Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года.
сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычна цяжкай і характарызуецца працягам рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, апанентаў кіруючага рэжыму і іншадумцаў;
нягледзячы на намаганні ўладаў па захаванні ў таямніцы маштабаў адміністрацыйных і крымінальных рэпрэсій, у ПЦ "Вясна" працягваюць паступаць звесткі аб штодзённых затрыманнях, крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсіях па палітычных матывах;
агулам "Вясне" вядома пра больш чым 6 830 асуджаных (у тым ліку 33 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;
нягледзячы на тое, што з калоній была вызвалена частка палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на 1 красавіка 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1208 палітвязняў (з іх 156 – жанчыны), за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 20 чалавек і запатрабавала рэабілітацыі 91 былога палітвязня, аб пазбаўленні волі якіх стала вядома ўжо пасля вызвалення; усяго з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да больш чым 3 870 чалавек. 2 671 чалавек, з якіх 568 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
у сакавіку праваабаронцы падвялі вынік крымінальнага пераследу за люты: прынамсі 156 чалавек былі асуджаныя за месяц, з іх 114 – мужчыны, 42 – жанчыны. Яшчэ пяць чалавек былі асуджаныя ў рамках спецыяльнай вытворчасці;
сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, працягваюць утрымліваюцца ў зняволенні;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у сакавіку 2025 года "Вясна" зафіксавала 209 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу, з іх 44 – па адміністрацыйных справах. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана ў асноўным са спыненнем доступу да раскладу судоў – адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі;
праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў звароту ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
у рамках 58 сесіі Савета ААН па правах чалавека прайшоў інтэрактыўны дыялог, падчас якога група незалежных экспертаў прэзентавала даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне і распавяла пра сваю дзейнасць;
Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях разгледзела зварот юрыстаў "Вясны" і прызнала заключэнне Марфы Рабковай адвольным і палітычна матываваным. Міжнародныя эксперты ААН прыйшлі да высновы, што яе пераслед парушае міжнародныя нормы і адбываецца выключна праз яе праваабарончую дзейнасць;
у сувязі з цырымоніяй інаўгурацыі А. Лукашэнкі праваабарончая супольнасць выступіла з заявай, заклікаўшы міжнародную супольнасць не дапускаць мер па падтрымцы і ўзмацненні рэжыму А.Лукашэнкі, падтрымліваючы суверэнітэт Рэспублікі Беларусь, беларускую грамадзянскую супольнасць, і выкарыстоўваць усе даступныя дыпламатычныя сродкі для аказання ўплыву на ўлады Беларусі з мэтай спынення рэпрэсій і вызвалення палітвязняў.
шэсць беларускіх і міжнародных арганізацый грамадзянскай супольнасці — Цэнтр глабальнай справядлівасці і правоў чалавека "M.A.R.A.", Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH), Праваабарончы цэнтр "Вясна", Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Human Constanta — перадалі 20 сакавіка 2025 года ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда доказы магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых прадстаўнікамі беларускай улады.
Агулам, з 2020 года, як мінімум 8 147 чалавек сутыкнулася з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 6 800 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Не менш за 33 чалавекі па палітычных матывах суды накіравалі на прымусовае лячэнне.
На працягу сакавіка зафіксавана 209 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. У дачыненні да не менш за 44 чалавек вынесеныя пастановы па адміністрацыйных справах. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана са спыненнем доступу да раскладу судоў — адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі, а таксама з рэпрэсіўнымі практыкамі і пагрозамі ў дачыненні да грамадзян за перадачу звестак пра рэпрэсіі праваабаронцам.
Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 208 чалавек. За люты праваабаронцы прызналі палітвязнямі 20 чалавек. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 91 былога палітвязня, інфармацыя аб іх адвольным затрыманні стала вядомая толькі пасля іх вызвалення.
Вядома аб працяглым утрыманні ў рэжыме інкамунікада палітвязняў Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Уладзіміра Кнігі, Мікалая Банькова, Аляксандра Арановіча і шэрагу іншых. Поўная адсутнасць якой-небудзь інфармацыі аб некаторых з іх дае падставы па-ранейшаму лічыць іх ахвярамі гвалтоўнага знікнення.
Палітвязні працягваюць сутыкацца з асабліва жорсткім стаўленнем падчас знаходжання ў калоніях і турмах, а таксама пасля вызвалення. Былы палітзняволены Аляксей пасля адбыцця пакарання за каментары і падпіскі на “экстрэмісцкія” каналы прыняў рашэнне з’ехаць з Беларусі. Галоўная прычына – верагоднасць новага затрымання і новага суда. Ён пагадзіўся распавесці “Вясне” пра акалічнасці свайго пераследу і ўмовах утрымання ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва.
Адным з метадаў ціску на палітвязняў з'яўляецца змяшчэнне іх у ШІЗА: у лютым 15 сутак у ізалятары правёў палітвязень журналіст Дзяніс Івашын.
Вядома пра 64 асуджаных па абвінавачванні ў “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”, якое прад'яўляюцца зняволеным па сукупнасці дысцыплінарных спагнанняў (артыкул 411 Крымінальнага кодэкса). Сярод іх – чатыры жанчыны. Адвольнае падаўжэнне пазбаўлення волі з выкарыстаннем надуманых абвінавачванняў у злосным парушэнні парадку адбыцця пакарання – на наш погляд адзін з найбольш жорсткіх мер ціску ў дачыненні да палітвязняў.
У сакавіку стала вядома аб паўторным асуджэнні паводле арт. 411 КК палітвязняў Эдуарда Бабарыкі, Мікіты Емяльянава і Аляксандра Францкевіча.
Жорсткі кантроль і празмерныя патрабаванні да асуджаных да абмежавання волі прымушаюць іх пакідаць краіну. Узмоцненаму кантролю падвяргаюцца і вызваленыя палітвязні, у тым ліку тыя, якія адпушчаныя з месцаў зняволення ў парадку памілавання.
Працягваюць утрымлівацца ў зняволенні праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова і валанцёр Андрэй Чапюк. Працягвае знаходзіцца ў няволі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta.
У сувязі з гадавінай вынясення прысуду Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу беларускія праваабарончыя арганізацыі апублікавалі сумесную заяву з заклікам да міжнароднай супольнасці і патрабаваннем да ўладаў Беларусі распачаць усе магчымыя намаганні да таго, каб усе палітычныя зняволеныя ў Беларусі былі безумоўна вызваленыя і рэабілітаваныя.
Працоўная группа ААН па адвольных затрыманнях разглядзела зварот юрыстаў "Вясны" і прызнала зняволенне Марфы Рабковай адвольным і палітычна матываваным. Міжнародныя эксперты ААН прыйшлі да высновы, што яе пераслед парушае міжнародныя нормы і адбываецца выключна праз яе праваабарончую дзейнасць.
Следчы камітэт Беларусі распачаў чарговую крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" супраць праваабаронцы і былога палітвязня, асуджанага да пяці гадоў калоніі, Леаніда Судаленкі, паведамляе MAYDAY TEAM. 26 сакавіка па месцы рэгістрацыі ў Гомелі прыйшлі некалькі сілавікоў і пракурор, каб скласці акт аб яго адсутнасці дома. Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа супраць праваабаронцы.
Галоснасць пры адпраўленні правасуддзя фактычна зведзена да мінімуму: з лета 2024 года абмежаваны публічны доступ да базы ананімізаваных судовых рашэнняў, а з сакавіка 2025 года спынены доступ да электроннага раскладу судовых пасяджэнняў. Закрыццё доступу да іх значна абмяжоўвае магчымасці маніторынгу палітычна матываванага пераследу.
Пры гэтым, суды працягваюць актыўна выносіць палітычна матываваныя рашэнні і прысуды. Большая частка спраў па-ранейшаму тычыцца ўдзелу ў мірных пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, абвінавачванняў у дыфамацыі і экстрэмізме.
Таксама назіраецца актывізацыя судовага апарату ў пытанні замены пакарання ў выглядзе абмежаванняў волі на пазбаўленне волі ў дачыненні да людзей, якія вымушана пакінулі краіну з-за палітычна матываванага пераследу. Напрыклад, такой меры падвергнулася былая палітзняволеная Аксана Колб, якая знаходзілася пад вартай да суда і пакінула краіну пасля вынясення прысуду.
Акрамя таго, стала вядома аб адміністрацыйных працэсах супраць выбаршчыкаў, абвінавачаных у парушэннях выбарчага заканадаўства падчас прэзідэнцкіх выбараў*2025.
18 сакавіка стала вядомая гісторыя катаванняў стэндап-коміка Арцёма Астаніна пасля затрымання ў аэрапорце Мінска паводле абвінавачвання ў "распальванні нянавісці" ў Расіі. Паведамляецца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі завезлі затрыманага ў лес і там сталі яго збіваць (на прад'яўленым фота бачныя гематомы даўгаватай формы ўздоўж спіны). У выніку Астаніну зламалі рэбры і хрыбетнік. Намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Генадзь Казакевіч абверг гэтыя звесткі, назваўшы іх ілжывымі. Ён заявіў, што супрацоўнікі ГУБАЗіК Беларусі суправаджалі затрыманага падчас прымусовай высылкі ў Расію і дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам.
Сведчанні жанчын аб негуманных умовах, катаваннях і сэксуалізаваным гвалце ў месцах няволі былі сабраныя ў новым дакладзе «Нас вырашылі зусім звесці са свету». У тым ліку, у дакладзе сабраныя сведчанні аб такім выглядзе пакарання ў жаночай калоніі, як змяшчэнне ў вузкую металічную клетку на вуліцы. Таксама раскрытыя факты ператрусаў з распрананнем, пазбаўлення палітзняволеных жанчын прадметаў гігіены, утрымання ў холадзе і іншыя парушэнні.
Эксперты ААН, у тым ліку спецдакладчык па Беларусі, выпусцілі прэс-рэліз, які асуджае негуманнае абыходжанне з жанчынамі палітвязнямі.
Акрамя таго, сабраныя сведчанні былых палітвязняў аб жорсткім абыходжанні пры этапаванні (транспартаванні) з адной пенітэнцыярнай установы ў іншую. Адзначаюцца праблемы перанапаўнянасці месцаў для транспарціроўкі (вагонаў і іншых сродкаў), пазбаўленне вады і туалетаў, жорсткае абыходжанне канваіраў, а таксама катавальная практыка, вядомая як "калідор" або "раўчук" – падчас гэтай практыкі супрацоўнікі турмы выстройваюцца ў дзве калоны і збіваюць зняволеных дубінкамі.
Былому палітвязню, бацьку шасцярых дзяцей Аляксандру Зялюткіну пасля болей чым трох гадоў зняволення пачалі пагражаць новымі крымінальнымі справамі, суд на два гады прызначыў прэвентыўны нагляд. Мужчына не стаў выпрабоўваць свой лёс далей і выехаў з Беларусі ў бяспечнае месца. Ён пагадзіўся распавесці праваабаронцам пра падзеі 2020 года, удзельнікам якіх быў, пра свой пераслед і ўмовы ўтрымання ў калоніях у Магілёве і Шклове, дзе ён адбываў пакаранне.
Па стане на 12 сакавіка 2025 года праваабаронцам вядома не менш чым пра 219 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. За кратамі мінімум 78 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, восем чалавек маюць інваліднасць, 32 пажылых чалавека, чый узрост перавышае 60 гадоў (многія з іх маюць вялікія праблемы са здароўем), а таксама 10 чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітвязняў — 39 шматдзетных маці і бацькоў. Вядома мінімум пра 10 сем'яў, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.
Асуджаная да 20 гадоў пазбаўлення волі Вольга Маёрава, якая ўтрымліваецца ў калоніі № 24, рызыкуе цалкам страціць зрок. Пра гэта паведаміла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Зазулинская: "У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Яна звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. Больш за тое, з-за статусу "тэрарысткі" ёй не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных".
72-гадовага Васіля Дземідовіча асудзілі ў дзявяты раз. Гэтым разам паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Агулам палітвязня асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць амаль тры гады.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец сакавіка 2025 года, знаходзіцца ў зняволенні 41 прадстаўнік медыя.
7 сакавіка 2025 года Паліна Піткевіч асуджаная паводле ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У чэрвені 2024 года, КДБ паказаў на дачыненне Паліны Піткевіч да прызнанага экстрэмісцкім фарміраваннем MediaIQ — праекту «прэс-Клуба» па павышэнні медыяпісьменнасці.
26 сакавіка стала вядома, што Андрэю Пачобуту на паўгода працягнулі тэрмін утрымання ў ПКТ. Палітвязень знаходзіцца ў ПКТ са жніўня 2023 года.
15 журналістаў "Радыё Свабода" праходзяць па крымінальнай справе абвінавачанымі ў рамках спецыяльнай вытворчасці. Па месцы рэгістрацыі праходзілі ператрусы, сваякоў выклікалі на допыты.
Працягваюць аказваць ціск на журналіста Дзяніса Івашына. Са снежня па люты Дзяніса пазбавілі права на тэлефонны званок. З 4 па 18 лютага 2025 года палітвязень знаходзіўся ў штрафным ізалятары.
31 сакавіка суд Бабруйскага раёна і г. Бабруйска прызнаў вінаватым былога галоўнага рэдактара рэгіянальнай газеты "Бабруйскі кур'ер" Анатоля Санаценку ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. Рашэнне суда – 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Улады абвясцілі намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева ў міждзяржаўны вышук, а галоўнага рэдактара "Reform" Фёдара Паўлючэнку абвясцілі ў вышук у Расеі.
Працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да людзей, якія выказваюць нязгоду з палітыкай дзяржавы.
За ўдзел у пратэстах у 2020 годзе прыцягваюць да крымінальнай адказнасці і прызначаюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. 5 сакавіка Мікалай Сідараў асуджаны ў судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска да двух гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Праз амаль пяць гадоў пераследуюць за ўдзел у мітынгах і тых, хто ў 2020 годзе быў непаўнагадовым. Так, пракуратура Рэчыцкага раёна накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 21-гадовага ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады" (ч. 1 арт. 342 КК). Па версіі абвінавачвання, 12 жніўня 2020 года з дапамогай мабільнага тэлефона "Xiaomi" у публічным Telegram-чаце "Брэст 97%" абвінавачаны размясціў паведамленні, дзе "схіляў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".
Прадстаўнікі ўлады прынялі рашэнне пераследваць грамадзян за ўдзел у масавых мерапрыемствах не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой. 21 сакавіка Следчы камітэт заявіў, што збіраецца ідэнтыфікаваць усіх удзельнікаў вулічных акцый за мяжой з нагоды святкавання Дня Волі. Каля 400 чалавек прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе.
Працягваюць затрымліваць людзей, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы. Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне Жанны Вайніловіч, якая вярталася ў Беларусь з Польшчы і была затрыманая праз некалькі дзён пасля перасячэння мяжы. Ёй інкрымінуюць арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за нібыта ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.
У Мінскім абласным судзе грамадзяніна Латвіі Юрыса Ганінса асудзілі да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па трох абвінавачваннях: у дыскрэдытацыі Беларусі, паклёпе на А. Лукашэнку і заклікі да санкцый. Суддзя Аляксандр Рыбакоў вынес прысуд яшчэ 19 лютага. Сутнасць абвінавачвання невядомая, а працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Крымінальную справу супраць грамадзяніна Латвіі разглядалі ў судзе амаль тры месяцы.
Агулам ў беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 36 палітвязняў замежных грамадзян, сярод іх — чатыры грамадзяніна Латвіі.
Улады Беларусі выкарыстоўваюць заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму як інструмент палітычна матываванага пераследу за ажыццяўленне грамадзянскіх і палітычных правоў. Сфармаваныя спісы асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама пералікі забароненай інфармацыйнай прадукцыі і экстрэмісцкіх арганізацый служаць падставай для працягу рэпрэсій, пераследаў і абмежаванняў правоў.
За месяц улады папоўнілі спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў чатырма суб'ектамі: сярод іх тры інфармацыйныя рэсурсы і Цэнтр новых ідэй – даследчы інстытут, які займаецца даследаваннямі і аналітыкай, арганізуе адукацыйныя праграмы для маладых беларусаў, мерапрыемствы для абмеркавання бягучага стану і будучыні Беларусі. Усяго ў пераліку 264 суб'екты, 12 з іх унесены ў бягучым годзе; першае рашэнне аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкім фарміраваннем было прынята 21 верасня 2021 года. Паводле інфармацыі "Вясны", За" стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні " ў Беларусі асудзілі мінімум 258 чалавек, 58 з іх – завочна.
У пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за сакавік унесена яшчэ 98 чалавек. Усяго ў спісе імёны 5 088 чалавек; гэта далёка не ўсе, хто асуджаны па палітычных матывах. Рэпрэсіі і абмежаванні ў дачыненні да гэтых людзей і ў цэлым у дачыненні да асуджаных па палітычных матывах пашыраюцца: група спецыяльных дакладчыкаў ААН звярнулася ў канцы лютага да ўрада Беларусі з нагоды прынятага ў першым чытанні законапраекта "аб папраўках у законы аб забеспячэнні правоў дзяцей". Згодна з гэтым законапраектам, людзям, якія былі асуджаныя за "злачынствы экстрэмісцкага характару", будзе забаронена займацца педагагічнай дзейнасцю і займаць пасады, звязаныя з рэгулярнай працай з дзецьмі.
Судамі ў сакавіку вынесеныя 150 новых рашэнняў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Гэта як правіла пратэстныя інфармацыйныя рэсурсы, кнігі (у адным з рашэнняў – 125 кніг рэлігійнага зместу).
У сакавіку паўсюдна і рэгулярна праходзілі судовыя працэсы за выкарыстанне незалежных інфармацыйных крыніц – за падпіскі на забароненыя рэсурсы і рэпосты інфармацыі з іх.
За апошнія гады рэжым Лукашэнкі актыўна выкарыстоўвае абвінавачванні паводле крымінальных "тэрарыстычных" артыкулаў супраць іншадумцаў, актывістаў і тых, хто падтрымлівае Украіну. Па гэтых артыкулах ужо асудзілі мінімум 133 чалавекі, уключаючы замежнікаў і пенсіянераў. "Вясна" распавяла, як і за што судзяць па "тэрарыстычных" артыкулах, а таксама як змянілася "антытэрарыстычнае" заканадаўства ў апошнія гады. Юрыдычная служба "Вясны" тлумачыць, чым беларуская інтэрпрэтацыя тэрарызму адрозніваецца ад міжнароднай практыкі.