Крыніца: Георгій Леўкавец, БАЖ
10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, аб’явілі вынікі Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці 2024 года. Сёлета сярод пераможцаў аказаліся трое журналістаў. Усе падрабязнасці распавядаем у рэпартажы ад аўтара БАЖ.
На здымку (злева направа): Павел Левінаў, Наста Базар і Андрэй Стрыжак. Фота: Барыс Гарэцкі
Урачыстая цырымонія прайшла ў Беларускім доме ў Вільні.
Праваабарончая прэмія створана ў 2008 годзе, і вось ужо 16 гадоў уручаецца людзям і кампаніям, якіх выбіраюць праваабаронцы.
— Дзяржава хочаць абмежаваць нашы правы, а мы, як людзі, спрабуем іх абараніць. Гэты канцэпт, нягледзячы на складанасці сучаснага свету, жыве, — канстававаў вядоўца цырымоніі Андрэй Стрыжак.
Прэмія беларускай праваабарончай супольнасці мае чатыры намінацыі. Спачатку ствараецца доўгі ліст кандыдатаў, затым ён скарачаецца да трох прэтэндэнтаў у кожнай намінацыі. І ў рэшце рэшт выбіраюцца чатыры пераможцы — па адным на кожную намінацыю.
Пераможцай у намінацыі «Праваабаронца года» названая Наста Базар. Фем- і квір-актывістка, трэнерка, спікерка, яна падтрымлівае жанчын у сітуацыях хатняга і сэксуалізаванага гвалту. Наста Базар, пасля смерці згвалтаванай у Варшаве беларускі Лізаветы, ініцыявала ў сацсетках акцыю з хэштэгам #хопіцьгвалціць, пад якім людзі дзяліліся гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт. Хэштэг #хопіцьгвалціць стаў беларускім аналагам #metoo.
— Доўгі час я не магла лічыць сябе праваабаронцам. Успрымала прэмію як нешта недасяжнае для мяне. Сёлетняе вылучэнне стала неспадзяванкай для мяне. Тое, што я сёння знаходжуся тут, магу гаварыць, — вялікі знак, што наша грамадства ідзе ў накірунку дэмакратыі, — падкрэсліла Наста Базар.
Па праваабарончай традыцыі, узнагароду пераможцу ўручае папярэдні фіналіст. Але, на жаль, сёлета гэтую традыцыю давялося парушыць: леташні лаўрэат у намінацыі «Журналіст года» Аляксандр Манцэвіч знаходзіцца ў турме ў Беларусі. Таму замест яго імёны лепшых называў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.
Сёлета ў канверце з віншаваннямі былі адразу два прозвішчы. «Журналістамі года» былі прызнаныя Дзіяна Пінчук і Фёдар Паўлючэнка.
Журналістка і праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук прыйшла ў арганізацыю ў 2018 годзе. Яна асвятляе на сайце spring96.org і ў сацсетках «Вясны» рэпрэсіі ў Беларусі, палітычныя судовыя працэсы, гісторыі палітвязняў і катаванняў, дзейнасць праваабаронцаў. Дзяўчына рыхтуе матэрыялы ў межах кампаніяў «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Дзіяна спалучае журналісцкую дзейнасць з правааабаронча-актывісцкай. Так, яна ініцыятарка Дня беларускіх палітвязняў, а ў Варшаве арганізавала да Міжнароднага дня супраць катаванняў разам з беларускімі акторамі чытку гісторыяў беларусаў, якія амаль усе напісала сама.
Спадарыня Пінчук прысвяціла сваю прэмію каляжанцы з «Вясны» Марфе Рабковай і ўсім палітвязням.
Reform.news — каманда журналістаў, якія больш за 5 гадоў прафесійна расказваюць пра падзеі ў Беларусі і свеце.
У 2024 годзе галоўны рэдактар медыя Фёдар Паўлючэнка разам з камандай зладзілі журналісцкае расследаванне пра нямецкага «Цыбульнага караля» і эксплуатацыю ім беларускіх палітвязняў. Як высветлілі Reform. news, нямецкі дэпутат Ёрг Дорнаў асабіста правяраў працу палітвязняў.
— Здавалася б, трэба радавацца і святкаваць, толькі не атрымліваецца ні радавацца, ні святкаваць. Такая сітуацыя ў Беларусі і ў журналісцкай супольнасці. Грамадства стаміліся ад навінаў пра палітвязняў, але гэта не дастойны адказ на праблему. Трэба знайсці такую форму, каб тэма зацікавіла не толькі беларусаў, але і грамадзян іншых краін, — падкрэсліў Фёдар Паўлючэнка.
Фёдар Паўлючэнка і Наста Васільчук, якая прымае ўзнагароду для Дзіяны Пінчук. Фота: Барыс Гарэцкі
У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» перамог Дабрачынны фонд BYSOL, які супернічаў з праектам «Палітвязынка» і Цэнтрам беларускай салідарнасці.
Дабрачынны фонд BYSOL ладзіць зборы для пацярпелых ад палітычнага пераследу. Ён дапамагае з экстраным выездам з Беларусі, падтрымлівае вызваленых палітвязняў, беларускіх дабраахвотнікаў руска-украінскай вайны і яе ветэранаў. А таксама падтрымлівае інстытуцыйнае развіццё беларускай грамадзянскай супольнасці.
Каманда пераможцаў аб’явіла, што ахвяруе прэмію дзецям беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне.
Пераможцам самай «маладой» намінацыі «Праваабарончая салідарнасць», якая ўручаецца ўсяго толькі другі раз, стаў журналіст Ігар Ільяш. Нагадаем, на яе вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.
Ігар Ільяш аб’яўлены пераможцам намінацыі «Праваабарончая салідарнасць». Фота: Барыс Гарэцкі
Ігар Ільяш— журналіст і муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні па абвінавачанні за прафесійную дзейнасць. Яе асудзілі да 8 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі. Ігар Ільяш прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, каб мець магчымасьць рыхтаваць перадачы для жонкі і ездзіць да яе на спатканні ў гомельскую калонію № 4.
20 кастрычніка 2024 года яго затрымалі ў Мінску – нібыта за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Цяпер ён таксама знаходзіцца за кратамі ў СІЗА, яму пагражае працяглы тэрмін.
За журналістцкую дзейнасць Ігар Ільяш таксама трапляў пад рэпрэсіі сілавікоў. Так, у лістападзе 2020 года Ільяша арыштоўвалі на 15 сутак за «ўдзел у пікетаванні». У ліпені 2021 года яго таксама затрымлівалі на 15 сутак падчас масавых вобшукаў і затрыманняў незалежных журналістаў па ўсёй Беларусі. Тады ў кватэры журналіста правялі ператрус, забралі тэхніку і кнігі.
Прэмію ўручаў муж першай перможцы — Паліны Шарэнда-Панасюк — Андрэй Шарэнда. Прэмію для калегі прымаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Ён зазначыў мужнасць Ігара Ільяша:
— Ігар паказаў неверагодны прыклад мужнасці. За чатыры гады ён перажыў вельмі многае, разумеў рызыкі, але прынцыпова заставаўся ў Беларусі. Ён не мог кінуць сваю жонку за кратамі. Вось гэта сапраўдны прыклад журналісцкай беларускай сям’і. Я вельмі рады, што ягонае імя прагучала і спадзяюся, што Ігар выйдзе як мага раней — нашымі высілкамі, малітвамі, дзеяннямі. На яго месцы мог быць кожны з нас. Не ведаю, ці змог бы заставацца такім мужным. Таму ён цяпер за кратамі, а мы з ім салідарныя.
Напрыканцы ўрачыстай цырымоніі вядучы Андрэй Стрыжак загаварыў пра трансфармацыю праваабарончага поля.
— Сёння тройчы са сцэны падкрэслівалася важнасць зменаў у нашых структурах: гэта казала і Наста Базар, і Наста Васільчук ад імя Дзіяны Пінчук, пра гэта казаў і я.
Кожная арганізацыя, кожная структура жыве і развіваецца, наш сектар таксама развіваецца. І гэта дае вялікія спадзяванні, што ўвесь імпэт, супольныя намаганні і сілы будуць весці толькі да ўмацавання нашых структур.
Правабаронца Андрэй Стрыжак. Фота: Барыс Гарэцкі
Спадар Стрыжак спадзяецца, што гэта ўсё павінна прывесці да такіх жаданых і чаканых перамен у Беларусі.
— Я спадзяюся, што наступныя праваабарончыя прэміі будуць папаўняцца новымі намінацыямі, сярод якіх не будзе патрэбы ў намінацыях для тых, хто знаходзіцца за кратамі. Гэта будзе падтрымка тых, хто выйшаў. І мы будзем праводзіць цырымоніі ўручэння прэміі ў Беларусі, — падкрэсліў у развітальным слове Андрэй Стрыжак.