Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2024 года)

17 July 2024, 2:36 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2024 года)

На 15 ліпеня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 163.

Мінскі абласны суд у парадку спецыяльнага вядзення вынес прысуд у справе «аналітыкаў Ціханоўскай» – ад 10 да 11 гадоў калоніі і штрафы да 500 000 долараў.

Пенсіянера Уладзіміра Толкача асудзілі за вершы пра Лукашэнку.

Пачаўся суд над культурніцкім блогерам Алесем Сабалеўскім і дакументалістам Яўгенам Глушковым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Мастака Івана Вярбіцкага асудзілі яшчэ на 2 гады, выніковы тэрмін – 12 гадоў і 1 месяц калоніі.

Культурніцкага менеджара Эдуарда Бабарыку дадаткова асудзілі на 2 гады, выніковы тэрмін – 10 гадоў.

Пад Пінскам супрацоўнікі міліцыі затрымалі 11 чалавек, якія сабраліся на канцэрт.

У Полацку забаранілі касплей-шоу «Кампай Полацк».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 1 ліпеня Мінскі абласны суд у парадку спецыяльнага вядзення вынес прысуд у справе «аналітыкаў Ціханоўскай» паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці), арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (садзеянне ў закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання). Сярод асуджаных завочна: аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009) і «Сем худых гадоў» (2014) Юрый Дракахруст – 10 гадоў калоніі; дырэктар інстытута «Палітычная сфера», рэдактар часопіса «Палітычная сфера», палітолаг Андрэй Казакевіч – 10 гадоў калоніі; палітолаг і перакладчык Аляксандр Лагвінец – 10 гадоў калоніі; тэолаг і філосаф Пётр Рудкоўскі – 11 гадоў калоніі і штраф. Спецыяльнае вядзенне – вядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь.

2. 4 ліпеня стала вядома, што ў судзе Барысаўскага раёна вынесены прысуд пенсіянеру Уладзіміру Толкачу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). Вясной падчас ператрусу ў пенсіянера быў канфіскаваны камп’ютар, дзе знайшлі вершы Уладзіміра Толкача, у якіх, на думку супрацоўнікаў міліцыі, змяшчалася знявага прэзідэнта. Суд, які адбыўся 8 чэрвеня, пакараў Уладзіміра Толкача трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

3. 8 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе ў парадку спецыяльнага вядзення пачаўся суд над журналістам і літаратарам, лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча (2013), аўтарам кнігі «Сем месяцаў у беларускай турме» (2018) Алесем Кіркевічам на падставе ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).

4. 12 ліпеня ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся суд над культурніцкім блогерам Алесем Сабалеўскім і дакументалістам Яўгенам Глушковым, якіх абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361.3 (удзел грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы без упаўнаважання дзяржавай), ч. 1 арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання), ч. 3 арт. 361.1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

5. 12 ліпеня стала вядома, што Івана Вярбіцкага, мастака з Гальшанаў, асуджанага на 10 гадоў і 1 месяц калоніі, другі раз асудзілі на падставе ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суд, які адбыўся 8 траўня, дадаў мастаку 2 гады. Выніковы тэрмін Івана Вярбіцкага – 12 гадоў і 1 месяц калоніі.

6. 12 ліпеня стала вядома, што палітзняволенага культурніцкага менеджара Эдуарда Бабарыку, асуджанага ў 2023 годзе на 8 гадоў, прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і асудзілі дадаткова на 2 гады пазбаўлення волі. Эдуард Бабарыка ўтрымліваецца ў калоніі № 2 у Бабруйску, выніковы тэрмін яго зняволення – 10 гадоў.

II. Адміністрацыйныя арышты

8 ліпеня пад Пінскам супрацоўнікі міліцыі ў намётавым лагеры затрымалі 11 чалавек, якія сабраліся на канцэрт.

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 4 ліпеня стала вядома, што супраць каталіцкага святара Анджэя Юхневіча распачалі крымінальную справу. Пасля двух месяцаў зняволення ў ізалятары часовага ўтрымання яго перавялі ў следчы ізалятар. Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня ў Шуміліне Віцебскай вобласці за бел-чырвона-белы і ўкраінскі сцяг у «Фэйсбуку». З таго часу ён не выходзіў на волю.

2. У Магілёве за каментары ў інтэрнэце затрымалі выкладчыка гітары.

3. У Жодзіне затрыманы ўдзельнікі вяселля, якое адбывалася пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. Праваабаронца, літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, які адбывае пакаранне за праваабарончую дзейнасць у калоніі № 9 у Горках, не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў. Ніводнага разу ў палітвязня не было тэлефонных размоў з роднымі.

2. Літаратар і грамадскі дзеяч Павел Севярынец, які ўтрымліваецца ў Гродне ў турме № 1 паводле палітычна матываванай крымінальнай справы, цягам года не мае спатканняў і тэлефонных размоў з роднымі.

V. Знішчэнне мясцін памяці

У Кобрыне (Брэсцкая вобласць) раённы савет дэпутатаў вырашыў перайменаваць вуліцу кіраўніка паўстання 1863 года ў Беларусі Кастуся Каліноўскага ў вуліцу імя сакратара ЦК Камуністычнай партыі Беларусі (1965–1980) Пятра Машэрава.

VI. Цэнзура

У Полацку забаранілі касплей-шоу «Кампай Полацк». Імпрэза была прызначана на 27 ліпеня ў мясцовым Доме культуры. Арганізатары тлумачаць, што ў Доме культуры змяніўся кіраўнік, для якога «анімэ прапагандуе няправільныя каштоўнасці».

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу.

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці