Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 ліпеня 2025 года

03 August 2025, 2:49 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 ліпеня 2025 года

На 15 ліпеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 39, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію»)  – не менш за 156.

9 ліпеня 2025 года палітзняволеным быў прызнаны лідар гурта «Палац», даследчык фальклору Алег Хаменка. Супраць яго распачата крымінальная справа за супрацу з незалежным СМІ.

Папулярызатар беларускай мовы Ігар Случак абвешчаны ў міжнародны вышук на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы. 

З’явілася інфармацыя пра пагаршэнне стану здароўя даследчыцы Валерыі Касцюговай, якая адбывае зняволенне ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.

Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла «экстрэмісцкім фарміраваннем» беларускі фолк-панк-гурт «Dzieciuki»

У Мінску ў галерэі «Парасон» забаранілі вечарыну, прысвечаную паэтцы Ларысе Геніюш.


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 9 ліпеня 2025 года палітзняволеным прызнаны Алег Хаменка – лідар фольк-мадэрн гурта «Палац», выкладчык, даследчык беларускага фальклору, кампазітар, аўтар тэкстаў па культуралогіі, радыёвядоўца. Ён быў затрыманы ў Мінску 25 чэрвеня, супраць яго заведзена крымінальная справа за супрацу з незалежным беларускім медыя са спісу «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Утрымліваецца ў СІЗА № 1. 

2. 14 ліпеня стала вядома, што папулярызатар беларускай мовы Ігар Случак абвешчаны ў міжнародны вышук на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Крымінальная справа была распачата 22 траўня 2024 года.

II. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. 13 ліпеня вызвалены трыма тыднямі раней журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер Ігар Карней распавёў на сваёй facebook-старонцы пра харчаванне ў калоніях Беларусі: «сістэма, асабліва ў Беларусі, працуе на тое, каб пазбавіць асуджанага самага элементарнага. У тым ліку па частцы ежы, чаму і выходзяць людзі з-за кратаў у масе сваёй знясіленыя. […] Што да мяса, то ў алюмініевую місу яно ўмоўна даходзіць у выглядзе так званага “белага мядзведзя” – варанае сала квінтэсэнцыі напаўпразрыстага тлушчу. Адрозна ад пярловага гароху, нават стан устойлівага голаду не мог перасіліць агіду ад гэтай біямасы. […] Апынуўшыся зноў у чалавечых умовах, натуральная спакуса – увапхнуць у сябе ўсё, пра што ў няволі заставалася толькі мроіцца: здаравенны кавалак мяса, нармальную рыбіну, яечню са скваркамі, бліны самі па сабе, боршч чырвоны (!), салат з усяго са смятанай; клубніцы, чарэшню, родны яблык. І ўсё гэта адначасова запіць кефірам, таматным сокам, колай і півам. Галоднае вар’яцтва, якое ўрэшце хутка праходзіць, але няўжо ў ХХІ стагоддзі трэба даводзіць да такога здзеку?» 

2. З’явілася інфармацыя пра пагаршэнне здароўя даследчыцы Валерыі Касцюговай у жаночай калоніі № 4 у Гомелі. «Ёй увесь час патрэбны асаблівы догляд, дыета, а гэта ўсё таксама не ўлічваецца. Аблегчанага рэжыму працы ёй не даюць. Таксама на пагаршэнне здароўя ўплывае якасць ежы, недахоп сну і адпачынку. Плюс псіхалагічны стан», – паведаміла крыніца. Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Беларусский ежегодник», кіраўніца групы экспертаў «Беларусь у фокусе». 30 чэрвеня 2021 года яе затрымалі ў Мінску. 17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе паводле крымінальных спраў даследчыц Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай быў вынесены прысуд. Кожную з экспертак асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызналі вінаватымі на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 357 (дапамога дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і разладу).

III. Рэпрэсіі ў сферы музыкі

10 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла беларускі фолк-панк-гурт «Dzieciuki» «экстрэмісцкім фармаваннем» у складзе Аляксандра Дзянісава, Уладзіслава Берната, Дзяніса Шматко, Цімафея Штарова, Аляксея Пудзіна і Пятра Дудановіча. Гурт «Dzieciuki вызначаецца народнымі беларускімі матывамі і гістарычнымі тэмамі ў тэкстах.

IV. Цэнзура, адмена культурніцкіх імпрэз 

8 ліпеня ў Мінску ў галерэі «Парасон» забаранілі вечарыну, прысвечаную паэтцы Ларысе Геніюш. Планавалася, што весці вечарыну будзе паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла. Абвестка пра вечарыну выклікала ўвагу праўладных прапагандыстаў. Ларыса Геніюш (1910–1983) – беларуская паэтка і палітычная дзяячка. Была арыштаваная ў Празе ў 1948 годзе, экстрадаваная ў БССР, у лютым 1949 годзе Вярхоўны суд БССР асудзіў яе на 25 гадоў зняволення ў лагерах за «дапамогу міжнароднай буржуазіі». У зняволенні пісала вершы, якія ў рукапісным выглядзе распаўсюджваліся сярод вязняў. Вершы Ларысы Геніюш вязні называлі «глюкозаю», бо яны давалі сілы для жыцця. Была вызваленая ў 1956 годзе, жыла ў Зэльве, да канца жыцця адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Не рэабілітаваная да гэтага часу. 

Арыгінал публікацыі на сайце Беларускага ПЭНу.

Share

See more news

Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 February 2026, 10:13 AM
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026 года споўнілася 77 год з дня нараджэння Барыса Звозскава – праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека.
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
03 February 2026, 7:33 AM
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
Именно текущий период открывает пространство для анализа, сравнительного сопоставления опыта и выработки подходов, которые не будут сформированы под давлением срочности, общественных ожиданий или политической конъюнктуры.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
17 January 2026, 1:57 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай.
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
17 January 2026, 1:47 PM
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
У межах кампаніі #Westandbyou Хубертус Хайль стаў "хросным" палітвязня Мікалая Статкевіча, вядомага лідара апазіцыі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці