Лукашэнка падпісаў рэпрэсіўныя змены ў закон, які ставіць крыж на незалежных СМІ ў Беларусі

03 July 2023, 10:34 AM
Лукашэнка падпісаў рэпрэсіўныя змены ў закон, які ставіць крыж на незалежных СМІ ў Беларусі

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

БАЖ адзначае, што 1 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла заяву, што той ухваліў змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Дакумент пашырае пералік падстаў для анулявання пасведчання дзяржаўнай рэгістрацыі медыя і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, навінавага агрэгатара. Ва ўсіх выпадках маюцца на ўвазе недзяржаўныя СМІ. 

Раней законапраект без аніякіх пярэчанняў прайшоў усе папярэднія «экспертныя» інстытуты. 18 красавіка і 31 траўня змяненні ў прапанаванай  Саветам міністраў рэдакцыі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым і другім чытанні адпаведна. 14 чэрвеня іх адзінагалосна ўхвалілі чальцы Савета Рэспублікі. Подпіс Лукашэнкі быў простай фармальнасцю.

Як адзначаецца ў юрыдычным тлумачэнні, «пераследуецца забеспячэнне канстытуцыйнага права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі ў сферы масавай інфармацыі».

Нягледзячы на тое, што закон наўпрост закранае як значную колькасць вытворцаў інфармацыйнага кантэнту, так і яшчэ большую армію спажыўцоў, яго змест на этапе складання не апублічваўся і праўкі ўносіліся кулуарна. Іншымі словамі, новыя рэаліі зацікаўленым бакам прэзентавалі як факт.

Між тым, з абнародаваных пунктаў вынікае, што навацыі яшчэ больш абмяжоўваюць магчымасці як дзяржаўнай, так і незалежнай прэсы — пад прыкрыццём таго, што гэта дыктуе неабходнасць «адэкватна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў медыяпрасторы»:

• пашырэнне пераліку падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ, абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, агрэгатара навін;

• дэталізацыя патрабаванняў да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных альбо радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі;

• вызначэнне асаблівасцей функцыянавання навінавых агрэгатараў і правававога статусу іх уладальнікаў;

•  удакладненне парадку дзейнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

• замацаванне магчымасці прымянення захадаў у адказ у дачыненні да замежных сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў, журналістаў. 

У 2021 годзе Закон аб СМІ ўжо зведаў карэктывы ў бок жорсткіх абмежаванняў. Сярод іншага тады акрэдытаваным карэспандэнтам забаранілі рабіць наўпроставыя ўключэнні з масавых пратэстаў; пазбавілі права публікаваць вынікі сацыялагічных апытанняў; крыміналізавалі распаўсюд персанальных дадзеных чыноўнікаў; увялі дадатковыя падставы блакаваць любы друкаваны ці інтэрнэт-рэсурс і г. д.  

Аднак, паводле ініцыятараў чарговых новаўводзінаў, з улікам глабальных геапалітычных зрухаў, тэхналагічных рэалій, выклікаў і пагроз наспела неабходнасць унясення дадатковых зменаў. Перадусім гэта тычыцца абмежавання доступу да рэсурсаў, якія ўлады лічаць «нелаяльнымі  дзейнаму рэжыму».

Выглядае, што, кіруючыся менавіта такой логікай, Міністэрства інфармацыі Беларусі рэгулярна абнаўляе свой «экстрэмісцкі спіс», дадаючы туды чарговыя медыйныя платформы з «забароненым для распаўсюду» кантэнтам.

Праз мэтанакіраваны пераслед незалежных СМІ ў Беларусі практычна не засталося легальных інфармацыйных крыніц з альтэрнатыўным меркаваннем. Гэтую місію цяпер выконваюць рэдакцыі, якія падчас масштабных зачыстак грамадзянскай супольнасці вымушана эвакуяваліся за межы краіны.

Тым часам больш за тры дзясяткі былых і дзейных супрацоўнікаў недзяржаўных медыя застаюцца за кратамі паводле абсурдных абвінавачванняў у прафесійнай дзейнасці.

Арыгінальны артыкул на сайце БАЖ

Share

See more news

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в октябре 2025 года
04 November 2025, 1:50 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в октябре 2025 года
Несмотря на непрекращающиеся попытки беларусских властей ограничить доступ к информации, можно с уверенностью констатировать, что репрессии в стране не прекращаются.
Гайд БАЖ для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
03 November 2025, 12:48 PM
Гайд БАЖ для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
Эксперты на запыт Беларускай асацыяцыі журналістаў распрацавалі кароткі спіс рэкамендацый для незалежных медыя.
Сумесная заява з нагоды Міжнароднага дня палітычных зняволеных
29 October 2025, 9:00 PM
Сумесная заява з нагоды Міжнароднага дня палітычных зняволеных
Праваабарончыя арганізацыі з усяго свету 30 кастрычніка прынялі сумесную заяву з нагоды Міжнароднага дня палітычных зняволеных.
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
13 October 2025, 12:40 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
Казавшаяся приостановленной практика принудительной ликвидации некоммерческих организаций вновь получила свое развитие.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці