Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025

19 September 2025, 12:49 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025

Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні 2025 года.

Коратка:

  • у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, адміністрацыйны і крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў грамадскіх ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;

  • улады Беларусі працягваюць хаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, аднак у ПЦ "Вясна" працягваюць рэгулярна паступаць дадзеныя аб затрыманнях і пераследах напалітычных падставах;

  • за мінулыя пяць гадоў праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі больш за 100 000 фактаў рэпрэсій;

  • агулам "Вясне" вядома пра больш чым 7 400 асуджаных (у тым ліку 34 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;

  • нягледзячы на штодзённы працэс вызвалення палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну, змены меры стрымання і ў парадку памілавання, іх колькасць у Беларусі па-ранейшаму крытычна высокая: на канец жніўня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 187 палітвязняў (з іх 180 – жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 37 чалавек. Агулам з траўня2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 081 чалавек. 2 894 чалавекі, з якіх 597 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;

  • праваабаронцы, сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь БяляцкіВалянцін СтэфановічУладзімір ЛабковічМарыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;

  • падвяргаюцца рэпрэсіям, уключаючы пазбаўленне волі, затрыманні і ператрусы, журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;

  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у жніўні 2025 года "Вясна" зафіксавала 72 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій у 2025 годзе звязана з адсутнасцю доступу да публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе;

  • праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых формаў недапушчальнага звароту пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах;

  • улады рэгулярна папаўняюць спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій; аб'ектыўныя дадзеныя з гэтых спісаў сведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі істотна не слабеюць. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь змякчэнне або паслабленне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі;

  • пад пагрозай дысцыплінарнай і крымінальнай адказнасці палітвязні рэгулярна прыцягваюцца да прымусовай працы.

  • Дзярждэпартамэнт ЗША выпусціў даклад аб правах чалавека ў Беларусі за 2024 год.

Палітычна матываваны пераслед і палітвязні

За пяць гадоў праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі больш за 100 000 фактаў рэпрэсій. 

Усяго з 2020 года не менш за 8 730 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 7 400 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды.

За жнівень праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 37 чалавек.  Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 187 чалавек. Агульная колькасць палітвязняў застаецца па-ранейшаму крытычна высокай, нягледзячы на вызваленне асуджаных, якія адбылі свае тэрміны, і абвінавачаных у сувязі са зменай ім меры стрымання, а таксама вызваленне з ліпеня 2024 года ў парадку памілавання і абмену больш за 330 палітвязняў. Гэта тлумачыцца працягам крымінальных рэпрэсій, якія не спыняюцца, нягледзячы на заявы ўладаў аб поўным падаўленні супраціву рэжыму а. Лукашэнкі.

У зняволенні знаходзяцца праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова. Працягвае ўтрымлівацца ў калоніі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta; Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders выказала трывогу з нагоды жорсткіх умоў яе ўтрымання.

Улады працягваюць утрымліваць у няволі прафсаюзных лідараў Вольгу БрыцікавуВячаслава Арэшку,Генадзя Фядыніча, Аляксандра ЯрашукаАндрэя ХаневічаАляксандра Кандрацюка і фігурантаў справы «Рабочага Руху».

За жнівень Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў 72 выпадкі затрыманняў і іншых відаў палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Збор падобных даных значна абцяжараны з-за больш жорсткай з пачатку года палітыкі ўладаў, накіраванай на максімальнае ўтойванне фактаў пераследаў.

25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы. ААН заклікала Беларусь тэрмінова прыняць меры па абароне палітзняволенай. Камітэт папрасіў даць жанчыне неабходную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама забяспечыць належнымі ўмовамі ўтрымання.

У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум семпалітвязняў: Марыя КалеснікаваМаксім ЗнакМікалай СтаткевічІгар ЛосікВіктар БабарыкаУладзімір КнігаАляксандр Арановіч. Алена Гнаўк доўгі час не мае сувязі са сваякамі.

Праваабаронцы рэгулярна абагульняюць звесткі аб наступных дадатковых рэпрэсіях у дачыненні да палітвязняў.

На канец месяца вядома пра 46 палітвязняў, якім тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны прысудам суда, быў адвольна падоўжаны з выкарыстаннем арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных спагнанняў, многім неаднаразова. Агулам такім мерам падвяргаліся не менш за 66 чалавек, некаторыя з іх ужо вызваленыя.

Пераслед журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў 

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец жніўня 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 37 прадстаўнік медыя.

25 ліпеня суд у закрытым рэжыме вынес прысуд журналісту Даніілу Палянскаму. Яго прызналі вінаватым паводле356 КК (Здрада дзяржаве) і прызначылі 10 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф. 

Прызначэнне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі з'яўляецца карнай практыкай дзяржавы за рэалізацыю права на свабоднае выказванне меркаванняў і распаўсюджванне інфармацыі і парушэннем права на здароўе.

8 жніўня журналіста Алега Супрунюка асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Нягледзячы на праблемы са здароўем – мае інваліднасць – да суда ўтрымліваўся пад вартай больш за паўгода. Журналіста прызналі вінаватым ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Паводле сцвярджэнняў пракуратуры, Супрунюк увайшоў у склад "Беларускай асацыяцыі журналістаў", прызнанай "экстрэмісцкім фарміраваннем", і ў якасці яго ўдзельніка напісаў не менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце.

Катаванні і негуманнае абыходжанне 

Група экспертаў ААН заклікала ўлады Беларусі неадкладна правесці эфектыўныя расследаванні з нагоды паведамленняў аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях, звязаных з тэрарызмам і экстрэмізмам.

У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам – асуджанымі да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме.

Беларуская праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва" пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна", Белорусского Хельсинкского Комитета,  Respect-Protect-Fulfill, Human Constanta, Беларускага ПЭНа накіравала ў Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) афіцыйны зварот з патрабаваннем пачаць расследаванне ў адпаведнасці з артыкулам 8 Факультатыўнага пратаколу да Канвенцыі.

Праваабаронцы сабралі і прадставілі шырокія доказы таго, што ў беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў жанчын, уключаючы пыткі, прыніжэнні і дыскрымінацыю па прыкмеце гендэра. Ідзе гаворка не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сістэму, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да жанчын-палітвязынак.

"Вясна" па-ранейшаму збірае і дакументуе факты катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання, у тым ліку па палітычна матывах. Некаторыя з пацярпелых і сведак пагаджаюцца таксама на журналісцкія інтэрв'ю: іх гісторыі важныя для адлюстравання сітуацыі з правам не падвяргацца катаванням і іншым відам жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, сведчаць аб бесперапынным катавальным канвееры ў дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў 

Рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў не спыняюцца.

У сувязі з хуткім заканчэннем тэрміну даўнасці прыцягнення да адказнасці па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў масава распачынаюцца крымінальныя справы. Вядома, што ў адным толькі Мінску праходзяць па крымінальнай справе сотні чалавек.

За ўдзел у пратэстах і за выказванне меркаванняў прызначаюць строгае пакаранне – абмежаванне або пазбаўленне волі:

1 жніўня Вольга Калпакова была прызнана вінаватай па артыкулах 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 368 (абраза Лукашэнкі) і 188 (паклёп) Крымінальнага кодэкса і асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь.

18 жніўня актрыса і мадэль – Кацярына Явід – была прызнаная вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асуджаная да пакарання ў выглядзе абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 

Падвяргаюць пераследу сваякоў палітвязняў: Вячаслаў Бераставы асуджаны паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вячаслаў – родны брат палітвязня Андрэя Бераставога.

За выказванне меркавання працягваюць пераследаваць людзей у сталым узросце: 60-гадовая Наталля Ішмукова асуджаная паводле ч.1 арт. 368 (абраза А. Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. 74-гадовая Надзея Фафанава, паводле інфармацыі МУС, асуджаная за "абразу Лукашэнкі" і"распальванне варожасці".

За рэалізацыю свабоды сходаў і выказвання меркаванняў рэжым пераследуе нават у тым выпадку, калі беларусы пратэстуюць за межамі Беларусі – у якасці помсты і застрашвання. Пра гэта сведчаць масавыя ператрусы напярэдадні 9 жніўня, узбуджэнне крымінальных спраў у якасці трансгранічнага пераследу, а таксама збор ДНК сваякоў тых, хто з'ехаў. Праз дзяржаўныя прапагандысцкія каналы ўлады транслююць пагрозы канфіскацыяй маёмасці ўдзельнікаў акцый пратэсту за мяжой.

Міністэрства інфармацыі дадало яшчэ 31 кнігу ў спіс забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў. Агулам у спісе 141 пазіцыя. 

Парушэнні правоў і свабод на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Улады Беларусі дэманструюць паслядоўнасць у выкарыстанні "экстрэмісцкіх" і "тэрарыстычных" цэтлікаў для падаўлення іншадумства. Спісы і прысуды носяць масавы і адвольны характар, служаць сродкам цэнзуры і кантролю над грамадствам – гэта, у прыватнасці, таксама было адзначана групай экспертаў Савета па правах чалавека. Эксперты заклікалі беларускія ўлады неадкладна расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі, асуджанымі па "экстрэмісцкіх» і "тэрарыстычных" артыкулах.

Пад удар трапляюць медыя, культурныя і адукацыйныя ініцыятывы, праваабаронцы і проста людзі, якія публічна выказваюцца. Пры гэтым барацьба з рэальнымі праявамі неанацызму і заклікамі да гвалту выкарыстоўваюцца хутчэй як апраўданне для легітымацыі рэпрэсій і ачарнення апазіцыі, чым як сапраўдны клопат дзяржавы пра бяспеку людзей.

Канвеер "экстрэмісцкіх матэрыялаў": за месяц суды вынеслі 50 рашэнняў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў экстрэмісцкімі матэрыяламі – гэта ў два разы менш, чым у папярэднім месяцы. Як правіла, адно рашэнне тычыцца аднаго суб'екта-чалавека ці ініцыятывы, пры гэтым экстрэмісцкімі прызнаюцца звычайна акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках. Аднак бываюць і выключэнні. Так, у жніўні Ленінскі раённы суд Магілёва ў адным рашэнні прызнаў экстрэмісцкімі нацыянал-сацыялістычныя і скінхэд-чаты, акаўнт «Еўрарадыё» ў TikTok і некалькі іншых рэсурсаў.

У спісе апынуліся старонкі ў Instagram, Facebook, TikTok, X (Twitter), «Аднакласніках», а таксама лагатыпы і нават спасылка на Patreon. Сярод іншага туды трапілі: блог Дануты Хлусня, акаўнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, акаўнты актывіста Ігара Случака (Фэйсбук і Instagram – двума рашэннямі розных судоў), культурны фестываль "Тутака" ў Польшчы і яго атрыбутыка, ініцыятыва "лісты палітвязням" (instagram.com/listy.warszawa), акаўнт @annajay.by – БЧБ-ўпрыгожванні, старонка ініцыятывы дапамогі Марфе Рабковой "FreeMarfa" і сатырычны канал Chinchinchannelofficial. Пад лэйбл "экстрэмісцкі матэрыял" трапіў і канал расейскага блогера Максіма Каца.

Адзіным па-сапраўднаму экстрэмісцкім кантэнтам можна назваць хіба што 27 Telegram-стыкераў з выявамі Адольфа Гітлера і нацысцкай сімволікі. Усё астатняе-прыклады цэнзуры і палітычна матываваных абмежаванняў.

"Экстрэмісцкія фарміраванні" і спісы людзей: па стане на канец жніўня ў спісе арганізацый і фарміраванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці лічыцца 307 суб'ектаў. У гэтым месяцы туды дадалі, у прыватнасці, «Беларускую асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека» —аб'яднанне адвакатаў, пазбаўленых права на прафесію ў Беларусі; "WLM" і "BelVarta". Меў месца рэдкі выпадак унясення ў спіс суб'ектаў, якія маюць прыкметы неанацысцкіх. Аднак ацэнкі спісу як інструмента палітычнай расправы не мяняюцца, зыходзячы з пераважнай палітычнага характару абвінавачванняў.

У спісе грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, ужо 5 677 чалавек. За жнівень дадалі яшчэ 117 прозвішчаў — на 24 больш, чым у ліпені і на 54 больш, чым у чэрвені. Падставай уключэння служаць прысуды, якія ўвайшлі ў дзеянне паводле "экстрэмісцкіх" артыкулаў. Гэты спіс можа служыць як ускосны і частковы паказчык узроўню рэпрэсій, а ўладамі выкарыстоўваецца як інструмент кантролю і дадатковых рэпрэсій у перыяд і пасля адбыцця пакарання і нават пасля заканчэння тэрміну судзімасці: людзі сутыкаюцца з блакаваннем фінансавых аперацый (рахункі, пераклады, плацяжы), забаронамі на працу ў адукацыі, дзяржкіраванні, арміі, медыцыне, сацыяльнай сферы. Абмежаванні працягваюць дзейнічаць да пяці гадоў пасля зняцця судзімасці, што на практыцы азначае да 13 гадоў пасля адбыцця пакарання.

Крымінальныя справы: "экстрэмісцкія" артыкулы ахопліваюць шырокі спектр дзеянняў, звязаных з рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркаванняў. У жніўні пад пераслед траплялі за:

  • Адпраўку паведамленняў, фатаграфій і відэа ў тэлеграм-бот "Беларускі Гаюн". Пра ўцечку звестак з чата, куды бот маніторынгавага праекта "Беларускі Гаюн" перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі, стала вядома ў лютым 2025 года. Першыя арышты па гэтай справе пачаліся адразу ж і працягваюцца па гэты дзень. Усе справы ўзбуджаныя па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Гэтая норма ўжываецца выключна рэпрэсіўна: абвінавачваюцца ў распаўсюдзе паведамленняў, фатаграфій або паведамленняў, якія не ўтрымліваюць прыкмет гвалту і якія тычацца грамадска значнай інфармацыі. Пераследы за такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем свабоды выказвання меркавання, уключаючы свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Вядомыя імёны 61 фігуранта справы, аднак ёсць падставы лічыць, што іх значна больш.  У прыватнасці, Гомельскі абласны суд 20 жніўня вынес прысуд па "справе Гаюна" ў дачыненні да 49-гадовага пастара Алега Лойкі. Яго прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

  • Арганізацыю адпраўкі лістоў зняволеным, у тым ліку па палітычных матывах, па справе “Письмо.бел”. Гэта сэрвіс для адпраўкі лістоў зняволеным, якім карысталіся тысячы беларусаў. Ініцыятыва ў тым ліку дапамагала беларусам заставацца на сувязі з палітзняволенымі, нягледзячы на вымушаную эміграцыю. Пры гэтым толькі 10% лістоў сыходзіла палітвязням, у асноўным сэрвіс быў разлічаны на звычайных асуджаных. Таксама карыстальнікі прымалі ўмовы рэсурсу — не парушаць патрабаванні МУС і не адпраўляць забароненую інфармацыю. 12 снежня 2024 года КДБ абнавіў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў", куды трапіла і ініцыятыва "письмо.бeл". У жніўні ж у Мінску вынеслі прысуд тром палітвязням, якіх абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса): Аляксандру МазуруПаўлу Каранюхіну і Аляксандру Лыкшыну. Суд прызначыў Мазуру і Каранюхіну тры гады і шэсць месяцаў зняволення, а Лыкшыну — тры гады і сем месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.

  • Правядзенне сацыялагічнага даследавання пра кавід у Беларусі. Раней Следчы камітэт паведамляў падрабязнасці пераследу Яўгена Краснянскага. Ведамства сцвярджала, што мужчына падрыхтаваў для адной з замежных арганізацый даследаванне, якое змяшчае "загадзя ілжывыя звесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы мер, што прымаюцца ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй".

  • Актыўнасць у дваровых чатах. Восенню 2024 года па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па "справе дваровых чатаў", якія нібыта "спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады". 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" дваровую кааліцыю "Ордэн", у якую ўваходзяць дваровыя чаты "Злые когтики", "Сухарево", "Сеніца2.0", "Солідарность", "Вольныя ваўкі", "Навагрудскія партызаны", "ВИЛИЯ", "Скромные матрешки", "Соседи". Супраць дзясяткаў людзей узбудзілі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).

  • За дачыненне да каманды папулярнага брэнда упрыгожванняў "BelaruskiCry". Ювелірны брэнд быў прызнаны " экстрэмісцкім фарміраваннем", у выніку чаго і пераследуюцца па крымінальных артыкулах датычныя. 23 ліпеня 2025 года суд Партызанскага раёна Менска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт брэнда, а таксама старонкі ў Instagram, Telegram, Facebook, TikTok і "Х". На наступны дзень КДБ прызнаў брэнд "экстрэмісцкім фарміраваннем". Паводле звестак ведамства, дачыненне да яго маюць Аляксандра Куркова, Марына Сергіеня, Ягор Бужылаў і Алена Куляшова.

Рэпрэсіі ва ўніверсітэтах: пад выглядам прафілактыкі экстрэмізму ўлады пашыраюць ідэалагічны кантроль у сферы адукацыі. У жніўні стала вядома, што ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце ўводзяцца дзяжурствы студэнтаў у інтэрнатах "для барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам". Згодна з новым "Палажэннем аб студэнцкім інтэрнаце", выхаваўчая работа праводзіцца адміністрацыяй сумесна з аддзелам ідэалогіі і актывам БРСМ. Як менавіта студэнцкія дзяжурствы могуць "змагацца з тэрарызмам", у дакуменце не раскрываецца.

Распачатая чарговая крымінальная справа ў парадку "спецыяльнай вытворчасці" - у дачыненні да ўдзельнікаў ініцыятывы "сумленныя людзі". Алену Жылачкіну (Жываглод), Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка, а таксама Цімафея Малахоўскага збіраюцца судзіць завочна. Варта адзначыць, што да гэтага ў 2025 годзе па палітычных матывах было пачата спецвытворчасць толькі па трох крымінальных справах у дачыненні да трох чалавек, тады як у 2024-м – у дачыненні да 109 чалавек.

Пераслед адвакатаў 

У Гомелі асудзілі адваката Сяргея Хлыстова. Яму прызначана пазбаўленне волі: дакладны тэрмін невядомы. Адваката абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай або іншай сацыяльнай варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцый) ды іншым дзеянням, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК).

Пра затрыманне Сяргея Хлыстова разам з двума іншымі адвакатамі стала вядома ў красавіку. Пазней дваіх адвакатаў вызвалілі, але аднаго з затрыманых — загадчыка юркансультацыі — звольнілі з пасады.

Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі "Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека" прызнана"экстрэмісцкім фарміраваннем". Ініцыятыва была створана адвакатамі, пазбаўленымі права на прафесію ў Беларусі, якія вымушана пакінулі краіну. Рашэнне, якое можа пацягнуць адвольны крымінальны пераслед юрыстаў, груба парушае прынцыпы незалежнасці прафесіі, свабоду асацыяцыі і выказвання меркаванняў.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 September 2025, 2:07 PM
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Тлумачаць праваабаронцы. Чаму ў Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства?
19 September 2025, 12:45 PM
Тлумачаць праваабаронцы. Чаму ў Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства?
У Беларусі адсутнічае рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Але што гэта такое і навошта яно трэба? Як і чаму беларускія ўлады адмаўляюць неабходнасць яго прыняцця?

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці