Калі вы зьбіраеце, маеце доступ або іншым чынам выкарыстоўваеце пэрсанальныя зьвесткі людзей (напрыклад, праз апытанкі ці формы рэгістрацыі), вам належыць зьвярнуць увагу на адпаведнасць GDPR — Агульнаму рэглямэнту Эўразьвязу аб абароне пэрсанальных зьвестак — і прынцыпам прыватнасьці зьвестак, піша Human Constanta.
Невыкананьне можа паўплываць на давер людзей да вас, а ў некаторых выпадках можа паставіць пад пагрозу іх лічбавыя правы і свабоды. Пры апрацоўцы асабістых зьвестак з выкарыстаньнем формаў варта зьвярнуць увагу на некалькі важных момантаў.
Тэкст падрыхтавала Марыя Арнст, экспэртка па прыватнасьці пэрсанальных зьвестак
Не прасіце непатрэбных рэчаў. Як любая апрацоўка пэрсанальных зьвестак, кожнае пытаньне, якое запытвае пэрсанальную інфармацыю, мусіць мець дакладную мэту. Напрыклад, калі вам трэба ведаць сярэдні ўзрост вашай аўдыторыі, запытвайце ўзроставыя групы, а не дакладны век. Ці, калі вам трэба давесьці, што вашай аўдыторыі больш за 18 гадоў, запытайце год нараджэньня, а не дакладную дату нараджэньня.
Калі можаце — не зьбірайце электронныя адрасы. Часта ў часе апытанак нам ня трэба ведаць, хто менавіта на іх адказаў (напрыклад, калі мы зьбіраем статыстычныя зьвесткі). У такіх выпадках лепш наогул не зьбіраць адрасы электроннай пошты.
Калі вам усё ж такі патрэбныя адрасы электроннай пошты — пераканайцеся, што вы ўсталявалі для іх тэрмін выдаленьня і пазбаўцеся ад гэтых імэйлаў як мага хутчэй.
І наогул — выдаліце ўсе пэрсанальныя зьвесткі, калі скончыце працу з вашай апытанкай. Не забывайце пра гэта! Або ананімізуйце іх, але зьвярніце ўвагу, што толькі тады зьвесткі ёсьць ананімнымі, калі немагчыма нікога ідэнтыфікаваць па гэтых зьвестка'х. Ананімізацыя патрабуе досьведу і дакладнасьці, таму часта прасьцей выдаліць зьвесткі.
Унікайце слова «ананімны», калі вы апісваеце сваю апытанку (нават калі вам здаецца, што апытанка ананімная), лепш скажыце — «мы не даведаемся, хто вы». Слова «ананімны» мае юрыдычныя наступствы, і зрабіць зьвесткі насамрэч ананімнымі звычайна значна цяжэй, як мы думаем.
Калі вы зьбіраеце зьвесткі аб людзях, якіх вы ўжо ведаеце і маеце іншыя зьвесткі пра іх, аддзяліце іх і захоўвайце ў розных месцах, каб вы (ці іншыя) не маглі супаставіць інфармацыю і атрымаць яшчэ больш зьвестак пра людзей.
Скараціце колькасць вольных тэкставых адказаў да мінімуму. Пытанне з варыянтамі адказаў больш абараняе прыватнасьць, бо ў людзей меней шанцаў падзяліцца чымсьці па неасцярожнасьці.
Калі вы запытваеце зьвесткі спэцыяльных катэгорыяў (з пункту гледжаньня права, ёсьць 7 катэгорыяў, якія ўважаюцца спэцыяльнымі: расавае і этнічнае паходжаньне, зьвесткі аб стане здароўя, зьвесткі пра сэксуальную арыентацыю або сэксуальнае жыцьцё, зьвесткі пра сяброўства ў прафсаюзах, палітычныя погляды, рэлігійныя або філязофскія перакананьні) — трэба быць асабліва ўважлівымі, бо па законе гэтыя зьвесткі мусяць быць яшчэ больш абароненыя. Калі вы можаце, зьвярніцеся па дапамогу да спецыяліст_ак па прыватнасьці пры апрацоўцы такіх катэгорый зьвестак, бо іхняя апрацоўка часта ёсьць незаконнай.
Майце на ўвазе, што ёсьць краіны, дзе законам забаронена задаваць пэўныя пытаньні. Напрыклад, у Францыі нельга пытацца аб этнічным паходжаньні, расе або рэлігіі, нават ананімна.
Важна памятаць пра прайвасі правы. Нават калі ваша ўзаемадзеяньне з чалавекам абмяжоўваецца толькі адзінай апытанкай, вам усё роўна трэба забясьпечыць такія правы, як, напрыклад, права на выдаленьне зьвестак ці права на доступ да зьвестак.
Будзьце празрыстымі ў дачыненьні да пэрсанальных зьвестак, якія вы апрацоўваеце. Дадайце ў пачатку формы паведамленьне зь інфармацыяй аб тым, хто вы (юрыдычна: кантралёр зьвестак), з вашым кантактам, аб мэтах апрацоўкі зьвестак, а таксама інфармацыю аб тым, калі зьвесткі будуць выдаленыя. Напрыклад,
«Гэтая апытанка арганізавана арганізацыяй ACME, якая ёсьць кантралёрам пэрсанальных зьвестак у гэтым праекце і, такім чынам, нясе адказнасьць за мэты і сродкі апрацоўкі зьвестак, а таксама адказнасьць за правы асобаў. Вы можаце зьвязацца з намі па адрасе info@acme.com. Мэта гэтай апытанкі — сабраць водгукі аб імпоэзе XYZ і палепшыць нашыя імпрэзы ў наступны раз. Нам патрэбны ваш адрас электроннай пошты, каб зьвязацца з вамі на выпадак, калі мы захочам адрэагаваць на зваротную сувязь. Мы будзем з павагай ставіцца да ўсёй дадзенай вамі інфармацыі і выдалім яе пасьля збору і аналізу неабходнай зваротнай сувязі не пазьней за 3 месяцы па вашым адказе. Вы можаце прачытаць больш пра тое, як ACME абыходзіцца з вашымі пэрсанальнымі зьвесткамі і пра вашыя правы тут [устаўце спасылку на вашу палітыку прыватнасьці]»
У такім паведамленьні няма патрэбы пісаць, што вашая дзейнасьць адпавядае GDPR (гэта было б падобна на тое, каб напісаць «мы плацім зарплату ўсім супрацоўні_цам» на вашай старонцы з вакансіямі). Тым не менш, вельмі важна дакладна вызначыць мэты анкеты і збору зьвестак. Калі вы хочаце атрымаць статыстычныя зьвесткі, скажыце, што мэта — збор статыстычных зьвестак па пытанні X. Калі вы зьбіраеце зьвесткі для рэгістрацыі людзей на сустрэчу, скажыце гэта. І гэтак далей. Простая фраза «мы зьбіраем вашыя зьвесткі для мэтаў нашага праекта» недастаткова канкрэтная і можа выклікаць юрыдычныя пытаньні.
Памятайце, што вам не на кожную апрацоўку зьвестак патрэбная згода. Існуе 6 юрыдычных падставаў для апрацоўкі пэрсанальных зьвестак (напрыклад, юрыдычны абавязак, дамова, легітымны інтарэс, і г.д.), і згода толькі адна зь іх. Прычым, часам зьбіраць згоду нават ня будзе мець ніякай юрыдычный моцы, бо абавязковыя ўмовы згоды будзе немагчыма выканаць — напрыклад, яе адклікаемасьць.
Важна, што разам з паведамленьнем пра прыватнасьць нельга зьбіраць згоду на апрацоўку зьвестак, калі яна вам усё ж патрэбная. Каб згода на апрацоўку пэрсанальных зьвестак была адпаведная GDPR, яна мусіць быць: асобная, інфармаваная, адклікаемая, вольна дадзеная.
Напрыклад, ня варта рабіць вось так:
Запаўняючы гэтую форму, вы аўтаматычна пагаджаецеся на тое, што вашыя дадзеныя будуць апрацоўвацца ў мэтах маркетынгу.
Лепш рабіць вось так:
Ці хацелі б вы атрымліваць навіны ад нашай арганізацыі ў форме рассылкі?
Так
Не
***
Гэты сьпіс ня ёсьць поўным сьпісам правілаў GDPR, бо, як і іншыя законы, якія тычацца тэхналёгіяў, GDPR — гэта доўгі, падрабязны і часам складаны тэкст з шэрагам выключэньняў і выключэньняў з выключэньняў. Вось тэкст GDPR з перакладам на розныя мовы, і камэнтарамі эксперт_ак, які дапаможа вам больш разабрацца з тэмай.