У 2006 годзе, намаганнямі беларускіх праваабарончых арганізацый, у Вільні паўстаў Беларускі дом правоў чалавека. Адным з яго заснавальнікаў, актыўных стваральнікаў і аўтараў ідэі аб з'яўленні Дома быў праваабаронца Барыс Звозскаў.
На фота: Барыс Звозскаў
Дзесяць гадоў таму, у ноч з 16 на 17 чэрвеня 2012 года, пасля цяжкай хваробы ў веку 63 гадоў ён пакінуў гэты свет. Сёння БДПЧ носіць імя Барыса Звозскава – як прызнанне ягонай выключнай ролі ў стварэнні і развіцці праваабарончай супольнасці Беларусі.
На пачатку 1990-х гадоў Барыс Ігаравіч Звозскаў стаяў ля вытокаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі. Але паступова ён адыйшоў ад палітычнай дзейнасці і заняўся абаронай правоў чалавека.
У 1996 годзе стварыў арганізацыю “Прававая ініцыятыва”.
У 1997 годзе Барыс Звозскаў быў грамадскім абаронцам на працэсе Паўла Шарамета, якіога абвінавацілі ў незаконным пераходзе беларуска-літоўскай мяжы.
Акрамя справы Шарамета, Барыс Звозскаў шмат разоў выступаў у гучных палітычных працэсах як грамадскі абаронца. Дзмітры Завадскі, Мікола Статкевіч, Валер Шчукін - гэта далёка не поўны пералік імёнаў. Безумоўна, праваабаронца на судзе не можа супрацьстаяць рэпрэсіўнай судовай сістэме, дзе перамога ці параза не залежаць ад майстэрства і прафесіяналізма абаронцы. Але Барыс Звозскаў уважаў сваім абавязкам заяўляць аб сваім меркаванні, даваць экспертныя ацэнкі і, што найважнейшае, называць рэчы сваімі імёнамі.
У 2006 годзе Барыс Звозскаў як праваабаронца актыўна дапамагаў удзельнікам пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў.
Адной з мэтаў Барыса Звозскава была адукацыя беларускіх праваабаронцаў; дзеля гэтага яны з Людмілай Ульяшынай заснавалі праграму ILIA (International Law in Advocacy), і на яе курсах дзясяткі праваабаронцаў, юрыстаў, адвакатаў і грамадскіх актывістаў навучыліся прымяняць нормы міжнароднага права правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
"Гэта быў сапраўды вялікі чалавек. І дзякуючы яму беларускі праваабарончы рух мае сваю нацыянальную школу падрыхтоўкі кадраў; школу вельмі высокага ўзроўня" - так адгукаецца пра Барыса Звозскава Алег Агееў, які прыйшоў у праваабарону з адвакатуры і прайшоў курсы, арганізаваныя Звозскавым.
Мы публікуем артыкул, дзе сябры, калегі і вучні ўзгадваюць Барыса Ігаравіча: расказваюць, якім ён быў чалавекам і які ўнёсак зрабіў у адукацыю праваабаронцаў, укараненне стандартаў правоў чалавека ў Беларусі і ў развіццё беларускага грамадства.
Сярод аўтараў успамінаў двое нашых калег-праваабаронцаў знаходзяцца ў зняволенні. Гэта Алесь Бяляцкі, паплечнік Барыса Звозскава, і Леанід Судаленка, які ўважае Барыса Звозскава сваім настаўнікам.
На фота: Алесь Бяляцкі
«Барыс Звозскаў быў надзейным паплечнікам, неверагодна сьціплым і сумленным чалавекам. Ягоная дакладнасьць і далікатнасьць як у вялікіх, так і ў дробных справах заўсёды дысцыплінавалі і былі прыкладам для мяне. Хаця я часам перапыняў яго, не даваў яму выказацца да канца. Ён, як старэйшы векам і мудрэйшы, ніколі не папракнуў мяне, велікадушна дараваў маю нецярплівасьць».
На фота: Галіна Ўсцінава
«С 2007 по 2010 Борис был Президентом Дома прав человека. Но мало кто знает, как создавался этот Дом. Я помню выматывающие поездки в Вильнюс, когда ремонтировался и обустраивался Дом прав человека. Борис приезжал оттуда очень уставший. Казалось бы, для чего человеку нужно себя так изматывать? Сегодня у меня лишь один ответ – он искренне болел за свое детище – Дом прав человека и самоотверженно трудился на благо правозащиты».
На фота: Сяргей Усцінаў
«Борис Игоревич лично для меня был лидером мнений. Он был человеком чести и порядочности, если я задавал ему прямой вопрос, то всегда мог рассчитывать на взвешенный и честный ответ. Не знаю, есть ли сейчас такие люди, надеюсь где-то есть. Для меня путь в правозащиту открыл именно Борис Игоревич. Я считаю, что сегодняшней правозащите нужно равняться на этого человека».
На фота: Таццяна Равяка
«Барыс Ігаравіч – знакавая асоба для беларускай праваабарончай супольнасці. Ён вучыў, што правы чалавека – гэта частка міжнароднага права, проста актывізму недастаткова. Дзякуючы яго намаганням, міжнародныя стандарты правоў чалавека ўвайшлі ў беларускую праваабарону. Гэта прыўзняло беларускі праваабарончы рух і далучыла яго, як паўнавартасны сегмент, да міжнароднага. І мы сёння, дзякуючы гэтаму размаўляем на адной мове з калегамі па ўсім свеце.
Барыс Ігаравіч быў рухавіком стварэння Беларускага дома правоў чалавека. Ён быў тым, хто збіраў арганізацыі вакол ідэі ўтварэння Дома. Спачатку планавалі, што Дом будзе ў Менску; падалі дакументы на рэгістрацыю і – не атрымалі дазволу. Вялікая ўдзячнасць Барысу Ігаравічу, што адмова ў рэгістрацыі не пахавала саму ідэю Дома, не спыніла яго стварэнне. Выйсце знайшлося: Беларускі дом правоў чалавека адкрыўся ў Вільні; у выгнанні – але ён ёсць, ён дзейнічае дзеля развіцця і ўмацавання, дапамогі беларускім арганізацыям. І за тое, што Барыс Ігаравіч не спыніўся пры першай паразе, я вельмі ўдзячная яму і тым, хто разам з ім ствараў Дом».
На фота: Алег Мацкевіч
«Ён быў спакойны, разважлівы і заўсёды ўмеў выслухаць чалавека. Ніколі не выказваў негатыўныя эмоцыі. Мог даць параду, выказаць сваё меркаванне – спакойна. У маім разуменні Барыс Звозскаў – ідэальны праваабаронца. Ёсць праваабаронцы, якія выказваюць такія асабістыя думкі, ад якіх становіцца моташна. Ты думаеш: “Як гэты чалавек займаецца праваабаронай, калі ён кіпіць нянавісцю да людзей?” Калі ты займаешся праваабаронай, ты павінен быць як пастар; ставіцца да людзей з разуменнем.
Памятаю лекцыі Барыса Звозскава аб мірных сходах. Таксама ён распавядаў пра свой досвед станаўлення як праваабаронцы, як ён вучыўся ў Марэка Навіцкага (Марэк Навіцкі – польскі дысідэнт, праваабаронца). Мне вельмі шкада, што я мала ведаў гэтага чалавека. Так супала, што мы з Барысам Звозскавым пазнаёміліся ў 2010 годзе, і ён неўзабаве адыйшоў. Апрача сэсій і навучання, не давялося камунікаваць, хаця гэтага было дастаткова, каб паважаць яго. Я ўдзячны лёсу за тое, што я пазнаёміўся з Барысам Звозскавым. Бо для людзей, якія прыйшлі пасля мяне на праграму, Барыс Звозскаў – гэта партрэт на сцяне, а я ведаў яго асабіста».
На фота: Леанід Судаленка
Мы пазнаёміліся з ім недзе ў 2000-х гадах, калі ён прыяжджаў у Гомель на судовыя працэсы над «Грамадзянскімі ініцыятывамі», нашай гомельскай грамадскай арганізацыяй. Мы з Барысам вельмі доўга і шчыльна працавалі. Барыс Звозскаў таксама быў маім настаўнікам у правах чалавека. І калі быў першы набор у Беларускім доме правоў чалавека на адукацыйны курс BISH, Барыс прапанаваў мне прайсці навучанне, і я з задавальненнем пагадзіўся. Цалкам справядліва будзе сказаць, што тыя веды ў галіне правоў чалавека, якія я маю сёння, я атрымаў ад Барыса.
Барыс быў сціплым чалавекам, ён быў сціплы з усімі. Заўжды прыслухоўваўся, заўжды прыходзіў на дапамогу. Да яго як да старэйшага сябра можна было звярнуцца, папрасіць парады…
Барыс быў апантаны ідэяй правоў чалавека, ён жыў гэтым, гэта была справа ўсяго яго жыцця. Быў сапраўдным працаголікам, да свайго апошняга дня. Тое, што Дом правоў чалавека носіць імя Барыса Звозскава – гэта сапраўды заслужана. Светлы, пазітыўны чалавек. Такія людзі пакідаюць адбітак не толькі ў памяці іншых людзей, але і ў гісторыі краіны.
Алег Агееў на фоне партрэта Барыса Звозскава ў Беларускім доме правоў чалавека
Дзякуючы Барысу Ігаравічу мы маем сваю нацыянальную праваабарончую школу. Цяпер практычна кожны з вядомых беларускіх праваабаронцаў ёсць выпускніком адукацыйнага праекта ILIA-By.
– Мяне ўражвала сумленнасць Барыса Ігаравіча і яго філасофскае стаўленне да жыцця праз прызму правоў чалавека. Менавіта ён мяне навучыў, што паўсядзённую рэальнасць можна вымяраць крытэрыямі правоў чалавека; яны паўсюль.
Мы з ім падчас паездак часта начавалі ў гатэлях; і калі ўжо было вядома, што ён хварэе… Хвароба чыніла яму шмат болю; і памятаю, як у гатэлі ў Маладзечна, напэўна, за некалькі тыдняў да яго смерці, я чуў яго ў суседнім пакоі і разумеў, што за ўсю ноч ён не заснуў. Ён выходзіў курыць на балкон – ён вельмі шмат паліў; і я бачыў, што яму вельмі балюча. Аднак Барыс Ігаравіч не хацеў пра гэта размаўляць. Ён мужна пераносіў увесь боль, ехаў у паездкі, праводзіў заняткі – фактычна нёс сябе людзям.
Калі ён сыйшоў, наш праваабарончы рух згубіў аднога з найаўтарытэтнейшых людзей у гэтай сферы. Ён жа шмат рабіў і сам як праваабаронца. Я ведаю, што ён быў аўтарам аднога з альтэрнатыўных варыянтаў беларускай канстытуцыі, куды ўнёс частку аб правах чалавека і аб прынцыпе падзелу ўладаў. Вельмі любіў і шмат займаўся свабодай асацыяцый, дасканальна разбіраўся ў гэтым праве.
Гэта быў сапраўды вялікі чалавек. І дзякуючы яму беларускі праваабарончы рух мае сваю нацыянальную школу падрыхтоўкі кадраў; школу вельмі высокага ўзроўня.