Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–14 лістапада 2023 года)

16 November 2023, 7:58 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–14 лістапада 2023 года)

На 14 лістапада 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 146.

Вынесены прысуд выдаўцу і рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу: пазбаўленне волі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф.

Актывізаваліся рэпрэсіі ў дачыненні да сем’яў Людзей Слова: у бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі адбыўся ператрус, яго бацька арыштаваны на 13 сутак; 3 сутак за кратамі адбылі брат і братава жонка палітолага Валера Карбалевіча. 

На 15 сутак арыштавалі гісторыка і грамадскага дзеяча Васіля Палякова. 

Літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі змешчаны ў адзіночную камеру ў калоніі, да яго працяглы час не пускаюць адваката. 

Прызнаны «экстрэмісцкімі» дзве кнігі класіка беларускай літаратуры XIX стагоддзя Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 3 лістапада ў судзе Маладзечанскага раёна вынесены прысуд выдаўцу і рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу: 4 гады калоніі агульнага рэжыму і штраф 400 базавых велічынь, або 14 800 рублёў (4500 долараў) за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». 15 сакавіка 2023 года Аляксандра Манцэвіча затрымалі пасля ператрусу, да суда ён быў змешчаны ў следчую турму № 8 у Жодзіне. У апошнім слове Аляксандр Манцэвіч сказаў: «“Рэгіянальная газета” – адзінае ў Беларусі масавае рэгулярна выдаванае мясцовае недзяржаўнае выданне цалкам на беларускай мове – упершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу, сумленна выконваючы сваю місію. І ў 2020 годзе, у годзе прэзідэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу – паказваць жыццё такім, якім яно ёсць, не даючы яму ўласных ацэнак».

2. 8 лістапада менеджара культуры і выдаўца Паўла Мажэйку этапавалі  з турмы ў калонію – пакуль невядома ў якую, сям’я чакае ад яго ліста.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

1. 1 лістапада ў Гомелі затрымалі гісторыка і грамадскага дзеяча Васіля Палякова. 3 лістапада ў Гомелі адбыўся суд, яго абвінавацілі паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Васіль Палякоў – былы настаўнік гісторыі, звольнены з палітычных матываў.

2. 1 лістапада з’явілася інфармацыя пра затрыманне ў Мінску спявачкі і вядоўцы Ларысы Грыбалёвай. Увечары таго ж дня спявачка паведаміла, што яна дома. Факта затрымання не аспрэчвала.

3. 13 лістапада стала вядома, што за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у асабістым ліставанні з рознымі людзьмі затрымалі выпускніка гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікіту Сіўкова і настаўніцу англійскай мовы Марыну Васілёнак.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 3 лістапада ў Расонах Віцебскай вобласці затрымалі пастара евангелісцкай царквы «Божая ласка» Аляксандра Цырыкава і яго жонку Ніну Цырыкаву. У сацыяльных сетках пастара супрацоўнікі міліцыі выявілі беларускую нацыянальную сімволіку. Аляксандра Цырыкава судзілі і аштрафавалі паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне), Ніну Царыкаву – паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

2. У Мінску затрымалі чалавека, які ездзіў па горадзе з бел-чырвона-белай стужкай і стужкай колераў украінскага сцяга.

3. Жыхара Наваполацка пакаралі 13 суткамі арышту за хэштэг са словамі «Жыве Беларусь»,  суд кваліфікаваў гэта як несанкцыянаванае пікетаванне.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. Літаратар, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі змешчаны ў адзіночную камеру (памяшканне камернага тыпу) у калоніі № 9 у Горках, да яго працяглы час не пускаюць адваката.  Пра гэта паведаміла жонка Алеся Бяляцкага, Наталля Пінчук, падчас прамовы на Сусветным форуме за дэмакратыю, які праходзіў 6–8 лістапада ў Страсбургу. Калонію № 9 у Горках называюць «галоднай», бо порцыі ежы, якую там выдаюць зняволеным, не стае даросламу чалавеку. Алесь Бяляцкі 3 сакавіка 2023 года асуджаны на 10 гадоў зняволення за праваабарончую дзейнасць, этапаваны ў калонію ў Горках у траўні 2023 года.

2. 7 лістапада вярнулася бандэроль, дасланая ад Беларускага ПЭНа ў СІЗА грамадскаму дзеячу і аўтару турэмнай літаратуру Змітру Дашкевічу, якога трымаюць у СІЗА. Паводле заканадаўства, пакуль чалавек знаходзіцца ў СІЗА, ён можна атрымліваць бандэролі не толькі ад сваякоў. «І ўсе іншыя (нашы) бандэролі ў СІЗА даходзілі. Не дайшла толькі адна – у Жодзіна, Змітру Дашкевічу. Вярнулася з пазнакай, зробленай 23 жніўня 2023 года, што “не от родственников”», – паведамла на сваёй Facebook-старонцы кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

V. Рэпрэсіі ў дачыненні да чальцоў сям’яў Людзей Слова

1. 4 лістапада ў Рэчыцы Гомельскай вобласці затрымалі сваякоў палітолага Валера Карбалевіча – брата Алега Карбалевіча і братаву жонку Яўгенію Карабалевіч. 3 сутак сужэнцы (людзі сталага ўзросту) правялі ў няволі за кратамі рэчыцкага ізалятара часовага ўтрымання. 10 лістапада Рэчыцкі гарадскі суд вынес рашэнне ў адміністрацыйнай справе сужэнцаў, іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі). Суд вынес рашэнне: аштрафаваць Алега Карбалевіча на 20 базавых велічынь, або 740 рублёў (235 долараў), а Яўгенію Карбалевіч – на 15 базавых велічынь, або 555 рублёў (175 долараў).

2. 9 лістапада пісьменнік Саша Філіпенка паведаміў на сваёй Facebook-старонцы пра рэпрэсіі ў дачыненні да бацькоў, якія жывуць у Беларусі: «У мяне дома ператрус. Сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі. Маці сказалі: “Скажыце дзякуй сыну”. Відавочна, што ціснуць на мяне, каб я перастаў выказвацца ў еўрапейскай прэсе». 10 лістапада Саша Філіпенка паведаміў: «Тата знайшоўся. Далі 13 сутак за перапост нейкага артыкула з «Зеркала». Дзіўныя часы – як шмат радасці, шчасця і віншаванняў у асабістых паведамленнях можа выклікаць арышт на 13 сутак за перапост».

VI. Цэнзура

3 лістапада стала вядома, што 4–6 лістапада ў парку інтэрактыўнай гісторыі «Вялікае княства Сула» была адменена прэм’ера інтэрактыўнай тэатралізаванай экскурсіі паводле твора Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Паводле супрацоўнікаў парка, прэм’еру тэатралізаванай экскурсіі адмянілі «з прычын, якія ад нас не залежаць».

VII. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

8 лістапада суд Жыткавіцкага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі» дзве кнігі класіка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча: Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я. Янушкевіча. – Мінск: Маст. літ., 2007. – 494 с.: [16] л. іл.;  Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесці і апавяданні, вершы, публіцыстыка, лісты i пасланні, пераклады, Dubia / Вінцэнт Дунін-Марцінкевiч; уклад. з тэкст. падрыхт., пер. Я. Янушкевіча. – Мінск: Маст. літ., 2008. – 598 с.: [16] л. іл.

У жніўні 2023 года «экстрэмісцкімі» прызналі прадмову літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча да выдання твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і тэксты Дуніна-Марцінкевіча «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда».

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – класік беларускай літаратуры XIX стагоддзя, заснавальнік нацыянальнай драматургіі, удзельнік вызвольнага паўстання 1863 года.

VIII. Рэпрэсіі ў моўнай сферы

У мінскім метро працягваюць знішчаць і перапісваць шыльды з беларускай лацінкай. Надпісы на лацінцы змяняюцца на рускамоўныя. Беларускія надпісы пакідаюць толькі кірыліцай.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці