Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 траўня 2024 года)

04 June 2024, 1:47 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 траўня 2024 года)

На 31 траўня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 158.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да 104 удзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой.

Затрымана доктарка, пісьменніца, перакладчыца Алена Церашкова.

У дачыненні да палітзняволенага Змітра Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу.

У Магілёве пачаўся суд паводле крымінальнай справы мастачкі-керамісткі Алены Карпенкі.

Пачаўся завочны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 20 незалежных мысляроў і даследчыкаў.

Пачаўся завочны разгляд крымінальных спраў блогера і аўтара песень Андрэя Павука, опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, рок-музыкі Уладзіслава Наважылава, культурніцкага менеджара Аляксандра Чахоўскага.

Перакладчыца Вольга Калацкая аштрафавана на 20 базавых велічынь.

Затрыманы акцёр Тэатра юнага гледача Аляксандр Гладкі.

У Гомелі затрыманы і аштрафаваны дырэктар кінатэатра імя Калініна Аляксандр Балсуноўскі.

У Мінску затрымалі беларускамоўнага вядоўцу святаў, дырэктара агенцтва «АП Івэнт» Андрэя Паплаўскага.

У Брэсце затрымалі дырэктараў івэнт-агенцтваў Юрыя Капуцкага («Ваша свята») і Руслана Данілковіча («Івэнт кафэ»).

У Мінску затрыманы вядоўца святаў і спявак Павел Пашкевіч.

У Гродне затрыманы гукарэжысёр і дыджэй Аляксей Давідоўскі.

У Кобрыне на 10 сутак адміністрацыйнага арышту асудзілі чалавека, які меў у прыватнай бібліятэцы кнігу Уладзіміра Арлова «Айчына: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», занесеную ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 16 траўня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да 104 удзельнікаў святкавання Дня Волі за мяжой (25 сакавіка – дзень абвяшчэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі). Удзельнікаў святкавання абвінавачваюць паводле арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) і арт. 369.1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэкса. Следчы камітэт заяўляе, што ў межах крымінальнай справы атрымана інфармацыя пра аб’екты нерухомасці і маёмасці на тэрыторыі Беларусі, якія належаць падазраваным, праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць.

2. 20 траўня ў Мінску затрымана Алена Церашкова – доктарка, пісьменніца, перакладчыца, двухразовая чэмпіёнка Беларусі па тэквандо, маці чацвярых дзяцей, сястра палітвязня Максіма Вінярскага. Паводле папярэдніх дадзеных праваабаронцаў, яе вінавацяць на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

3. 24 траўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычнай зняволенай Настассю Мацяш – філолага, рэдактарку перакладу кнігі Астрыд Ліндгрэн «Малы і Карлсан, які жыве на даху». 19 красавіка Мінскі гарадскі суд вынес вырак у крымінальнай справе, паводле якой Настасся Мацяш была абвінавачана ў нібыта моўных кансультацыях для тэлеканала «Белсат», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Яе асудзілі паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Прысуд: пазбаўленне волі на 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму, штраф 500 базавых велічынь (20 000 рублёў, або 6110 долараў), спагнанне 102 415,12 рублёў (31 288 долараў) як «даходу, атрыманага злачынным шляхам», канфіскацыя асабістага камп’ютара і мабільнага тэлефона.

4. 25 траўня стала вядома, што ў дачыненні да палітзняволенага Змітра Дашкевіча распачалі новую, другую на працягу месяца крымінальную справу. Яго абвінавацілі на падставе ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). 3 траўня стала вядома, што ў дачыненні да Змітра Дашкевіча распачалі новую справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак). Да завяршэння тэрміну зняволення Змітра Дашкевіча заставаліся 2 месяцы. Зміцер Дашкевіч – публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. 14 ліпеня 2022 года Змітра Дашкевіча асудзілі на 1,5 года калоніі. 11 ліпеня 2023 года Зміцер Дашкевіч меўся выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

5. 28 траўня Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да гаспадыні крамы сувеніраў «Адметнасць» Вольгі Верамеенкі. Ёй інкрымінаваны арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці). 20 сакавіка Міністэрства ўнутраных спраў унесла інтэрнэт-краму «Адметнасць» у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў».

6. 29 траўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачаўся суд у крымінальнай справе мастачкі-керамісткі Алены Карпенкі паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Першапачаткова Алену Карпенку абвінавачвалі ў тым, што яна запісала відэа, як выбарчы ўчастак № 87 на тэрыторыі Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы закрыўся раней за афіцыйны час. Паводле версіі прапагандысткі Крысціны Бармуцкай, дзяўчына адправіла ролік у «экстрэмісцкі канал», аднак насамрэч яна толькі адправіла відэа сяброўцы за мяжу.

7. 31 траўня ў Мінскім абласным судзе пачаўся завочны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 20 незалежных мысляроў і даследчыкаў. Ім інкрымінаваны ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 130, ч. 3 арт. 361, ч. 1 і ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса: (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу; заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый); стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Следчы камітэт распачаў працэс спецыяльнага вядзення 25 студзеня. Сярод абвінавачаных: палітолаг Рыгор Астапеня; сацыёлаг Філіп Біканаў; палітычны аналітык Аляксандр Дабравольскі; журналіст і палітычны аглядальнік, аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009) і «Сем худых гадоў» (2014) Юры Дракахруст; дырэктар інстытута «Палітычная сфера», палітолаг Андрэй Казакевіч; палітолаг і перакладчык Аляксандр Лагвінец; журналістка і даследчыца Ганна Любакова; даследчыца Марыя Рогава; палітолаг Алеся Руднік; сацыёлаг Наталля Рабава; палітолаг Павел Усаў; палітолаг Таццяна Чуліцкая; палітолаг Кацярына Шмаціна; філосаф, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі. Спецыяльнае вядзенне – вядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, што вядзе крымінальны працэс.

8. 31 траўня ў Брэсцкім абласным судзе пачаўся завочны суд у крымінальнай справе рок-музыкі Уладзіслава Наважылава (псеўданім Lesley Knife) з гурта «Gods Tower» паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу) і ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

9. 31 траўня Брэсцкі абласны суд пачаў завочны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да блогера, аўтара песень і выканаўцы Андрэя Павука паводле ч. 1 і ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), арт. 188 (паклёп); арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)); ч. 1 і ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта); арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады); арт. 369.1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь); арт. 370 (глумленне з дзяржаўных сімвалаў); арт. 389 Крымінальнага кодэкса (пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля).

10. 31 траўня Брэсцкі абласны суд пачаў завочны разгляд справы ў дачыненні да опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук паводле арт. 369 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), арт. 370 (глумленне з дзяржаўных сімвалаў), ч. 3 арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта).

11. Брэсцкі абласны суд пачаў завочны разгляд справы ў дачыненні да культурніцкага менеджара Аляксандра Чахоўскага паводле арт. 369 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), арт. 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў).

II. Адміністрацыйныя арышты

1. 17 траўня адбыўся адміністрацыйны суд над перакладчыцай Вольгай Калацкай за тое, што яна «махала рукамі ў РУУС». Ёй прызначылі штраф 20 базавых велічынь (800 рублёў, або 244 долараў).

2. 28 траўня ў Мінску затрымалі беларускамоўнага вядоўцу святаў, дырэктара агенцтва «АП Івэнт» Андрэя Паплаўскага. На відэа, знятым супрацоўнікамі міліцыі, Андрэй Паплаўскі кажа, што ў 2020 годзе прытрымліваўся «мяккіх апазіцыйных поглядаў», быў падпісаны на Nexta і перасылаў паведамленні сябрам і жонцы.

3. 29 траўня ў Гомелі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» быў затрыманы дырэктар кінатэатра імя Калініна Аляксандр Балсуноўскі. 29 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля на яго было накладзена адміністрацыйнае спагнанне паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

4. 29 траўня ў Мінску ў будынку Тэатра юнага гледача затрыманы акцёр Аляксандр Гладкі. Праўладны Telegram-канал сцвярджае, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія рэсурсы» і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».

5. 30 траўня стала вядома, што ў Гродне затрымалі гукарэжысёра і дыджэя Аляксея Давідоўскага, вядомага як Dj Lesha DavidoFF і Dj Lesha Dave. Аляксей Давідоўскі працаваў у клубе «Калізей 2000», выступаў у кавярні «Барашка», працаваў як рэжысёр па святле. У апошнія гады быў звязаны з рэстаранам «Бакст» і барам «Leon Bakst». Пры затрыманні супрацоўнікі міліцыі гвалтам выцягнулі яго з машыны на стаянцы каля рэстарана «Бакст».

6. 30 траўня стала вядома, што ў Брэсце затрымалі дырэктараў івэнт-агенцтваў Юрыя Капуцкага («Ваша свята») і Руслана Данілковіча («Івэнт кафэ»). На відэа, знятым міліцыянтамі, Юры Капуцкі кажа, што быў затрыманы за «экстрэмісцкія» рэпосты і публікацыі на сваёй старонцы з лозунгамі «Слава Украіне» і «Героям слава» і што ў 2021 годзе ён прайшоў рэгістрацыю ў чат-боте плана «Перамога». Руслан Данілковіч кажа на відэа, што яго затрымалі за фота ў Instagram, на якім ён з калегамі трымае бел-чырвона-белы сцяг. Таксама ён кажа, што разам з ім была затрымана яго жонка і што пры затрыманні ён «не аказаў садзейнічання» супрацоўнікам міліцыі пры адкрыцці дзвярэй у кватэру.

7. 31 траўня стала вядома, што ў Мінску затрымалі вядоўцу святаў і спевака Паўла Пашкевіча. На відэа, знятым міліцыянтамі, Павел Пашкевіч кажа, што падчас пратэстаў 2020 года ён фатаграфаваўся з нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікай і мае тату з надпісам «Жыве Беларусь».

8. 31 траўня стала вядома, што жыхар Кобрына (Брэсцкая вобласць) арыштаваны на 10 сутак за захоўванне дома на кніжнай паліцы кнігі Уладзіміра Арлова «Айчына: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Супрацоўнікі міліцыі прыехалі для «агляду домаўладання» паводле даносу невядомай асобы. У пастанове, складзенай міліцыяй, напісана: «Пры аглядзе жылля на першым паверсе дома ў кніжнай шафе ў адкрытым доступе ў вочы кінулася кніга “Айчына: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, якая выклікала падазрэнне». Кніга ўваходзіць у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Гаспадара дома затрымалі і склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Суд Кобрынскага раёна палічыў, што факт размяшчэння і захоўвання кнігі ў адкрытым доступе ў кніжнай шафе быў «накіраваны на публічную дэманстрацыю і на азнаямленне з ёй як мінімум членаў сям’і». Уладальніка кнігі арыштавалі на 10 сутак, кнігу канфіскавалі.

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

31 траўня стала вядома, што каталіцкія святары Павел Лемех і Анджэй Юхневіч, затрыманыя ў Шуміліне (Віцебская вобласць), адбылі арышт за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку. Святары былі затрыманы 8 траўня 2024 года. 10 траўня над ксяндзом Паўлам Лемехам адбыўся суд паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання), якое выявілася ў тым, што святар размясціў у Facebook «без адпаведнага дазволу Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта» выяву пратэстаў у Мінску са сцягамі бел-чырвона-белага колеру, а таксама сцяга Украіны блакітна-жоўтага колеру. Святар быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а пасля яшчэ на 4 сутак. 10 траўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска ксяндза Анджэя Юхневіча асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за размяшчэнне ў Facebook фотаздымкаў з бел-чырвона-белым сцягам і сцягам Украіны. Гэта стала падставай для прысуду паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання).

IV. Знішчэнне мясцін памяці

1. 26 траўня стала вядома, што ў Курапатах – месцы сталінскіх расстрэлаў – знеслі крыжы з надпісамі «Беларускім сялянам», «Беларускай інтэлігенцыі», а таксама імянныя крыжы на польскай мове. З вялікага крыжа, пастаўленага ў 1989 годзе на ўваходзе ў Курапаты, адбілі абраз Маці Божай Курапацкай аўтарства мастака Алеся Марачкіна.

2. У Мінску з драўлянай капліцы ў парку Чалюскінцаў на месцы сталінскіх расстрэлаў знікла шыльда з надпісам: «У гэтым лесе ў 20-ыя – 30-ыя гады знішчалі нявінных людзей». Капліца была ўсталявана ў парку ў 1990 годзе падчас Дзядоў – традыцыйнага свята ўшанавання продкаў.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

31 траўня пракуратура Маскоўскага раёна Мінска запатрабавала, каб інтэрнэт-крамы прыбралі з продажу кнігі Віктара Суворава «День “М”. Когда началась Вторая мировая война?» і «Ледокол. Кто начал Вторую мировую войну?» і кнігу Вацлава Ластоўскага «Выбраныя творы».

Аргыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці