Крыніца: Радыё Свабода
Паэтка Сабіна Брыло, якая два гады таму вымушаная была зьехаць зь Беларусі, у інтэрвію Свабодзе расказвае, чаму занялася праваабарончай дзейнасьцю, чаму не тлумачыць замежнікам эмігранцкія праблемы і чаму ня мае ў сваім лексыконе панятку «мова агрэсара».
Сабіна Брыло. Фота: Вольга Хвоін
— Эмігранты, так бы мовіць, са стажам кажуць, што найвастрэйшая настальгія накрывала іх недзе на трэцім годзе вымушанага ад’езду з радзімы, калі пачыналі разумець, што, магчыма, ніколі ня вернуцца дадому і трэба прыняць сытуацыю як незваротную дадзенасьць. Якраз ваш адлік выгнаньня пайшоў на гэты пэрыяд. Прынялі ці супраціўляецеся? І як спраўляецеся з гэтым?
— Я ня ведаю, ці правільна называць гэта настальгіяй, але пачуцьцё незваротнай страты накрыла мяне недзе напрыканцы 2019 году. На што б я ні глядзела, што б ні слухала (асабліва калі глядзела на нешта дарагое сэрцу, нешта блізкае слухала) — мне хацелася плакаць, і я плакала. Нібыта разьвітвалася з былым жыцьцём. Было адчуваньне, што стаіш, бясьсільны, перад нечым вялікім і бяздушным — як мора. Усіх навокал было невыносна шкада. Можа, гэта было прадчуваньне лёсу, якому няма сэнсу супраціўляцца.
Мы з мужам зьехалі зь Беларусі ў ліпені 2021 году. У нас дасюль няма плянаў пабудовы жыцьця і ўладкаваньня ў Вільні; проста робім усе неабходныя працэдуры, каб жыць і працаваць легальна. Па сутнасьці, жывем адным днём; рэдка што плянуем на бліжэйшыя тыдні альбо месяц, такому плянаваньню падлягаюць толькі нейкія працоўныя моманты.
Эмацыйна я вельмі зьвязаная зь Беларусьсю і людзьмі, якія там засталіся. Сярод іх шмат блізкіх мне па духу, ніхто зь іх не ў бясьпецы, хоць ніхто зь іх ня мае за сабой ніякай віны. Некаторыя зьяжджаюць. Адзін беларускі пісьменьнік зьехаў акурат гэтай вясной. Ён не зьбіраўся пакідаць Беларусь, бо меў там вялікую справу, якую лічыць справай свайго жыцьця. Але пасьля таго як перажыў допыты, вобшукі, увесь гэты эмацыйны гвалт — ён усё кінуў і паехаў. І ён адразу стаў казаць, што ня хоча назад, не настальгуе. Ён сказаў: «Напэўна, ува мне спрацавала моцная імунная рэакцыя, якая пакуль не дае адчуваць болю ад таго, што пакінуў радзіму».
У мяне такой рэакцыі не было, я дасюль пачуваюся нібыта прывязанай да пакінутага дому. Можа гэта таму, што мне самой не давялося перажыць прыніжэньне... Хоць нядаўна прысьніўся сон, што я прыехала ў Менск, і знаходжуся нібыта ў сваёй хаце, і нехта дазвоньваецца да мяне па хатнім тэлефоне, і я адказваю — і разумею, што раз я адказала, то яны разумеюць, што мы вярнуліся, і зараз па нас прыйдуць. Я прачнулася, усьвядоміла, што я ў Вільні — і адчула вялікую палёгку, і падумала: не, не, не, я не хачу дадому. Ня дай Бог! І падумала, што гэты сон (шчыра кажучы, падобны сюжэт сьніўся ня першы раз, ён паўтараецца час ад часу) — гэта нешта кшталту прышчэпкі, нейкая такая псыхічная самадапамога, тэрапія з боку падсьвядомасьці. Кшталту той імуннай рэакцыі, пра якую кажа мой таварыш пісьменьнік...
Я ведаю, што вяртацца нельга. Я ведаю ўсё, што адбываецца зь людзьмі ў Беларусі — і гэта проста фільм жахаў, дзікае рэаліці-шоў, якое ты ня можаш выключыць. Ты зьехала — і ты яго глядзіш, а людзі, якія засталіся, жывуць унутры гэтага фільму, і ім прызначаюць ролі, якія яны вымушаныя выконваць па-сапраўднаму... Я ня ведаю, як з гэтым жыць, каб было лягчэй. Вялікая агульная трагедыя перакрывае ўсё асабістае, што ў мяне ёсьць.
— Вы жывяце цяпер усяго за трыццаць кілямэтраў ад беларускай мяжы. Некаторыя з тых, хто таксама так блізка цяпер ад радзімы, але па той бок ад яе, езьдзяць да памежжа і настальгічна глядзяць церазь Нёман, Буг, Сьвіслач Падляскую ці Дзьвіну. А вы ці езьдзіце да мясьцінаў, зь якіх відны родныя краявіды?
— Ня ежджу. У нас няма аўтамабіля, дый увогуле мой муж звычайна працуе па выходных.
— Нядаўна вы напісалі ў фэйсбуку, што вельмі добра сталі адчуваць, як стамляецца чалавек слухаць пра чыесьці эмігранцкія праблемы, якія ня тычацца яго асабіста, як у яго прытупляецца пачуцьцё спачуваньня і жаданьне дапамагчы. І разам з тым вы ўсё больш актыўна сталі праяўляць сябе як праваабаронца. Як гэта спалучаецца? Ці магчымая паўнавартасная праваабарончая дзейнасьць ва ўмовах эміграцыі? Што паказвае ваш досьвед?
— У першыя часы я зь вялікім імпэтам старалася тлумачыць замежнікам, што адбываецца ў Беларусі. Даводзілася «раскочваць» гісторыю ў рэтраспэктыве — прынамсі, расказваць яе ад 1994 году. Людзям, якія выгадаваліся ва ўмовах дэмакратыі, вельмі цяжка зразумець, чаму твая думка ня можа быць пачутая, тым больш як гэта — рызыкаваць свабодай, здароўем, жыцьцём, адстойваючы сваю думку, свае натуральныя правы. Ім цяжка зразумець, што рэальнасьць раманаў Кафкі ці Оруэла — гэта існая рэальнасьць.
Гэтага не разумела вялікая колькасьць людзей і ў Беларусі напярэдадні жніўня 2020 году — не разумела, ня думала, ня ведала, да якой ступені глыбокае дно беззаконьня; што беззаконьне ўвогуле бяздоннае, таму што ў чалавечым соцыюме няма мэханізмаў, якія б абмяжоўвалі волю тырана ўнутры прысабечанай ім эпархіі.
Падчас арганізаванага БАЖ Марафона салідарнасці з журналістамі-палітвязнямі.3 траўня 2023 года, Вільня. Фота: БАЖ
Такія мэханізмы ня створаныя ні палітыкамі, ні юрыстамі — народ, які трапіў у пастку дыктатуры, застаецца безабаронным. Лічыцца, што народ сам мусіць скінуць тырана, але, на маю думку, гэты тэзіс быў прыдатны і мог адпавядаць рэальнасьці ў часы мінулых рэвалюцый, калі крытычная маса незадаволеных людзей у выніку паўстаньня магла супрацьстаяць дзяржаўнай машыне зь ейным войскам, ейнай жандармэрыяй і ейнымі турмамі. Сёньня, як мне падаецца, паўстаньне — гэта цалкам сымбалічны, цалкам ахвярны акт, пасьля якога пачынаюцца рэпрэсіі і часы жорсткай рэакцыі.
Найвялікшая, на маю думку, праблема ў тым, што цывілізаванае чалавецтва ў дваццатым стагодзьдзі абвясьціла асобу, індывідуўма і ягонае жыцьцё найвышэйшай каштоўнасьцю — прынамсі, гэта вынікае з Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і дзяржаўных канстытуцый, што базуюцца на яе пастулятах, — але пры гэтым пакінула права дзяржавы, як у старадаўнія часы, распараджацца чалавечым жыцьцём у сваіх інтарэсах і на свой одум; самае скрайняе палажэньне гэтай нелягічнасьці — тое, што дзяржава можа гвалтоўна мабілізаваць індывіда на вайну, і індывід нічога ня можа супраць гэтага зрабіць, акрамя як схавацца альбо стаць дэзэртэрам.
Наогул, свой галоўны праваабарончы тэзіс я сфармулявала пасьля выбараў 2010 году ў Беларусі, калі стала ясна, што ніякіх дзейсных наднацыянальных мэханізмаў, здольных стрымаць тыранію, у сьвеце не існуе. Мы можам неяк ужывацца з монстрам, нейкі час пазьбягаць ягонай увагі і гневу, можам уцячы далей — але што б ён ні рабіў амаральнага, супрацьзаконнага, нечалавечага, яму ўсё сыдзе з рук. Парадокс: ён прыкрываецца сувэрэнітэтам, які пасьля зь лёгкасьцю здае ў гульні зь іншым монстрам...
Я думаю, што шмат хто зь беларусаў, якія адстойвалі права і справядлівасьць у 2020-м, не разумелі, што сьвет у сэнсе права такі недасканалы, што існуе такая вялізарная дзюрка ў паняцьці «справядлівасьць» і няма ніякага закону альбо магчымасьці спыніць гнеў злачыннай дзяржавы, які яна накіроўвае супраць свайго народу. Дык вось, мой галоўны праваабарончы тэзіс палягае ў тым, што, калі сьвет ацалее ў бліжэйшыя гады, павінен быць створаны дзейсны і бясьпечны наднацыянальны прававы мэханізм супраць нацыянальных (альбо, напэўна, больш правільна будзе сказаць — дзяржаўных, сувэрэнных у сваім прававым бязьмежжы) дыктатур. Ідэалісты вядуць пра гэта гаворку з часоў Канта, але ў людзей павінна ўзьнікнуць палітычная воля, каб распрацоўваць такі інструмэнтарый.
Таму я не расказваю замежнікам пра эмігранцкія праблемы — ня скарджуся і не шукаю сабе выгодаў; у сваіх размовах, сваіх тэкстах я папярэджваю людзей, якія жывуць ва ўмовах дэмакратыі, наколькі ненадзейным зьяўляецца сьвет, дзе правы чалавека не забясьпечаныя надзейнымі мэханізмамі іх абароны.
Чалавек мае права ня быць адзінкай асабовага складу, чалавек не павінен пакутаваць у турме безь віны, чалавек не павінен трываць катаваньні, не павінен паміраць гвалтоўна — а калі такія рэчы адбываюцца з адзінкамі, на гэта павінен дзейсна і своечасова рэагаваць сьвет — у іншым выпадку ўсталёўваецца цемра. Мы зараз апынуліся ў гэтай цемры, і мы шмат чаго зь яе проста перастаем бачыць.
— І ўсё ж вы ўспрымаецеся літаратурнай і чытацкай супольнасьцю найперш як паэтка. Выглядае, што пасьля беларускай паразы 2020-га і нападу Расеі на Ўкраіну зь вершаскладаньнем ня ўсё так проста. Ці пішуцца вершы ў часы ліхалецьця?
— Я рада і ўдзячная людзям, якія ўспрымаюць мяне як паэтку — гэта значыць, хтосьці з гэтых людзей чуе і разумее тое, што мне дадзена час ад часу выказваць. Вершы — гэта не канвэнцыйная мова, гэта «іншая гаворка», праўдзівая гаворка, якая і цябе саму структуруе, і сьвет вакол цябе структуруе.
Але я не працую ў галіне літаратуры (калі так можна сказаць), я зарабляю рэдагаваньнем тэкстаў і артыкуламі. Часам удаецца атрымаць ганарар за чытаньне вершаў (такое бывае, калі запрашаюць выступіць недзе за мяжой) альбо нейкія грошы за прададзеныя кнігі, але гэта, канечне, ня можа забясьпечыць базавыя жыцьцёвыя патрэбы.
Вершы для мяне — гэта па-ранейшаму «пошук сваіх». Гэта такі птушыны зашыфраваны посьвіст. Я пішу ня дзеля прызнаньня альбо нейкіх выгодаў, проста я дасюль ня страціла надзею, што на гэты посьвіст, на гэтыя мае знакі адгукнецца той, каго я шукаю, чакаю ўсё сваё жыцьцё, можа нават таемна ад сябе самой.
Пасьля 2020-га я працягваю пісаць вершы; іх стала менш пра каханьне, стала менш парадаксальных і вясёлых, але часам бывае, што я знаходжу аснову для верша — і апрацоўваю яе, як камень.
Падчас арганізаванага БАЖ Марафона салідарнасці з журналістамі-палітвязнямі.3 траўня 2023 года, Вільня. Фота: БАЖ
— Тут яшчэ ўзьнікае пытаньне пра мову творчасьці. Ёсьць меркаваньне, што беларускія літаратары цяпер ня маюць маральнага права пісаць на мове агрэсара. Што вы як расейскамоўная паэтка думаеце пра гэта? Ці загаварыла ваша муза па-беларуску?
— У маім слоўніку і ў маім паняткавым шэрагу няма гэтай формулы: «мова агрэсара», таму што я ўвесь час разьдзяляю форму і зьмест, як разьдзяляю акт выказваньня і ягоны зьмест.
Я не прызнаю за рускай мовай віны і не прызначаю ёй пакараньня — няхай адным судзьдзёй над невінаватым у гэтым сьвеце будзе менш.
Увогуле стараюся не абвінавачваць. Бо я з краіны, дзе несправядлівае абвінавачваньне стала нормай стасункаў, і сама не жадаю спрычыняцца да такой формы паводзінаў, і сачу за сабой у гэтым сэнсе.
Нядаўна стала сьведкай канфлікту, калі ўкраінская адвакатка ў адказ на запрашэньне да ўдзелу ў праваабарончых курсах разам з расейскімі і беларускімі юрыстамі напісала, што не жадае «сядзець за адным сталом з забойцамі». Было дзіка, што юрыст так проста раскідаецца такімі важкімі словамі — тым больш юрыст, датычны да праваабароны. Па-чалавечы ўдзельнікі канфлікту выбачаліся: «Мы разумеем вашыя эмоцыі...». Гэта далікатнасьць, але гэта далёка ад права і справядлівасьці. І такое варта не «разумець», а тлумачыць, бо гэта той самы вывіх усьведамленьня, у тым ліку прававога — і праз гэтае вывіхнутае ўсьведамленьне сьвет выглядае не такім, якім ён ёсьць, бо гэтае ўсьведамленьне зацямняе сьвет.
Адна з асноўных праваабарончых аксіёмаў простая: чалавек невінаваты ёсьць чалавекам невінаватым. Самае страшнае, што з часоў Ісуса Хрыста ў чалавечым асяродзьдзі прызнаная і як бы нармалізаваная сама пакута невінаватага чалавека. Невінаваты пакутуе і фізычна, і маральна — і гэта не выклікае ў іншых людзей, у грамадзтве такой ступені абурэньня, якая б мела такую сілу, што здолела б перавярнуць сытуацыю. Людзі нічога ня могуць з гэтым зрабіць, і таму ў сваім бясьсільлі абвінавачваюць незнаёмых, у тым ліку даўно памерлых, абвінавачваюць народы, мовы, літаратуры... А мусілі б думаць, што рабіць пасьля таго, як выжывем. Калі выжывем.