Патрабуем скасавання прысудаў і вызвалення лідараў незалежных прафсаюзаў

09 January 2023, 9:17 AM
Патрабуем скасавання прысудаў і вызвалення лідараў незалежных прафсаюзаў

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выказваюць рашучы пратэст супраць рэпрэсій у дачыненні да незалежных прафсаюзаў.

5 студзеня 2023 г. Мінскім гарадскім судом вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да лідараў беларускіх незалежных прафсаюзаў, палітвязняў: былога кіраўніка Незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці — РЭП Генадзя Фядыніча, лідара Аршанскага незалежнага прафсаюза РЭП, выканаўцы абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП Васіля Бераснева (таксама сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэта), актывіста прафсаюза РЭП Вячаслава Арэшкі. Суд кваліфікаваў іх дзеянні як заклікі да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), распальванне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130), стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (ч. 1 і ч. 3 арт. 3611 Крымінальнага кодэкса).

Генадзь Фядыніч (66 гадоў) і Васіль Бераснеў (73 гады) асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вячаслаў Арэшка (68 гадоў) — да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Усе асуджаныя з'яўляюцца пенсіянерамі. Вядома таксама, што ў Васіля Бераснева ў папярэднім зняволенні значна пагоршылася здароўе. Ён пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую выдалілі з прычыны анкалагічнага захворвання.

Нагадваем, 26 снежня Мінскі гарадскі суд вынес прысуд па крымінальнай справе, распачатай супраць актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) — старшыні прафсаюза Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтаркі Ірыны Бут-Гусаім, затрыманых 19 красавіка 2022 года. Іх абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342), а Аляксандра Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361). Аляксандра Ярашука асудзілі да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Сяргея Антусевіча — да двух гадоў, Ірыну Бут-Гусаім — да паўтара года.

Мы лічым вынесеныя Г. Фядынічу, В. Берасневу і В. Арэшку прысуды з жахлівымі тэрмінамі зняволення палітычнай расправай і помстай за іх мірныя дзеянні па абароне беларускіх працоўных з выкарыстаннем нацыянальных і міжнародных інструментаў, за выказванне сваёй незалежнай пазіцыі наконт парушэнняў правоў працоўных у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Згодна са звесткамі Беларускага незалежнага прафсаюза, на цяперашні момант у беларускіх турмах знаходзяцца амаль чатыры дзясяткі прафсаюзных актывістаў і лідараў дэмакратычных прафсаюзаў, у тым ліку былы старшыня Свабоднага прафсаюза Беларускага, былы намеснік старшыні РЭП Міхаіл Громаў; былы кіраўнік пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў Віталь Чычмароў; актывіст незалежнага прафсаюза Міраславаў Сабчук; актывістка Свабоднага прафсаюза металістаў Яніна Малаш; а таксама віцэ-старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ "Беларуськалій" Аляксандр Мішук і інш.

Хочам падкрэсліць, што Рэспубліка Беларусь як удзельніца Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязалася паважаць і забяспечваць усім асобам, якія знаходзяцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, правы, што прызнаюцца ў гэтым Пакце, без аніякага адрознення, у тым ліку ў адносінах да расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншай акалічнасці. Дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да сябраў незалежных прафсаюзаў з'яўляюцца парушэннем артыкула 22 Пакта, у прыватнасці, права на свабоду асацыяцый, уключаючы права ствараць прафсаюзы і ўваходзіць у іх дзеля абароны сваіх інтарэсаў.

Больш за тое, такія дзеянні таксама можна кваліфікаваць як парушэнне артыкула 2 Канвенцыі МАП № 87, які прадугледжвае, што працаўнікі маюць права ствараць арганізацыі на свой выбар без папярэдняга дазволу і права ўваходзіць у такія арганізацыі, і артыкула 11, які прадугледжвае, што дзяржава абавязваецца рабіць усе неабходныя і належныя захады, каб гарантаваць працаўнікам і працадаўцам свабоднае ажыццяўленне права на стварэнне прафсаюзаў.

Варта адзначыць, што 8 лістапада 2022 г. Міжнародная арганізацыя працы (МАП) прыняла рашэнне аб прымяненні артыкула 33 Статуту МАП у дачыненні да Беларусі з прычыны сістэматычных парушэнняў у дачыненні да працаўнікоў і прафсаюзаў, і ігнараваннем рэкамендацый МАП на працягу больш за 17 гадоў. Гэта толькі другі выпадак у больш як 100-гадовай гісторыі МАП пасля ўжывання такой крайняй меры да М'янмы ў 2000-м, што лішні раз падкрэслівае надзвычайную сур'ёзнасць парушэнняў правоў прафсаюзаў беларускімі ўладамі.

У сувязі з гэтым мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, патрабуем ад беларускіх уладаў:

  • адмяніць прысуды і вызваліць сябраў незалежных прафсаюзаў;

  • спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў, аднавіць у зарэгістраваным статусе прымусова ліквідаваныя прафсаюзы;

  • спыніць практыку парушэння права на свабоду асацыяцый і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека;

  • распачаць канструктыўны дыялог з МАП і адэкватна адрэагаваць на пытанні і рэкамендацыі Камітэта па свабодзе асацыяцый МАП і Камітэта экспертаў па прымяненні стандартаў МАП.

Мы заклікаем міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі, іншыя няўрадавыя арганізацыі розных краін свету, міжнародныя інстытуцыі працягваць выказваць салідарнасць з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Праваабарончая арганізацыя "Lawtrend"

Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Офіс па правах людзей з інваліднасцю

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава

Прававая ініцыятыва

Human Constanta

Беларускі ПЭН

See more news

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 August 2024, 12:01 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 August 2024, 11:38 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 August 2024, 11:22 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 August 2024, 8:13 AM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці