Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 жніўня 2024 года)

22 August 2024, 3:04 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 жніўня 2024 года)

На 15 жніўня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 165.

Бубнач гурта «PaRAnoia DOlls» Дзмітрый Шалак асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў калоніі са штрафам.

Завочна вынесены прысуд журналісту і літаратару Алесю Кіркевічу – 7 гадоў калоніі, штраф і арышт на маёмасць.

Распачалі «спецыяльнае вядзенне» паводле крымінальнай справы супраць мастачкі Віялеты Майшук.

Актывіст анархісцкага руху, літаратар Мікола Дзядок больш за год знаходзіцца ў адзіночнай камеры.

Кліп на верш Аляксандра Баля «На Родине моей беда» прызнаны «экстрэмісцкім».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 2 жніўня Гродзенскі абласны суд у парадку «спецыяльнага вядзення» завочна вынес прысуд журналісту і літаратару Алесю Кіркевічу – 7 гадоў калоніі, штраф у памеры 24 000 рублёў (~ 7310 долараў) і арышт на маёмасць, на падставе ч. 1 і 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Алесь Кіркевіч неаднаразова зазнаваў крымінальны і адміністрацыйны пераслед. Спецыяльнае вядзенне распачалі 29 сакавіка 2024 года, калі ён ужо быў за межамі Беларусі. Алесь Кіркевіч – аўтар кнігі апавяданняў «Самурай» (2018). У 2018 годзе стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай «Радыё Свабода» і Беларускім ПЭН-цэнтрам за твор, напісаны ў зняволенні.

2. 8 жніўня ў Наваполацкім гарадскім судзе на 3 гады і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічынь, або 8000 рублёў (~ 245 долараў) асуджаны Дзмітрый Шалак, супрацоўнік прадпрыемства «Нафтан», бубнач наваполацкага гурта «PaRAnoia DOlls». Дзмітрый Шалак асуджаны паводле арт. 368 (знявага прэзідэнта) і арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.

3. 13 жніўня супраць мастачкі Віялеты Майшук распачалі «спецыяльнае вядзенне» ў межах крымінальнай справы. Яе абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» паводле арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса.

II. Адміністрацыйны пераслед

5 жніўня ў судзе Талачынскага раёна судзілі настаўніцу з Коханава, гісторыка-краязнаўцу, дырэктарку школьнага музея Ларысу Мацюшэўскую паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў), што ва ўмовах сучаснай Беларусі азначае падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі.

III. Звальненні дзеячаў культуры за грамадзянскую пазіцыю

1. 7 жніўня стала вядома, што звольнілі дырэктарку Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлану Карукіну.

2. 9 жніўня стала вядома, што звольнілі дырэктара Гомельскага тэатра лялек Дзмітрыя Гарэліка. У студзені 2024 года яго судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў), што ва ўмовах сучаснай Беларусі азначае падпіску на незалежныя крыніцы інфармацыі. Дзмітрый Гарэлік кіраваў Гомельскім лялечным тэатрам з 1 чэрвеня 1992 года.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

Актывіст анархісцкага руху, літаратар Мікола Дзядок больш за год знаходзіцца ў адзіночнай камеры. Мікола Дзядок аўтар кнігі «Фарбы паралельнага свету» (2017), прысвечанай аналізу беларускай турэмнай сістэмы і таго, якімі метадамі карыстаецца адміністрацыя для ламання волі вязняў. Кніга «Фарбы паралельнага свету» была напісана на падставе досведу, атрыманага аўтарам падчас першага палітычна матываванага зняволення, у 2010–2015 гады. У 2017 годзе Мікола Дзядок стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча, заснаванай «Радыё Свабода» і Беларускім ПЭН-цэнтрам за твор, напісаны ў зняволенні. 10 лістапада 2021 года Мінскі гарадскім суд на падставе арт. 342, арт. 361, арт. 295.3 Крымінальнага кодэкса прысудзіў Міколу Дзядку 5 гадоў калоніі.

V. Цэнзура і пераслед за мастацкія творы

6 жніўня суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкім» кліп на верш Аляксандра Баля  «На Родине моей беда». Аляксандр Баль –  паэт, бард, аўтар музыкі да спектакляў, загадваў музычнай часткай Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, быў звольнены паводле палітычных матываў, асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, у выніку пераследу выехаў з Беларусі.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Share

See more news

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
13 October 2025, 12:40 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
Казавшаяся приостановленной практика принудительной ликвидации некоммерческих организаций вновь получила свое развитие.
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 September 2025, 2:07 PM
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці