Фонд Дамоў правоў чалавека заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць узгоднены напад на праваабаронцаў, журналістаў і іх арганізацыі

19 February 2021, 6:56 AM
Фонд Дамоў правоў чалавека заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць узгоднены напад на праваабаронцаў, журналістаў і іх арганізацыі

Фундацыя Дамоў правоў чалавека заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць узгоднены напад на праваабаронцаў, журналістаў і іх арганізацыі. Пра гэта адзначаецца ў заяве арганізацыі. 

Пасля таго, як 16 лютага 2021 года наступ на грамадзянскія правы ў Беларусі атрымаў далейшае развіццё, Фундацыя Дамоў правоў чалавека выступіла з патрабаваннем да беларускіх уладаў неадкладна спыніць узгоднены напад на журналістаў, праваабаронцаў і іх арганізацыі. Органы дзяржаўнай улады павінны зняць абвінавачанні супраць праваабаронцаў і журналістаў, вызваліць затрыманых і спыніць іншыя накіраваныя супраць іх дзеянні, у тым ліку ператрусы ў дамах праваабаронцаў, журналістаў і чальцоў іх сем’яў. Тое, што ўлады Беларусі прадпрынялі 16 лютага – гэта дзеянні на абвастрэнне цяперашняй тэндэнцыі парушэння правоў чалавека ў краіне і невыканання сваіх жа міжнародных абавязанняў.

16 лютага ўладамі Беларусі распачатая, мяркуючы па ўсім, узгодненая кампанія ператрусаў у офісах праваабарончых структур, ператрусаў і затрыманняў праваабаронцаў ды журналістаў у Мінску і абласных цэнтрах. Прадстаўнікі ўлады на працягу трох гадзін вялі ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у ходзе якіх былі забраныя звесткі аб чалецкім складзе і іншыя дакументы ды тэхніка, пасля чаго памяшканні офісаў былі апячатаныя. Дзеянні прадпрынятыя супраць прынамсі 25 праваабаронцаў, большасць з якіх працуе ў дзвюх чалецкіх арганізацыях Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава – БАЖ і Праваабарончым цэнтры “Вясна”.

"Мяркуючы па звестках, якія паступаюць, праведзеныя 16 лютага рэйды звязаныя з крымінальнай справай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх. Паводле наяўнай інфармацыі, сённяшнія дзеянні былі праведзеныя Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) пры Міністэрстве ўнутраных спраў і санкцыянаваныя Генеральнай пракуратурай", - гаворыцца ў заяве.

У прыватнасці, 16 лютага дзеянні з боку дзяржаўных органаў прадпрынятыя ў дачыненні да наступных асобаў:

  • АГЕЕЎ Алег, намеснік старшыні БАЖ – затрыманы, пазней выпушчаны, тэхніка і грошы канфіскаваныя.

  • БАСТУНЕЦ Андрэй, старшыня БАЖ – забраны з дому супрацоўнікамі праваахоўных органаў, завезены на офіс БАЖ, дзе праведзены ператрус; ператрус у сынавым доме, тэхніка канфіскаваная;

  • БУХЕЛЬ Барыс, чалец “Магілёўскай вясны” – ператрус у доме, затрыманы, пазней адпушчаны;

  • ГАРЭЦКІ Барыс, прэс-сакратар БАЖ – затрыманы, пазней выпушчаны, тэхніка і грошы канфіскаваныя.

  • КОЛЧЫН Аляксей, чалец “Магілёўскай вясны” – ператрус у доме, быў затрыманы і дапытаны, пазней адпушчаны;

  • МАСЛЮКОВА Алена, кіраўнічка светлагорскай філіі “Вясны” – ператрус у офісе.

  • МЯДЗВЕДЗЕЎ Андрэй, чалец “Вясны” – ператрус у доме, тэхніка канфіскаваная.

  • ПАЛУДА Андрэй, каардынатар кампаніі “Вясны” “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” – ператрус дома і ў офісе.

  • ПАРАШЧАНКА Яўгенія, прэс-сакратарка Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава – ператрус у доме і ў бацькоў.

  • РЫХТЭР Крысціна, юрыстка БАЖ – ператрус у доме, канфіскаваныя тэлефон і дакументы, звязаныя з дзейнасцю БАЖ.

  • САЛАЎЁЎ Дзмітрый, праваабаронца “Вясны” – ператрус у доме, затрыманы.

  • САПЕЛКА Павел, адвакат правоў чалавека “Вясны” – ператрус у доме, канфіскаваная тэхніка.

  • САЦУНКЕВІЧ Наталля, праваабаронца “Вясны” – ператрус у маці.

  • ЦЕЛЯПУН Уладзімір, кіраўнік мазырскай філіі “Вясны” – ператрус у офісе.

Дзеянні, учыненыя беларускімі ўладамі – гэта яшчэ адзін крок, каб усіх нязгодных прымусіць замаўчаць, а таксама каб вынішчыць ў Беларусі свабоду слова, сходаў, аб’яднанняў. Няма сумневу, што гэта – рэпрэсіі з боку ўладаў супраць арганізацый і людзей, якія ажыццяўляюць законную дзейнасць для прасоўвання і абароны правоў чалавека ў Беларусі. Прывязка дзеянняў да артыкула 342 КК дае падставу сцвярджаць, што працягваецца надзвычай трывожная тэндэнцыя да выкарыстання Крымінальнага кодэкса для расправы над праваабаронцамі, у тым ліку журналістамі.

Варта прыгадаць, што раней гэты артыкул ужо прымяняўся, у прыватнасці, супраць наступных асобаў:

  • СУДАЛЕНКА Леанід, кіраўнік гомельскай філіі “Вясны” – затрыманы 18 студзеня, пазней выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула 342. Ператрусы ў доме і офісе. Пагражае зняволенне тэрмінам да 3 гадоў. Знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.

  • ЛАСІЦА Таццяна, праваабарончая актывістка, валанцёрка гомельскай філіі “Вясны” – 21 студзеня затрыманая ў аэрапорце ў Мінску, адкуль спрабавала вылецець у Літву. Выстаўленае абвінавачанне паводле артыкула 342. Знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №3 г. Гомеля.

  • РАБКОВА Марфа, каарынатарка валанцёраў “Вясны” – затрыманая 27 верасня паводле абвінавачання ў фінансаванні і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пазней да абвінавачанняў дададзенае распальванне сацыяльнай варажнечы да ўлады групай нявысветленых асобаў паводле артыкула 130 КК. Знаходзіцца пад вартай, пагражае да 12 гадоў турэмнага зняволення.

  • ЧАПЮК Андрэй, валанцёр “Вясны” – затрыманы 2 кастрычніка, абвінавачаны ва ўдзеле ў беспарадках. Знаходзіцца пад вартай.

Напады на іншых праваабарончых дзеячоў і аб’яднанні, якія ажыццяўляюць правамерную працу для абароны правоў чалавека, працягваюцца і гэтаксама падлягаюць неадкладнаму спыненню.

Дзеянні з боку беларускіх уладаў прадпрынятыя, у прыватнасці, і ў дачыненні да наступных дзеячоў:

  • БУРАКОЎ Алесь, магілёўскі праваабаронца і журналіст-фрылансер – ператрус у офісе 16 лютага.

  • ГРАБЛЕЎСКІ Алег, юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю – 2 лютага на працягу 7 гадзін цярпеў жорсткае і прынізлівае абыходжанне падчас допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, затрыманы ў Мінску 3 лютага, абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні грашовых сродкаў.

  • ДРАЗДОЎСКІ Сяргей, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю – 2 лютага на працягу 7 гадзін цярпеў жорсткае і прынізлівае абыходжанне падчас допыту ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, затрыманы ў Мінску 3 лютага, абвінавачаны ў незаконным выкарыстанні грашовых сродкаў.

  • КВАНТАЛІЯНІ Мікалай, праваабаронца – ператрус у доме 16 лютага.

  • СТРЫЖАК Андрэй, каардынатар BY_SOL – ператрус у бацькоў, канфіскаваныя мабільны тэлефон і дыскі.

"Сённяшняя акцыя беларускіх уладаў супраць журналістаў, праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый – гэта працяг абуральнага наступу з мэтай запалохвання і поўнага задушэння няўгодных меркаванняў. Па сутнасці, гэта яшчэ адзін крок у няспынным занядбанні Беларуссю міжнародных абавязанняў у галіне правоў чалавека. Праваабаронцы, у тым ліку журналісты, выконваюць законную працу для пашырэння і абароны правоў чалавека. Усе намаганні запалохаць, затэрарызаваць і іншымі сродкамі пераследаваць праваабаронцаў, у тым ліку журналістаў, а таксама ўсіх, хто аказвае ім падтрымку, павінны быць зараз жа спыненыя", - падкрэсліваецца ў заяве Фундацыі Дамоў правоў чалавека.

Паводле сайту ФДПЧ

See more news

Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
15 February 2024, 4:44 PM
Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
15 February 2024, 4:41 PM
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
“Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка” – канферэнцыю на гэтую тэму праводзіць 20 лютага ў Вільні праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
15 February 2024, 4:33 PM
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
Ужо на наступным тыдні пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога прапануюць выбраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы.
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
15 February 2024, 4:25 PM
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці