)
Міжнародныя і рэгіянальныя эксперты па правах чалавека выступілі першага снежня з сумеснай заявай з нагоды адвольнага і працяглага ўтрымання пад вартай праваабаронцаў. Разам з Абсерваторыяй па абароне праваабаронцаў яны настойліва заклікаюць усе дзяржавы прыняць канкрэтныя захады для барацьбы з глабальнай тэндэнцыяй да працяглага дасудовага ўтрымання праваабаронцаў пад вартай і працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення, піша "Вясна".
Заяву падпісалі Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лалор, Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Джына Рамэра, Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб абаронцах навакольнага асяроддзя ў межах Орхускай канвенцыі Мішэль Форст, Афрыканская камісія па правах чалавека і народаў, Спецыяльны дакладчык па пытанні аб праваабаронцах, каардынатар па рэпрэсіях і незалежнасці судовай улады ў Афрыцы прафесар Рэмі Нгой Лумбу, Міжамерыканская камісія па правах чалавека, дакладчыца па пытанні аб праваабаронцах і службоўцаў правасуддзя Раберта Кларк.
Як адзначаюць эксперты, адвольныя затрыманні застаюцца адным з найбольш распаўсюджаных і жорсткіх інструментаў, якія выкарыстоўваюць рэпрэсіўныя ўлады, каб адабраць голас у тых, хто мірна ажыццяўляе права на абарону правоў чалавека, ды ліквідаваць грамадзянскую супольнасць. Яны наўмысна ствараюць атмасферу страху, што выклікае моцны стрымальны эфект, які перашкаджае законнай і важнай працы актывістаў, праваабаронцаў, а таксама грамадзян, якія хочуць арганізоўвацца, збірацца і выказваць сваё меркаванне, каб заклікаць дзяржаву да адказнасці за захаванне вяршэнства закона і абавязальніцтваў у галіне правоў чалавека. Праваабаронцы рэгулярна сутыкаюцца са сфабрыкаванымі абвінавачваннямі, несправядлівымі судовымі разглядамі ды злоўжываннем законамі аб барацьбе з тэрарызмам і нацыянальнай бяспекі, якія груба парушаюць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека.
У заяве гаворыцца, што ў апошнія гады ў дачыненні да праваабаронцаў пастаянна ўжываецца доўгае дасудовае ўтрыманне пад вартай і працяглыя тэрміны турэмнага зняволення, пры гэтым праваабаронцы часта ўтрымліваюцца ў бесчалавечных і прыніжальных годнасць умовах. Многія зазнаюць катаванні, жорсткае абыходжанне і прэсінг, а некаторыя памерлі ў турме падчас адбыцця пакарання. У 2021 годзе ў дакладзе Спецыяльнага дакладчыка ААН па становішчы праваабаронцаў "Дзяржавы адмаўляюцца прызнаваць відавочнае: доўгатэрміновае ўтрыманне праваабаронцаў і праваабаронак пад вартай" (A/76/143) была зафіксаваная тэндэнцыя прызначэння турэмных тэрмінаў у дзесяць гадоў і больш. Пачынаючы з 2024 года, даныя аб адвольна затрыманых праваабаронцах па ўсім свеце, сабраныя платформай SOS-Defenders, пацвярджаюць, што абвастраецца глабальная праблема працяглага ўтрымання пад вартай. Толькі ў 2024 годзе прадстаўнікі SOS-Defenders задакументавалі 93 новыя выпадкі адвольнага затрымання праваабаронцаў у 11 пілотных краінах.
Цягам таго ж года Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (OMCT-FIDH) задакументавала шматлікія выпадкі, калі праваабаронцы адбывалі пакаранні тэрмінам у 10 гадоў і больш па ўсім свеце. Мы згадаем толькі некаторыя з іх: у Нікарагуа да пажыццёвага зняволення былі асуджаныя актывісты карэнных народаў Ігнасіа Сэлса Ліна, Аргуэла Сэлса Ліна, Дональд Андрэс Бруна Арканхель і Дыянісіа Робінс Закарыяс, што выступалі за абарону спрадвечнай тэрыторыі Маянгна; у Тога сем гадоў утрымліваўся ў дасудовым зняволенні і быў асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі бізнесмэн і праваабаронца Азіз Гома за прадастаўленне прытулку маладым дэманстрантам; у Тайландзе — пяць гадоў судовага пераследу і больш чым 29-гадовы турэмны тэрмін у дачыненні да дэмакратычнага актывіста Арнона Нампы; у Марока — пятнаццаць гадоў утрымання пад вартай сахарскіх журналістаў Эль-Башыра Хады і Махамеда Ламіна Хадзі. У Беларусі да 14 гадоў і дзевяці месяцаў турэмнага зняволення асуджаная Марфа Рабкова з Праваабарончага цэнтра "Вясна" пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Праз гэтыя злоўжыванні ўладай руйнуюцца жыцці, сем'і ды супольнасці, людзі губляюць сродкі да існавання. Гэта стрымлівае праваабаронцаў і стварае для іх перашкоды ў выкананні іх законнай і важнай працы, а таксама пазбаўляе іншых магчымасці ажыццяўляць права на абарону правоў чалавека. Так ідзе справа ў Тунісе, дзе ўлады пераследуюць грамадзянскую супольнасць і праваабаронцаў. Terre d'Asile Tunisie — адна з многіх арганізацый, дзейнасць якіх крыміналізаваная, а яе чальцы Шэрыфа Рыяхі ды Махамед Джу знаходзяцца пад адвольным арыштам без суда і следства з траўня 2024 года. Гэтыя рэпрэсіі відавочна парушаюць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека, замацаваныя ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, Афрыканскай хартыі правоў чалавека і народаў, Амерыканскай Канвенцыі аб правах чалавека і, часцяком, Канвенцыі ААН супраць катаванняў ды іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжальных годнасць відаў абыходжання і пакарання.
"Сёння ніжэйпадпісаныя рэгіянальныя і міжнародныя праваабарончыя механізмы і мандатарыі, а таксама Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, выказваюць глыбокую занепакоенасць глабальнай тэндэнцыяй да працяглага дасудовага ўтрымання праваабаронцаў пад вартай і працяглых тэрмінаў турэмнага зняволення. Мы настойліва заклікаем усе дзяржавы прыняць канкрэтныя захады для барацьбы з гэтай сітуацыяй", — гаворыцца ў заяве.
)
)
)
)
)