Без права на абарону. Як у Беларусі пераследуюць адвакатаў і да чаго прывядзе пераслед

29 November 2022, 1:58 PM
Без права на абарону. Як у Беларусі пераследуюць адвакатаў і да чаго прывядзе пераслед

"Вясна" зрабіла вялікі матэрыял пра пераслед адвакатаў у Беларусі. Публікуем яго цалкам.


Без права на абарону  тое, што можа чакаць беларусаў у бліжэйшай будучыні, калі рухавік рэпрэсій супраць адвакатаў будзе працаваць з такой жа магутнасцю, як апошнія два гады. У Беларусі адвакаты  адзіныя, хто можа патрапіць да палітвязняў і затрыманых, і то не заўсёды. Ужо не сакрэт, што многія адвакаты наўпрост адмаўляюцца працаваць па "палітычных" справах. "Лепш бы ён забіў каго-небудзь",  казаў адвакат сваякам аднаго з палітвязняў. "Журналісты, адвакаты — гэта самыя дрэнныя людзі ў свеце",  крычаў начальнік калоніі журналісту "Радыё Свабода" Алегу Груздзіловічу. Цяпер у Беларусі налічваецца шэсць палітзняволеных адвакатаў, некаторыя сталі фігурантамі крымінальных і адміністрацыйных справаў, не менш за 70 адвакатаў пазбаўлены ліцэнзій, каля 250 самі прынялі рашэнне сысці з адвакатуры пасля падзеяў 2020 года. Прыводзім хроніку пераследу адвакатаў і палітзняволеных абаронцаў, а юрыст "Вясны" Павел Сапелка, якога ў 2011 годзе таксама пазбавілі ліцэнзіі, распавядае, якія наступствы такі ціск можа мець для ўсіх беларусаў.

advakaty_palitviazni.jpegПалітзняволеныя адвакаты Беларусі

Цяпер у няволі ўтрымліваюцца мінімум шэсць адвакатаў: хроніка палітычнага пераследу

Максім Знак — першы затрыманы ў межах крымінальнай справы адвакат 

Фота: gazetaby.comМаксім Знак, Марыя Калеснікава і Ілля Салей

Самы гучны і вядомы выпадак пераследу адваката ў Беларусі — гэта гісторыя палітзняволенага Максіма Знака, якога затрымалі па "справе Каардынацыйнай Рады" 9 верасня 2020 года з Марыяй Калеснікавай і яе адвакатам Іллём Салеем. Іллю пратрымалі ў СІЗА паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) месяц, а вось Максіма і Марыю асудзілі да вялікіх турэмных тэрмінаў.

6 верасня 2021 Мінскі абласны суд пасля месяцу разгляду крымінальнай справы вынес прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Суддзя Сяргей Епіхаў прызнаў іх вінаватымі ў закрытым рэжыме па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў Максіма Знака да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а Марыю – да 11 гадоў пазбаўлення волі. 

24 снежня 2021 Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу і пакінуў прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку без зменаў. На пачатку студзеня 2022 года стала вядома, што Максім быў пераведзены ў папраўчую калонію № 3 (Віцьба). Там ён працуе на швейнай вытворчасці і зарабляе вельмі малыя грошы.

«Пра заробкі свае я не пісаў, бо баяўся, што не паверыш, палічыш, што маню. Але ўсё па-сапраўднаму, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што адданая праца прыводзіць да выдатных вынікаў. Уяві толькі, мой заробак падняўся амаль у 18 разоў. Гэта не жартачкі, а сапраўдны цуд! Апошнія тры месяцы я зарабляў крыху больш за 3 рублі на месяц! Спадзяюся, вы мной будзеце ганарыцца. Але як працуе тут сістэма я дагэтуль не разумею. Можа хутка зноў будзе 17 капеек – так склалася», – напісаў у жніўні палітвязень.

У траўні 2022 года ААН прызнала зняволенне Максіма Знака неправамерным, а КДБ у сваю чаргу ўнес яго ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".

У Сусветны дзень пісьменніка ў зняволенні ў праваабарончай серыі "Беларуская турэмная літаратура" была прэзентаваная кніга Максіма Знака "Зэкамерон".

"І хоць Максім Знак па прафесіі юрыст і да зняволення працаваў адвакатам, ён не цураўся вершаў, спяваў, а напісаны ў турэмных сценах празаічны твор сведчыць пра ягоны выдатны літаратурны густ і талент",  адзначае рэдактарка серыі турэмнай літаратуры.

Людміла Казак

У верасні 2020 года ў Мінску затрымлівалі яшчэ адну адвакатку Марыі Калеснікавай — Людмілу Казак. Пасля ночы ў ІЧУ ёй прызначылі штраф за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі ў памеры 25 базавых велічыняў (675 рублёў), хаця адвакатку фактычна выкралі на вуліцы трое мужчын.

Але нават у ІЧУ Людміла працягвала дапамагаць затрыманым абараняць сябе. Калі Людміла выйшла з ізалятара на Акрэсціна, то прадэманстравала журналістам скаргу, напісаную на кавалку тканіны (бо паперы для скаргі не далі), ад адной з сукамерніц — Наталлі Хершэ, якую тады яшчэ адразу арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у жаночым Маршы і потым асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі за сарваную балаклаву з амапаўца. Яна была вызваленая раней за тэрмін дзякуючы намаганням Амбасады Швейцарыі. 

kazak_hershe.jpegЛюдміла Казак пасля ночы ў ІЧУ дэманструе скаргу Наталлі Хершэ на тканіне

У 2021 годзе адвакаты Максім Знак і Людміла Казак сталі лаўрэатамі прэстыжнай прэміі Lawyers for Lawyers.


Масавы пераслед адвакатаў паводле адміністрацыйных і крымінальных справаў пачаўся ў 2022 годзе. Супраць адвакатаў узбуджаюць крымінальныя справы за "зліў дадзеных сілавікоў" паводле арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), за ўдзел у Маршах паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), за "заклікі да санкцый" паводле арт. 361 КК, за "сайдзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 361-4 КК, за "разгалошванне дадзеных" паводле арт. 407 КК.

Аляксандр Данілевіч 

Аляксандр Данілевіч

20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы затрымалі адваката Аляксандра Данілевіча. Пэўны час сутнасць справы не была вядомая, аднак пазней высветлілася, што Данілевіча абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў, якія асуджалі ваенныя дзеянні расейскіх войскаў ва Украіне і заклікалі спыніць іх. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 год выкладаў на факультэце міжнародных адносін.

Дата суда над Данілевічам пакуль не прызначаная.

Віталь Брагінец

Віталь Брагінец

Праз тры дні пасля затрымання Данілевіча — 23 траўня — затрымалі адваката Віталя Брагінца. Ён таксама абараняў старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. Яго спачатку двойчы запар арыштавалі на 15 сутак, а потым затрымалі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Былы арыштант распавёў, што некаторы час у камеры на Акрэсціна прабыў з адвакатам:

"Віталь малайчына, трымаўся бадзёра. Ён ніколі нікому не адмаўляў у кансультацыі на месцы. Але ён таксама амаль страціў голас ад хваробы. Віталь распавядаў, як абсурдна яго арыштавалі: проста перад тым, як яму трэба было ехаць да кліента. Здаецца, гэта быў КДБ і мусіў ехаць у СІЗА КДБ.

У дзень вызвалення яго забралі зранку з камеры. А выходзіць яму трэба было пасля абеду. Мы зразумелі, што гэта нядобры знак".

Калі адбудзецца суд над Брагінцам — невядома.

Анастасія Лазарэнка 

Адвакатку Анастасію Лазарэнку затрымалі 2 чэрвеня — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Сілавікі прыехалі да жанчыны з аўтаматамі і ў бронекамізэльках, яны залезлі ў вокны і выламалі дзверы. Супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса за "перадачу дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы". Ужо шосты месяц яна ўтрымліваецца ў СІЗА на Валадарскага. На волі ў яе засталіся сталы бацька і 19-гадовы сын, які з 16 год пакутуе на хваробу Крона. 

"Трымаецца годна!" — сябар адвакаткі Анастасіі Лазарэнка распавёў пра палітзняволеную

Сябар Анастасіі распавёў "Вясне" пра ейныя захапленні, сям’ю і настрой пасля затрымання.

Юлія Юргілевіч

Юлія Юргілевіч

30 жніўня па вяртанні ў Беларусь з Польшчы была затрыманая гродзенская адвакатка Юлія Юргілевіч. Яна працавала адвакаткай амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязняў мастака Алеся Пушкіна, студэнта Арцёма Баярскага, музыку Ігара Банцэра, сына святара Андрэя Аўсіевіча23 лютага 2022 года яе выключылі са складу Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў за "сістэматычныя парушэнні заканадаўства". Адвакатка ў лютым з'ехала з Беларусі, але вярнулася ў Гродна, дзе і была затрымана. Юлія ўтрымліваецца пад вартай у гродзенскай турме.

Па папярэдняй інфармацыі, Юлію вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4 КК). 17 кастрычніка перад працэсам па "справе Аўтуховіча" была затрыманая маці Юліі адвакатка Яніна Юргілевіч, якая абараняла аднаго з членаў сям'і Рэзановіч. Увечары яе адпусцілі. Прычына затрымання невядомая.

Міхаіл Макараў 

13 верасня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне "групы адвакатаў". Гэта Міхаіл Макараў, Анастасія Сагановіч, Вікторыя Гулькова. Тады паведамлялася, што Міхаіл і Анастасія перадавалі "экстрэмісцкім" тэлеграм-каналам персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, СК, пракуратуры і суддзяў. Затрыманне адвакатаў сілавікі звязвалі з абаронай палітвязняў па "справе Рэвалюцыйнага дзеяння", хаця Сагановіч не працавала па гэтай справе. Міхаіл Макараў абараняў палітвязня Мікіту Дранца. Пасля гэтага трох адвакатаў арыштавалі на 15 сутак, якія яны адбывалі ў ІЧУ на Акрэсціна. Пасля 15-сутачнага арышту Анастасія была адпушчана на волю, падрабязнасці пра яе крымінальны пераслед і статус невядомыя.

Вядома, што адвакатку Вікторыю Гулькову яшчэ раз пераарыштоўвалі, але цяпер яна на волі. 

Пасля адміністрацыйнага арышту Міхаілу Макараву выставілі абвінавачванне і перавялі ў СІЗА-1, дзе ён знаходзіцца ўжо амаль два месяцы. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуецца арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным. Дата суда над Міхаілам пакуль невядомая.

Крымінальны і адміністрацыйны пераслед адвакатаў

Фігурантамі двух крымінальных справаў сталі яшчэ два адваката Андрэй Мачалаў і Дзмітрый Пігуль. У судзе Ленінскага раёна Мінска 16 чэрвеня 2022 года агучылі прысуд па крымінальнай справе супраць былога адваката Андрэя Мачалава. Ён абараняў палітзняволеную журналістку Кацярыну Барысевіч і шматдзетную маці Вольгу Залатар, пра катаванні якой распавёў СМІ, што выклікала вялікі грамадскі рэзананс. Суддзя Таццяна Шоцік прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 380 Крымінальнага кодэкса — адвакат удзельнічаў у крымінальным працэсе, хоць нібыта ведаў, што ўжо быў выключаны з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Былому адвакату прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"). Адвакат Мачалава Віталь Брагінец не змог патрапіць на ніводны працэс свайго падабароннага, бо яго ўтрымлівалі на "сутках". Цяпер Віталь утрымліваецца ў СІЗА ў межах крымінальнай справы, а Андрэй чакае накіравання на "хімію". 13 верасня ў Мінскім гарадскім судзе прысуд пакінулі без зменаў.

Адвакат Дзмітрый Пігуль быў затрыманы 28 верасня 2022 года супрацоўнікамі КДБ. Яго затрымалі паводле па арт. 407 КК (разгалошванне дадзеных папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння). У СІЗА КДБ яго пратрымалі трое сутак і выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Пігуль быў адвакатам на працэсе па справе "Буслы ляцяць", фігурантам якой вынеслі жорсткія прысуды. Акрамя гэтага, ён абараняў палітзняволеную Алену Маліноўскую, якая была асуджана разам з Анатолем Латушкам, а таксама палітвязня Арцёма Анішчука.

2 верасня на "суткі" кідалі Уладзіміра Ангельскага — адваката Мінскай абласной калегіі адвакатаў. Да гэтага працаваў у адвакацкім бюро "РЕВЕРА", а таксама быў партнёрам у адвакацкім бюро "Брагінец і Партнёры". 2 верасня суд Маскоўскага раёна Мінска арыштаваў Ангельскага на 14 сутак за "непадпарадкаванне міліцыі" (артыкул 24.3 КаАП). Цяпер ён на волі.

Не менш за 70 адвакатаў з 2020 года пазбаўленыя ліцэнзій

Паводле інфармацыі праекту "Права на абарону", з пачатку 2020 года па верасень 2022 года не менш за 70 адвакатаў пазбаўленыя свайго статусу. Сярод іх такія вядомыя адвакаты, якія выступалі па гучных справах супраць палітвязняў, як Наталля Мацкевіч, Дзмітрый Лаеўскі, Аляксандр Пыльчанка, Сяргей Зікрацкі, Антон Гашынскі, Яўген Маслаў, Марыя Калесова-Гудзіліна, Аляксей Дравіца, Максім Конанаў, Яўген Пыльчанка і шмат іншых.

1 снежня 2022 года яшчэ тры адвакаты выкліканыя ў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі для праходжання пазачарговай пераатэстацыі. Усе яны ўдзельнічаюць у палітычных матываваных працэсах. Гэта Уладзімір Пыльчанка, Дзмітрый Пігуль і Віктар Мацкевіч. Уладзімір Пыльчанка з'яўляецца адвакатам палітзняволеных Марыі КалеснікавайЭдуарда Бабарыкі, Ірыны СлаўнікавайКацярыны БахвалавайЛявона Халатрана і іншых. Віктар Мацкевіч з'яўляецца адвакатам Алеся Бяляцкага, Сяргея ЦіханоўскагаІгара АліневічаАкіхіра Гаеўскага-ХанадаЯўгена ЮшкевічаВіктара Бабарыкі.

Трэцяга лістапада Мінюст правёў кваліфікацыйную камісію па пытаннях адвакацкай дзейнасці, дзе пазбавіў ліцэнзіі адразу 14 адвакатаў. Сярод іх і тыя, каго нядаўна затрымлівалі. Гэта Анастасія Сагановіч, Міхаіл Макараў, Вікторыя Гулькова і Уладзімір Ангельскі. Афіцыйная прычына – "прымяненне да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з тэрытарыяльных калегій адвакатаў за здзяйсненне правін, несумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру)".

Адвакацкі чат — "экстрэмісцкае фармаванне"

Яшчэ адна форма ціску на адвакатаў — запіс іх у "экстрэмісты". 9 верасня 2022 года МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" Telegram-чат "Беларускiя Адвакаты" (да 19 лістапада 2020 года — "Самые настоящие адвокаты"). Цяпер гэтая суполка афіцыйна забаронена, а ўдзел у гэты чаце можа пацягнуць крымінальную адказнасць.

Якія наступствы для беларусаў можа мець такі ціск на адвакатаў?

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка, які ў свой час (травень 2011 года) таксама быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі за абарону кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, адзначае, што пераслед адвакатаў адаб'ецца на ўсіх грамадзянах:

Павел Сапелка

"Пра самыя відавочныя наступствы гаворыцца шмат – гэта разбурэнне інстытута сапраўднай адвакатуры. Гэта здаецца, што ў першую чаргу адбіваецца на саміх адвакатах. Аднак – не, галоўная мэта – гэта мы, грамадзяне, якія губляем свае гарантаваныя правы. Мы даведаемся пра гэта не адразу, а тады, калі спатрэбіцца добры прафесіянал-юрыст, які свабодна і без усялякага ціску ажыццяўляе свае правы і абараняе правы кліента. І тады стане зразумела, што адвакатура цяпер – гэта не самае прывабнае месца для высокапрафесійных юрыстаў, а сумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў для многіх адвакатаў стала прамой дарогай да пазбаўлення статусу. Таму тым, хто застаўся, прасцей фармальна прысутнічаць пры кліенце, не ўвязваючыся ў працэсуальныя канфлікты, назіраючы за пацвярджэннем сваіх высноваў – чарговымі выпадкамі пазбаўлення ліцэнзій або выключэннем з калегій тых, хто захаваў сумленне і прафесійны гонар".

"Прыкметаў таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, не назіраецца".

Міхаіл Баднарчук, былы адвакат і абаронца аднаго з "дыджэяў пераменаў" Уладзіслава Сакалоўскага і журналісткі Кацярыны Барысевіч, які быў вымушаны пакінуць краіну, распавёў у верасні на Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве пра рэпрэсіі і механізмы ціску ў беларускай адвакатуры:

ама сістэма органаў адвакацкага самакіравання фактычна з'яўляецца часткай карнага механізму. На сённяшні дзень увесь час патрабуецца пацверджанне сваёй лаяльнасці дзейснаму рэжыму: падпісанне розных лістоў, удзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах, узгадненне адказаў на пытанні журналістам.

Карціна складаецца вельмі сумная і прыкметаў таго, што сітуацыя будзе мяняцца ў лепшы бок, не назіраецца".

Як можна падтрымаць палітзняволеных адвакатаў?

На дадзены момант пад вартай знаходзяцца пяць адвакатаў. Іх можна падтрымаць лістамі, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі і пасылкамі.

  • СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Міхаіл Юр'евіч Макараў, Віталь Фёдаравіч Брагінец, Анастасія Уладзіміраўна Лазарэнка, Аляксандр Станіслававіч Данілевіч

  • Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Юлія Пятроўна Юргілевіч

Максім Знак ужо знаходзіцца ў калоніі, таму яго можна падтрымаць толькі лістамі (лепей заказнымі) і тэлеграмамі:

  • ПК № 3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Максім Аляксандравіч Знак

Матэрыял з сайту "Вясны"

See more news

Вакансія: Мэнэджэр накірунку "Абарона і падтрымка"
27 January 2023, 11:28 AM
Вакансія: Мэнэджэр накірунку "Абарона і падтрымка"
Мэнэджэр мае адказваць за планаванне, развіццё, агульную каардынацыю і рэалізацыю дзейнасці ў пазначаным накірунку, які ўключае некалькі больш вузкіх паднакірункаў.
Научный онлайн-семинар о выходе Беларуси из Факультативного протокола к Пакту о гражданских и политических правах
26 January 2023, 1:00 PM
Научный онлайн-семинар о выходе Беларуси из Факультативного протокола к Пакту о гражданских и политических правах
Центр Конституционализма и прав человека  в рамках цикла научных семинаров приглашает на первый научный семинар.
Новае відэа "Прававой ініцыятывы": "Права на жыццё"
24 January 2023, 11:58 AM
Новае відэа "Прававой ініцыятывы": "Права на жыццё"
Праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва" запісала чарговы відэаролік, дзе папулярна тлумачыцца змест права на жыццё.
Руководство для иностранных граждан по организации работы в Литве Представляем вашему вниманию Руководство для иностранных гра
23 January 2023, 1:15 PM
Руководство для иностранных граждан по организации работы в Литве Представляем вашему вниманию Руководство для иностранных гра
Руководство подготовлено экспертами Института НПО Права (VšĮ „NVO teisės institutas) при поддержке Международного центра некоммерческого права (МЦНП).

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці