«Не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...»: у вянок памяці Леаніду Свеціку

08 July 2024, 12:34 PM
«Не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...»: у вянок памяці Леаніду Свеціку

Аднадумцы, знаёмыя і сябры віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, які раптоўна памёр 28 чэрвеня на чужыне, узгадваюць калегу і аддаюць даніну памяці ягонаму служэнню праваабарончым ідэалам.

Вянок памяці склаў праваабарончы цэнтр "Вясна".

Аляксей Колчын, праваабаронца "Вясны":

“Лявон даўно прысвяціў сваё жыццё праваабароне і аддана ішоў абраным шляхам, не хістаючыся і не збочваючы са сваёй дарогі. Якія б цяжкасці не падкідвала жыццё беларускаму праваабаронцу – ён заставаўся ў шэрагах тых, хто абараняе правы людзей і адстойвае справядлівасць.

Пасля таго, як працаваць ў Беларусі стала немагчыма, ён пакінуў краіну – для таго, каб працягваць рабіць сваю справу за межамі краіны. Леанід верыў, што некалі ён вернецца на Радзіму; скрушна, што ён гэтага не дачакаўся.

Ён сваю дарогу выбраў і з гэтага шляху нікуды не збочваў, за што яму можна толькі пакланіцца”.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў:

“Не стала нашага калегі Леаніда Свеціка. Вялікі жаль і спачуванні ад мяне асабіста і ад БАЖа.

Леанід дзесяцігоддзямі бараніў правы чалавека на Віцебшчыне, спрыяў развіццю незалежнай прэсы ў Віцебскай вобласці. У розны час быў выдаўцом і рэдактарам некалькіх інтэрнэт-СМІ. А яшчэ Леанід пісаў вершы, якіх шмат засталося ў рукапісах і кампутарных нататках.

Асабіста блізка з Леанідам мы пазнаёміліся ў Кіеве, куды нас абодвух выкінулі рэпрэсіі летам 2021-га года.

Спачатку Леанід разам з Паўлам Левінавым базаваліся ў офісе ўкраінскіх калег на вуліцы Лютэранскай, роўна насупраць офіса Прэзідэнта Украіны, а потым мы разам з Леанідам і іншымі калегамі збіраліся адкрываць свой офіс і каворкінг для калег у Кіеве.

Сядзелі на кухні Схід SOS і абмяркоўвалі гэтыя планы. На жаль, не адбылося.

Апошні раз мы размаўлялі з Леанідам месяц таму. Дзякуй вялікі, Леанід, за Вашу працу. RIP.”

Развітанне з Леанідам Свецікам у Варшаве.

Павел Левінаў, праваабаронца БХК:

“Леанід Свецік не памёр, ён загінуў на полі абароны правоў чалавека. Шматгадовая дзейнасць Леаніда была звязана з праваабаронай. Ён быў адным з першых, хто на міжнародным узроўні даказаў парушэнне Рэспублікай Беларусь правоў чалавека.

Больш за 15 гадоў мне давялося працаваць бок аб бок з Леанідам, разам абараняць правы чалавека. Мяне захаплялі яго аналітычнае мысленне і разважлівасць. Упэўнены, што ў свабоднай Беларусі яго імем будзе названая вуліца ў Віцебску.

Мала хто ведае, што Леанід пісаў вершы, зборнік якіх стаіць у мяне на паліцы. Ён быў не толькі добрым таварышам, “братам па зброі" і паэтам, але і тым, хто любіць і клапатлівым мужам і бацькам. Леанід, знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі, цяжка перажываў расстанне з сям'ёй, што магло паскорыць яго гібель.”

Леанід Судаленка, былы палітвязень, праваабаронца:

“Ведаў Леаніда Свеціка каля дваццаці год, разам займаліся праваабаронай, ён у Віцебскім, я ў Гомельскім рэгіёнах. За гэта час у нас з ім было шмат агульных сустрэч, разам навучаліся на адукацыйным курсе па правах чалавека. Леанід адзін з першых беларускіх праваабаронцаў, які выйграў справу ў Камітэце ААН па правах чалавека, баронячы права на свабоднае выказванне меркавання.

Ён паслядоўна і прынцыпова адстойваў парушаныя правы беларусаў і, здаецца, праваабарона стала насычаным сэнсам ягонага жыцця. Кожны з нас пасля вымушанай эміграцыі стаў жыць у больш стрэсавым асяродку і гэта не дабаўляе нікому здароўя. Шкада, што ён развітаўся з намі так рана, не дачакаўся перамен, не паспеў даглядзець беларускае кіно да канца...”

Алена Маслюкова, праваабаронца “Вясны”:   

“Мы з Леанідам даволі шчыльна камунікавалі па працы. А напярэдадні яго заўчаснага сыходу з жыцця ён мне тэлефанаваў увечары. На жаль, так балюча, што я не пачула званка і не змагла адказаць, пачуць ягоны голас. Днем мы перапісваліся, а назаўтра прыйшла сумная вестка.

Не магу сабе ўявіць, што яго больш няма сярод нас і так шкада, што мы губляем надзейных сяброў.

Для праваабарончай супольнасці вельмі сумная падзея, таму што сышоў з жыцця праваабаронца, даволі вядомы чалавек у нашай справе.

Лёня быў чалавекам прынцыповым, прамым, можа, часам казаў не тое, што хацелі б чуць, але ён гэта казаў шчыра, ад усяго сэрца, хварэў за справу. Відаць, таму сэрца і не вытрымала ў чалавека.

Згадваю яго заўсёды вельмі добрымі словамі, таму што мне не аднойчы даводзілася з ім раіцца і прасіць дапамогі. Я выказваю глыбокія спачуванні сваякам, бо ведаю, як гэта цяжка губляць родных, сяброў. Я жадаю ўсім “вясноўцам” здароўя і каб яны працягнулі справу, да якой быў датычны наш Лёня”.

Уладзімір Хільмановіч, праваабаронца і публіцыст:

“Лявон Свецік быў вельмі прынцыповым праваабаронцам, шмат цярпеў ад пераследу мясцовых уладаў, але не ішоў на кампраміс, бараніў правы людзей і свае таксама. Усё гэта не змагло адбіцца на ўласным здароўі, а мігранцкі хлеб – вельмі цяжкі, вельмі горкі…

Леанід Свецік паспяхова цягам шмат гадоў бараніў правы людзей у Віцебску, дапамагаў ім, рабіў адзін з лепшых праваабарончых сайтаў, які прынцыпова быў па-беларуску, ледзь не адзіны. Канешне, гэта вялікая страта.

Апошнімі гадамі адышло некалькі знакавых рэгіянальных праваабаронцаў, гвардзейцаў праваабарончага руху і кожная такая страта вельмі балючая. Можна ўспомніць тут Сяргея Гоўшу з Баранавіч, Леаніда Мархотку з Салігорску, Віктара Раманішку са Светлагорска, Алега Гулака, лідара БХК. І вось чарговая незваротная страта.

Але мы, паплечнікі, іх сябры, знаёмыя павінны працягваць гэтую справу, несці наш асабісты крыж і агульны наш грамадскі і праваабарончы крыж. На жаль, вельмі цяжкі час, а хлеб эміграцыі вельмі горкі, нягледзячы на тое, што чалавек матэрыяльна ўладкаваны, але адарваны ад родных каранёў.

Трэба шанаваць паплечнікаў, сяброў, блізкіх людзей па поглядах і старацца іх падтрымліваць усялякімі спосабамі. Нельга апускаць рукі, трэба працягваць тую справу, якую рабілі праваабаронцы, якіх з намі, на жаль, ужо няма”.

Сяржук Сыс, праваабаронца, пісьменнік:

“Часта сустракаліся з Леанідам па працоўных пытаннях, разам удзельнічалі ў семінарах. Заўсёды знаходзілася хвілінка-другая, каб паразмаўляць пра жыццё і пра творчасць.

Яшчэ ў Крычаве, у родным ягоным горадзе Леанід выдаў у 2000 годзе маленечкім накладам свой першы паэтычны зборнік “Вначале было слово”. А ў 2006 годзе выйшла ягоная другая, больш удумлівая кніга “…А мимо вдаль уходят поезда”, якую пры сустрэчы ён падпісаў для мяне.

Што ўзгадваецца? У Леаніда быў няпросты, але цвёрды характар. Калі браўся за нейкую справу – абавязкова даводзіў яе да фіналу.

Яго хвалявала не толькі праваабарона ў класічным разуменні, ён таксама цікавіўся праблемамі рэгіёна, рыхтаваў звароты  ў дзяржаўныя органы па  “дармаедскім” дэкрэце, па замоўчванні інфармацыі пра эпідэмію COVID.

Шмат гадоў разам са сваёй камандай выдаваў "Шэрую кнігу" –  хроніку парушэнняў правоў чалавека. Гэта была фішка віцебскага рэгіёна.

Пасля ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну мы выехалі адтуль у розныя месцы: я – у Нямеччыну, ён – у Польшу. Памятаю, як аднойчы ён сустрэў мяне ў Варшаве на вакзале, каб прытуліць у сябе. Вакзал і Лёня… Гэтак застанецца ў памяць цяпер ужо навечна”.

Зміцер Казакевіч, журналіст, фрылансер:

“З Леанідам мы блізка знаёмыя былі недзе з 2016 года…а можа і раней.  Доўгі час працавалі разам у Віцебску, часта сустракаліся.

Сыйшоў вось вельмі адказны, з цвярозым розумам, вельмі працавіты чалавек, які ў любых, нават самых складаных і нярвовых сітуацыях, даваў разумныя узважлівыя парады. І не толькі па працы, але і ў маім сямейным жыцці і побыце. Ён ніколі не лез наперад, застаючыся як бы ў цені, але заўсёды працаваў на сваю краіну, на Беларусь.

Ягоны сыход для мяне, ды і для ўсіх праваабаронцаў і грамадскай супольнасці – гэта вялікая страта”.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага:

"Леанід шмат гадоў узначальваў віцебскае аддзяленне "Вясны", быў сябрам БАЖ, а таксама выпускніком адукацыйнай праграмы ILIA_By, назіраў за выбарамі, заўжды актыўна ўдзельнічаў у грамадзкім жыцьці, абараняў правы палітвязня Міхала Жамчужнага і сам ня раз адбываў арышт праз сваю праваабарончую дзейнасць. Леанід быў складальнікам "Шэрай кнігі" - хронікі парушэння правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне.

У выгнанні Леанід Свецік працягваў актыўную праваабарончую дзейнасьць.

БДПЧ выказвае спачуваньні родным і сябрам Леаніда".

Леанід Свецік нарадзіўся ў Крычаве на Магілёўшчыне ў 1965 годзе. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута. Акрамя праваабарончай дзейнасці займаўся журналістыкай і літаратурай. Выдаў кнігу паэзіі “А мимо вдаль уходят поезда”.  У розны час з’яўляўся сябрам Беларускага Хельсінскага камітэта, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Памёр 28 чэрвеня 2024 года ў Варшаве.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці