Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 траўня 2023 года)

02 June 2023, 7:58 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 траўня 2023 года)

Беларускі ПЭН зрабіў чарговы аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў сферы культуры ў Беларусі (15–31 траўня 2023 года).


На 31 траўня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 132.

Пачаўся суд над менеджарам культуры, кіраўніком платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуардам Бабарыкам.

Прафесара, доктара сацыялогіі Юрыя Бубнова асудзілі на 2 гады калоніі за прафесійную дзейнасць – артыкул па сацыялогіі ў навуковым альманаху.

На 2 гады пазбаўлення волі асудзілі менеджара культуры Уладзіміра Булаўскага.

Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйнай скаргі журналіста, эсэіста і паэта Андрэя (Анджэя) Пачобута, прысуд застаўся ў сіле – 8 гадоў пазбаўлення волі.

На 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асуджаны Яўген Меркіс – гісторык, журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі.

На 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджана Яна Цэгла – літаратарка, аўтарка казак, журналістка.

Затрыманы: мовазнаўца Алена Анісім; спявачка Патрыцыя Свіціна; удзельнікі гурта «faceOFF» – браты Дзяніс Петух і Дзмітрый Петух і гітарыст Аляксей; сацыёлаг Андрэй Баханаў; архітэктарка Галіна Захаркіна; гісторык Сяргей Глазырын; літаратуразнаўца Алена Храмцова; гісторык Віктар Чараўко.

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унеслі кнігу «Гісторыя Польшчы са старажытных часоў да нашых дзён» і зборнік «Polskie pieśni patriotyczne».

У турмах і калоніях блакуюць ліставанне зняволеных дзеячаў культуры.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

  1. 22 траўня ў Мінскім абласным судзе ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні суда Мінскага раёна пачаўся суд над менеджарам культуры, кіраўніком платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуардам Бабарыкам, якога абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў). Эдуард Бабарыка быў арыштаваны 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, Віктарам Бабарыкам (прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцтва), калі ішоў у Цэнтральную выбарчую камісію здаваць сабраныя подпісы за Віктара Бабарыку. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ.

  2. 26 траўня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вынес прысуд прафесару, доктару сацыялогіі, былому загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юрыю Бубнову. Яму прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Юрыя Бубнова затрымалі 12 студзеня 2023 года на працоўным месцы, 21 студзеня выставілі абвінавачанне паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Падставай для крымінальнай справы стала навуковая публікацыя пра пратэсты 2020 года ў Беларусі – артыкул «Предпосылки белорусского протеста в 2020 году» ў навуковым альманаху «Молодежная галактика». У артыкуле Юрый Бубноў напісаў, што беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе, аб’яднаў не «нейкі лялькавод ці рэвалюцыянер-харызматык, а Аляксандар Лукашэнка». «Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка мусіць адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе», – сказаў на судзе ў апошнім слове Юрый Бубноў.

  3. 26 траўня Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста, эсэіста, паэта Андрэя (Анджэя) Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме без тлумачэння прычын. Суддзя пакінуў прысуд без зменаў – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У скарзе адвакат патрабаваў перагляду рашэння Гродзенскага абласнога суда, які 8 лютага 2023 года прысудзіў Андрэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму на падставе ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 3 арт.361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Пераслед Андрэя Пачобута адбываецца ў межах ціску на польскую меншасць у Беларусі.

  4. 26 траўня Першамайскі суд Віцебска асудзіў на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму менеджара культуры Уладзіміра Булаўскага паводле арт. 342.2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

  5. 30 траўня Гомельскі абласным суд у закрытым рэжыме прызнаў Яўгена Меркіса вінаватым паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), а таксама паводле ч. 1, 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і асудзіў на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яўген Меркіс – гісторык, журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі – быў затрыманы ў Гомелі 13 верасня 2022 года, дома ў яго і ягонага бацькі адбыліся ператрусы з выманнем тэхнікі.

  6. 30 траўня ў Гомелі ў суд перададзена крымінальная справа Ларысы Шчыраковай – рэжысёркі-дакументалісткі, папулярызатаркі гісторыі і этнаграфіі, выканаўцы народных песень, рэканструктаркі народных абрадаў, каардынатаркі праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўцы ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года ў Гомелі. 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў прытулак – сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне. У дачыненні да Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Былы муж Ларысы Шчыраковай забраў сына Святаслава з прытулку.

  7. 31 траўня была перададзена ў суд крымінальная справа Паўла Мажэйкі, пра гэта сваякам паведаміў следчы. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», спецыялізаванай на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. Паўла Мажэйку затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гродне 30 жніўня 2022 года.

  8. 30 траўня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Яну Цэглу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Яна Цэгла – літаратарка, аўтарка казак, працавала журналісткай у газеце «Літаратура і мастацтва», заснавальніца часопіса маладога беларускага мастацтва «Маскарад». Была затрымана ў Мінску 6 красавіка 2023 года, да суда ўтрымлівалася пад вартай.

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

  1. 17 траўня на працоўным месцы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арыштавалі мовазнаўцу, былую старшыню ліквідаванага ўладамі Таварыства беларускай мовы, палітыка і грамадскую дзяячку Алену Анісім.

  2. 18 траўня ў Мінску затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі. На знятым сілавымі органамі відэа дзяўчына расказвае, што была лаўрэаткаю стыпендыі для падтрымкі таленавітай моладзі. Яна кажа, што ў 2020 годзе «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».

  3. 22 траўня затрымалі ўдзельнікаў гурта «faceOFF» – братоў Дзяніса Петуха і Дзмітрыя Петуха. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта – Аляксей. Яго асудзілі на 13 сутак.

  4. 23 траўня ў Полацку затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, гісторык, даследчык гісторыі паўстання 1863 года ў Беларусі, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Сяргей Глазырын.

  5. 23 траўня ў Полацку затрымана і асуджана на 10 сутак адміністрацыйнага арышту Алена Храмцова, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

  6. 23 траўня ў Полацку затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту археолаг, гісторык, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Чараўко.

  7. 24 траўня ў Мінску ў Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на месцы працы затрыманы Андрэй Баханаў – магістр сацыялогіі, навуковы супрацоўнік аддзелу сацыяльнай тэорыі і метадалогіі. У 2020 годзе ён быў адным з тых, хто падпісаў адкрыты ліст навукоўцаў супраць рэпрэсій, калі ішла хваля звальненняў супрацоўнікаў інстытутаў Акадэміі навук.

  8. 24 траўня ў Наваполацку затрымана Галіна Захаркіна, дацэнтка, кандыдатка навук, былая загадчыца кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Суд Наваполацка прызнаў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прысудзіў 80 базавых велічынь штрафу (2960 беларускіх рублёў – 1173 долары).

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

  1. У г. Лідзе Гродзенскай вобласці затрымалі 8 чалавек. На відэа, распаўсюджаным праз праўладныя тэлеграм-каналы, затрыманых прымусілі спальваць бел-чырвона-белы сцяг. На затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці), а на дваіх заведзены крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.

  2. 28 траўня ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці адбыліся ператрусы і затрыманні за бел-чырвона-белы сцяг, знойдзены ў возеры Кагальнае.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

У турмах і калоніях блакуецца ліставанне зняволеных дзеячаў культуры, такім чынам адміністрацыя месцаў зняволення аказвае на іх маральна-псіхалагічны ціск, спрабуе давесці, што «на волі іх усе забылі».

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

  1. 25 траўня ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Баранавічаў унеслі кнігу «Гісторыя Польшчы са старажытных часоў да нашых дзён», выдадзеную ў 1995 годзе па-польску і па-руску, і зборнік «Polskie pieśni patriotyczne», выдадзены ў Варшаве ў 2007 годзе.

  2. Незалежнага выдаўца Змітра Коласа абавязалі аплаціць выдаткі, панесеныя Міністэрствам інфармацыі падчас працэдуры ліквідацыі выдавецтва. Эканамічны суд Мінска на падставе позвы ведамства ануляваў пасведчанне аб рэгістрацыі прадпрымальніка і абавязаў яго заплаціць амаль 800 рублёў судовых выдаткаў.

VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці

Ва ўрочышчы Курапаты, месцы сталінскіх расстрэлаў, супрацоўнікі лясгаса спілоўвалі дрэвы і незваротна нішчылі крыжы, усталяваныя на месцы масавых пахаванняў. Акты вандалізму ў Курапатах адбываюцца з дазволу ўладаў з сярэдзіны 1990-х гадоў.

Арыгінал публікацыі на сайце Беларускага ПЭНу.

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці