Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года

07 July 2025, 12:42 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 чэрвеня 2025 года

На 15 чэрвеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 159.

Нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская і яе дачка, студэнтка БДУ Марго Рабіновіч абвінавачваюцца паводле крымінальнай справы і знаходзяцца ў СІЗА № 2 у Віцебску.

Былому выдаўцу Вадзіму Пажывілку прысудзілі «хатнюю хімію». 

Мастачцы і актывістцы з Петрыкава Віялеце Майшук дадалі да завочнай крымінальнай справы новы артыкул за «знявагу прэзідэнта». 

Блогера, фатографа і культурніцкага менеджара Антона Матольку завочна асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі і штраф. 

Затрыманы музыка з Мядзела Аляксандр Хіхель.


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 3 чэрвеня Гродзенскі абласны суд завочна асудзіў блогера, фатографа і культурніцкага менеджара Антона Матольку на 20 гадоў пазбаўлення волі і штраф 2000 базавых велічынь (84 000 рублёў, або 25 670 долараў). У межах спецыяльнага вядзення яго абвінавацілі паводле 14 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – «здрада дзяржаве». Судовы працэс працягваўся з 14 снежня 2024 года.

2. 8 чэрвеня стала вядома, што нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская і яе дачка, студэнтка БДУ Марго Рабіновіч абвінавачваюцца паводле крымінальнай справы і знаходзяцца ў Віцебску ў СІЗА № 2. Ціна Палынская перастала выходзіць на сувязь 19 траўня 2025 года. 

Праваабаронцы мяркуюць, што Ціне Палынскай і Марго Рабіновіч ставяць у віну ўдзел у сацыялагічных апытаннях Беларускай аналітычнай майстэрні, якую КДБ 16 траўня 2025 года прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй», рашэнне пра гэта было апублікавана 21 траўня. Ціна Палынская займаецца напісаннем сямейных кніг, вывучае дакументы ў архівах Беларусі і постсавецкіх краін. Займае антываенную гуманістычную пазіцыю, што вынікае з яе тэкстаў у сацыяльных сетках. У чэрвені 2022 года яе штрафавалі на 3200 рублёў (1230 долараў) за стужкі колеру ўкраінскага сцяга, а Следчы камітэт пачаў разбор за антываенныя допісы ў Facebook. 5 чэрвеня 2022 года ў яе кватэры быў ператрус, у 2023 годзе яе малодшую дачку змяшчалі ў сацыяльны прытулак на непрацяглы час. 6 чэрвеня 2025 года Ціна Палынская і яе старэйшая дачка Марго Рабіновіч прызнаны палітзняволенымі. 

3. 6 чэрвеня стала вядома, што ў Мінскім гарадскім судзе былому выдаўцу Вадзіму Пажывілку прысудзілі «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову) на падставе арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці). Вадзім Пажывілка, муж пісьменніцы Яўгеніі Пастарнак, фізік паводле адукацыі, быў дырэктарам выдавецтваў дзіцячай і навукова-папулярнай літаратуры. 

4. 8 чэрвеня стала вядома, што мастачцы і актывістцы з Петрыкава Віялеце Майшук дадалі да завочнай крымінальнай справы новае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). 3 жніўня 2024 года Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Віялета Майшук з 2020 года знаходзіцца па-за межамі Беларусі. 

5. 12 чэрвеня актывістка і прамоўтарка культуры Ніна Багінская накіравала ў Мінскую гарадскую судовую калегію скаргу на рашэнне суда. 11 чэрвеня Ніна Багінская атрымала праз пошту судовую пастанову, паводле якой усё, што супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі пры яе затрыманні, мусіць быць знішчана. Ніна Багінская патрабуе вярнуць ёй значкі і сцяжкі, якія яна зрабіла сваімі рукамі, бо гэта яе творчая ўласнасць. 30 траўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска супраць 78-гадовай Ніны Багінскай адбыўся судовы працэс паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за дэманстрацыю нацыянальнай сімволікі на вуліцах Мінска ў 2024 годзе. Абвінавачанні грунтавалася на адміністрацыйных пратаколах і судовых пастановах за 2024 год, якія тычыліся выкарыстання нацыянальнай сімволікі; адзін пратакол быў складзены за майку з надпісам: «Не вайне!». Ніну Багінскую прызналі вінаватай у «неаднаразовым парушэнні закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў», але суд скарыстаў арт. 79 Крымінальнага кодэкса (асуджэнне без прызначэння пакарання) і прызначыў «прафілактычнае назіранне».

II. Адміністрацыйны пераслед 

4 чэрвеня затрыманы музыка з Мядзела Аляксандр Хіхель. У тэкстах, якія распаўсюдзілі ў сваіх тэлеграм-каналах супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, заяўляецца, што Аляксандр Хіхель нібыта «спяваў дурныя песенькі супраць СВА, супраць нашай улады, супраць Расіі, супраць Дня Перамогі». Прарасійская актывістка Вольга Бондарава адзначыла, што, паводле яе інфармацыі, Хіхель быў прыцягнуты да адказнасці за «стварэнне і распаўсюджванне экстрэмісцкага кантэнту». 

III. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

3 чэрвеня стала вядома, што рашэннем суда Бабруйска і Бабруйскага раёна «экстрэмісцкаю» прызнана кніга, названая цытатай Аляксандра Лукашэнкі «Ідыёт, самы настаяшчы» (2001). У кнізе сабраны сатырычныя творы розных жанраў, прысвечаныя Лукашэнку.

IV. Рэпрэсіі ў сферы музыкі

10 чэрвеня прызналі «экстрэмісцкім» YouTube-канал музыкі з Мядзела Аляксандра Хіхеля, якога затрымалі за выкананне антываенных песень пасля даносу прарасійскай актывісткі Бондаравай. Пасля затрымання Аляксандра Хіхеля ягоны YouTube-канал, што меў 49 тысяч падпісчыкаў, быў выдалены.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНа

Share

See more news

Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 September 2025, 2:07 PM
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
19 September 2025, 12:49 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
Коратка: у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці