Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2024 года

19 May 2024, 12:44 PM
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, студзень – сакавік 2024 года

Матэрыял падрыхтаваны на аснове абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа ў перыяд са студзеня да сакавіка 2024 года з адкрытых крыніц, шляхам асабістых кантактаў і ў непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнні (у тым ліку канфідэнцыйна) або выправіць недакладнасці, калі ласка, звяжыцеся з намі: info@penbelarus.org, t.me/viadoma. Чым дакладней мы зможам зафіксаваць і прааналізаваць сітуацыю з правамі чалавека ў сферы культуры, тым эфектыўней будзем планаваць працу для падтрымкі дзеячаў культуры і культурных праектаў. Больш пра маніторынг гл. тут.

NB: дзеля інфармацыйнай бяспекі карыстальнікаў мы не падаём прамых спасылак на крыніцы інфармацыі, калі, згодна з дзейнымі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўнымі прадпісаннямі, у дачыненні да іх уведзены абмежаванні.

ЗМЕСТ

Асноўныя вынікі маніторынгу
Умовы ўтрымання дзеячаў культуры
Адвольныя затрыманні, крымінальны пераслед і суды над дзеячамі культуры
•   Адвольныя затрыманні, крымінальныя суды над дзеячамі культуры
•   Завочны крымінальны пераслед
Ціск на арганізацыі і супольнасці ў сферы культуры
Цэнзура і адмена культурных мерапрыемстваў
Матэрыялы на тэму культуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры
Высновы

АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

У краіне працягваюцца рэпрэсіі і запалохванне нелаяльных рэжыму грамадзян. Сярод фактаў пераследу дзеячаў культуры ў першым квартале 2024 года – затрыманне ўдзельнікаў рок-гурта «Nizkiz»; завочны крымінальны пераслед і працэдура спецыяльнага вядзення ў дачыненні да незалежных даследчыкаў (паводле так званай справы «аналітыкаў Ціханоўскай») і цэлага шэрагу дзеячаў культуры, якія выехалі з краіны; ператрусы і затрыманні ў супольнасці архітэктараў («затрымалі каля 40 чалавек»); звальненне сямі супрацоўнікаў з Музея традыцыйнай культуры ў Браславе ў выніку іх затрымання і адміністрацыйнага пераследу ў канцы снежня 2023 года, дырэктара Музычнага тэатра – пасля выканання аркестрам з Варонежа (Расійская Федэрацыя), які прыехаў на гастролі, песні Віктара Цоя «Перемен!»; закрыццё выставы, прысвечанай 100-годдзю Васіля Быкава – адной з найважнейшых постацяў нацыянальнай культуры ў цэлым і беларускай літаратуры ў прыватнасці; унясенне ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» YouTube-канала, сацыяльных сетак і нават адраса электроннай пошты акцёраў былой трупы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а цяпер – незалежнай трупы «Купалаўцы», якія прадоўжылі сваю справу ў Польшчы; прызнанне «экстрэмісцкай» кнігі «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхара, самага вядомага ў Беларусі мастака-геральдыста; прызнанне «экстрэмісцкім фарміраваннем» «Вольнага Беларускага Ўніверсітэта».

Таксама важна адзначыць масавыя ператрусы і затрыманні, якія прайшлі 23–24 студзеня ва ўсёй краіне ў сем’ях палітзняволеных і сярод людзей, якія аказвалі ім прадуктовую дапамогу ў рамках сацыяльнай ініцыятывы «INeedHelpBY», – чарговую спробу рэжыму спыніць любыя віды дапамогі, падтрымкі і салідарнасці з рэпрэсаванымі.

  • За студзень – сакавік 2024 года ў Беларусі зафіксаваны 316 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.

  • Пазбаўленне права на справядлівы суд – асноўны від парушэнняў у дачыненні да працаўнікоў культуры (61 выпадак), стварэнне адміністрацыйных перашкод для дзейнасці (у тым ліку прымусовая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый) – у дачыненні да арганізацый сферы культуры (18 фактаў).

  • Парушэнні закранулі правы 135 дзеячаў культуры, 33 арганізацыі і супольнасці гэтай сферы. Не менш за 87 матэрыялаў – на тэму культуры або сацыяльныя сеткі працаўнікоў культуры – унесены Міністэрствам інфармацыі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», што таксама закранае правы некалькіх дзясяткаў дзеячаў і арганізацый сферы культуры.

  • У калоніях, турмах, следчых ізалятарах, установах адкрытага тыпу («хімія») або на «хатняй хіміі» адбываюць пакаранне не менш за 158 працаўнікоў культуры.

  • Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 14 дзеячаў культуры. З іх пяць чалавек асуджаны на 2,5–5 гадоў адбыцця пакарання ў калоніі, адзін – на 2 гады «хіміі», сем – на 2,5–3 гады «хатняй хіміі», у дачыненні да аднаго працаўніка культуры вынік суда праваабаронцам невядомы.

  • Больш за год няма звестак пра зняволеных Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку. Дзеячы культуры зазнаюць у няволі жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне. Пераслед не спыняецца і пасля поўнага адбыцця пакарання.

  • На не менш як 33 дзеячаў культуры заведзены крымінальныя справы. Прычым у 14 выпадках пачата працэдура спецыяльнага вядзення – завочнага крымінальнага пераследу палітычных эмігрантаў.

  • Не менш як 32 дзеячы культуры зазналі адвольнае затрыманне дома, на дварэ, каля выбарчага ўчастка або на працоўным месцы. Некаторыя затрыманні суправаджаліся штурмам кватэры, выкарыстаннем неабгрунтаванага фізічнага гвалту з боку прадстаўнікоў сілавых структур.

  • Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 28 дзеячаў культуры. Абсалютная большасць пратаколаў была складзена паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – пераслед за чытанне і распаўсюд інфармацыі рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі», і арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях – выпадкі пераследу, звязаныя з выкарыстаннем бел-чырвона-белай сімволікі: напрыклад, за пост у Instagram, які суправаджаўся фотаздымкам машыны з налепкай з гербам «Пагоня», або за выяву бел-чырвона-белага сцяга на асабістай старонцы ў Facebook. Мінімум кожны другі выпадак пераследу (вынік не ўсіх спраў праваабаронцам вядомы) прывёў да адміністрацыйнага арышту.

  • Працягваюцца палітычна матываваныя звальненні. Зафіксаваны 15 фактаў звальнення нібыта «паводле пагаднення бакоў» або непрадаўжэння кантракта, падставай для якіх стала ідэалагічная «ненадзейнасць» супрацоўнікаў. Сем супрацоўнікаў звольнены з Музея традыцыйнай культуры ў Браславе – у канцы снежня 2023 года яны прайшлі праз затрыманне і адміністрацыйны пераслед, што паслужыла падставай для завяршэння з імі працоўных адносін. Сярод звольненых – загадчыца музея Элеанора Зінкевіч, у 2022 годзе ўзнагароджаная граматай Міністэрства культуры, і Валерый Зінкевіч, ганчар, які ў студзені 2023 года атрымаў статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь. Пад нагодай «неэфектыўнасці» з Мінскага абласнога тэатра лялек «Батлейка» ў Маладзечне звольнілі дырэктарку Таццяну Чаеўскую і яшчэ некалькіх супрацоўнікаў. З Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра звольнены дырэктар Сяргей Пукіт. Прычына – песня Віктара Цоя, якая прагучала на канцэрце 16 сакавіка «Перемен!» [адзін з музычных сімвалаў беларускага пратэсту ў 2020 годзе], выкананая ў рамках праграмы «Анталогія рускага року» сімфанічным аркестрам Варонежскай канцэртнай залы, які прыехаў на гастролі.

  • У «Пераліку арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» ўжо 29 дзеячаў культуры, у «Пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» – 198 чалавек. Не менш за 8 працаўнікоў культуры прызнаны «ўдзельнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў». У прыватнасці, Сяргей і Вольга Верамеенкі, уладальнікі інтэрнэт-крамы тавараў з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць», а таксама акцёр Ілля Ясінскі і мастак Андрэй Басалыга – удзельнікі дваровага чата «Наш квартал Разам» у сацыяльнай сетцы Telegram.

  • Прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» «Вольны Беларускі Ўніверсітэт»; інтэрнэт-рэсурсы «Беларускае Радыё Рацыя», «Это Минск, детка», Znadniemna.pl; супольнасці беларусаў замежжа – Народныя амбасады і «Беларусы ЗША», а таксама крама нацыянальнай сімволікі «Адметнасць». Усе яны ўнесены КДБ у «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

  • Прымусова ліквідаваны яшчэ 8 некамерцыйных арганізацый, датычных да сферы культуры (адпаведны маніторынг вядзе «Lawtrend»).

  • Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» не менш за 87 матэрыялаў на тэму культуры або сацыяльных сетак дзеячаў культуры.

  • Зафіксаваны новыя факты цэнзуры. У прыватнасці, у дачыненні да выстаў «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі…», прысвечанай 100-годдзю выдатнага класіка беларускай літаратуры, і «1,10 квадрата» – амажу аўтару «Чорнага квадрата» Казіміру Малевічу, а таксама спектакля пра Халакост «Тут была Клара». Адменены паказы фільмаў расійскіх рэжысёраў Аляксандра Сакурава і Аляксандра Залатухіна і аўтарская сустрэча з імі.

  • Дзяржаўная палітыка ў галіне культуры – гэта жорсткі кантроль усіх удзельнікаў культурнага працэсу, ліквідацыя са сферы нелаяльных палітычнаму рэжыму спецыялістаў, імпартазамяшчэнне, актыўны прарасійскі вектар развіцця, пераслед за выкарыстанне нацыянальных беларускіх і ўкраінскіх сімвалаў. Культура для дзяржавы – інструмент ідэалогіі, а паспяховасць развіцця сферы ацэньваецца статыстыкай праведзеных мерапрыемстваў.

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

З цягам часу ўсё менш інфармацыі паступае з месцаў пазбаўлення волі пра змешчаных там дзеячаў культуры. А тое, што робіцца вядомым, выклікае боль і страх за жыцці палітзняволеных, чыё адбыванне пакарання ператворана ў штодзённую барацьбу за выжыванне. Холад і духата; вошы і антысанітарыя; пазбаўленне лістоў, званкоў і сустрэч з роднымі, адвакатамі; забарона на атрыманне грашовых пераводаў і перадач; абмежаванні ў шпацырах і камунікацыі з астатнімі зняволенымі; няякаснае аказанне медыцынскай дапамогі і адмова ў шпіталізацыі; начныя праверкі, ператрусы ў камерах; рабская праца; допыты ў якасці падазраваных паводле новых крымінальных спраў – такія будні палітзняволеных у турмах, калоніях, следчых ізалятарах, папраўчых установах адкрытага тыпу. А словы «карцар», «штрафны ізалятар», «камера-адзіночка», «ШІЗА» гучалі амаль у кожным паведамленні, што дайшлі з турмаў у аналізаваны перыяд часу. Так, паводле паведамленняў праваабарончага цэнтра «Вясна», амаль тры месяцы – з 10 лістапада 2023 года да канца студзеня 2024-га – быў у штрафным ізалятары палітзняволены музыка і IT-спецыяліст Вадзім Гулевіч, які адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі. Амаль не выходзіць з ШІЗА паэт, бард і адвакат Максім Знак, якога таксама ўтрымліваюць у калоніі «Віцьба». Адразу пасля этапавання апынуўся ў штрафным ізалятары публіцыст і актывіст Зміцер Дашкевіч, у студзені 2024 года пераведзены ў навасадскую калонію (у ізалятары так холадна, што яму даводзілася ўставаць кожную гадзіну і рабіць зарадку, каб трохі сагрэцца, за што на Дашкевіча складалі рапарты аб парушэнні рэжыму адбою). Краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар, чалавек з 2-й групай інваліднасці, адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, дзе ўжо амаль паўгода знаходзіцца ў камеры-адзіночцы. UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў, які ўтрымліваецца ў гродзенскай турме, таксама змяшчаўся ў ШІЗА ў пачатку гэтага года. Менеджара культуры Эдуарда Бабарыку, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі, адправілі ў штрафны ізалятар, як толькі ў яе перавялі. Цяпер яго ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

У канцы лютага мусіў скончыцца тэрмін у ПКТ у паэта, журналіста, сябра Саюза палякаў Беларусі Андрэя Пачобута, які адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі. Аднак пакуль гэтаму няма пацвярджэння – сувязь з Андрэем перапынілася. Ужо больш за год знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай блакадзе музыка, менеджарка культурных праектаў і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі, – апошні ліст ад яе сям’я атрымала 15 лютага 2023 года. Такая ж сітуацыя з Максімам Знакам. З 9 сакавіка няма ніякіх вестак ад менеджара культуры, відэаблогера і палітычнага дзеяча Сяргея Ціханоўскага, які ўвесь час утрымліваўся ў адзіночнай камеры. З 28 красавіка 2023 года нічога не вядома пра мецэната і палітычнага дзеяча Віктара Бабарыку, які адбывае пакаранне ў калоніі Наваполацка, – роўна год таму ён апынуўся ў шпіталі ў крытычным стане.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ, КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД І СУДЫ НАД ДЗЕЯЧАМІ КУЛЬТУРЫ
  • Адвольныя затрыманні, крымінальныя суды

За першы квартал 2024 года зафіксаваны 32 факты адвольнага затрымання дзеячаў культуры. Як мінімум у дачыненні да 10 з іх былі заведзены крымінальныя справы. Таксама вядома пра 14 вынесеных прысудаў.

Адзін з пераследаў дзеячаў культуры ў гэты перыяд, які атрымаў шырокі розгалас, – затрыманне 5 студзеня ўдзельнікаў рок-гурта «Nizkiz». Гісторыя гэтага музычнага калектыву пачалася ў Магілёве ў 2008 годзе і налічвае некалькі дзясяткаў фестывальных выступленняў, чатыры выпушчаныя альбомы і серыю ўзнагарод. Іх песня «Правілы», напісаная ў 2020 годзе, і кліп на яе зрабіліся адным з сімвалаў беларускага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года. Вакаліст і аўтар тэкстаў песень Аляксандр Ільін, бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Дзмітрый Халяўкін [гітарыст Леанід Несцярук, яшчэ адзін удзельнік гурта, знаходзіцца ў Польшчы] былі затрыманы ў сваіх кватэрах па вяртанні з гастроляў – сюжэт з кадрамі сілавога затрымання АМАПам і «пакаяннымі» відэа актыўна транслявалі прапагандысцкія СМІ. Спачатку музыкаў судзілі ў адміністрацыйным парадку за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, а 29 студзеня стала вядома пра заведзеную супраць іх крымінальную справу. 20 сакавіка Ільін, Кульша і Халяўкін былі асуджаны паводле «народнага артыкула» 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») на адбыццё пакарання ва ўмовах «хатняй хіміі» тэрмінам на 2,5 года кожны.
5 студзеня на закрытым судовым працэсе былі разгледжаны апеляцыйныя скаргі музыкаў рагачоўскага гурта «Tor Band», 31 кастрычніка 2023 года асуджаных за песні пратэсту на 7,5–9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуды, вынесеныя вакалісту і аўтару тэкстаў песень Дзмітрыю Галавачу, бубначу Яўгену Бурло і бас-гітарысту Андрэю Ярэмчыку, былі пакінуты без змен і ўступілі ў сілу. 19 студзеня МУС унёс Галавача, Бурло і Ярэмчыка ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», а ў канцы лютага музыкаў перавялі са следчага ізалятара ў калоніі.

23–24 студзеня ва ўсёй краіне прайшлі ператрусы і затрыманні за атрыманне прадуктовай дапамогі палітзняволенымі і іх сем’ямі ў рамках дзейнасці сацыяльнай ініцыятывы «INeedHelpBY», 16 студзеня 2024 года прызнанай, а 23 студзеня ўнесенай КДБ у пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Пераслед закрануў і дзеячаў культуры. Усяго ж затрымалі некалькі сотняў чалавек, у пратаколах адміністрацыйных судоў прысутнічала фармулёўка, што, атрымаўшы дапамогу, гэтыя людзі «стварылі пагрозу нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

14 лютага прайшла хваля затрыманняў архітэктараў і ператрусаў у іх, якая закранула каля 40 чалавек (з улікам членаў іх сем’яў – каля 70). Супраць як мінімум чацвярых з іх быў пачаты крымінальны пераслед: Дар’я Мандзік, Ілля Палонскі і Раман Забела знаходзяцца ў следчым ізалятары, Максім Назарчук выйшаў з яго 8 сакавіка.

За прафесійную дзейнасць асуджаны фатограф і кінадакументаліст Аляксандр Зянкоў – 30 студзеня яму прысудзілі 3 гады калоніі за нібыта ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні (артыкул 361- Крымінальнага кодэкса): у абвінавачанні вялося пра відэаматэрыялы яго аўтарства, размешчаныя на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе.
8 лютага на 3 гады «хатняй хіміі» асудзілі мастачку Ганну Крук – падставай для яе затрымання стала дэманстрацыя ў кавярні «MARKS» карціны, на якой нібыта быў выяўлены бел-чырвона-белы сцяг. На судзе Ганна пацвердзіла факт размяшчэння карціны і адмаўляла наяўнасць на ёй сцяга. Адміністрацыйны арышт на 13 сутак у выніку перацёк у крымінальны пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе (паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса), на падставе чаго і быў вынесены прысуд.
22 сакавіка на 3 гады калоніі і 20 000 рублёў штрафу асудзілі журналіста і аўтара тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі Ігара Карнея (паводле артыкула 361-Крымінальнага кодэкса). Паводле версіі абвінавачання – за актыўнае супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй журналістаў (грамадскае аб’яднанне, створанае ў 1995 годзе, было ліквідавана ў прымусовым парадку ў жніўні 2021-га, а ў 2023 годзе ўнесена КДБ у пералік «экстрэмісцкіх фарміраванняў»).

Таксама ў аналізаваны перыяд прайшлі суды над інжынерам і стваральнікам унікальнай базы фотаздымкаў розных будынкаў Беларусі Уладзімірам Фішманам (5 студзеня асуджаны на пазбаўленне волі ў калоніі паводле артыкула 361- Крымінальнага кодэкса – колькасць гадоў невядомая); літаратарам, паэтам і актывістам Алегам Кацапавым (10 студзеня асуджаны на 2,5 года калоніі паводле артыкулаў 130 і 368 Крымінальнага кодэкса); фатографам Аляксандрам Васюковічам (18 студзеня асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса); музыкам гурта «Paranoia Dolls» Дзмітрыем Шалаком (суд прайшоў 6 лютага, прысуд невядомы, абвінавачваўся паводле артыкулаў 368 і 369);  культуролагам Ксеніяй Ходыравай (16 лютага асуджана на 5 гадоў калоніі паводле артыкулаў 361- і 361- Крымінальнага кодэкса); музыкам гурта «Мінімум Дыстанцыі» Яўгенам Шумам (16 лютага асуджаны на 3 гады «хатняй хіміі» паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса); мастаком Уладзімірам Лыкшыным (18 сакавіка асуджаны на 2,5 года «хатняй хіміі» паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса); літаратарам і менеджарам культуры Сяргеем Макарэвічам (25 сакавіка асуджаны на 2 гады «хіміі» паводле артыкула 361-).

Усяго за першыя тры месяцы 2024 года да крымінальнай адказнасці прыцягнулі не менш як 14 працаўнікоў культуры. Станам на канец сакавіка 2024 года не менш як 61 дзеяч культуры выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне ў рамках крымінальнага пераследу.

  • Завочны крымінальны пераслед

Усяго цягам студзеня – сакавіка 2024 года на не менш як 33 дзеячаў культуры былі заведзены крымінальныя справы. Асаблівасць гэтага справаздачнага перыяду ў тым, што значная частка спраў тычыцца беларусаў, якія выехалі з краіны, – практыка спецыяльнага вядзення распаўсюдзілася не толькі на кола палітычных лідараў у эміграцыі. Так, 23 студзеня стала вядома, што Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу на літаратара і журналіста «Радыё Свабода» Сяргея Дубаўца [1]. За публікацыі ў аўтарскім блогу яму інкрымінавалі парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа – арт. 369-, ч. 1 арт. 130, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 361-, ч. 1 арт. 130-, ч. 1 арт. 130- Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

26 студзеня 2023 года закрыты Telegram-канал «Analityki ST» [ST – Святлана Ціханоўская, кандыдатка ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2020 года] прызнаны МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем», а 24 студзеня было пачата спецыяльнае  вядзенне ў дачыненні да 20 незалежных аналітыкаў, сярод якіх, у прыватнасці, філосаф, дырэктар Інстытута стратэгічных даследаванняў Пётр Рудкоўскі; аўтар кніг і палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст; палітолаг і перакладчык Аляксандр Лагвінец; публіцыст, заснавальнік і старшыня арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, палітолаг Андрэй Казакевіч. 27 сакавіка Следчы камітэт паведаміў пра заканчэнне папярэдняга расследавання паводле так званай справы «аналітыкаў Ціханоўскай». Згодна з яго матэрыяламі, абвінавачаныя рыхтавалі тэзісы публічных выступаў для Святланы Ціханоўскай, публікацыі ў «дэструктыўных рэсурсах, накіраваных на актывізацыю пратэсных настрояў і паглыбленне расколу ў беларускім грамадстве, узмацненне палітычнага і эканамічнага ціску на Рэспубліку Беларусь». У залежнасці ад ролі кожнага «ўдзельніка» ім выстаўлены абвінавачанні паводле ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 130, ч. 1 арт. 357, ч. 6 арт. 16, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-, ч. 3 арт. 361- Крымінальнага кодэкса. На маёмасць незалежных аналітыкаў, у тым ліку кватэры, дамы і зямельныя ўчасткі, накладзены арышт.

13 сакавіка спецыяльнае вядзенне была пачата ў дачыненні да заснавальніка крамы нацыянальнай сімволікі «Адметнасць» Сяргея Верамеенкі. Крама была адкрыта ў Гродне ў 2018 годзе, з прычыны пераследу ўладамі яе ўладальнікаў – Сяргея і Вольгі Верамеенкаў – вымушана спыніла працу ў 2021 годзе, цяпер працуе як інтэрнэт-крама ў Польшчы. 20 сакавіка яна была прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем», а Сяргею інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361- Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Тады ж было пачата спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да журналіста Ігара Казмерчака, заснавальніка аршанскай крамы беларускіх сувеніраў і сімволікі «Цудоўная крама», таксама вымушанай спыніць сваю працу ў Беларусі ў 2021 годзе, – яму інкрымінуюць ч. 1 і ч. 2 арт. 361- і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). Працэсы спецыяльнага вядзення пачаты ў дачыненні да літаратара, гісторыка і праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча, опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, прадзюсара Аляксандра Чахоўскага, музыкі Уладзіслава Наважылава, архітэктара Вадзіма Дзмітрэнкі і некаторых іншых дзеячаў культуры – апанентаў злачыннага рэжыму Беларусі.

20 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што завёў крымінальную справу паводле артыкула 361- Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім») на прадстаўнікоў Народных амбасад і «Беларусаў замежжа», заявіўшы, што мае інфармацыю пра больш чым 100 прадстаўнікоў «радыкальных дыяспар». Праект Народных амбасад узнік у 2020 годзе для аб’яднання беларусаў і абароны іх правоў у розных краінах свету. У лютым 2024 года арганізацыя прызнана КДБ «экстрэмісцкім фарміраваннем».

ЦІСК НА АРГАНІЗАЦЫІ І СУПОЛЬНАСЦІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

Зафіксаваны факты адміністрацыйнага ўмяшання, у тым ліку прымусовай ліквідацыі, цэнзуры (гл. раздзел Цэнзура) або пераследу за дзейнасць за мяжой – прызнанне «экстрэмісцкім фарміраваннем» – у дачыненні да 33 дзяржаўных, прыватных або грамадскіх арганізацый і супольнасцяў сферы культуры.

Працягваецца антыпольская палітыка дзяржавы: пераслед польскай меншасці, уладальнікаў карты паляка (якая, на думку прадстаўніка МУС, «робіць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі»), тых, хто прапануе паслугі ў вывучэнні польскай мовы. У снежні 2023 года былі здзейснены рэйды на некалькі такіх школ як мінімум у Мінску і Гродне. Пасля візіту спецслужбаў заявіла пра сваё закрыццё адна з найбуйнейшых школ польскай мовы – «PanProfesor»: «Два тыдні таму прадстаўнікі нейкіх спецыяльных службаў “прыйшлі ў госці” да аднаго з нашых супрацоўнікаў у Мінску, затым учынілі ператрус у офісе. Як пазней выявілася, у тую раніцу 21 снежня 2023 года “PanProfesor” былі не адзінымі, каму давялося перажыць такое: у некалькіх іншых курсах польскай мовы былі затрыманы дырэктары, супрацоўнікі і выкладчыкі, некаторых з іх прымусілі запісаць “пакаянныя” відэа. Да вядомых ужо абвінавачанняў дадаліся “навучаў польскай мове” і да таго падобнае», – 5 студзеня напісала анлайн-школа на сваёй старонцы ў Facebook, дадаўшы, што спецслужбы настойліва рэкамендавалі ім спыніць працу і самастойна ліквідаваць кампанію, што «PanProfesor» і быў вымушаны зрабіць. З прапаноў навучання іншых моўных школ пачалі знікаць курсы польскай мовы (у прыватнасці, «Streamline», «Leon»).

3 студзеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку забраў у Беларускай асацыяцыі журналістаў даменнае імя Baj.by і электронную пошту – з гэтага дня арганізацыя пазбаўлена магчымасці іх кантраляваць. Прадстаўнікі БАЖ называюць сітуацыю рэйдарскім захопам з боку дзяржавы і парушэннем права не толькі на свабоду выказвання, але і на ўласнасць.

У прымусовым парадку ліквідаваны яшчэ восем аб’яднанняў, якія дзейнічалі ў сферы культуры. Сярод іх – Грузінскае культурна-асветнае таварыства «Мамулі» і Рэспубліканская грамадская арганізацыя беларуска-туркменскага сяброўства «Дастлук», Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне выкладчыкаў нямецкай мовы і Сямейны інклюзіў-тэатр, Цэнтр культурна-дзелавога супрацоўніцтва «Агмень» і Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Сябры Вясёлкі», Гістарычнае таварыства «Трасцянец» і Беларуская асацыяцыя ахвяр палітычных рэпрэсій. Апошняя – найстарэйшая са структур, ліквідаваных у гэты часавы прамежак. Арганізацыя, энтузіясты якой займаліся даследаваннямі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі, была заснавана ў 1992 годзе. Аб’яднанне «Трасцянец», якое зрабіла вялікую працу для стварэння мемарыяла на месцы лагера смерці і яго прысутнасці ў культуры памяці, дзейнічала ў краіне з 2000 года.

Чыноўнікі ўмешваюцца і ў дзейнасць творчых саюзаў. Вымушаныя «нармалізавацца» згодна з гэтым патрабаваннем, каб мець магчымасць працягваць сваю працу, захаваць арандаваныя ў дзяржавы майстэрні і г. д., саюзы спрабуюць выжыць. «Сустрэчы міністра культуры са старшынямі творчых саюзаў працягнуліся. Сённяшнія перамовы былі прысвечаны аналізу дзейнасці і планаванню працы Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў. Кіраўнікам творчых саюзаў былі пастаўлены задачы на гэты год, супрацоўнікі ведамства атрымалі даручэнні», – інфармаваў Telegram-канал Міністэрства культуры 28 лютага. Пры гэтым многія даручэнні даюцца і задачы ставяцца за зачыненымі дзвярыма, саюзы, як і многія дзяржаўныя арганізацыі, маюць сваіх куратараў з КДБ. Адзін з інструментаў маніпуляцыі і ціску на іх – патрабаванне перагледзець спісы і выключыць «ненадзейных» мастакоў, дызайнераў, фатографаў з сябраў творчых аб’яднанняў. Так, з лета 2023 года ідзе паступовае выключэнне з сябраў Саюза мастакоў. Многія прайшлі праз прапанову падпісаць «пакаянны» ліст. Тых, хто ўдзельнічаў у пратэсных выставах або ў сваёй творчасці выказваў грамадзянскую пазіцыю, прымусілі напісаць заяву аб добраахвотным выхадзе з саюза.

Ствараючы адміністрацыйныя перашкоды для дзейнасці адных творчых аб’яднанняў, дзяржава падтрымлівае тыя, што былі першапачаткова лаяльныя ёй. Адна з такіх арганізацый – праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. У той час як ліквідаваны незалежны Саюз пісьменнікаў (1 кастрычніка 2021 года), спынена дзеянне пасведчанняў некалькіх вядучых кнігавыдаўцоў і ўнутры краіны практычна знішчана незалежнае кнігавыдавецтва, дзяржава вылучае бюджэтныя сродкі некалькім грамадскім аб’яднанням, у ліку якіх – праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі (613 792 рублёў на 2024 год, або парадку 176 000 еўра). Арганізацыя мае ярка выяўлены прарасійскі вектар дзейнасці і перыядычна робіць спробы дыскрэдытаваць калег з цэха, якія зазналі рэпрэсіі.

«Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» прызнаны «Вольны Беларускі Ўніверсітэт»; інтэрнэт-рэсурсы «Беларускае Радыё Рацыя» і «Это Минск, детка», якія ў тым ліку надаюць увагу сферы культуры Беларусі; Znadniemna.pl – былы партал Саюза палякаў у Беларусі, які працягвае асвятляць тэмы і падзеі, што хвалююць польскую суполку; супольнасці беларусаў замежжа – Народныя амбасады Беларусі (People’s Embassies of Belarus) і ABA Together (Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы), якія дэкларуюць у сваіх місіях захаванне беларускай спадчыны, культуры і мовы, а таксама інтэрнэт-крама тавараў з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць». Усе яны ўнесены КДБ і МУС у «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

ЦЭНЗУРА І АДМЕНА КУЛЬТУРНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

Год пачаўся з гучных адмен культурных мерапрыемстваў, якія не маглі прайсці незаўважанымі. А колькі яшчэ засталося ў цені тых, што не былі дазволены або вымушана перафарматаваны ў працэсе! Мяркуючы з таго, што негалосны спіс забароненых артыстаў, з дапамогай якога чыноўнікі зацвярджаюць удзельнікаў культурных мерапрыемстваў, працягвае расці і ўсё новым дзеячам культуры адмаўляюць у правядзенні выстаў, творчых сустрэч і гастрольных пасведчаннях, гэты працэс яшчэ набірае абароты. «Не дапусцілі да ўдзелу ў выставе», «працы нават не распакоўвалі», «адмовілі правесці выставу», «праца правісела на адкрыцці прыкладна дзве гадзіны», «знялі яшчэ да адкрыцця», «адмянілі творчую сустрэчу з…», «не дапусцілі да музычнага фестывалю… Да гэтага выступала там шмат разоў», «вы ў “спісах” – канцэрта не будзе» – толькі частка фактаў цэнзуры, зафіксаваных у вывучаны адрэзак часу, пра якія не стала шырока вядома.

Публічныя выпадкі адмены запланаваных мерапрыемстваў, якія мелі месца ў першым квартале 2024 года, адбываліся з прычыны цэнзуры чыноўнікаў, «народных экспертаў» і самацэнзуры; яны не зацвярджаліся зусім, рэдагаваліся або адмяняліся ўжо ў працэсе экспанавання – такія рэаліі і ілюстрацыя тых умоў, у якіх сёння жыве беларуская культура ўнутры сваёй краіны. Апішам іх.

Так, толькі цяпер [студзень, 2024] прагучала ў СМІ, што ўжо каля паўтара года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы [2] не паказваюць галаграму паэта, якой раней завяршалася асноўная экспазіцыя пра класіка беларускай літаратуры. Вядома, што рыхтуецца новая версія галаграмы, у той час як старая, відаць, «рэпрэсаваная», як адзначылі журналісты незалежнага выдання «Наша Ніва», бо шмат гадоў таму для яе зняўся акцёр Купалаўскага тэатра Аляксандр Падабед, які пакінуў яго ў знак салідарнасці з калегамі ў жніўні 2020 года. З тых часоў народны артыст Рэспублікі Беларусь знаходзіцца ў так званых «чорных спісах».

15 студзеня на этапе мантажу была забаронена выстава жывапісу «Insomnia», якая прайшла ўсе стадыі ўзгаднення. Мастак Уладзімір Кандрусевіч планаваў экспанаваць свае працы апошніх гадоў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Ёсць здагадка, што рашэнне пра адмену выставы – самацэнзура кіраўніцтва тэатра, якое баіцца крытыкі праўладных «знаўцаў» беларускага мастацтва.

25 студзеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстава «Васіль Быкаў. Жыццё праз абрысы і лініі…», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка. Адметнасць яе ў тым, што яна раскрывала іншы бок сусветна вядомага літаратара – яго выяўленчую спадчыну. Тут былі прадстаўлены больш за 70 графічных і жывапісных прац Васіля Быкава, а таксама фотаздымкі, кнігі, рукапісы, лісты, дакументы і іншыя рэчы з фондаў музея. Выстава, якая мусіла экспанавацца 4,5 месяца (да 5 траўня), прапрацавала ўсяго 10 дзён і была закрыта 5 лютага. Што менавіта зрабілася падставай для цэнзуры і адмены экспазіцыі пра пісьменніка – агульнапрызнанага аўтарытэта і нязменнага праціўніка рэжыму Лукашэнкі, – пакуль не вядома. Ёсць звесткі, што музей атрымаў указанне «зверху». Заўважым, што ў верасні – кастрычніку 2023 года гэтая ж выстава паспяхова прайшла ў Віцебску. 12 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Жменя сонечных промняў», прысвечаная пісьменнікам-юбілярам: Івану Чыгрынаву (90 гадоў), Артуру Вольскаму (100 гадоў), Алесю Савіцкаму (100 гадоў), Аркадзю Куляшову (110 гадоў), Максіму Лужаніну (115 гадоў), Алесю Якімовічу (120 гадоў), Міхасю Лынькову (125 гадоў). Імя Васіля Быкава, чый юбілей таксама прыпадае на гэты год, сярод іх не значыцца.

27 студзеня ў Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры мелася адбыцца прэм’ера спектакля пра Халакост «Тут была Клара». Вядома, што ў пастаноўку рэжысёркі Таццяны Аксёнкінай паводле п’есы Ксеніі Шталянковай «Memoria nominis Clara» ўмяшалася цэнзура чыноўнікаў, і паказ спектакля пра нацысцкія злачынствы супраць габрэяў быў адменены. Праз 1,5 месяца – 13 сакавіка – прэм’ера ўсё ж адбылася.

1 лютага ў мінскай мастацкай галерэі Палаца мастацтваў адкрылася супольная з Беларускім саюзам мастакоў выстава «1,10 квадрата», прымеркаваная да 110-годдзя самага вядомага твора Казіміра Малевіча – «Чорны квадрат». Гэта адна з экспазіцый агульнага праекта, які будзе праходзіць у 2024 годзе на некалькіх выставачных пляцоўках краіны. Тут прадстаўлены працы сучасных беларускіх аўтараў розных пакаленняў, а таксама розных відаў і жанраў выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. Галоўнае ў выставе, як гаворыцца ў апісанні да яе, – «…не тэма, зададзеная куратарамі, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча». У гэты ж дзень у Telegram-канале праўладнай актывісткі Таццяны Сідаровіч «Беларуска “топіць”» з’явіўся з’едлівы рэпартаж з адкрыцця, як яна напісала, «чарговай выставы» і пачалі збірацца кплівыя каментары ў дачыненні да экспазіцыі, асобных яе аўтараў і іх прац. «Інспекцыя» прапагандысткі, яе лозунгі пра «маргінальнае мастацтва» і дыскусія, разгорнутая ў блогу, прывялі да таго, што на наступны дзень, 2 лютага, у сацыяльных сетках Саюза мастакоў і Палаца мастацтваў з’явілася паведамленне, што «з тэхнічных прычын выстава “1,10 квадрата” часова не працуе». 7 лютага іншая актывістка, Вольга Бондарава, у сваім канале «Бондарева. БЕЗ КУПЮР» паведаміла, што ў міністра культуры Беларусі Анатоля Маркевіча прайшла «сур’ёзная размова з верхаводам БСМастакоў, якому вынеслі апошняе, так бы мовіць, кітайскае папярэджанне». Праз два тыдні, 16 лютага, выстава «1,10 квадрата» адкрылася зноў і прапрацавала яшчэ нейкі час.

11–13 сакавіка ў прасторы «Falcon Club Cinema Boutique» меліся прайсці кінапаказы фільмаў расійскіх рэжысёраў з іх непасрэдным удзелам: «Казка» (у аўтарскай рэдакцыі 2024 года) і «Сонца» Аляксандра Сакурава, «Хлопчык рускі» яго вучня Аляксандра Залатухіна. Аднак 7 сакавіка ў Facebook-акаўнце ўстановы з’явілася паведамленне пра адмену мерапрыемства «з тэхнічных прычын». Як пазней пракаментаваў Аляксандр Сакураў, прычыны адмены не былі «тэхнічнымі»: на яго прыезд паскардзіўся адзін з самых адыёзных прапагандыстаў краіны – тэлевядоўца Грыгорый Азаронак.

У Гомелі арганізатары не атрымалі дазволу на правядзенне 8-га фестывалю касплэю «FreeTime-Fest», які быў запланаваны на 11 траўня. «Акрамя ўсё больш складанай сістэмы афармлення грамадска-культурнага мерапрыемства ствараецца адчуванне, што творчыя мерапрыемствы нашага кірунку не ў фаворы» – гаворыцца на старонцы фестывалю ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Летась фестываль таксама не быў ухвалены Мінкультам.

МАТЭРЫЯЛЫ НА ТЭМУ КУЛЬТУРЫ, ПРЫЗНАНЫЯ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»

У першым квартале 2024 года Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс «экстрэмісцкіх» не менш за матэрыялаў на тэму культуры, гісторыі, беларускай мовы, а таксама сацыяльных сетак беларускіх дзеячаў культуры. Гэты спіс не вычарпальны – не ўсе матэрыялы мы можам ідэнтыфікаваць як культурныя або датычныя дзеячаў культуры, нейкія са старонак ужо выдалены. Варта адзначыць, што прызнанне іх судамі «экстрэмісцкімі» не мае нейкай выразнай сістэмы: акрамя таго, што ў большасці сваёй гэта матэрыялы апанентаў рэжыму або матэрыялы з пратэснай сімволікай, час ад часу яны дублююцца ці спачатку адны старонкі дзеячаў культуры ў сацсетках могуць быць прызнаны «экстрэмісцкімі», праз нейкі час – наступныя, трапляюць у іх лік і рэсурсы, якія даўно не падтрымліваюцца. Новы справаздачны перыяд адзначаны ўнясеннем у забаронены спіс Міністэрства інфармацыі электроннай пошты. 13 лютага 2024 года рашэннем суда Ленінскага раёна горада Гродна былі прызнаны «экстрэмісцкімі» сацыяльныя сеткі незалежнай тэатральнай трупы «Купалаўцы» – калектыву, што складаецца з былых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія працягваюць сваю справу ў эміграцыі: акаўнты ў Facebook, Instagram, на анлайн-платформе SoundCloud (старонкі не існуе), YouTube-канал, лагатып калектыву і нават электронная пошта kupalaucy@gmail.com.

З таго, што яшчэ хацелася б згадаць:

  • Instagram-старонка Беларускага ПЭНа;

  • Instagram-старонка Рэсурснага цэнтра Беларускай Рады культуры;

  • 17 Instagram-акаўнтаў курсаў беларускай мовы «Мова нанова» ў розных гарадах Беларусі і замежжа;

  • навінавы партал «Reformation» – www.reform.by, які надае шмат увагі пытанням культуры;

  • інтэрнэт-рэсурс польскай супольнасці pl (да нядаўняга часу – партал Саюза палякаў Беларусі);

  • відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі»;

  • музычная кампазіцыя «10 мільёнаў рабоў» гурта «Дай Дарогу!»;

  • артыкул у нямецкай газеце taz.de «Наш Пушкін» пра смерць у турме 11 ліпеня 2023 года палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна;

  • Facebook-старонка прыхільнікаў фестывалю незалежнага беларускага кіно «Bulbamovie»;

  • Telegram-канал падтрымкі беларускіх дзеячаў культуры ў Варшаве «Дом Творцаў»;

  • Telegram-канал ініцыятывы людзей, «якія любяць спяваць разам», – «Спеўны сход»;

  • Telegram-канал гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана «FRIEDMAN»;

  • Telegram-канал пра гісторыю габрэяў і савецка-ізраільскія адносіны «Пяты пункт»;

  • старонка ў «Аднакласніках» групы аматараў гісторыі, культуры, мовы Беларусі «Клуб “Пагоня-2016″» («Група Аматараў Гісторыі, Культуры, Мовы Беларусі “Пагоня-2016″»);

  • адна ці некалькі старонак у сацыяльных сетках мастака і акцыяніста Уладзіслава Бохана, музыкі Ціма Суладзэ, мастачкі Вольгі Якубоўскай, опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук, музыкі і журналісткі Кацярыны Пытлевай,

  • і іншыя.

Акрамя таго, у спісе кніг – мастацкіх, гістарычных і навуковых прац – ужо 46 пунктаў (на момант публікацыі матэрыялу). Цягам першага квартала 2024 года мы папоўнілі яго трыма выданнямі з унесеных Міністэрствам інфармацыі ў пералік «экстрэмісцкіх»: «Россия, которой не было: загадки, версии, гипотезы» Аляксандра Бушкова; «Военная символика белорусов. Знамена и мундиры» Віктара Ляхара і «Адольф Гитлер» Джона Толанда, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі і самага вядомага біёграфа дыктатара нацысцкай Германіі. Яшчэ пару кніг пра Гітлера, а таксама кніг рэлігійнага кшталту мы не ўлічвалі праз іх магчымую неадназначнасць.

Таксама адзначым наступную тэндэнцыю. З пэўнай рэгулярнасцю ў сетцы з’яўляюцца паведамленні пра тое, што пракуратура выявіла факты прапаноў да набыцця кніжных выданняў, уключаных у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», і запатрабавала прыбраць гэтыя кнігі з продажу. Здараюцца і сітуацыі адміністрацыйнага пераследу людзей за падпіску ў сацсетках на старонкі дзеячаў культуры або супольнасці культурнага сектара, прызнаныя «экстрэмісцкімі». Мы не ўключаем гэтыя факты ў агульную статыстыку парушэнняў – у прыватнасці, з прычыны іх няпоўнай адпаведнасці метадалогіі маніторынгу. Тым не менш гэта важная тэндэнцыя, якая закранае, нароўні з парушэннем правоў на свабоду выказвання і свабоду распаўсюду інфармацыі, культурныя правы.

ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У першыя дні студзеня ўступіла ў сілу Пастанова Савета Міністраў «Аб Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024–2026 гады». Так, з мэтай супрацьстаяць «глабалізацыі», «вестэрнізацыі сучаснай культуры», «культурным прадуктам, створаным на аснове замежных поглядаў і каштоўнасцяў» Міністэрства культуры склала план з больш чым 500 культурных, грамадскіх, адукацыйных і іншых мерапрыемстваў, якія пройдуць ва ўсёй краіне. Адным з вынікаў такой працы, на думку распрацоўшчыкаў канцэпцыі, будзе захаванне адзінства беларускага народа і забеспячэнне далейшай кансалідацыі беларускага грамадства. Паказчыкамі выніковасці яе рэалізацыі будуць «сфармаванае ў насельніцтва шанаванне дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь» і «павелічэнне ахопу насельніцтва мерапрыемствамі, якія фармуюць патрыятычныя каштоўнасныя арыентацыі».

У ідэалогіі, якую прасоўвае дзяржава, тэмы генацыду беларускага народа заходнім светам і ўніфікацыі гістарычнай навукі Беларусі з расійскай займаюць адно з цэнтральных месцаў. 80-годдзе вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сталася вельмі дарэчным – пад эгідай гэтай падзеі ў 2024 годзе пройдзе вялікая колькасць патрыятычных мерапрыемстваў: ужо стартаваў Усебеларускі патрыятычны праект «Памяць пакаленняў у імя будучыні», запланаваны кінапраекты для розных узроставых груп, музейныя экспазіцыі, у школах адкрываюцца новыя вайскова-патрыятычныя класы. Таксама створана супольная расійска-беларуская камісія па гісторыі«бакі будуць супрацоўнічаць у каардынацыі намаганняў у абароне гістарычнай праўды, захаванні памяці пра супольную гісторыю Беларусі і Расіі, уключаючы яе адлюстраванне ў вучэбнай літаратуры».

У русіфікацыі Беларусі сфера культуры займае асаблівае месца. Агенцтва «Рассупрацоўніцтва» адкрыла яшчэ адзін – чацвёрты – цэнтр культуры і навукі «Рускі дом», цяпер у Гродне; працягваюць падпісвацца шматлікія расійска-беларускія пагадненні пра супрацоўніцтва і супольныя праекты паміж установамі культуры і адукацыі; абмяркоўваецца прапанова сфармаваць агульны спіс культурнай спадчыны Саюзнай дзяржавы; «уражвае прысутнасць расійскіх кніжных выдавецтваў» на XXXI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе – гэта толькі некалькі прыкладаў русіфікацыі сферы культуры краіны. «Я звярнуў увагу, што ўсе нашыя школы – музычныя, мастацкія, агульнаадукацыйныя – у іх адбываюцца нейкія беларуска-расійскія праекты. То смаленскія школьнікі разам з віцебскімі штосьці намалявалі, то нейкія карацісты з Пермі прыехалі, то з Улан-Удэ дэлегацыя. А ўся інтэграцыйная гісторыя з мастакамі адбываецца ў краязнаўчым музеі – там выстаўляецца адна гжэль і хахлама, у ларку ў краязнаўчым прадаюцца агромныя матрошкі. Акадэмія мастацтваў Піцера робіць у нас розныя праекты. Калі гэта і прысутнічала ў нейкай ступені да вайны, то не так навязліва – цяпер гэта проста немагчыма абмінуць» [3].

Дэкларуючы ў Канцэпцыі задачу «забяспечыць далейшую кансалідацыю беларускага грамадства», рэжым крыміналізуе сувязі паміж тым, хто з’ехаў і хто застаўся, ачарняе дэмакратычныя сілы ў выгнанні, іх прыхільнікаў і беларусаў, якія эмігравалі з палітычных матываў. Адна з цяперашніх тэндэнцый – дыфамацыя і пераслед беларусаў замежжа, у прыватнасці, Польшчы і Літвы, правакацыі на тэме ліцвінізму, прызнанне беларускіх дыяспар «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Культура абслугоўвае палітычныя працэсы. Адной з задач, якія выконваюцца арганізацыямі сферы ў першым квартале гэтага года, было забяспечыць «культурнае суправаджэнне выбарчай кампаніі» – выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых скліканняў. Навінавая стужка Telegram-канала Міністэрства культуры стракацела заклікамі да працаўнікоў сферы ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, а 25 лютага, у адзіны дзень галасавання, – відэасправаздачамі пра выставы і выступы творчых калектываў на выбарчых участках.

Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры шмат у чым будуецца на практыках савецкага перыяду: конкурсы дзяржаўнага сацыяльна-творчага заказу; планы на выпуск сацыяльна значнай літаратуры; рассыланне лістоў з патрабаваннямі зладзіць тэматычныя мерапрыемствы; пашырэнне аўдыторыі гледачоў за кошт прымусовага размеркавання білетаў сярод ведамстваў, устаноў і прадпрыемстваў; суботнікі; пасяджэнні саветаў, праца рознага роду камісій і г. д.

У краіне, дзе працягваюцца рэпрэсіі і іх інстытуцыяналізацыя, выштурхоўванне палітычна «ненадзейных» прафесіяналаў сваёй справы, ачарненне нацыянальных дзеячаў і сімвалаў, палярызацыя дзяржаўнай і незалежнай культур, рэгламентацыя, а нярэдка і крыміналізацыя апошняй, Міністэрства культуры ставіць перад галіной «важныя і амбітныя задачы, якія будуць спрыяць паспяховай рэалізацыі мэтаў правядзення Года якасці» (пад такім знакам праходзіць у Беларусі 2024 год).

ВЫСНОВЫ

Заява Лукашэнкі, зробленая ў пачатку студзеня 2024 года пра тое, што ў Беларусі «ніхто нікога душыць за творчасць не будзе», не адпавядае рэчаіснасці. Станам на канец сакавіка ў зняволенні або на «хатняй хіміі» было не менш за 158 дзеячаў культуры, якія пераследуюцца як за сваю грамадзянскую пазіцыю, так і за творчасць: музыкі «Nizkiz» былі затрыманы за песні, мастачка Ганна Крук – за дэманстрацыю карціны; дырэктар тэатра Сяргей Пукіт звольнены за кампазіцыю, што прагучала са сцэны; у дачыненні да Сяргея Верамеенкі пачата працэдура спецыяльнага вядзення за папулярызацыю беларускай нацыянальнай сімволікі.

Рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры працягваюцца і адбываюцца штодня. «Культура – гэта палітыка», – сказала адна з самых яркіх прадстаўніц наменклатуры ў гэтай сферы Ірына Дрыга. Усяго пасля падзей 2020 года асудзілі не менш за 259 дзеячаў культуры; вядомыя імёны 428 дзеячаў і працаўнікоў культуры, звольненых паводле палітычных матываў; у прымусовым парадку ліквідавалі не менш за 237 грамадскіх аб’яднанняў, якія мелі дачыненне да гэтай сферы. У сённяшніх рэаліях перад беларускай культурай у цэлым і дзеячамі культуры ў прыватнасці стаіць няпростая задача самазахавання.

∗∗∗

[1] Сяргей Дубавец – аўтар кніг «Практыкаванні» (1991), «Русская книга» (1997), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009), «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» (2012), «Errata: як што называецца, так і адбываецца» (2013), «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (2014), «Д’ябал запрэжаны ў плуг» (2018), «Тантамарэскі. Гісторыя аднаго працэсу» (2019).

[2] У 2022 годзе новай дырэктаркай была прызначана Ганна Галінская, якая прыйшла на месца Алены Ляшковіч, звольненай паводле палітычных матываў у траўні 2022-га.

[3] Цытата з непублічнага інтэрв’ю з дзеячам культуры.

Арыгінальная публікацыя

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці