На фота: Алесь Капуцкі і Андрэй Палуда
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрства FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), кажа аб неабходнасці тэрміновага ўмяшання ў сітуацыю з беларускім праваабаронцам.
Заява была апублікаваная на сайце FIDH:
«Абсерваторыя была праінфармаваная аб працяглых адвольных затрыманнях і судовым пераследзе спадара Алеся Капуцкага, вядомага праваабаронцы, які, у прыватнасці, удзельнічаў у кампаніях па назіранні за выбарамі, арганізаваных грамадзянскай супольнасцю з 2010 па 2020 год, і аказваў юрыдычную дапамогу ахвярам парушэнняў правоў чалавека.
17 снежня 2021 года Алесь Капуцкі быў затрыманы сілавікамі ў Маладзечне Мінскай вобласці. Спадар Капуцкі быў абвінавачаны па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арыштаваны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. Спадар Капуцкі павінен быў выйсці на волю 1 студзеня 2022 года, аднак на яго маладзечанскай міліцыяй быў складзены чарговы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на той жа падставе, на падставе якога яго судзілі 31 снежня 2021 года. 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 16 студзеня 2022 года Алесь Капуцкі павінен быў выйсці на волю, але ён у трэці раз прабыў у турме яшчэ 15 сутак арышту па тым жа абвінавачанні. 15 сутак — гэта максімальны тэрмін арышту па артыкуле 19.11 КаАП, Алесь Капуцкі знаходзіцца пад арыштам больш за 30 сутак. На момант публікацыі гэтага тэрміновага звароту Алесь Капуцкі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Маладзечанскага РАУС.
19 студзеня 2022 года праваабарончая супольнасць Беларусі асудзіла адвольнае затрыманне Алеся Капуцкага і прызнала яго палітвязнем.
Абсерваторыя нагадвае, што гэта не першы выпадак, калі Алесь Капуцкі становіцца мішэнню за яго законную праваабарончую дзейнасць. У ліпені 2021 года ў рамках масавых рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі спадар Капуцкі быў затрыманы на 72 гадзіны і дапытаны, як паведамляецца, у сувязі з расследаваннем парушэнняў грамадскага парадку і ўхілення ад выплаты падаткаў. Раней, у красавіку 2011 года, у яго доме ў Маладзечне супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) правялі ператрус і канфіскавалі некалькі кніг і паперы.
Абсерваторыя з заклапочанасцю адзначае, што беларускія ўлады ўсё часцей выкарыстоўваюць унутранае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, каб адвольна замоўчваць любыя формы іншадумства і такім чынам перашкаджаць свабодзе выказвання меркаванняў у краіне, парушаючы міжнародныя дакументы па правах чалавека, такія як Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. За апошнія месяцы некалькі сайтаў, у тым ліку «Белсат», TUT.by, «Трыбуна», reform.by, «Нямецкая хваля», «Новы час», «Настоящее время» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Акрамя таго, практыка накладання некалькіх паслядоўных адміністрацыйных арыштаў усё часцей выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі для замоўчвання і стрымлівання працы праваабаронцаў.
Абсерваторыя выказвае найвялікшую заклапочанасць у сувязі з адвольнымі затрыманнямі і адміністрацыйным пераследам Алеся Капуцкага, які, здаецца, накіраваны толькі на пакаранне яго за яго законную праваабарончую дзейнасць, і заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.
Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады ўстрымацца ад выкарыстання заканадаўства краіны аб супрацьдзеянні экстрэмізму, каб прымусіць замаўчаць праваабаронцаў і ўсе нязгодныя галасы і крыміналізаваць законнае выказванне меркавання. Абсерваторыя нарэшце заклікае беларускія ўлады пакласці канец сістэматычнаму пераследу праваабаронцаў і арганізацый у краіне.
Цалкам зварот (на англійскай мове) чытайце на сайце FIDH.
Пераклад на беларускую мову: БДПЧ.