Праваабаронцы «Вясны» паведамілі спецдакладчыкам ААН пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю

09 August 2022, 11:16 AM
Праваабаронцы «Вясны» паведамілі спецдакладчыкам ААН пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю

На фота: Амбасада Украіны ў Мінску, 27 лютага

Праваабарончы цэнтр "Вясна" інфармаваў чатырох Спецыяльных дакладчыкаў ААН: па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабодным выказванні, аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, аб гвалце ў дачыненні да жанчын — з нагоды адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу людзей у Беларусі, якія выказалі антываенную пазіцыю.

"Вясне" вядома пра больш як 1 000 затрыманых за ўдзел у мірных акцыях пратэсту супраць вайны і пра 32 крымінальныя справы за антываенныя актыўнасці з 24 лютага 2022 года. Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што гэта могуць быць няпоўныя звесткі, бо ў шматлікіх выпадках суддзі таемна праводзяць закрытыя пасяджэнні ў рэжыме відэаканферэнцыі без абвяшчэння даты і месцы судовага разгляду.

Праваабаронцы звяртаюць увагу Спецдакладчыка па пытанні аб гвалце ў дачыненні да жанчын, што сярод затрыманых за антываенную пазіцыю шмат жанчын. Вядома прынамсі 278 такіх выпадкаў. Затрыманыя паведамлялі пра здзекі з боку міліцыі і невыносныя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах, калі ў камеру засялялі ў тры-чатыры разы больш жанчын, чым разлічана спальных месцаў. У ізалятарах жанчыны спалі на падлозе, не атрымлівалі ежы і пітнай вады, гігіенічных сродкаў, іх не вадзілі ў душ і на шпацыры.

Таксама вядома пра шматлікія крымінальныя пераследы ў сувязі з антываеннымі выказваннямі і іншымі спосабамі выказвання салідарнасці з Украінай: за антываенныя і антырасейскія выказванні ў сацсетках, распаўсюд інфармацыі пра перасоўванне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, спробы перашкодзіць перасоўванню вайсковай тэхнікі на чыгунцы. У якасці прыкладаў праваабаронцы прывялі справы супраць палітзняволеных Дануты Перадня, асуджанай да 6,5 гадоў калоніі за рэпост тэксту, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне; журналіста Юрыя Ганцарэвіча, асуджанага да 2,5 гадоў калоніі за фота расійскай вайсковай тэхнікі; студэнта Аляксандра Загдая, асуджанага да 2,5 гадоў калоніі за "зліў" звестак пра вайсковыя самалёты, "рэйкавых партызанаў" Дзяніса Дзікуна, Алега Малчанава, Дзмітрыя Равіча, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава і іншых.

"Цяпер трэба рабіць тое, што дапаможа прасоўваць нашу пазіцыю ў будучыні"

Праваабаронцы "Вясны" адзначаюць важнасць працы з міжнароднымі структурамі:

"Ад пачатку вайны ва Украіне ўвага да беларускай праблемы з боку міжнароднай супольнасці значна зменшылася. За мяжой рэпрэсаваныя беларусы пазбаўляюцца падтрымкі, некаторыя арганізацыі адмаўляюцца ад супрацоўніцтва. Праз тое, што афіцыйная Беларусь дазволіла выкарыстоўваць сваю тэрыторыю расійскім войскам, часта чуваць абвінавачванні ў адрас простых грамадзян.

Дзеля таго, каб звярнуць увагу на тое, што насамрэч адбываецца ўнутры краіны, мы і адпраўляем такія паведамленні ў ААН. Мы паказваем, што за антываенную пазіцыю беларускія ўлады рэпрэсуюць тых, хто выступае супраць вайны ўнутры краіны.

Канечне, мы ўсведамляем, што наўпрост цяпер, на жаль, не існуе якога-небудзь дзейснага і эфектыўнага механізму, які мог бы спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў і вырашыць праблемы. Але цяпер трэба рабіць тое, што дапаможа прасоўваць нашу пазіцыю ў будучыні".

Цяпер задачы спецдакладчыкаў палягаюць у тым, каб вывучаць, адсочваць, кансультаваць і публічна паведамляць пра праблемы правоў чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы тлумачаць, што інфармацыя, якую яны паведамляюць у органы ААН, часта ўваходзіць у даклады ААН, як, напрыклад, у апошні даклад Спецыяльнай дакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн (на 50-й сесіі Савета па правах чалавека 13 чэрвеня — 8 ліпеня 2022 года).

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Share

See more news

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
13 October 2025, 12:40 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
Казавшаяся приостановленной практика принудительной ликвидации некоммерческих организаций вновь получила свое развитие.
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 September 2025, 2:07 PM
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці