Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 траўня 2024 года)

17 May 2024, 1:33 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 траўня 2024 года)

На 15 траўня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 156.

У дачыненні да палітзняволенага грамадскага дзеяча і літаратара Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 342 (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак).

Паводле палітычна матываванай крымінальнай справы судзілі фатографку Аляксандру Мельнічак.

Затрымалі музыку Дзмітрыя Глушчанку за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года.

На падставе заявы пракуратуры Мінска «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігі «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага (1997) і «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча (2017).

Менеджар культурніцкіх праектаў і пісьменнік Сяргей Макарэвіч асуджаны на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 3 траўня 2024 года стала вядома, што ў дачыненні да Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 342 (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак). Да завяршэння тэрміну зняволення Змітра Дашкевіча заставаліся 2 месяцы. Зміцер Дашкевіч – публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. 14 ліпеня 2022 года Змітра Дашкевіча асудзілі на 1,5 года калоніі. 11 ліпеня 2023 года Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

2. 3 траўня ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд палітычна матываванай крымінальнай справы фатографкі Аляксандры Мельнічак паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці) і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аляксандра Мельнічак была затрымана ў лютым 2024 года.

3. 3 траўня стала вядома, што ў Гродне затрымалі музыку Дзмітрыя Глушчанку за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года. Паводле супрацоўнікаў міліцыі, у дачыненні да яго распачата крымінальная справа.

4. 29 красавіка стала вядома, што Сяргей Макарэвіч асуджаны на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Сяргей Макарэвіч – менеджар культурніцкіх праектаў, аўтар кнігі «Край мой верасовы: краязнаўчыя эсэ, эпісталярый» (2012). Працаваў у дабрачынным фондзе «Вяртанне» і выдавецтве «Янушкевіч». Быў затрыманы 4 лістапада 2022 года, дастаўлены ў турму ў Гродне. Яму інкрымінавалі арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Прызнаны палітвязнем 30 лістапада 2022 года.

II. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

Суд Першамайскага раёна Віцебска арыштаваў Аляксандра Рандарэнку на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за вымпел колеру ўкраінскага сцяга, прадэманстраваны падчас дыялогу ў чат-рулетцы.

III. Умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

Кацярына Андрэева (Бахвалава) у жаночай калоніі № 4 у Гомелі перахварэла на пнеўманію. Кацярына Андрэева – журналістка, аўтарка дакументальнай кнігі «Белорусский Донбасс». У кнізе адлюстраваны вынікі журналісцкага расследавання пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на Данбасе. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прысудзіў Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 ліпеня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе Кацярына Андрэева (Бахвалава) была асуджана на 8 гадоў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

IV. Цэнзура

З выставы «Арт Мінск 2024» знялі карціны мастакоў, якія ў 2020 годзе паставілі свае подпісы пад публічным зваротам «Дзеячы і дзяячкі культуры супраць гвалту» з патрабаваннем да дзейнай улады і міліцыі спыніць гвалт супраць удзельнікаў мірных паслявыбарчых пратэстаў.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

6 траўня на падставе заявы пракуратуры Мінска «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі кнігі «Выбраныя творы» Вацлава Ластоўскага (1997) і «Выбраныя творы» Алеся Петрашкевіча (2017), выдадзеныя ў межах праекта «Беларускі кнігазбор». Паводле ч. 1 арт. 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» распаўсюд, публічная дэманстрацыя, выраб, захоўванне і перавозка ў мэтах распаўсюду гэтых выданняў забараняюцца.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці