Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца жахлівай — LIBERECO

18 August 2025, 12:26 PM
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца жахлівай — LIBERECO

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі “застаецца жахлівай”, большасць парушэнняў “здзяйсняецца ціха і прыхавана”, гаворыцца ў паведамленні праваабарончай арганізацыі LIBERECO — Partnership for Human Rights, прымеркаваным да “пяці гадоў беспрэцэдэнтных рэпрэсій", як піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Выканаўчы дырэктар LIBERECO у Германіі Марка Фібер канстатаваў, што ў Беларусі “працягваецца крымінальны пераслед дысідэнтаў, удзельнікаў пратэстаў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў, а ў судах няма ні незалежных назіральнікаў, ані годных адвакатаў”.

“На шчасце, палітзняволеных часам амністуюць і вызваляюць, або іх прыгаворы заканчваюцца. У той жа час як мінімум столькі ж людзей прыгаворваюць да працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення выключна з палітычных матываў, так што колькасць палітзняволеных ужо шмат гадоў перавышае тысячу”, — дадаў ён.

Арганізацыя прыводзіць даныя беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна”, якія сведчаць пра тое, што за апошні год у некалькі этапаў было памілавана 330 чалавек. Праваабаронцы ведаюць не ўсе імёны, таму невядома, колькі сярод гэтых людзей палітвязняў.

Адзначаецца таксама, што “Вясна” зафіксавала 7.239 абвінаваўчых выракаў па палітычна матываваных крымінальных справах, а ў турмах застаецца 1.184 палітвязні, у тым ліку 37 журналістаў і 175 жанчын.

“Стан здароўя зняволеных выклікае асаблівую трывогу. Паводле даных “Вясны”, сама меней 164 палітвязняў застаюцца ў няволі, нягледзячы на стан, несумяшчальны з знаходжаннем у месцах несвабоды, — гаворыцца ў матэрыяле. — Многія з іх сур’ёзна хворыя або знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні. З 2020 года ў беларускіх турмах у зняволенні памерла не менш за восем чалавек”.

З 2020 года LIBERECO аказала падтрымку больш за 300 экс-вязняў. На іх прыкладах арганізацыя “зафіксавала пагаршэнне здароўя вызваленых палітвязняў праз працяглае ўтрыманне пад вартай і нечалавечыя ўмовы: сырыя і халодныя камеры, недаяданне, адсутнасць фізічнай актыўнасці і адсутнасць прамога сонечнага святла”, “многія <…> зазнаюць жорсткае абыходжанне і катаванні”.

“Ва ўсіх без выключэння вызваленых зняволеных назіраюцца сур’ёзныя фізічныя і псіхічныя парушэнні. Часцей за ўсё мы фіксуем захворванні зубоў, вачэй, нырак, суставаў, лёгкіх і страўнікава-кішачнага гасцінца. Мы таксама назіраем рост колькасці выпадкаў раку і ВІЧ, якія альбо ўпершыню выявіліся, альбо абвастрыліся ў турме”, — заявіў Фібер.

LIBERECO нагадала, што не менш за восем палітвязняў знаходзяцца ў рэжыме “інкамунікада” — без сувязі са знешнім светам. Гэта Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч і Аляксандр Францкевіч.

“Сярод найбольш вядомых палітвязняў — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру [заснавальнік і кіраўнік “Вясны”] Алесь Бяляцкі”, — падкрэслілі праваабаронцы.

На беларускую мову зварот пераклала БАЖ

Share

See more news

Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 September 2025, 2:07 PM
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
19 September 2025, 12:49 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
Коратка: у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці