Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2023 года)

25 July 2023, 11:30 AM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 ліпеня 2023 года)

Праваабарончая арганізацыя Беларускі ПЭН працягвае рабіць агляды парушэння правоў чалавека ў сферы культуры.

На 15 ліпеня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 133.

Палітзняволены мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі ў Гродне. У выніку неаказання своечасовай медыцынскай дапамогі ў яго развіўся перытаніт, з турмы ў бальніцу мастака прывезлі ў непрытомным стане з прабадной язвай страўніка, падчас аперацыі ў яго спынілася сэрца.

Вынесены прысуд у крымінальнай справе менеджара культуры, кіраўніка платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуарда Бабарыкі – 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Пракурор запатрабаваў па 6 гадоў зняволення для кіраўніка гродзенскай культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», журналіста, каардынатара выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка» Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч.

Актывіст і аўтар турэмнай прозы Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Літаратар, праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі працуе на дрэваапрацоўцы ў калоніі строгага рэжыму № 9 у Горках – паводле сведчанняў былых вязняў, адной з самых «галодных» і жорсткіх у Беларусі.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 5 ліпеня Мінскі абласны вынес прысуд у крымінальнай справе менеджара культуры, кіраўніка платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуарда Бабарыкі: 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Дзяржаўны абвінаваўца адмовіўся ад прад’яўленага Эдуарду Бабарыку абвінавачання паводле ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), а ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

2. 6 ліпеня стала вядома, што барда Аляксея Ільінчыка этапавалі ў калонію ў Навасадах. Аляксей Ільінчык – аўтар кніг «От Лешки до Лешего» (2000), «ФАС» (2000), «Счастливый человек» (2002), «Лешики forever! Часть 1» (2002), «Ты знаешь…» (2004). 28 сакавіка 2023 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Аляксею Ільінчыку 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на падставе ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці і разладу).

3. 10 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся разгляд справы кіраўніка культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіста, каардынатара выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка» Паўла Мажэйкі і адвакаткі мастака Алеся Пушкіна Юліі ЮргілевічІх вінавацяць паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асоб па папярэдняй змове». Суд адбываецца ў закрытым рэжыме. Згодна з матэрыяламі справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі, сваё выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да мастака Алеся Пушкіна і пра прызначэнне яму пакарання. Паўла Мажэйку вінавацяць у тым, што ён перадаў гэтыя звесткі нявызначаным асобам для публікацыі на тэлеканале «Белсат» у лютым – сакавіку 2022 года. Яго ўчынак кваліфікаваны як «дзеянні групай асобаў па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч». 14 ліпеня пракурор запатрабаваў для Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч па 6 гадоў зняволення.

4. 10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна заснавальніка этнакрамы «Цудоўня» Андрэя Несцяровіча асудзілі на 1 год «хатняй хіміі» – пакаранне з адтэрміноўкай выканання. Этнакрама «Цудоўня» працавала ў Гродне з 2015 года. У 2020 годзе супрацоўнікі этнакрамы падтрымалі мірныя пратэсты, накіраваныя супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. 26 кастрычніка 2020 года «Цудоўня» не працавала ў знак салідарнасці з абвешчанай агульнабеларускай забастоўкай. У выніку этнакрама зазнала рэпрэсіі і штрафы, а 3 снежня 2020 года страціла памяшканне.

5. 11 ліпеня 2023 года грамадскі актывіст і аўтар турэмнай прозы Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і этапавалі ў турму ў Жодзіне. Змітра Дашкевіча і ягоную жонку Насту Дашкевіч судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года, ім выставілі абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Падчас следства, пакуль Зміцер Дашкевіч знаходзіўся за кратамі, Наста Дашкевіч нарадзіла чацвёртае дзіця. 14 ліпеня 2022 года суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў Змітру Дашкевічу 1,5 года калоніі, Насце Дашкевіч – 3 гады «хатняй хіміі». Падчас апошняга слова на судзе Зміцер Дашкевіч заявіў, што супрацоўнікі міліцыі катавалі яго беларускую мову: «…Падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: “Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает”». Зміцер Дашкевіч – аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк», за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. У 2016 годзе арганізаваў збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

На мяжы з Беларуссю дзеячы культуры сутыкаюцца з поўным даглядам рэчаў, праверкай тэлефонаў, допытамі, падчас якіх супрацоўнікі КДБ патрабуюць распавесці пра наведаныя культурніцкія імпрэзы і кантакты за мяжой. Некаторых караюць адміністрацыйнымі арыштамі і штрафамі.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 5 ліпеня ў Мінску затрымалі кухара-шаўрміста, на руцэ якога быў герб Украіны.

2. 13 ліпеня ў Мінску затрымалі прадпрымальніка за тое, што ён меў на аўтамабілі нумарную рамку з гербам «Пагоня». Яго абвінавацілі ў «дэманстрацыі забароненай сімволікі на асабістым аўто».

3. У Мінску затрымалі супрацоўніка кампаніі «Nova System» за татуіроўку з гербам «Пагоня», якую заўважылі ў метро.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. 11 ліпеня палітзняволены мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі гродзенскай бальніцы. У выніку неаказання своечасовай медыцынскай дапамогі ў яго развіўся перытаніт, у бальніцу з турмы мастака прывезлі ў непрытомным стане з прабадной язвай страўніка, падчас аперацыі ў яго спынілася сэрца. Моцныя болі ў Алеся Пушкіна пачаліся ў сярэдзіне чэрвеня 2023 года, але турэмныя медыкі не звярнулі на гэта належнай увагі і абвінавацілі мастака ў сімуляцыі хваробы. Алесь Пушкін быў асуджаны паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў) і арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці і разладу) і быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага супраціву Яўгена Жыхара, выстаўлены 19 сакавіка 2021 года ў незалежнай культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця». Паводле паведамлення пракуратуры, на выставе Алесь Пушкін «характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў яго дзеянні». У лістападзе – снежні 2021 года Алеся Пушкіна накіроўвалі на псіхіятрычную экспертызу. У жніўні 2022 года адміністрацыя папраўчай установы змясціла палітзняволенага мастака на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. 11 лістапада 2022 года суд пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на 1,5 года турэмнага рэжыму, яго этапавалі ў турму № 1 у Гродне. Алесь Пушкін – беларускі мастак, лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча 2019 года за «Турэмны альбом». Ён больш чым 30 гадоў выступаў за абарону беларускай мовы і здзяйсняў акцыі за свабоду выказвання ў Беларусі. Неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання яго збівалі супрацоўнікі міліцыі. Упершыню Алеся Пушкіна затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. З таго часу мастак неаднаразова затрымліваўся за акцыі і перформансы. 25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Тады яго асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна. У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падзяка прэзідэнту»: 21 ліпеня, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў да будынка прэзідэнцкай рэзідэнцыі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, партрэт Лукашэнкі, кайданкі і варыянт Канстытуцыі з папраўкамі 1996 года. Супрацоўнічаў з праваабарончымі арганізацыямі. 10 снежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва «Не дазволена цэнзурай», удзельнічаў у мерапрыемствах кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання». 13 ліпеня Алеся Пушкіна пахавалі на радзіме, у вёсцы Бобр. За пахаваннем назіралі супрацоўнікі міліцыі, якія здымалі прысутных на відэакамеру з машыны. За некалькі тыдняў да смерці Алеся Пушкіна выключылі з Саюза мастакоў.

2. 14 ліпеня стала вядома, што літаратар, праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі працуе на дрэваапрацоўцы ў калоніі строгага рэжыму № 9 у Горках. Паводле сведчанняў былых вязняў, гэта адна з самых жорсткіх калоній у Беларусі. Яе называюць «галоднай», бо порцый ежы, якія там выдаюць вязням, не хапае для дарослага чалавека. Алеся Бяляцкага абмяжоўваюць у ліставанні – ён не атрымлівае лістоў ад блізкіх і родных.

V. Выключэнні з праўладных творчых саюзаў за грамадзянскую пазіцыю

З Беларускага саюза мастакоў рашэннем рады арганізацыі выключылі дзевяцярых сябраў за нелаяльнасць да ўладаў і за апазіцыйныя погляды. Вядома, што сярод выключаных – зняволены мастак Алесь Пушкін, які памёр у зняволенні 11 ліпеня 2023 года, а таксама дызайнер Уладзімір Цеслер.

VI. Звальненні з устаноў культуры

З рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксеем Ляляўскім не працягнулі кантракта. Ён працаваў у тэатры з 1979 года. Аляксей Ляляўскі – заслужаны дзеяч мастацтваў, сын Анатоля Ляляўскага, аднаго з заснавальнікаў беларускага лялечнага тэатра.

Арыгінальны матар'ял на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці