Кіраўнік, заснавальнік «Вясны» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі на волі!

13 December 2025, 9:00 PM
Кіраўнік, заснавальнік «Вясны» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі на волі!

На фота: Кіраўнік і заснавальнік "Вясны" Алесь Бяляцкі ў Вільні каля амерыканскай амбасады на сустрэчы з беларусамі і журналістамі

13 снежня па памілаванні былі вызваленыя адразу 123 палітвязні, сярод якіх — кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру "Вясна", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. Яго ўтрымлівалі за кратамі чатыры гады і пяць месяцаў. Памілаванне адбылося пры садзейнічанні амерыканскага ўраду. Палітвязняў адразу з месцаў няволі прымусова вывезлі на тэрыторыю Украіны і Літвы.

12 снежня ў Мінску пачаліся перамовы з амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам, якія цягнуліся два дні. Вынікам стала памілаванне 123 вязняў, сярод якіх — палітвязні і грамадзяне іншых краін. Іх прымусова дэпартавалі за межы Беларусі.

Як паведаміў Алесь Бяляцкі на сустрэчы з беларусамі і журналістамі каля амерыканскай амбасады, Валянцін Стэфановіч таксама быў у спісе на вызваленне. Але пакуль няма пацверджаннай інфармацыі пра яго вызваленне. Праваабаронцы высвятляюць падрабязнасці.

Першы каментар Алеся Бяляцкага ў стрыме "Белсата" адразу па вызваленні:

"Раніцай, глыбока ноччу я быў у турме. Ляжаў там абсалютна ў іншых умовах, на нарах, у памяшканні, дзе было амаль 40 чалавек. І зараз я на волі. Канешне, улічваючы, што я амаль чатыры гады правёў у такіх умовах, то зараз адчуванні яшчэ не зусім зразумелыя.

Мой калега, Валянцін Стэфановіч, працягвае яшчэ сядзець, нягледзячы на тое, што мяне вызвалілі. Таму нашая барацьба працягваецца. Вельмі важна ўсім далей працягваць трымаць свой фокус на тых палітычных зняволеных, якія зараз працягваюць знаходзіцца ў беларускіх турмах і дабівацца поўнага вызвалення ўсіх, каб там не засталося ніводнага палітычнага зняволенага".

Таксама праваабаронца распавёў, што ў яго быў выбар або заставацца ў турме ці быць вывезеным з завязанымі вачыма з Беларусі (прымусова дэпартаваным).

"Мне раілі прасіць памілаванне, але я не прасіў", сказаў Алесь Бяляцкі.

Нагадаем, 14 ліпеня 2021 года да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавацілі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". У сакавіку 2023 года суддзя Марына Запаснік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну. Пазней праваабаронцаў унеслі ў "спіс экстрэмістаў".

Да гэтага часу працягвае заставацца за кратамі каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова.

Яе затрымалі ў верасні 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення і велізарнага штрафу. Пазней па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Цяпер Марфа ўтрымліваецца ў гомельскай калоніі № 4. Падчас зняволення ў Марфы моцна пагоршыўся стан здароўя.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 February 2026, 10:13 AM
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026 года споўнілася 77 год з дня нараджэння Барыса Звозскава – праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека.
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
03 February 2026, 7:33 AM
Люстрация как элемент переходного правосудия: подходы социальных наук и международные стандарты
Именно текущий период открывает пространство для анализа, сравнительного сопоставления опыта и выработки подходов, которые не будут сформированы под давлением срочности, общественных ожиданий или политической конъюнктуры.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
17 January 2026, 1:57 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2025 годзе
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай.
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
17 January 2026, 1:47 PM
Былы міністр працы і сацыяльных спраў Германіі стаў «хросным» Мікалая Статкевіча
У межах кампаніі #Westandbyou Хубертус Хайль стаў "хросным" палітвязня Мікалая Статкевіча, вядомага лідара апазіцыі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці