На фота: фрагмэнт Статуту ВКЛ
Пры пераходзе да дэмакратычнага грамадзтва (які абавязкова адбудзецца) Беларусі спатрэбяцца новыя законы – наўзамен скалечаных трыццацю гадамі аўтарытарызму і падыходам “Часам не да законаў”. Але якімі маюць быць гэтыя новыя законы? Чым яны адрозьняцца ад папярэдніх?
Паказваем на прыкладзе рэфармаваньня закона аб адвакатуры.
Праграма ILIA-By Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава арганізавала працу экспэртна-аналітычнай лябараторыі, якая стварае новы закон аб беларускай адвакатуры. Група дасьледнікаў перакананая, што працэс стварэньня новых законаў павінен быць максымальна адкрыты – грамадзтва мае разумець, якія прынцыпы ляжаць у падмурку гэтых законаў, чаму яны менавіта такія. Таму мы пачынаем шэраг публікацыяў, дзе раскажам, як ідзе праца.
Навошта ствараць новы закон, калі можна проста ўзяць гатовы ў іншых краінах, дзе ўсё добра з адвакатурай і дэмакратыяй?
Адным словам: не.
Нельга браць чужы закон, нават за ўзор, за аснову – бо законы кожнай краіны адлюстроўваюць яе гісторыю; у кожнай дзяржаве адвакатура ўладкаваная адрозна.
Такой сытуацыі, як у Беларусі, няма нідзе ў сьвеце
Такой сітуацыі, такога грамадзка-палітычнага кантэксту, як у Беларусі, няма ў ніводнай краіне сьвету. Толькі ХХ стагодзьдзе – гэта фармуляваньне нацыянальнай ідэі, нацыянальна-вызвольная барацьба, 70 гадоў у складзе таталітарнай дзяржавы, некалькі гадоў незалежнасьці, адзіныя дэмакратычныя выбары, зноў трыццаць гадоў у аўтарытарнай краіне без правоў і свабодаў (і ў гэтыя часы законы ствараліся на базе савецкіх падыходаў), і нарэшце – 2020 год, беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і праца ў выгнаньні дзеля будучых дэмакратычных зьменаў. І гэта – калі не паглыбляцца ў гістарычны кантэкст ранейшых эпохаў, дзе мы мелі такія прававыя дакумэнты, як, напрыклад, Статуты ВКЛ.
Галоўнае: права на абарону
Так, законы аб адвакатуры ўсіх дэмакратычных краінаў маюць грунтавацца на адзіным стандарце – праве на абарону, замацаваным у 14 артыкуле Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных свабодах. Гарантыі адвакацкай дзейнасьці і адвакатуры адлюстраваныя ў Асноўных прынцыпах ролі юрыстаў і разьвітыя ў дакладах Спэцыяльных дакладчыкаў ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў.
Але стандарт не заменіць законы; працэдуры ва ўсіх краінах адрозьніваюцца. І групе дасьледнікаў трэба стварыць менавіта тыя працэдуры і правілы, якія адпавядаюць рэальнай сытуацыі ў Беларусі.
На фота справа: адвакат Юлія Юргілевіч, палітычная зьняволеная.
Ствараць закон трэба сыходзячы з рэальнай сытуацыі. Дасьледнікі пачалі з таго, што як мага больш поўна і глыбока ахарактарызавалі стан беларускай адвакатуры на сёньня.
Калі апісаць праблемы ў адвакатаў у Беларусі вельмі сьцісла, у некалькі фразаў, то гэта:
бяспраўны стан адваката – адвакацкія калегіі падкантрольныя ўладзе, адваката па палітычных матывах могуць у любы момант пазбавіць права на прафэсію;
прафэсіяналізм адвакатаў зьніжаецца;
адвакатаў усё меней, людзям трапіць да іх усё цяжэй: і дорага, і ў рэгіёнах бракуе адвакатаў;
многія “новыя” адвакаты не разумеюць, што адвакат – не на службе ў дзяржавы;
у агульнай атмасфэры страху і адсутнасці правасудзьдзя адвакатам немагчыма разьвівацца прафэсійна – у судзе даводзіцца казаць толькі тое, што “можна”;
у выніку – няма здаровай канкурэнцыі паміж адвакатамі;
і галоўнае – сёньня у Беларусі адсутнічае тое адзінае асяродзьдзе, дзе толькі і можа разьвівацца адвакатура: у Беларусі няма незалежнага суду, няма правасудзьдзя, немагчыма рэалізаваць права на справядлівы суд і на абарону.
Новы закон аб адвакатуры павінен стварыць умовы, дзе гэтыя праблемы будуць , па магчымасьці, разьвязаныя.
Якім чынам, празь якія палажэньні новага закона аб адвакатуры могуць разьвязвацца апісаныя праблемы?
Каротка пералічым тое, над чым цяпер працуе дасьледніцкая група:
Хто аказвае юрыдычную дапамогу: толькі адвакаты, ці таксама – юрысты без статусу адваката, праваабаронцы? Хто і як можа стаць адвакатам? Ці можа чалавек сам абараняць сябе ў судзе?
Як мусіць быць арганізаваная сыстэма бясплатнай юрыдычнай дапамогі, каб доступ да яе мелі ўсе людзі, каб яна была даступнай?
Як арганізаваць адвакатуру? Ці належыць адвакату абавязкова быць сябрам адвакацкай калегіі, якая ў яе будзе структура і функцыі?
У якой форме мае быць арганізаваная адвакацкая практыка: адвакацкае бюро, індывідуальная практыка, кансультацыі?...
Па кожным з гэтых пытаньняў трывае працяглае падрабязнае абмеркаваньне.
І галоўнае, на чым грунтуецца новы закон – гэта міжнародныя стадарты правоў чалавека і незалежнасьці адваката.
З тых, хто ўваходзіць у дасьледніцкую групу, можна назваць Натальлю Мацкевіч – праваабаронцу, экспэрта праграмы ILIA-By, адваката, пазбаўленага ліцэнзіі ў 2022 годзе, абаронцу Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі і многіх іншых палітвязьняў. Натальля Мацкевіч перакананая, што стварэньне новых законаў для дэмакратычнай Беларусі – гэта абавязак тых, хто мае кампэтэнцыі і хто знаёмы са стандартамі правоў чалавека:
“Мы абавязаныя думаць пра будучыню. І цяпер – час падвышэньня кампэтэнцыяў, разважаньняў, распрацоўкі рэформаў. Калі мы ня створым цяпер канцэпцыю новай прававой сыстэмы Беларусі для пераходу да прававой дзяржавы; калі мы не падрыхтуем прафэсыяналаў, здольных рабіць рэформы – то само ўсё гэта ня ўзьнікне!
Калі гэтага не рабіць цяпер – калі не вывучаць правы чалавека, не прышчапляць культуру правоў чалавека грамадзтву, […] не рыхтаваць прававую дзяржаву і прафэсыяналаў для яго – то ў Беларусі хутка застанецца толькі выпаленае поле”.
Цытаты зь вялікага інтэрвію Натальлі Мацкевіч.
У наступных артыкулах аб працы дасьледніцкай групы мы раскажам пра досьвед іншых краінаў, якія ўжо перайшлі ад аўтарытарызму да дэмакратыі. Гэта Літва, Малдова, Польшча. Якія ў іх законы аб адвакатуры, чым адрозьніваюцца, што з гэтага можа быць карысным для законаў дэмакратычнай Беларусі?