Ці магчыма абараніць правы чалавека ва ўмовах «скасаванага права»? Дыскусія аб кнізе «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах»

15 July 2026, 9:45 AM
Ці магчыма абараніць правы чалавека ва ўмовах «скасаванага права»? Дыскусія аб кнізе «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах»

27 чэрвеня ў Вільні адбылася прэзэнтацыя кнігі Сабіны Брыло «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага перасьледу ў фактах і дакумэнтах» і дыскусія пра палітычны й прававы кантэкст гэтай справы. Сустрэчу зладзілі Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава й праграма ILIA-By у Доме нацыянальных супольнасьцяў / Tautinių bendrijų namai.

Назва сустрэчы гучала як пытаньне: «Ці магчыма абараніць правы чалавека ва ўмовах “скасаванага права”?» Менавіта гэтае пытаньне стала галоўнай рамкай вечара. Бо кніга Сабіны Брыло – ня толькі пра Віктара Бабарыку й ня толькі пра адзін судовы працэс. Гэта кніга пра тое, што адбываецца з чалавекам, калі дзяржава ператварае права ў інструмэнт рэпрэсіяў. І пра тое, што могуць рабіць адвакаты, праваабаронцы, журналісты і грамадзтва, калі закон ужо не абараняе, а пагражае.

Праца над кнігай пачалася ў 2024 годзе й працягвалася два гады. Праект ініцыявалі выпускнікі адукацыйнай праграмы ILIA-By і яе праекта BISH. У ім разам працавалі журналістка й адвакаты – людзі з розных прафэсійных сфэраў, але з з агульным разуменнем важнасці дакументавання: ня толькі для архіваў, але й для актуальных дыскурсаў – культурнага, праваабарончага, палітычнага. 

Кніга выйшла ў траўні 2026 году ў выдавецтве Svedki й была ўпершыню прэзэнтаваная на кніжным кірмашы ў Варшаве. Віленская сустрэча дала магчымасьць пагаварыць пра яе ўжо ў шырэйшым коле – з удзелам выпускнікоў ILIA-By, праваабаронцаў, журналістаў, прадстаўнікоў адукацыйных ініцыятываў і грамадзкіх арганізацыяў.

У прэзэнтацыі ўзялі ўдзел аўтарка кнігі Сабіна Брыло, Віктар Бабарыка, адвакат і суаўтар кнігі Яўген Пыльчанка, а таксама Натальля Мацкевіч – адвакатка Віктара Бабарыкі, аўтарка ідэі кнігі і яе суаўтарка. Мадэравала сустрэчу Тацяна Нядбай, кіраўніца Беларускага ПЭНа і выдавец.

На пачатку сустрэчы мадэратарка нагадала пра палітвязьняў – дзеячаў культуры, а таксама падзякавала Дому нацыянальных супольнасьцяў за пляцоўку для сустрэчы. Далей размова перайшла да самой кнігі: як яна стваралася, чаму была патрэбная і што значыць цяпер, калі беларускае грамадзтва ўсё яшчэ жыве з наступствамі масавых рэпрэсіяў.

Адна з галоўных думак, якая прагучала падчас прэзэнтацыі: гэтая кніга – пра правы чалавека. Яна паказвае справу Віктара Бабарыкі ня як ізаляваны выпадак, а як частку шырэйшай гісторыі разбурэньня прававой сыстэмы ў Беларусі. Праз адну крымінальную справу ў кнізе відаць значна больш: зьнішчэньне грамадзянскіх свабодаў, ціск на незалежную адвакатуру, перасьлед праваабаронцаў, абмежаваньне свабоды слова й ператварэньне суду ў элемэнт рэпрэсіўнага мэханізму.

Віктар Бабарыка падзякаваў праваабаронцам, аўтарам кнігі, журналістцы Сабіне Брыло і сваім адвакатам. Ён асобна зьвярнуў увагу на маштаб рэпрэсіяў у Беларусі супраць адвакатаў – прафэсійнай супольнасьці, безь якой немагчыма ўявіць прававую дзяржаву.

Сабіна Брыло расказала, што навучаньне ў праграме BISH дапамагло ёй як журналістцы працаваць з вялікім аб’ёмам прававога матэрыялу і выбудаваць супольную працу з адвакатамі. Для дакумэнтальнай кнігі такога кшталту гэта было асабліва важна: трэба было ня толькі зафіксаваць факты, але й паказаць іх у прававым і чалавечым кантэксьце.

Падчас дыскусіі ўдзельнікі гаварылі пра адказнасьць за масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, магчымую люстрацыю, гістарычную памяць і будучае пераходнае правасудзьдзе. Асобна абмяркоўвалася, чаму нават пасьля досьведу беззаконьня будучыя працэсы павінны грунтавацца не на помсьце, а на прынцыпах правоў чалавека і вяршэнства права.

Адна з удзельніц сустрэчы адзначыла, што беларускай палітычнай і судовай мэмуарыстыкі па-ранейшаму вельмі мала. Таму кнігі, якія фіксуюць канкрэтныя справы, судовыя працэсы, пазыцыі адвакатаў і досьвед людзей унутры рэпрэсіўнай сыстэмы, маюць асаблівую каштоўнасьць. Яны дапамагаюць грамадзтву асэнсоўваць уласную гісторыю – ня ў выглядзе абстрактных датаў, а праз чалавечыя лёсы і дакумэнты.

Пасьля афіцыйнай часткі адбылася аўтограф-сэсія й нефармальныя размовы.

Гэты вечар стаў ня толькі прэзэнтацыяй выданьня, але й размовай пра тое, навошта беларусам дакумэнтаваць уласны досьвед. Як сьведчаньні, факты й прафэсійная праца могуць супрацьстаяць забыцьцю. І пра тое, што нават ва ўмовах, калі права нібыта “скасаванае”, сама мова права, годнасьці і справядлівасьці застаецца вельмі патрэбнай.

Бо безь яе немагчыма ня толькі абараняць чалавека сёньня, але й будаваць будучую Беларусь.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Share

See more news

Вільня: Прэзэнтацыя кнігі «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах» і дыскусія
22 June 2026, 8:04 AM
Вільня: Прэзэнтацыя кнігі «Справа Віктара Бабарыкі. Хроніка палітычнага пераследу ў фактах і дакументах» і дыскусія
Сустрэча адбудзецца 27 чэрвеня, у суботу, а 18:00. Дом нацыянальных супольнасьцяў / Tautinių bendrijų namai. Raugyklos g. 25, Vilnius
Беларускі дом правоў чалавека і ILIA-By праводзяць апытанне пра правы чалавека і прафесійнае развіццё
29 May 2026, 9:06 AM
Беларускі дом правоў чалавека і ILIA-By праводзяць апытанне пра правы чалавека і прафесійнае развіццё
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава разам з адукацыйнай праграмай ILIA-By запрашаюць супрацоўнікаў і валанцёраў беларускіх грамадскіх арганізацый, актывістаў, студэнтаў і ўсіх зацікаўленых прайсці апытанне пра правы чалавека і прафесійнае развіццё.
Беларусский кейс в Международном уголовном суде. Какие преступления будет расследовать прокурор?
20 April 2026, 10:09 AM
Беларусский кейс в Международном уголовном суде. Какие преступления будет расследовать прокурор?
12 марта 2026 года Офис Прокурора Международного уголовного суда официально завершил предварительное изучение ситуации Беларусь-Литва и объявил об открытии расследования.
Профилактическое наблюдение и превентивный надзор как форма преследования
14 March 2026, 2:58 PM
Профилактическое наблюдение и превентивный надзор как форма преследования
Тенденцией развития пенитенциарной системы является гуманизация и осознание того, что жестким контролем, наказанием, надзором, преступность не искореняется.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці