«Клетка» ў жаночай калоніі. Што гэта такое, якія нормы парушае?

27 June 2024, 12:26 PM
«Клетка» ў жаночай калоніі. Што гэта такое, якія нормы парушае?

Так намалявала "клетку" палітзняволеная Кася Будзько

У жаночай калоніі № 4 існуе шмат пакаранняў, якія зневажаюць чалавечыя гонар і годнасць. Адно з такіх — памяшчэнне палітвязняў у так званую "клетку", якая знаходзіцца на вуліцы паміж жылой і вытворчай зонамі. У рамках "Тыдня супраць катаванняў", які ладзіць "Прававая ініцыятыва" напярэдадні Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяр катаванняў "Вясна" распавядае, што гэта такое і якія нацыянальныя і міжнародныя нормы парушае такое абыходжанне са зняволенымі.

Як выглядае "клетка"?

Яна ўяўляе сабой сапраўдную клетку, даўжынёй каля паўтары метраў, а шырынёй — каля двух. Клетка стаіць паміж жылой і прамысловай зонамі — на прыступках перад варотамі на фабрыку. Гэта прамавугольная клетка з металічнымі прутамі — падобная на тыя, у якіх людзі знаходзяцца падчас суда.

Часта жанчын спецыяльна змяшчаюць туды ў халодную пару года, каб пакаранне адчувалася больш востра. Па часе людзі знаходзяцца там звычайна ад гадзіны да трох, некаторыя палітвязні называюць час да чатырох гадзін. Калі ты стаіш да ночы, можаш пазбавіцца абеду. Часцей за ўсё, калі ты трапіла ў такую клетку, далей цябе чакае ШІЗА.

За што туды ставяць людзей?

Туды ставяць палітзняволеных, якія ў чымсьці правініліся — напрыклад, калі здараецца бойка ці іншы інцыдэнт. Ім можа быць нават нязгода з меркаваннем адміністрацыі або адмова ад працы. Таксама туды трапляюць і для прафілактыкі, каб іншым было відаць, што чалавек здзейсніў нейкую правіну. Пад правінай заўсёды разумеецца вельмі шырокі спектр дзеянняў. Напрыклад, туды адпраўляюць, калі ў чалавека здарылася гістэрыка, каб ён супакоіўся, або за тое, што ў жанчыны няправільна прышыты гузік.

У дыялогу з адной з палітзняволеных начальнік рэжымнага аддзела калоніі сказаў, што ў клетку змяшчаюць людзей на час разбору, пакуль адміністрацыя разбярэцца, зрабіў чалавек нешта не так ці не зрабіў. Палітзняволеная ўспамінае:

"Ён патлумачыў: гэтая клетка для таго, каб калі адбываецца нейкае парушэнне распарадку дня ці яшчэ чаго-небудзь накшталт правілаў унутранага распарадку, то туды могуць змясціць асуджаную. Звычайна яна знаходзіцца там да высвятлення абставінаў і таго, як яны разбяруцца з гэтым правапарушэннем".

Пасля таго, як чалавека туды ставяць, збіраецца камісія па пакаранні, у якую ўваходзяць людзі з усіх аддзелаў калоніі: аператыўнага, рэжымнага, папраўчага. Абавязкова прысутнічае начальнік калоніі і хтосьці з псіхолагаў.

Як гэта адчуваецца?

Часам яе называюць "клетка ганьбы", бо менавіта з такімі мэтамі туды месцяць жанчын. Былая палітзняволеная Дар'я Чульцова назвала гэта аналогіяй ганебнага слупа ў Сярэднявеччы:

"Там можна толькі стаяць, у ёй няма нават крэсла, а калі сесці на зямлю, то час знаходжання ў дадзеным "памяшканні" можа павялічыцца. У "клетку" ставяць пры любым надвор'і і любым настроі. Часта наўпрост адтуль адпраўляюць адразу ў ШІЗА.

У ёй няма дзе развярнуцца, дзясяткі людзей праходзяць міма, глядзяць на цябе і думаюць: «Што яна нарабіла?». Адміністрацыя, якая павінна "перавыхоўваць", ходзіць і кпіць".

Адна з палітзняволеных адзначае, што бачыла ў клетцы жанчыну, якая дэманстравала свой пратэст там знаходзіцца, іншая — што дзяўчына, якая стаіць там, увесь час усміхалася.

Каментар юрыдычнай службы "Вясны":

Памяшчэнне чалавека ў "клетку" супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму праву.

Частка 2 Артыкул 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса 

Асуджаныя не павінны падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму іх годнасць абыходжанню. Меры прымусу да іх могуць быць ужытыя няйначай як на падставе закона.

Парушаецца права на свабоду і асабістую недатыкальнасць

Правілы Нэльсана Мандэлы 

Правіла 39 

1. Меры спагнання ў дачыненні да зняволеных могуць уводзіцца толькі згодна з умовамі, названым у заканадаўстве або нарматыўна-прававых актах, згаданых у правіле 37, і прынцыпам справядлівасці і належнай прававой працэдуры.

Сярод мер спагнання, якія пералічаныя ў артыкуле 112 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, не ўтрымліваецца памяшчэнне чалавека ў клетку ў двары, міма якой праходзяць іншыя асуджаныя. 

Такім чынам, змяшчэнне чалавека ў клетку за тое, што ён падазраецца ў здзяйсненні дысцыплінарнай правіны, парушае права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, бо такое пазбаўленне волі не адпавядае ўстаноўленай законам форме і працэдуры затрымання. Гэта значыць — не можа быць апраўдана на якой-небудзь прававой падставе і, такім чынам, з'яўляецца незаконным і адвольным (артыкул 9 МПГПП). 

Парушаецца права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму годнасць абыходжанню і права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласціва чалавечай асобе.

Заўвага агульнага парадку № 21 Камітэта па правах чалавека, артыкул 10

4. Гуманнае абыходжанне з усімі асобамі, пазбаўленымі волі, пры павазе іх годнасці, з'яўляецца асноватворным правілам універсальнага прымянення.

Правілы Нэльсана Мандэлы 

Правіла 47

1. Выкарыстанне кайданкоў, ланцугоў або іншых сродкаў ўціхамірвання, якія па сваёй прыродзе з'яўляюцца прыніжаючымі годнасць ці балючымі, павінна быць забаронена.

Чалавека, які асуджаны да пазбаўлення волі і знаходзіцца ў ізаляцыі ад грамадства, змяшчаюць у клетку, якая знаходзіцца на ўсеагульным аглядзе іншых асуджаных. Клетка знаходзіцца на вуліцы. Чалавек адчувае сябе прыніжаным. У клетцы холадна / горача і некамфортна. Чалавек адчувае маральныя і фізічныя пакуты. 

Такім чынам, знаходжанне ў ёй парушае права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму годнасць абыходжанню і права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласціва чалавечай асобы (артыкулы 7, 10 МПГПП).


Малюнкі ў тэксце: Кася Будзько.

Share

See more news

Даследаванне Алега Мацкевіча. Што такое турэмнае харчаванне ў Беларусі?
06 January 2026, 10:20 AM
Даследаванне Алега Мацкевіча. Што такое турэмнае харчаванне ў Беларусі?
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч на падставе сведчанняў былых палітзняволеных з розных калоній Беларусі правёў даследванне пра турэмнае харчванне.
Агляд «Вясны»: 2107 новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2025 годзе ў Беларусі
05 January 2026, 11:54 AM
Агляд «Вясны»: 2107 новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у 2025 годзе ў Беларусі
«Вясна» падводзіць вынікі года: якія суды сталі найбольш рэпрэсіўнымі і што ўлады называлі «экстрэмізмам».
Human Constanta: Репрессии без границ: транснациональный авторитаризм в цифровую эпоху
04 January 2026, 5:34 PM
Human Constanta: Репрессии без границ: транснациональный авторитаризм в цифровую эпоху
Исследование «Репрессии без границ: транснациональный авторитаризм в цифровую эпоху» раскрывает, как современные авторитарные режимы используют цифровые технологии, чтобы преследовать активистов, журналистов и правозащитников даже после их вынужденного отъезда за границу.
Human Constanta і Dissident.by: Ад вуліц да экранаў: лічбавыя рэпрэсіі ў Беларусі (2020–2025)
04 January 2026, 5:28 PM
Human Constanta і Dissident.by: Ад вуліц да экранаў: лічбавыя рэпрэсіі ў Беларусі (2020–2025)
Гэтая справаздача аналізуе трансфармацыю рэпрэсіўнай палітыкі ў Беларусі пасля 2020 года з фокусам на сістэмны пераслед за анлайн-актыўнасць.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці