Беларускі ПЭН: Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2024 года)

03 August 2024, 2:38 PM
Беларускі ПЭН: Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2024 года)

На 31 ліпеня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 163.

На 6 гадоў зняволення і вялізны штраф асуджана ілюстратарка Наталля Левая.

Вынесены прысуды культурніцкаму блогеру Алесю Сабалеўскаму – 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, дакументалісту Яўгену Глушкову – 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама кожнаму з іх штрафы ў памеры 200 базавых велічынь, або 8000 рублёў (~ 2440 долараў).

Распачаўся завочны судовы працэс у крымінальнай справе праваабаронцы, літаратара і  журналіста Уладзіміра Хільмановіча.

У дачыненні да маці і цёткі аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча распачаты крымінальныя справы.

Каталіцкі святар Анджэй Юхневіч, які размяшчаў у Facebook нацыянальную сімволіку і маліўся за народ Украіны, знаходзіцца за кратамі.

У арыштаванай кватэры рэдактара сайта orsha.eu, краязнаўцы Ігара Казмерчака адбыўся ператрус.


I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 17 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе паводле крымінальнага артыкула асуджана ілюстратарка Наталля Левая. За данаты ў ініцыятывы і фонды яе асудзілі на 6 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь, або 40 000 рублёў (~ 12 216 долараў). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Наталлю Левую прызналі вінаватай паводле ч. 2 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне ўдзелу ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы).

2. 27 ліпеня ў судзе Гродзенскага раёна распачаўся завочны судовы працэс паводле крымінальнай справы праваабаронцы, літаратара і журналіста Уладзіміра Хільмановіча, якому інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

3. 31 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе вынесены прысуды культурніцкаму блогеру Алесю Сабалеўскаму – 4 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; дакументалісту Яўгену Глушкову – 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штрафы кожнаму ў памеры 200 базавых велічынь, або 8000 рублёў (~ 2440 долараў). Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова асудзілі паводле ч. 1 і ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 1 арт. 361.3 Крымінальнага кодэкса (удзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы ці падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу).

II. Пераслед сваякоў палітзняволеных дзеячаў культуры і літаратараў

19 ліпеня ў Ваўкавыску затрымалі Таццяну Францкевіч – маці палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча, а таксама яе сястру Наталлю Лабацэвіч. Затрыманне адбылося ў калоніі № 11 у Ваўкавыску, калі яны прывезлі перадачу Аляксандру Францкевічу. Супраць абедзвюх распачалі крымінальную справу паводле арт. 361.4  Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Аляксандр Францкевіч – актывіст анархісцкага руху, літаратар, аўтар турэмнай прозы. Неаднаразова зазнаваў адміністрацыйны і крымінальны пераслед за грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у пратэстах, двойчы быў прызнаны палітвязнем. За кратамі напісаў апавяданні «Дневник потерявшейся девочки», «Обними меня крепче», якія ўвайшлі ў кнігу «Голас волі з-за кратаў. Анталогія твораў беларускіх палітзняволеных» (Вільня, 2013). У 2013 годзе за апавяданне «Обними меня крепче» стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. 13 жніўня 2020 года быў затрыманы. 6 верасня 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе яму быў вынесены прысуд: 17 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічынь, або 22 400 рублёў (больш за 8800 долараў).

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

Каталіцкі святар з Шуміліна Анджэй Юхневіч з 8 траўня знаходзіцца за кратамі. Пасля некалькіх адміністрацыйных арыштаў супраць яго распачалі крымінальную справу. 10 траўня за «пікет, праведзены ў сацсетках» суд Першамайскага раёна Віцебска прызначыў яму першы арышт на 15 сутак. Падчас судовага разбору Анджэй Юхневіч пацвердзіў, што з’яўляецца карыстальнікам сацыяльнай сеткі Facebook, мае акаўнт, дзе размясціў фотаздымак на бел-чырвона-белым фоне. Прызнаў, што размясціў выяву дзяржаўнага ўкраінскага сцяга. На сайце місіянераў-аблатаў змешчаны выказванні Анджэя Юхневіча пра вайну супраць Украіны: «Хачу выказаць нашу глыбокую салідарнасць і духоўную падтрымку нашым братам ва Украіне і ўсяму ўкраінскаму народу. […] Мы вырашылі кожны дзень маліцца разам з нашымі парафіянамі за навяртанне Расіі і Беларусі і за неадкладнае спыненне вайны ва Украіне».

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

24 ліпеня стала вядома, што краязнаўцу і актывіста Уладзіміра Гундара чарговы раз пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, якое мелася быць у верасні. За якое парушэнне, адміністрацыя калонні не паведаміла. Уладзімір Гундар – палітвязень, інвалід другой групы (не мае нагі), асуджаны  паводле «справы Аўтуховіча» на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. За кратамі піша вершы на беларускай мове.

V. Пераслед культурных дзеячаў, якія ў выніку палітычнага пераследу пакінулі Беларусь

23 ліпеня ў Оршы ў кватэры рэдактара сайта orsha.eu, краязнаўца, актора паводле адукацыі Ігара Казмерчака быў праведзены ператрус. У 2021 годзе Ігар Казмярчак быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай крымінальнага пераследу. Кватэра, дзе праходзіў ператрус, у 2023 годзе была арыштавана паводле распараджэння Следчага камітэта. Ігар Казмерчак – адзін з фігурантаў крымінальнай справы, распачатай супраць асоб, якія мелі дачыненне да СМІ, прызнаных «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці