The Washington Post прысвяціла рэдакцыйны артыкул беларускім палітвязням

08 July 2024, 12:20 PM
The Washington Post прысвяціла рэдакцыйны артыкул беларускім палітвязням

Крыніца: Позірк

Утрыманне палітвязняў у інфармацыйным вакууме з’яўляецца “бесчалавечным” і “жахлівым”, гаворыцца ў апублікаваным 7 ліпеня рэдакцыйным артыкуле ўплывовай амерыканскай газеты The Washington Post.

Публікацыя прысвечаная беларускім палітвязням, якія больш за год знаходзяцца ў інфармацыйнай блакадзе (інкамунікада).

“Пры дыктатары Аляксандры Лукашэнку Беларусь часта служыла палігонам для выпрабаванняў метадаў рэпрэсій. Цяпер ён займаецца жорсткімі псіхалагічнымі катаваннямі, утрымліваючы палітычных зняволеных без сувязі са знешнім светам”, — адзначаюць аўтары артыкула.

Выданне канстатуе, што пра шасцярых палітвязняў няма вестак з 2023 года: пра Максіма Знака — з 8 лютага, Мікалая Статкевіча — з 10 лютага, Марыю Калеснікаву — з 15 лютага, Ігара Лосіка — з 20 лютага, Сяргея Ціханоўскага — з 9 сакавіка, Віктара Бабарыку — з 26 красавіка.

У артыкуле гаворыцца, што ў 2020 годзе Лукашэнка прайграў выбары “з вялікім адрывам” і “скраў іх у сапраўдных пераможцаў”.

Рэжым інкамунікада названы “разбуральным для вязняў”, якія “не атрымліваюць ніводнага слова або паведамленні звонку”, а таксама для іх сем’яў, якія “не ведаюць, ці жывыя іх блізкія”.

The Washington Post заяўляе, што інфармацыйная ізаляцыя парушае Міжнародную канвенцыю ААН па абароне людзей ад гвалтоўных знікненняў, ухваленую 23 снежня 2010 года на Генасамблеі.

“Канвенцыя абвяшчае: “ніхто не павінен падвяргацца гвалтоўнаму знікненню” і “ніякія выключныя абставіны, якімі б яны ні былі, няхай гэта будзе стан вайны або пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць або любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць служыць апраўданнем гвалтоўнага знікнення”, — падкрэсліваецца ў артыкуле.

“Свет можа трымаць у цэнтры ўвагі справы гэтых зняволеных. Злучаныя Штаты і іншыя краіны павінны рэгулярна патрабаваць доказы жыцця зніклых. Дыктатурам нельга дазваляць зачыняць турэмныя дзверы, выкідваць ключ і нічога пра гэта не чуць”, — адзначае рэдакцыя.

Утрыманне зняволеных без сувязі са знешнім светам і адмова паведамляць пра іх месцазнаходжанне і лёс у адпаведнасці з міжнародным правам можа афіцыйна лічыцца гвалтоўным знікненнем, якое з’яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці ў адпаведнасці з Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда, гаворыцца ў апублікаваным 21 чэрвеня аналітычным аглядзе праваабарончай арганізацыі Freedom House, прысвечаным утрыманню зняволеных у рэжыме інкамунікада.

Праваабаронцы заклікалі дэмакратычную супольнасць садзейнічаць таму, каб “імёны зніклых палітвязняў не сыходзілі з поля зроку грамадскасці, нягледзячы на фізічную ізаляцыю чалавека”.

Выступаючы 13 чэрвеня на слуханнях Камісіі ЗША па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (Хельсінкская камісія) “Заглушанае іншадумства: доля палітвязняў і пошук адказнасці” дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская паведаміла, што не менш за 250 беларускіх зняволеных сёння знаходзяцца ў смяротнай небяспецы, шасцёра ўжо памерлі.

Палітык таксама папрасіла ЗША падтрымаць заклік да генеральнага сакратара ААН даць доступ да тых, хто знаходзіцца за кратамі, аказаць ім медыцынскую і юрыдычную дапамогу, аказваць ціск на рэжым для вызвалення палітвязняў, а таксама павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам і сем’ям рэпрэсаваных.

Публікуецца паводле сайту БАЖ

Share

See more news

Прайшла трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека
01 July 2026, 12:56 PM
Прайшла трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека
26–27 чэрвеня адбылася трэцяя канфэрэнцыя правайдэраў нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека.
Ліквідацыя 140 НДА і выхад з экалагiчных канвенцый ААН: «Экадом» прэзентаваў агляд экалагічнага сектара Беларусі
29 June 2026, 11:48 AM
Ліквідацыя 140 НДА і выхад з экалагiчных канвенцый ААН: «Экадом» прэзентаваў агляд экалагічнага сектара Беларусі
Экадом» з «Зялёнай сеткай» прэзентаваў аналітычны агляд «Становішча экалагічных арганізацый і актывістаў у Беларусі ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу».
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе
27 April 2026, 11:29 AM
«Гэта надзейная сістэма дапамогі». Першае інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пра «Вясну» ў 1998 годзе
26 красавіка Праваабарончаму цэнтру "Вясна" спаўняецца 30 гадоў.
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 February 2026, 10:13 AM
Стваральнік Беларускага дома правоў чалавека Барыс Звозскаў ва ўспамінах сяброў і калегаў
26 лютага 2026 года споўнілася 77 год з дня нараджэння Барыса Звозскава – праваабаронцы, якому належала ідэя стварэння Беларускага дома правоў чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці