Інкамунікада: як у Беларусі размываюцца межы ізаляцыі палітвязняў

10 January 2026, 12:28 PM
Інкамунікада: як у Беларусі размываюцца межы ізаляцыі палітвязняў

Інкамунікада – умовы ў зняволенні, у якіх знаходзіцца чалавек, якога наўмысна змяшчаюць у ізаляцыю: пазбаўляюць сувязі са знешнім светам, сваякамі і блізкімі. Найперш гэты тычыцца беларускіх палітзняволеных, якім адмаўляюць у ліставанні і спатканнях. У рэжыме інкамунікада цяпер знаходзяцца мінімум пяцёра палітвязняў. 

Аднак апошнім часам у вызначэнні гэтага паняцця існуе шмат непаразуменняў: напрыклад, ці знаходзіцца ў інкамунікада Марыя Калеснікава, ад якой дайшоў адзін ліст? Ці калі забаронена ліставанне не з блізкімі сваякамі, а з незнаёмымі людзьмі — які статус мае такі палітвязень? У тонкіх момантах ціску на палітвязняў праз камунікацыю са знешнім светам разбіраемся з юрысткай “Вясны” Святланай Галаўнёвай.

Як інкамунікада абазначаецца ў міжнароднай практыцы?

Тэрмін інкамунікада паходзіць з лацінамоўнага прававога дыскурсу і набыў сваё развіццё ў Гішпаніі, дзе ўтрыманне пад вартай у рэжыме інкамунікада — усё яшчэ актуальная праблема. Там гэта заканадаўча дазволена для тэрарыстычных злачынцаў. У міжнародным праве тэрмін “інкамунікада” ці “утрыманне ў рэжыме інкамунікада” (“incommunicado detention”) не замацаваны ў нейкім пакце ці іншым дакуменце, ён выводзіцца хутчэй з практыкі.

Рада Еўропы вызначае інкамунікада як забарону ці абмежаванне магчымасцяў мець зносіны з іншымі людзьмі. Тут робіцца акцэнт на праве затрыманага на ліставанне і праве неадкладна паведаміць блізкім пра сваё месцазнаходжанне.

Amnesty International вызначае інкамунікада як утрыманне пад вартай без доступу да сям'і, адвакатаў. Таксама яны вылучаюць асобна таемнае ўтрыманне пад вартай (“secret detention”) — выпадкаў, калі месца ўтрымання чалавека пад вартай пакідаецца ў сакрэце, у тым ліку ад яго адваката і сям’і.

Што парушае інкамунікада?

Утрыманне чалавека ў рэжыме інкамунікада спалучана з парушэннем шэрагу міжнародна прынятых мінімальных стандартаў па абыходжанні з затрыманымі:

— права на ліставанне і карыстанне іншымі сродкамі сувязі;
— права бачыцца з сям’ёй;
— права на доступ да адваката;
— права на інфармацыю;
— права на гуманнае абыходжанне.

Якія іншыя абмежаванні ў камунікацыі са знешнім светам існуюць?

Варта адзначыць, што інкамунікада ў беларускіх рэаліях вельмі цесна звязана з іншымі парушэннямі і абмежаваннямі. Так, на практыцы большасць палітзняволенных сутыкаюцца з жорсткім цэнзураваннем ліставання, адвольным пазбаўленнем тэлефонных званкоў і спатканняў з сям’ёй

Ёсць сур’ёзныя хібы і з доступам да адваката – гэтаму спрыяе як недасканаласць заканадаўства, так і існуючая практыка. Зняволеныя, памешчаныя ў ШІЗА, не могуць атрымаць сустрэчу з адвакатам, пакуль не выйдуць з ШІЗА. І агулам, візіт адваката ў калонію павінен узгадняцца з адміністрацыяй калоніі – адвакатам могуць адмовіць у спатканнях на падставе адсутнасці пісьмовай заявы зняволеннага, што немагчыма праверыць.

Якая практыка інкамунікада ў Беларусі?

Беларускія праваабаронцы вылучаюць тры складнікі рэжыму інкамунікада:

— адсутнасць у блізкіх сувязі палітвязням на працягу трох месяцаў і больш, уключаючы адсутнасць лістоў, званкоў, спатканняў;
— адсутнасць доступу адваката, перашкода яму з боку адміністрацыі папраўчай установы;
— дадаткова — ізаляцыя палітвязня ў месцы адбывання пакарання ад іншых зняволеных.

Такім чынам, палітзняволены можа быць у статусе інкамунікада, калі выконваюцца як мінімум два першых варыянты разам.

У беларускім кантэксце часта пра інкамунікада кажуць, калі ў чалавека знікае сувязь са сваякамі і да яго не пускаюць адваката. Гэта можа быць розны ўзровень ізаляцыі: ад абмежавання сувязяў вязня са знешнім светам — да татальнай ізаляцыі і забароны стасавацца з любымі людзьмі, як было ў выпадку Сяргея Ціханоўскага.

Але не ўсе выпадкі інкамунікада — гэта абавязкова ўтрыманне чалавека ў поўнай ізаляцыі. Тут важны момант менавіта пазбаўлення кантактаў з вонкавым светам, і ў першую чаргу — са сваякамі і адвакатам.

Як быць са складанымі выпадкамі, калі сувязь з палітвязнем знікае на пэўны час?

Частка выпадкаў, у якіх беларускія праваабаронцы кажуць пра інкамунікада, датычыцца ізаляцыі чалавека на некалькі тыдняў ці месяцаў, што на практыцы звычайна звязана з этапаваннямі альбо змяшчэннем у ШІЗА і ПКТ. Тады чалавек часова пазбаўлены магчымасці ліставання, тэлефонных званкоў і спатканняў, магчымасці сустрэцца з адвакатам. Так, напрыклад, “Вясна” уключала ў шэраг палітвязняў у інкамунікада на непрацяглы час Алену Гнаўк у чэрвені- ліпені 2025, Дзяніса Сальмановіча ў студзені 2025, Яўгена Афнагеля ў жніўні 2024.

Іншыя палітвязні, як, напрыклад, Віктар Бабарыка і Максім Знак, застаюцца ў інкамунікада гадамі. Гэта відавочна не проста хібы папраўчай сістэмы або прабелы ў заканадаўстве, а ўладнае рашэнне ў лёсе канкрэтнага палітвязня.

Складана называць канкрэтны момант, дзень, калі ізаляцыя чалавека скончваецца – звычайна гэта бачна праз некі час. Бацька Марыі Калеснікавай змог яе наведаць, але ў вельмі кантраляваных уладамі і прапагандыстамі ўмовах, і на гэтым яе ўтрыманне ў інкамунікада не скончылася. Ці скончылася інкамунікада Марыі пераводам у атрад і дазволам ліставацца з сям’ёй — пабачым.

Як інкамунікада датычыцца гвалтоўных знікненняў?

Інкамунікада звычайна ідзе поруч з больш цяжкімі злачынствамі. Утрыманне чалавека ў рэжыме інкамунікада ставіць пад пагрозу магчымасць чалавека абараніць свае правы і спрыяе ўмовам для жорсткага абыходжання і катаванняў. Праз гэта інкамунікада можна разглядаць як мосцік або першы крок да гвалтоўнага знікнення чалавека. Бо калі чалавек цалкам пазбаўлены знешняй сувязі са светам, уладам прасцей хаваць звесткі пра яго лёс і мейсца знаходжання.

Гвалтоўнае знікненне азначае ўтрыманне чалавека ў няволі,якое робіцца прадстаўнікамі дзяржавы або тымі, хто дзейнічае з дазволу, падтрымкі або маўклівай згоды дзяржавы. У сваю чаргу, яны адмаўляюцца прызнаць, што ўтрымліваюць чалавека ў няволі або ўтойваюць лёс чалавека ці яго мейсцазнаходжанне. Гэта пакідае чалавека па-за абаронай права.

Інкамунікада робіць немагчымым нагляд за тым, што адбываецца з чалавекам у няволі, пазбаўляе чалавека магчымасцяў юрыдычнай абароны і дазваляе ўладам цалкам хаваць чалавека — што і ператварае пазбаўленне волі ў знікненне.

Што пра інкамунікада кажа Працоўная група ААН па гвалтоўных знікненнях:

— поўная адмова ў прадастаўленні якой-небудзь інфармацыі аб затрыманым – недапушчальна і праушае права на ўстанаўленне ісціны аб лёсе затрыманага;
— сваякі маюць права ведаць ісціну пра лёс і месцазнаходжанне зніклых асоб — гэта абсалютнае права, якое не з'яўляецца прадметам якога-небудзь абмежавання або адступлення.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
10 January 2026, 3:49 PM
«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс не бачыць прыкметаў змены рэпрэсіўнай палітыкі, нягледзячы на нядаўнія вызваленні палітвязняў.
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
10 January 2026, 3:27 PM
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі ISAN адзначала, што Беларусь — у топ-10 краін, што практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
10 January 2026, 3:02 PM
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці