Маці расстралянага – праваабаронца года ў Беларусі

11 December 2012, 11:45 AM
Маці расстралянага – праваабаронца года ў Беларусі

Прадстаўнікі шэрагу праваабарончых арганізацыяў Беларусі 10 снежня традыцыйна вызначалі найлепшых сярод праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў. Праваабаронцай года 2012 абраная Любоў Кавалёва (на фота), маці расстралянага за тэракт у мінскім метро.

10 снежня адбылося традыцыйнае ўручэнне прэмій за выключныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека. Пераможцаў у трох намінацыях «Праваабаронца года 2012», «Адвакат года 2012» і «Журналіст года 2012» вызначылі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый і журналісты.

У склад журы, якое вызначала пераможцаў прэміі, уваходзілі прадстаўнікі дзевяці праваабарончых арганізацый Беларусі і пяць мінулагодніх лаўрэатаў. Па словах кіраўніцы «Праваабарончага альянсу» Людмілы Гразновай, традыцыя ўзнагароджваць найлепшых праваабаронцаў, журналістаў і адвакатаў будзе працягнута і ў наступным годзе.

Так, праваабаронцай года была абвешчаная Любоў Кавалёва, маці асуджанага на расстрэл па справе выбуху ў метро Уладзіслава Кавалёва. Прэмію Любові Кавалёвай уручыў праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйла. Ён адзначыў, што Любоў Кавалёва праявіла вялікую мужнасць, адданасць у змаганні з дзяржаўнай машынай, якая па-ранейшаму нецывілізавана распраўляецца са сваімі грамадзянамі. Ёй не выдалі цела сына, не паведамілі, дзе ён пахаваны. Псіхалагічны ціск на яе працягваецца, але яна не скараецца, і дзякуючы намаганням яе і іншых, як спадзяецца Гары Паганяйла, калі-небудзь пытанне аб адмене смяротнага пакарання будзе вырашана ў Беларусі.

У адказ Любоў Кавалёва падзякавала за дапамогу журналістам і прафесійным юрыстам: «Я не юрыст, адной мне б было вельмі складана вырашаць нейкія юрыдычныя праблемы. Таму без іх дапамогі я не магла абысціся і спадзяюся, што яны не пакінуць мяне без дапамогі і далей». Таксама Любоў Кавалёва паведаміла, што ёй дагэтуль вельмі цяжка, але яна бачыць свой грамадзянскі абавязак у тым, каб дапамагаць іншым у вырашэнні праблемы смяротнага пакарання.

Журналістам года стаў журналіст «Gazeta Wyborcza» Андрэй Пачобут, які зараз знаходзіцца пад крымінальным пераследам і ўтрымліваецца пад падпіскай аб нявыездзе. Андрэй Пачобут некалькі разоў трапляў за краты, але гэта не спыніла яго дзейнасці: выходзячы на волю, ён працягвае рабіць усё вельмі прафесійна, аддана. Праз скайп-канферэнцыю ён змог віртуальна прысутнічаць на ўласным уганараванні. Журналіст падзякаваў за ўручэнне гэтай прэміі і адзначыў, што, як і іншыя беларускія журналісты, ён жадаў бы пісаць з Беларусі толькі добрыя навіны, але пакуль часта даводзіцца паведамляць пра розныя складаныя рэчы, не вельмі прыемныя тым, хто хацеў бы бачыць Беларусь дэмакратычнай, развітай краінай.

Прэмію «Лепшым адвакатам 2012 года» Аліне Шостак і Альвіне Дрыго ўручала Тамара Сідарэнка, былая адвакатка Уладзіміра Някляева, якая затым была пазбаўленая адвакацкай ліцэнзіі з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі. Сідарэнка адзначыла, што абедзве намінанткі на прэмію — прафесійныя адвакаты, і нават у гэтых умовах, нягледзячы на рызыку страціць прафесію, яны бяруцца абараняць удзельнікаў дэмакратычнага руху і робяць гэта вельмі якасна.

Перад завяршэннем урачыстасцяў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч зачытаў прысутным віншаванне з Днём правоў чалавека, якое даслаў з Бабруйскай калоніі зняволены кіраўнік ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі: «Хацеў бы шчыра павіншаваць усіх калегаў, знаёмых і незнаёмых сябраў з Міжнародным днём правоў чалавека. У гэты дзень мы як ніколі мусім адчуваць супольнасць нашых думак, памкненняў і намаганняў. Мы ўсе – адная сям’я. І высакародныя мэты, закладзеныя ў Дэкларацыі 64 гады таму, працягваюць быць пуцяводнай зоркай для нас, дзе б і ў якіх умовах бы мы ні жылі!».

***
Год таму праваабаронцам года быў названы Алесь Бяляцкі, адвакатамі года названыя Марына Кавалеўская і Дар’я Ліпкіна, журналістамі года — Юлія Дарашкевіч і Уладзь Грыдзін.

Конкурс заснаваны ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам», які ўзначальвае Людміла Гразнова.

See more news

«На месцы Ігара Ільяша мог быць кожны з нас». Рэпартаж БАЖ з уручэння Праваабарончай прэміі-2024
11 December 2024, 12:34 PM
«На месцы Ігара Ільяша мог быць кожны з нас». Рэпартаж БАЖ з уручэння Праваабарончай прэміі-2024
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, аб’явілі вынікі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці 2024 года. Сёлета сярод пераможцаў аказаліся трое журналістаў.
Пераможцы Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці ў 2024 годзе
11 December 2024, 11:45 AM
Пераможцы Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці ў 2024 годзе
Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год.
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год
29 November 2024, 12:58 PM
Названыя фіналісты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2024 год
Аргкамітэт Прэміі праваабарончай супольнасці апублікаваў спіс намінантаў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст у 2024 годзе.
Доўгі спіс Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці – 2024
25 November 2024, 9:45 AM
Доўгі спіс Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці – 2024
Аргкамітэт апублікаваў намінаваных сёлета на Прэмію.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці