БДПЧ далучаецца да распрацоўкі рэформаў прававой сыстэмы пры пераходзе да прававой дзяржавы.
Прадстаўнікі адукацыйнага кірунку дзейнасьці Беларускага дому правоў чалавека распавядаюць, якім чынам маюць адбывацца рэформы пры пераходзе да прававой дзяржавы (у прыватнасьці – рэформа інстытута адвакатуры), і паведамляюць пра свой удзел у гэтым працэсе.
ПЕРАХОД ДА ПРАВАВОЙ ДЗЯРЖАВЫ БУДЗЕ Ў ЛЮБЫМ ВЫПАДКУ, НЯХАЙ СЁНЬНЯ ГЭТА ЗДАЕЦЦА ЎТОПІЯЙ
“Пераход да прававой дзяржавы будзе ў любым выпадку. Сёньняшні стан рэчаў ня можа існаваць вечна. Прававы дэфолт – гэта няўстойлівая канструкцыя. Яго можна параўнаць зь перакуленым домам. Гэтая няўстойлівая канструкцыя абавязкова перакуліцца.
Ці будзе ў гэты момант час разважаць пра ідэальную прававую дзяржаву? Думаць будзе ўжо позна; трэба будзе дзейнічаць. І каб гэтыя дзеяньні былі эфэктыўнымі, трэба будзе мець разуменьне таго, як рэфармаваць, прававую сыстэму, у прыватнасьці, інстытут адвакатуры як яе частку".
ШТО ТРЭБА ПАДРЫХТАВАЦЬ ДЛЯ ПРАВАВЫХ РЭФОРМАЎ?
"Найлепей мець дэтальнае ўяўленьне аб некалькіх варыянтах таго, як можна рэалізаваць рэформу права.
Таксама, трэба мець падрыхтаваных спэцыялістаў, якія будуць ажыцьцяўляць рэфармаваньне. І падрыхтоўкай такіх спэцыялістаў трэба заняцца ўжо цяпер, бо новыя спэцыялісты ня зьявяцца самі сабой.
Ужо ёсьць асяродзьдзе беларускіх юрыстаў, адвакатаў, якія пачалі працаваць у парадыгме правоў чалавека і вяршэнства права. Вельмі важна не згубіць іх патэнцыял.
Прававыя рэформы трэба рыхтаваць ужо цяпер".
ПРАВАВЫЯ РЭФОРМЫ Ў “НОВАЙ БЕЛАРУСІ” – НАШАЯ АДКАЗНАСЬЦЬ ТУТ І ЦЯПЕР
"Каму належыць рыхтаваць прававыя рэформы? Гэта – нашая адказнасьць, праваабаронцаў і юрыстаў, якія ўжо працуюць у парадыгме правоў чалавека. Калі ты маеш адпаведную адукацыю, маеш разуменьне, як могуць адбывацца рэформы, - ты маеш і адказнасьць перад соцыюмам. Сэнс атрыманьня ведаў – у тым, каб іх выкарыстоўваць. Іншыя людзі ў беларускім грамадзтве маюць патрэбу ў тваіх ведах".
БЕЛАРУСКІ ДОМ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ДАЛУЧАЕЦЦА ДА ПРАЦЫ НАД ПРАВАВЫМІ РЭФОРМАМІ
"БДПЧ гатовы далучыцца да дзейнасьці па распрацоўцы прававых рэформаў. Ад моманту стварэньня ў 2007 годзе ў БДПЧ дзейнічае навучальная праграма ў галіне правоў чалавека; і сёньня нашыя выпускнікі – праваабаронцы, адвакаты, журналісты, грамадзкія актывісты – маюць патэнцыял працаваць над рэформамі. Бо БДПЧ, у сваёй супольнасьці выпускнікоў, аб'ядноўвае людзей, навучаных у парадыгме правоў чалавека, у духу каштоўнасьцяў правоў чалавека, і гэтае аб'яднаньне – не інстытуцыйнае, а хутчэй – ідэйнае; гэта супольнасьць людзей, якія размаўляюць на адной мове – на мове правоў чалавека".
ЯКІЯ ПРАКТЫЧНЫЯ КРОКІ МОЖНА ЗРАБІЦЬ, КАБ ПРАСУНУЦЦА Ў ПРАВАВЫХ РЭФОРМАХ?
"Першае, што прыходзіць да галавы – гэта распрацаваць заканапраекты.
Але, на наш погляд, пачынаць трэба не з заканапраектаў. Бо прававыя рэформы ў краіне могуць пайсьці рознымі шляхамі. Судовая сыстэма, папярэдняе сьледзтва, інстытут пракуратуры – мы ня можам дакладна ведаць, які варыянт рэфармаваньня абярэ грамадзтва, але мы мусім быць падрыхтаваныя да розных варыянтаў і абгрунтаваць свае прапановы рэформаў.
Што трэба зрабіць тым, хто ўжо цяпер рыхтуе рэформы права для Беларусі?
Спачатку трэба дасьледаваць Беларусь і яе прававую культуру; трэба добра ведаць і разумець прававую гісторыю Беларусі, каб зразумець, наколькі прымальнай для грамадзства будзе тая ці іншая прававая мадэль".
МЫ МАЕМ ПРЫКЛАДЫ, ЯК ІНШЫЯ ДЗЯРЖАВЫ ПЕРАХОДЗІЛІ АД АЎТАРЫТАРНАЙ ПРАВАВОЙ ДЗЯРЖАВЫ ДА ДЭМАКРАТЫЧНАЙ
"У падрыхтоўцы прававых рэформаў Беларусь мае ўнікальную магчымасьць. Гэта – жывы прыклад іншых дзяржаваў, якія ўжо ажыцьцявілі пераход ад аўтарытарнай прававой сыстэмы да дэмакратычнай. Перад імі стаялі тыя самыя выклікі, што і перад намі; яны прайшлі той самы шлях, які нам яшчэ трэба будзе прайсьці. Таму нам важна глядзець на тое, як ладзілі свае прававыя рэформы нашыя суседзі – каб выкарыстаць станоўчы досьвед і ўнікнуць памылак".
ЗНАЁМСТВА З ДОСЬВЕДАМ ЛІТОЎСКАЙ АДВАКАТУРЫ
"Напрыклад, мы можам вывучыць досьвед Літвы. І ў межах такога дасьледваньня БДПЧ арганізаваў візіт сваіх выпускнікоў, беларускіх адвакатаў, у Літоўскую калегію адвакатаў у лютым 2024 года – каб пазнаёміцца з тым, як адбываўся працэс прававой трансфармацыі пры пераходзе да прававой дэмакратычнай дзяржавы.
Літоўскі досьвед вельмі цікавы, каштоўны і адметны. Так, літоўская адвакатура перайшла да дэмакратыі шляхам эвалюцыі – пазбавілася савецкіх падыходаў натуральным чынам; гэта стала магчымым праз тое, што большасьць адвакатаў на той момант ужо былі гатовыя да зьменаў, жылі ў чаканьні гэтых зьменаў. Адвакаты, якія займаліся рэпрэсіямі, якія практыкавалі аўтарытарныя падыходы, самастойна пакінулі літоўскую адвакатуру; дзяржава ня ўдзельнічала ў гэтым працэсе.
Візіт у літоўскую адвакатуру і агулам знаёмства зь літоўскімі калегамі дазваляе ня толькі пазнаёміцца зь іх досьведам прававых рэформаў, але і ведаць актуальны стан прававой сыстэмы і прававыя навіны. Так, літоўскія адвакаты выказалі салідарнасьць з калегамі з трэціх краінаў, і паводле папраўкі ў літоўскі закон “Аб адвакатуры”, адвакаты, пазбаўленыя ліцэнзіі за прафэсыйную дзейнасьць, атрымліваюць права аказваць юрыдычныя паслугі ў Літве, паводле заканадаўства сваіх краінаў і міжнароднага права".