, Андрэя Дарошку, Вячаслава Ільіча, Ігара Кісляка і Віталя Папроцкага, якія ў жніўні 2020-га запісалі моцны зварот да сілавікоў, палітзняволенага Уладзіміра Шпака, як і яшчэ 44 беларуса і беларускі, асуджаных паводле арт. 342 КК, у тым ліку і цэлую сям'ю, асуджаную па арт. 342 КК, — Лахтанаву Аляксандру, Лахтанава Дзмітрыя, Лахтанаву Інэсу і Лахтанава Яўгена.
А ў пералік асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, дадалі яшчэ 13 чалавек — сярод іх супрацоўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі Хіла Мікалай, Маліноўская Карына, Качан Лілія, Шпакоўскі Аляксей, Казінцаў Павел, Дарагакупец Аляксандр, Елькіна Алена, Вевель Кірыл, Сімашковіч Ігар, Губар Вольга, Якімёнак Раман, Шпак Уладзімір, Урублеўскі Андрэй. Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1 268 чалавек, з іх 574 — беларусы. Пад маркай «барацьбы з тэрарызмам» улады ўводзяць фінансавыя абмежаванні для асоб, унесеных у гэты пералік, што фактычна пазбаўляе палітзняволеных, асуджаных па «тэрарыстычных» артыкулах, магчымасці атрымліваць грашовыя пераводы.
Генпракурор Андрэй Швед па прапанове КДБ накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні Аб'яднанага Пераходнага кабінета Беларусі "тэрарыстычнай арганізацыяй". Генпракуратура лічыць, што АПК быў створаны "грамадзянкай Беларусі Ціханоўскай з мэтай захопу і ўтрымання дзяржаўнай улады незаконным шляхам".
Працягваецца актыўны крымінальны пераслед па артыкулах “экстрэмісцкай” накіраванасці, што суправаджаецца зняволенным і прымяненнем жорсткага, нягуманнага і іншага прыніжаючага чалавечую годнасць абыходжання. У красавіку стала вядома, што 20-21 сакавіка адбыўся масавы рэйд КДБ па розных гарадах Беларусі. Ягоныя падрабязнасці невядомыя — адзінае, што па яго выніках частка людзей была змешчаная ў СІЗА КДБ. Вядома, што некаторым затрыманым інкрымінуюць "тэрарыстычныя" артыкулы.
Таксама стала вядома, што затрымалі адміністратара Viber-чатаў аб дарожнай абстаноўцы ў Рэчыцы і Гомелі - верагодна, за перадачу здымкаў расійскай ваеннай тэхнікі. Затрыманне адбылося напрыканцы сакавіка, але стала вядома ў красавіку. Затрыманы — Аляксандр Гардзеенка. Паводле інфармацыі крыніцы, ён працаваў на «Беларуснафта». Верагодна, яму пагражае 361-4 артыкул УК за фота расійскай тэхнікі, знятыя ў 2022 годзе», што можа быць звязана з маніторынгавам праектам «Беларускі Гаюн».
Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў афіцыйна заявіў, што ў мінулым годзе ў Беларусі распачалі 44 крымінальныя справы за данаты. Ён назваў гэтыя ахвяраванні "фінансаваннем экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці". дзейнасць КДК у сферы стрымання такога фінансавання сканцэнтравана на аналізе абароту крыптавалют і кантролі плацежных сэрвісаў розных электронных сістэм і сацсетак. У мінулым годзе органы КДК выявілі 2,7 тысячы такіх крыптавалютных транзацый. Распачаты 44 крымінальныя справы. Герасімаў у якасці прыкладу прывёў топ-мэнэджара адной з IT-кампаній, які зрабіў крыптавалютныя пераводы на 290 тысяч долараў. КДК устанавіў 1 445 грамадзян, «якія з выкарыстаннем плацежнага сэрвісу сацыяльнай сеткі Facebook пералічвалі грашовыя сродкі на карысць экстрэмісцкіх фарміраванняў», таксама былі выяўлены 34 злачынствы эканамічнага характару, «учыненыя датычнымі да дэструктыўнай дзейнасці грамадзянамі».
Крыміналізацыя салідарнасці і дапамогі ўжо працяглы час не абмяжоўваецца толькі данатамі ў незалежныя ініцыятывы і закранае разнастайныя іншыя формы дапамогі. Напрыклад, за грашовыя пераводы палітвязням будуць судзіць 47-гадовую жыхарку Салігорску. Па версіі следства, жанчына «аказвала садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў Dissidentby, ПЦ "Вясна"» і "Лісты Салідарнасці Беларусь 2020"» — зрабіла не менш як 70 грашовых пераводаў на агульную суму каля 600 рублёў на адрас 54 чалавек, якія знаходзяцца ў зняволенні «за ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці». Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў Мінскі абласны суд справу па ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Жанчына знаходзіцца пад вартай. Яе імя высвятляецца.
Стала таксама вядома пра крымінальны пераслед трох чалавек за розныя сацыялагічныя даследванні, якія датычыліся COVID і інтэграцыя з краінамі Еўропы. Дзеянні абвінавачаных кваліфікаваны па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і ч. 2 арт. 243-3 КК (ухіленне ад выплаты страхавых узносаў, якое прывяло да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры). Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Палітычны пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам працягвае трываць і ў фармаце завочных судоў адносна тых, хто з’ехаў з Беларусі праз рызыку пераследу. Напрыклад, Следчы камітэт распачаў новую крымінальную справу супраць выкладчыка і праграмнага дырэктара Вольнага Беларускага Універсітэту Алеся Лагвінца. 1 ліпеня 2024 года яго ўжо завочна асудзілі да 10 гадоў зняволення па так званай справе "20 экспертаў", а таксама дадалі ў спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў". Па новай справе, 26 красавіка, трое асобаў, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, апыталі цесця і цешчу Алеся Лагвінца. Таксама ў іх прысутнасці апячаталі дом Алеся на падставе рашэння следчага А. А. Шрубіка ад 31 сакавіка 2025. Новую крымінальную справу распачалі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, па якім ужо судзілі Лагвінца летась: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Працягваецца канвеер цэнзуры інфармацыі ў Інтэрнэце і па-за яго межамі праз папаўненне “спісу эстрэмісцкіх матэрыялаў”. За красавік было вынесена 141 судовых рашэнняў. У красавіку ў спіс экстремісцкіх матэрыялаў, сярод іншых, трапілі: Telegram-каналы і чаты (напр., Союз матерей Беларуси, «Беларусы в Испании», «ЧАТ Малиновка 5/6»), Instagram старонкі (напр., «kalinouskipolk», «bel_warriors_support»), Музычныя кампазіцыі (гуртоў DZIECIUKI (як і назвa гурта), «Русский корпус» «Адольф Гитлер» і «Рудольф Гесс»), Сайты (напр., vilnabilarus.оrg.uа, «tsikhanouskaya.оrg, «kanstytucyja.оnlinе), TikTok-старонкі (напр., «Lizaveta Vodzina», «user2248544812285», «war.uaa1», «aze_neonazi»), кнігі («Даведiк беларускага журналiста» (Фенрых Пшэмыслаў, Вячорка Вінцук), «Беларусь на разломе» (Яраслаў Раманчук, Леанід Зайко).
Падпіскі, рэпосты, перасылкі і лайкі прыраўніваюцца да захоўвання і распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў, каб пераследаваць людзей за выказванне меркавання. Фармальна ўлады прымяняюць артыкул 19.11 КаАП. У красавіку стала вядома, што па дадзеным артыкуле пераследвалі Жыхарку вёскі Браткова Лёзненскага раёна, якой суд прызначыў арышт тэрмінам 10 сутак за "экстрэмісцкія" падпіскі. Супрацоўнікі мясцовага РАУС устанавілі, што жанчына мае падпіскі на 10 «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў.
Такім чынам, у красавіку ўлады Беларусі працягнулі маштабную кампанію рэпрэсій пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам». Сярод выразных тэндэнцый — сістэмная «зачысткі» грамадзянскай супольнасці, калі нават малыя і лакальныя ініцыятывы апынаюцца пад ударам. Прыраўноўванне іншадумства да экстрэмізму, як і пераслед у дачыненні да рэлігійных і адукацыйных праектаў, паказвае на страх дэ-факта ўлады перад незалежным маральным і інтэлектуальным лідэрствам. Эфектам такой палітыкі становіцца глыбокі страх і самацэнзура: людзі схільныя ўнікаць нават прыватнага выказвання меркаванняў, бо гэта пераследуецца. Зона шырокай рызыкі замацоўваецца: пад удар трапляюць не толькі палітычна актыўныя, але і ўдзельнікі сацыяльных, рэлігійных ці адукацыйных праектаў. Пагроза распаўсюдзілася за межы краіны — пераслед замежных грамадзян і беларускіх актывістаў у эміграцыі сведчыць пра імкненне ўладаў трымаць пад кантролем нават тую частку грамадзянскай супольнасці, якая дзейнічае ў дыяспары.