На 31 снежня 2024 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 168.
Пачаўся суд паводле крымінальнай справы шоўмена і стэндап-коміка Сцяпана Манкевіча.
Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйнай скаргі друкара Алега Сычова.
Стэндап-коміка Вячаслава (Славу) Камісаранку асудзілі завочна на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
За падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») асудзілі загадчыцу сельскага дома культуры аграгарадка Чапукі Міраславу Цыцыну і выкладчыцу рускай мовы з Оршы Людмілу Кароль.
Журналіста і паэта Дзяніса Івашына змясцілі ў штрафны ізалятар у турме № 8.
Суд прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу пра расійскага палітыка Барыса Нямцова.
У мінскіх школах забаранілі Санта-Клауса, «Jingle Bells» і іншыя песні на англійскай мове.
1. 18 снежня 2024 года ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска адбыўся разгляд справы «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змянення ўмоў рэжыму» для Аляксея Навагродскага. Аляксей Навагродскі працаваў у IT-сферы. У 2020 годзе выдаў апавяданне «За руку с антиХристом», у 2021-м – «Илья и его команда против пришельцев», у 2022-м – «За руку с ангелом». 8 красавіка 2024 года Гродзенскі абласны суд вынес вырак у крымінальнай справе Аляксея Навагродскага – 5 гадоў пазбаўлення волі на падставе арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).
2. 26 снежня ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся суд паводле крымінальнай справы шоўмена, стэндап-коміка Сцяпана Манкевіча на падставе арт. 342 Крымінальнага Кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
3. 27 снежня 2024 года Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйнай скаргі Алега Сычова. Крымінальны прысуд набыў моц. Алег Сычоў – друкар, супрацоўнічаў з выдавецтвам «Зміцер Колас», што існуе з 1998 года і спецыялізуецца ў выданні беларускіх перакладаў тэкстаў еўрапейскіх аўтараў. 3 сакавіка 2023 года Алега Сычова затрымалі разам з жонкай, Настассяй Пілько, якая працавала дырэктаркай друкарні ААТ «Электронны агент». Абое былі змешчаны ў СІЗА КДБ. Алег Сычоў быў абвінавачаны ў крымінальнай справе на падставе арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму) за нібыта «спробу здзяйснення акту тэрарызму» ў Мачулішчах. 3 кастрычніка 2024 года Мінскі гарадскі суд вынес вырак паводле крымінальнай справы Алега Сычова: 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
4. 30 снежня ў Мінскім гарадскім судзе на 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму завочна асудзілі стэндап-коміка Вячаслава (Славу) Камісаранку. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на прэзідэнта), ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу). Падстава для крымінальнай справы – стэндап-выступы.
1. 20 снежня ў судзе Мёрскага раёна за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі загадчыцу сельскага дома культуры аграгарадка Чапукі Міраславу Цыцыну.
2. 24 снежня ў Оршы за падпіскі на незалежныя крыніцы інфармацыі паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) асудзілі выкладчыцу рускай мовы Аршанскага аграрнага каледжа Людмілу Кароль.
20 снежня стала вядома, што Дзяніса Івашына змясцілі ў штрафны ізалятар у турме № 8 г. Жодзіна. Вольга Івашына, яго жонка, напісала: «Прычына, як звычайна, выдуманая, галоўная задача была – чарговы раз кінуць Дзяніса ў адзіночку дзеля большых катаванняў. З якое даты і па якую, мы пакуль дакладна не ведаем». Дзяніс Івашын – журналіст, блогер, паэт, пераможца прэміі Францішка Аляхновіча 2024 года за «Цыкл турэмных вершаў». Вядомы журналісцкімі расследаваннямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю, пра пабудову рэстарана «Поедем поедим» у месцы сталінскіх расстрэлаў Курапатах, пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі. Затрыманы 12 сакавіка 2021 года. 14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
17 снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкай» кнігу расійскага аўтара Міхаіла Фішмана пра палітыка Барыса Нямцова «Преемник. История Бориса Немцова и страны, в которой он не стал президентом».
У мінскіх школах забаранілі Санта-Клауса, «Jingle Bells» і іншыя песні на англійскай мове, распараджэнне паступіла ад кіраўніцтва Мінска.
17 снежня стала вядома, што Марына Дударава больш не з’яўляецца мастацкай кіраўніцай сталічнага Драматычнага тэатра Беларускай арміі, які падпарадкоўваецца Міністэрству абароны Рэспублікі Беларусь.