Праваабаронцы асуджаюць намеры ўладаў дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах

23 August 2022, 10:38 AM
Праваабаронцы асуджаюць намеры ўладаў дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі

17 жніўня стала вядома, што Савет Міністраў ініцыяваў прыняцце законапраекта "Аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах". У гэты час у Палаце прадстаўнікоў ідзе падрыхтоўка да разгляду законапраекта ў першым чытанні.

Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — гэта міжнародная дамова, якая была ратыфікаваная Беларуссю ў 1992 годзе і дае права падаваць у Камітэт па правах чалавека ААН індывідуальныя паведамленні і скаргі пра парушэнне Рэспублікай Беларусь грамадзянскіх і палітычных правоў.

На фота: Юры Амбразевіч, прадстаўнік Беларусі ў ААН, © AFP 2021 / MARTIAL TREZZINI

Хоць Камітэт і не з'яўляецца судовым органам і не мае механізму, які забяспечвае выкананне ягоных рашэнняў дзяржавамі, у сваёй Заўвазе агульнага парадку № 33 ён зазначаў, што "меркаванням, што распаўсюджваюцца Камітэтам паводле Факультатыўнага пратаколу, уласцівыя некаторыя асноўныя рысы судовага рашэння. Яны прымаюцца ў духу, уласцівым судоваму разгляду, уключаючы бесстароннасць і незалежнасць сябраў Камітэта, узважанае тлумачэнне фармулёвак Пакта і канчатковы характар прыманых рашэнняў".

Адпаведна, рашэнні Камітэта, якія вызначаюць наяўнасць або адсутнасць парушэнняў па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, маюць ключавое значэнне як для ахвяраў парушэнняў правоў чалавека, што звярнуліся ў Камітэт у адсутнасць эфектыўных унутрыдзяржаўных сродкаў прававой абароны для аднаўлення справядлівасці, гэтак і для дзяржаваў, мэтай якіх з'яўляецца найлепшае забеспячэнне і абарона правоў чалавека. Само прызнанне дзяржавай права індывіда звяртацца са скаргай на яе дзеянне дэманструе прызнанне дзяржавай значнасці чалавека і ягоных правоў. Глыбока сімвалічна, што адным з першых дзеянняў незалежнай новай Беларусі было прызнанне за беларусамі права аспрэчваць парушэнні правоў чалавека ў міжнародным органе і далучэнне да гэтай агульнапрызнанай працэдуры ААН.

Мы нагадваем, што Камітэтам на цяперашні момант было разгледжана каля 150 скаргаў аб парушэнні Рэспублікай Беларусь Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, і хоць рашэнні Камітэта ўвесь час ігнараваліся ўладамі, дзяржава была абавязана адказваць Камітэту, растлумачваючы адпаведнае пытанне і накіроўваючы інфармацыю пра прынятыя меры.

У той час як Канстытуцыяй замацоўваецца, што "чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы", цяперашнія ўлады звужаюць магчымасці для грамадзян звяртацца ў міжнародныя органы ў адказ на парушэнне іх правоў. Пасля дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу застанецца толькі адзін дамоўнай орган, у які пры парушэнні Рэспублікай Беларусь правоў і свабодаў чалавека можна звяртацца з індывідуальнымі паведамленнямі, — Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, аднак ягоны мандат і прадметная юрысдыкцыя з'яўляюцца больш абмежаванымі.

Права звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны, замацавана артыкулам 61 Канстытуцыі Беларусі. Замацаваўшы падобную норму ў сваёй Канстытуцыі, Рэспубліка Беларусь пацвердзіла важнасць гэтага права. Планы ўладаў па дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу не адпавядаюць духу Канстытуцыі, бо істотна звужаюць акно магчымасцяў для індывідаў, якія пацярпелі ад парушэнняў правоў чалавека, выкарыстоўваць міжнародныя працэдуры, калі ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны недаступныя ці неэфектыўныя.

Акрамя юрыдычнага значэння, ратыфікацыя Пратаколу ў 1992 годзе мела важнае сімвалічнае значэнне. Яна была адным з элементаў сцвярджэння ў незалежнай Беларусі прынцыпу вяршэнства права і дэманстрацыяй павагі краінай сваіх міжнародных абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека. Яна сімвалізавала намер і абраны тады краінай вектар далучэння да супольнасці дзяржаваў, для якіх правы чалавека і вяршэнства права маюць важнае значэнне. Службовыя асобы, якія сёння маюць намер дэнансаваць Факультатыўны Пратакол, апроч іншага, не маюць на гэта маральнага права: цяперашнія ўлады не змаглі абараніць тое, што было зроблена да іх, але абавязаны як мінімум не знішчаць гэта.

На падставе выкладзенага мы патрабуем ад беларускіх уладаў:

  • адмовіцца ад планаў па дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах;
    забяспечыць грамадзянам магчымасць выкарыстання міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека, прымаючы меры да пашырэння такіх магчымасцяў, а не выключэння наяўных;

  • выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, прыводзячы сваё заканадаўства і практыку ягонага ўжывання ў адпаведнасць з імі.

Мы таксама заклікаем міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць гэтыя намеры беларускіх уладаў, а таксама пераканаць іх адмовіцца ад планаў па дэнансацыі Факультатыўнага пратаколу і накіраваць свае дзеянні на пашырэнне магчымасцяў беларускіх грамадзян па выкарыстанні міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава;

Праваабарончая арганізацыя Lawtrend;

Human Constanta;

Беларускі ПЭН;

Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Share

See more news

Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
10 January 2026, 12:45 PM
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс 17 снежня павітаў нядаўнія вызвалення зняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
10 January 2026, 12:03 PM
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
Як на шляху да Accountability for Belarus могуць быць задзейснены такія механізмы міжнароднай адказнасці, як Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН? І што гэта такое?
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
04 January 2026, 4:39 PM
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
Пра гэта паведаміў “Позірку” праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі.
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
18 December 2025, 9:00 PM
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
У Жэневе прайшло 15 пасяджэнне перад дзясятай сесіяй Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА). На ім прынялі раздзел рэкамендацый праекта дакладу УПА па ў тым ліку і Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці