Праваабарончая арганізацыя ПЭН-Беларусь апублікавала чарговы агляд парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры.
На 30 красавіка 2023 года: Людзей Слова ў няволі – 30, агулам у няволі дзеячаў культуры – 131.
Паэт Мікіта Найдзёнаў утрымліваецца ў следчай турме № 8 у Жодзіне.
Вынесены прысуды ў палітычна матываваных справах краязнаўцу Уладзіміру Гундару, акцёру Андрэю Трызубаву, выкладчыку нямецкай мовы Андрэю Пуканаву, сям’і хрысціянскіх музыкаў Веры і Андрэю Мамойкам, публіцыстцы і актывістцы Алене Гнаўк, аўтару і рэдактару «Вікіпедыі», аднаму з пачынальнікаў беларускамоўнай актыўнасці ў LiveJournal Івану (Яну) Марозаву. Уступіў у сілу прысуд праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, неўзабаве яго этапуюць у калонію. У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме працягваецца суд над заснавальнікам крамы Symbal.bу, менеджарам культуры Паўлам Белавусам. У Мінскім гарадскім судзе працягнуўся разгляд крымінальнай справы паэта і былога выкладчыка прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева.
Экс-старшыню кіраўніцтва «Белгазпрамбанка», мецэната і былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах Віктара Бабарыку з цялеснымі пашкоджаннямі даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкай бальніцы.
Міністэрства інфармацыі падало ў эканамічны суд Мінска пазоў аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца друкаваных выданняў выдавецкага дома «Зміцер Колас».
Суд вынес рашэнне аб ліквідацыі Пяляскага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне».
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
17 красавіка суд Ленінскага раёна Гродна вынес рашэнне ў трэцяй крымінальнай справе краязнаўцы Уладзіміра Гундара, якога абвінавацілі ў абразе пракурора Людмілы Герасіменкі, што прадстаўляла абвінавачанне ў справе Мікалая Аўтуховіча. Рашэнне суда – 2,5 года калоніі на падставе арт. 369 Крымінальнага кодэкса. У выніку складання пакаранняў Уладзіміра Гундара асудзілі на 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
17 красавіка ў Кастрычніцкім судзе Мінска вынесены прысуд акцёру тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэю Трызубаву. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Прысуд – 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Акцёр быў затрыманы раніцай 4 студзеня 2023 года ў Мінску і да суда ўтрымліваўся за кратамі.
18 красавіка суд Гомельскага раёна пакараў пазбаўленнем волі на 2 гады ва ўмовах агульнага рэжыму Андрэя Пуканава – выкладчыка нямецкай мовы, бакалаўра багаслоўя, краязнаўца, чальца Беларускага геаграфічнага таварыства. Андрэй Пуканаў быў затрыманы 18 студзеня 2023 года, да суда ён быў змешчаны ў СІЗА № 3 у Гомелі. Андрэй Пуканаў асуджаны паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).
20 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска асудзілі хрысціянскіх музыкаў Веру і Андрэя Мамойкаў паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Прысуд кожнаму – 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Веру і Андрэя Мамойкаў затрымалі 1 лютага ў Мінску за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года, да суда яны ўтрымліваліся пад вартай.
У Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме працягваецца суд над заснавальнікам крамы Symbal.bу, менеджарам культуры Паўлам Белавусам. Суд над ім пачаўся 20 лютага. Паўлу Белавусу выставілі абвінавачанні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), арт. 356 (здрада дзяржаве). Бок абвінавачання сцвярджае, што Павел Белавус «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі, стымуляваў варожасць суайчыннікаў у адносінах да Радзімы» і «сваімі злачыннымі дзеяннямі… на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы». Павел Белавус знаходзіцца за кратамі з 23 снежня 2021 года.
21 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў на прысуд суда Ленінскага раёна Мінска ад 3 сакавіка ў справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Суд пакінуў скаргі праваабаронцаў без задавальнення. 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска за дзейнасць у абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму прысудзілі 10 гадоў калоніі. Паводле палітычна матываванай справы «Вясны» таксама асудзілі Валянціна Стэфановіча на 9 гадоў калоніі. Уладзіміра Лабковіча асудзілі на 7 гадоў калоніі. 21 красавіка прысуд у дачыненні да праваабаронцаў уступіў у сілу – неўзабаве іх этапуюць у калоніі.
26 красавіка 2023 года з’явілася інфармацыя, што паэт Мікіта Найдзёнаў утрымліваецца ў следчай турме № 8 у Жодзіне. Паводле папярэдніх звестак, яму інкрымінаваны ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе. Мікіта Найдзёнаў – паэт, музыка, перакладчык, аўтар зборніка паэзіі «Развітанцы» (2016), былы фронтмен гурта «Hurma», аўтар шэрагу песень для розных выканаўцаў. У 2007 годзе – пераможца моладзевага конкурсу «Дні беларускай і шведскай паэзіі» ў Пінску. У 2015 годзе – лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» за вершы ў часопісе «Дзеяслоў». У 2016 годзе за зборнік паэзіі «Развітанцы» быў намінаваны на прэмію «Дэбют». Пераклаў на беларускую мову 16 песняў «The Beatles».
26 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе працягнуўся разгляд крымінальнай справы паэта і былога выкладчыка прыватнай школы «Смарт Скул» Дзмітрыя Юртаева, якога вінавацяць паводле ч. 1 арт 368 (знявага прэзідэнта) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу). Паводле матэрыялаў абвінавачання, Дзмітрый Юртаеў «з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, наўмысна, з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, выказваючы нянавісць да супрацоўнікаў сілавых структур, размясціў на сваёй старонцы ў Facebook 22 публікацыі супраць прадстаўнікоў улады і сілавых органаў».
28 красавіка суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес прысуд у трэцяй крымінальнай справе ў дачыненні публіцысткі і грамадскай актывісткі Алены Гнаўк – 1 год пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Агульны тэрмін пакарання цяпер складае 2 гады і 11 месяцаў зняволення. Алену Гнаўк абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай калоніі).
28 красавіка суд Першамайскага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе Івана (Яна) Марозава, аўтара і рэдактара «Вікіпедыі», аднаго з пачынальнікаў беларускамоўнай актыўнасці ў LiveJournal, вядомага пад нікнэймам hondurazian. Прысуд – 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Івана (Яна) Марозава асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе. Пра тое, што Іван (Ян) Марозаў затрыманы, стала вядома 9 студзеня 2023 года. Тады паведамлялася, што яму ставяць у віну ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а таксама жарт пра тое, што ён атакаваў бы спецназ сістэмамі HIMARS, якія, «на жаль, не стаяць у яго гаражы».
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
18 красавіка стала вядома, што ў Рэчыцы затрыманы мастак-шаржыст Анатоль Шчогалеў. Паводле паведамлення тэлеграм-канала Рэчыцкага РАУС, Анатоль Шчогалеў за тое, што быў падпісаны на «дэструкцыйныя тэлеграм-каналы» і «займаўся распаўсюджваннем дэструкцыйнай інфармацыі», асуджаны на адміністрацыйны арышт, але не ўдакладняюць, на колькі.
21 красавіка ў Гродне быў затрыманы былы бубнач гурта «Dzieciuki» Аляксандр Сыраежка. 3 дні яго трымалі за кратамі, пасля адпусцілі. 24 траўня адбудзецца суд.
21 красавіка стала вядома, што ва Ушачах Віцебскай вобласці паводле адміністрацыйнага артыкула асудзілі настаўніцу беларускай мовы Ірыну Леснічэнку. Настаўніца плануе абскардзіць рашэнне 3 траўня.
22 красавіка кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік трэці раз быў арыштаваны на 13 сутак паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджванне экстрэмісцкай прадукцыі). Ігар Бортнік быў затрыманы 29 сакавіка, падчас масавых арыштаў сярод супрацоўнікаў музея. Яго затрымалі на працоўным месцы, вывелі з працы ў кайданках падчас ператрусу, разграмілі кватэру. Спачатку ён быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. 8 красавіка Ігара Бортніка арыштавалі яшчэ на 13 сутак, паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
23 красавіка на праўладных тэлеграм-каналах паведамілі пра затрыманне музыкі Руслана Хлебародава, аўтара песні «Стоп таракан».
28 красавіка ў Верхнядзвінску Віцебскай вобласці чарговы раз затрымалі арганізатарку культурніцкіх імпрэз Валянціну Болбат.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
11 красавіка суд Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці разгледзеў адміністрацыйную справу Валерыі Васюковіч, заведзеную на падставе ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за тое, што яна ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» ў адкрытым доступе размясціла публікацыі з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру з гербам «Пагоня». Валерыя Васюковіч была затрымана 8 красавіка на працоўным месцы і ўтрымлівалася за кратамі. Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе 3 сутак адміністрацыйнага арышту, якое яна ўжо адбыла.
18 красавіка ў Слоніме быў арыштаваны Аляксандар Салейка, 19 красавіка ў судзе Слонімскага раёна яго асудзілі паводле двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса на 15 сутак арышту і 20 базавых велічынь (740 рублёў – 300 долараў) штрафу за падпіску на старонку «BYSOL» і за фота аўтамабіля з бел-чырвона-белай налепкай.
29 красавіка стала вядома, што суд Мёрскага раёна аштрафаваў на 20 базавых велічынь (740 рублёў – 300 долараў) Вольгу Рынкевіч, якая ў асабістым профілі сацыяльнай сеткі «Одноклассники» размясціла фотаздымкі з выявай бел-чырвона-белых сцягоў. Вольга Рынкевіч асуджана паводле ч. 1 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі і катаванні зняволеных
26 красавіка стала вядома, што Віктара Бабарыку, экс-старшыню кіраўніцтва «Белгазпрамбанка», мецэната і былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, з цялеснымі пашкоджаннямі даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкай бальніцы. Віктар Бабарыка адбывае пакаранне ў калоніі ў Наваполацку пасля прысуду ў палітычна матываванай справе. Ён быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года падчас правядзення перадвыбарчай кампаніі. 6 ліпеня 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска Віктару Бабарыку быў вынесены прысуд – 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У 2018 годзе «Белгазпрамбанкам» было прафінансавана выданне 15 000 асобнікаў пяцітомавага збору твораў Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову для перадачы ў дар бібліятэкам Беларусі.
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
21 красавіка Міністэрства інфармацыі падало ў эканамічны суд Мінска пазоў аб спыненні дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца друкаваных выданняў выдавецкага дома «Зміцер Колас». Пасяджэнне ў Вярхоўным судзе прызначана на 2 траўня. Падставай для пазову стаў выдадзены зборнік гістарычных дакументаў «”Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта з беларускамоўнымі аўдыякнігамі audiobooks.by. На платформе захоўваюцца спасылкі больш чым на 5 соцень кніг.
VI. Дэбеларусізацыя
У рэпертуары Гродзенскага тэатра лялек не засталося ніводнага спектакля на беларускай мове. Гэта вынікае з афішы на красавік – травень 2023 года.
VII. Вандалізм у дачыненні да памятных мясцін
21 красавіка стала вядома, што ў Мінску, у месцы масавых сталінскіх расстрэлаў Курапаты, апаганілі помнік расстралянаму ў 1938 годзе палітыку, гісторыку, акадэміку Вацлаву Ластоўскаму. Мемарыяльны крыж Вацлаву Ластоўскаму стварылі ў 2016 годзе мастак Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрась Камандзірчык.
VIII. Ліквідацыя арганізацый і фондаў, што спрыяюць культуры
28 красавіка Гродзенскі абласны суд вынес рашэнне аб ліквідацыі Пяляскага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімціне», якое дзейнічала з 1993 года на базе сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёна.