«Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у дзейнасці». «Вясне» ўручылі прэмію The Albie Awards 2022

06 October 2022, 10:37 AM
«Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у дзейнасці». «Вясне» ўручылі прэмію The Albie Awards 2022

На фота: цырымонія ўзнагароды. Аліна Стэфановіч — у цэнтры. Крыніца: accessonline.com

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» уручылі прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную Фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі».

«Праваабарончая група была голасам супраціву ў Беларусі на працягу амаль 30 гадоў, ведучы адважную барацьбу за свабоду і дэмакратыю супраць рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Напярэдадні і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года група заплаціла высокую цану за сваю працу: сем членаў «Вясны» былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваннях, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме», – заявілі арганізатары.

«Гэтыя людзі з гатоўнасцю трапілі ў турму, таму што верылі настолькі цвёрда, змагаліся за незалежнасць, змагаліся за дэмакратыю. Яны сапраўдныя героі», — сказаў Джордж Клуні ў эфіры тэлеканала CBS напярэдадні ўручэння прэміі.

Прэмію прымала Аліна Стэфановіч — жонка палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Валянціна Стэфановіча. У прамове яна адзначыла:

"Больш за два дзесяцігоддзі мы з мужам і нашы адважныя калегі змагаемся за дэмакратыю ў Беларусі. Як лідар "Вясны" менавіта ён павінен быў стаяць тут сёння і атрымліваць гэтую выдатную ўзнагароду. Ён не можа гэтага зрабіць, таму што знаходзіцца за кратамі. Мне ўдалося выехаць з Беларусі, каб выратаваць нашых дзяцей, і для мяне вялікі гонар прыняць гэтую ўзнагароду ад імя "Вясны".

Аліна таксама зачытала ліст ад Валянціна, які ён папрасіў прачытаць на цырымоніі.

albie_awards1.jpegАліна Стэфановіч чытае ліст Валянціна на цырымоніі

"Лэдзі і джэнтэльмены!

Дазвольце мне ад імя Праваабарончага цэнтру "Вясна" выказаць вам шчырую падзяку за ўзнагароду. Мяне завуць Валянцін Стэфановіч, мне 49 гадоў і я з'яўляюся сябрам Рады ПЦ "Вясна", а таксама віцэ-прэзідэнтам FIDH.

Зараз я вось ужо больш за год знаходжуся ў сутарэннях змрочнай 200-гадовай турмы ў цэнтры сталіцы. У розныя часы ў ёй утрымліваліся палітвязні рускага царызму, вязні нацызма, ахвяры сталінскага тэрору, палітвязні лукашэнкаўскага рэжыму.

Вось ужо два гады ў Беларусі працягваецца самы глыбокі за ўсю нашую навейшую гісторыю крызіс правоў чалавека. Крызіс, які па сваіх маштабах набліжаецца да найгоршых часоў нашага мінулага — часоў камуністычнага таталітарызму. Тысячы палітвязняў утрымліваюцца ў турмах, тысячы звычайных грамадзянаў — мужчынаў і жанчынаў, студэнтаў і пенсіянераў, журналістаў і праваабаронцаў — пазбаўленыя волі толькі за тое, што выказвалі сваё меркаванне, патрабавалі справядлівых выбараў, выконвалі свае журналісцкія абавязкі і аб'ектыўна асвятлялі тое, што адбываецца ў краіне.

Дагэтуль людзей утрымліваюць у нечалавечых умовах у ЦІП і ІЧУ, падвяргаючы іх бесчалавечаму, жорсткаму абыходжанню, тысячы людзей былі катаваныя па ўсёй тэрыторыі краіны ў жнівеньскія дні 2020 года. 

Усім гэтым фактам так і не была дадзеная належная прававая ацэнка, вінаватыя не былі пакараныя, а атрымалі высокія пасады і званні. Прававая сістэма краіны цалкам дэградавала і не здольная абараніць правы грамадзян. Пры гэтым са старонак дзяржаўных СМІ і ТВ нас спрабуюць пераканаць, што правы чалавека, дэмакратыя — гэта "чуждае нашым традыцыйным каштоўнасцям" вынаходніцтва "калектыўнага Захаду", што мы маем нейкае асобнае іх разуменне, асаблівы шлях і ледзь не з'яўляемся "асобнай цывілізацыяй". Але на справе гэтая танная дэмагогія і папулізм мае адну задачу — апраўдаць 30-гадовае нязменнае знаходжанне ва ўладзе адной і той жа асобы і адсутнасць народаўладдзя — выбараў, самакіравання, заснаванай на канкурэнтнай палітычнай барацьбе, на плюралізме меркаванняў ідэалогіі. Так, гэта завецца дэмакратыяй, і яна не бывае "усходняй", "заходняй" ці "паўднёвай". Яна альбо ёсць, альбо яе няма. Нажаль, і 21-м стагоддзі беларусы вымушаныя змагацца за, здавалася б, такую простую рэч — дэмакратыю. Зараз, калі аўтакратыі Расіі і Беларусі імкнуцца вярнуцца да звыклае ім двупалярнага свету і навязаць іншым народам сваю "асаблівую цывілізацыю", нават праз развязванне войнаў, праца праваабаронцаў набывае асаблівае значэнне, бо правы чалавека — гэта культура міру, а не вайны.

Правы чалавека ўніверсальныя, неад'емныя і належаць нам ад нараджэння, бо мы проста людзі, і не залежаць ад волі асобных аўтакратаў, яны не могуць адабраць іх у нас.

У гэтай складанай сітуацыі беларускія праваабаронцы працягваюць сваю дзейнасць, працягваюць, нягледзячы на спробы маргіналізацыі, выпіхвання ў нелегальнае поле і за мяжу. Працягвае сваю дзейнасць і ПЦ "Вясна".

Гэтая ўзнагарода падтрымлівае нас у гэтай дзейнасці, падтрымлівае тых вясноўцаў, якія былі кінутыя за краты за ажыццяўленне сваёй мірнай легітымнай праваабарончай дзейнасці, тых, хто заплаціў вялікі кошт за гэтую дзейнасць, кошт асабістай свабоды — Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк. 

Свой выступ я б хацеў закончыць словамі нашага класіка, паэта Максіма Багдановіча: "Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня".

З павагай і ўдзячнасцю, Валянцін Стэфановіч".


Прэмія Албі, якая ўручаецца ўпершыню, названая ў гонар суддзі Албі Сакса, які вядомы сваім гераічным імкненнем пакончыць з апартэідам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яе мэта — прыцягнуць увагу да бясстрашных людзей, якія змагаюцца за справядлівасць, нягледзячы на вялікую асабістую рызыку.

Фонд «Клуні за справядлівасць» быў заснаваны ў канцы 2016 года Джорджам і Амаль Клуні для прасоўвання правасуддзя ў залах суда, аўдыторыях і супольнасцях па ўсім свеце.

У святочнай цырымоніі ў Нью-Ёрку ўзялі ўдзел спевакі і спявачкі, акторы, актрысы, бізнэсмэны і мадэлі – у тым ліку, Джулія Робертс, Мэрыл Стрып, Джон Олівер, Дуа Ліпа, Джон Красінскі, Сіндзі Кроўфард.

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці