Тлумачаць праваабаронцы. Чаму ў Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства?

19 September 2025, 12:45 PM
Тлумачаць праваабаронцы. Чаму ў Беларусі няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства?

Калаж: Валанцёрская служба "Вясны"

У Беларусі адсутнічае рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Але што гэта такое і навошта яно трэба? Як і чаму беларускія ўлады адмаўляюць неабходнасць яго прыняцця? І што кажуць праваабаронцы? Пра гэта — у матэрыяле "Вясны".

У артыкуле адкажам на пытанні:

  • Што такое рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства?

  • Чаму кепска, калі антыдыскрымінацыйнага заканадаўства няма?

  • Як беларускі рэжым паслядоўна адмаўляе неабходнасць увядзення рамачнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і якія аргументы выкарыстоўвае пры гэтым?

  • Што не так з гэтымі аргументамі беларускіх уладаў?

Што такое рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства?

Рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства — гэта асобны базавы закон аб роўнасці, які задае рамку для працы дзяржавы з гэтай тэмай. Больш падрабязна тлумачыць Кацярына Дзяйкала з Беларускага Хельсінкскага Камітэта:

"Сутнасць такога закона ў тым, што ён задае рамку для ўсіх астатніх нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні дыскрымінацыі — як галіновых кодэксаў і законаў, што рэгулююць нейкую спецыфіку (напрыклад, Працоўны кодэкс павінен утрымліваць вызначэнне, што такое дыскрымінацыя ў працоўнай сферы, і г. д.), так і спецыяльных законаў аб роўнасці, якія могуць тычыцца канкрэтных уразлівых групаў, але якія мусяць адпавядаць агульнаму закону: напрыклад, закон аб гендарнай роўнасці, закон аб забароне дыскрымінацыі ў дачыненні да ЛГБТ-персонаў — то-бок кожная дзяржава сама вырашае, колькі яшчэ дадатковых кропкавых законаў аб роўнасці трэба прыняць.

Але рамачная гісторыя — гэта базавы закон аб роўнасці, які тычыцца ўсіх. Яго сутнасць у тым, што ён замацоўвае асновы барацьбы з дыскрымінацыяй у прынцыпе. Ён вызначае тэрміналогію ў гэтай сферы (вызначэнне дыскрымінацыі, формы, любыя праявы, што заканадаўча забароненыя).

Таксама, акрамя тэрміналогіі, важнасць гэтага закона ў тым, што ён вызначае адказных суб'ектаў у сферы дыскрымінацыі (сёння гэта не толькі дзяржаўныя органы, але і юрыдычныя асобы, таму што бізнес сёння таксама ў гэтым сэнсе суб'ект).

Таксама ён вызначае метады барацьбы з дыскрымінацыяй, прынцыпы заканадаўства аб роўнасці і дыскрымінацыі — то-бок ён вызначае ўсе прынцыпы, на якіх мусіць грунтавацца антыдыскрымінацыйная палітыка дзяржавы і якім павінна адпавядаць астатняе заканадаўства.

Ён таксама змяшчае палажэнні аб абавязковай антыдыскрымінацыйнай экспертызе нарматыўна-прававых актаў. Ён замацоўвае базавыя прынцыпы адказнасці за дыскрымінацыю, у тым ліку і палажэнні, якія тычацца размеркавання цяжару даказвання ў рамках грамадзянскіх пазоваў. Ім таксама вызначаюцца рамкі для інстытуцыйнага механізму забеспячэння роўнасці — гэта значыць, што ён замацоўвае сістэму органаў, якія спецыяльна ў дзяржаве павінны адказваць за ўсю антыдыскрымінацыйную палітыку. У тым ліку, як правіла, ім можа засноўвацца і амбудсмен.

Гэта значыць, гэты базавы закон павінен быць прыняты ў першую чаргу, і толькі потым любыя іншыя вузкія законы, што тычацца недыскрымінацыі, якія мусяць яму адпавядаць".

У межах працы кантактнай групы Рады Еўропы па Беларусі пры агульнай каардынацыі БХК з удзелам эксперт:ак беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, эксперт:ак Рады Еўропы ў 2024 годзе была распрацаваная канцэпцыя такога закона — гэта не праект закона, а яго канцэпцыя, падкрэслівае Кацярына Дзяйкала:

"Мы не лічым, што цяпер эфектыўна распрацоўваць праекты законаў, больш адэкватным перыяду і абставінам ўяўляецца распрацоўка канцэпцый законаў. Мы зусім не можам ведаць, калі наступіць тая прававая рэальнасць (і якая яна будзе), у якой зможа ўсё гэта рэалізоўвацца. Канцэпцыя закона дае базу, асноўныя накіроўваючыя, на падставе якой адэкватны Мінюст зможа распрацоўваць потым праект канкрэтнага нарматыўнага прававога акта".

Чаму дрэнна, калі антыдыскрымінацыйнага заканадаўства няма?

Сваімі гісторыямі падзяліўся дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі:

"Гэта было ў 2009 годзе, і я ўпэўнены наогул, што гэта быў першы судовы кейс, дзе мы заявілі пра дыскрымінацыю. Гісторыя была гучная і нашумелая. Гэта быў пазоў супраць Опернага тэатра. Мне ўсе сказалі, што гэта бессэнсоўна і бескарысна менавіта таму, што няма агульнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. І як юрыст я гэта разумеў. Але як грамадзянін ды адказны чалавек я палічыў, што дайду да канца. Загадзя рыхтаваўся да пройгрышу. Але там была цікавая штука ў судзе: у нейкі момант суддзя сказала: "Наогул я падзяляю вашыя погляды на гэтую сітуацыю, і ў прынцыпе гатовая згаджацца, што гэта можна было назваць дыскрымінацыяй. Але так, як беларускае заканадаўства не ўтрымлівае ўвязкі фактаў, якія вы прыводзіце, іх раскрыццё, іх інтэрпрэтацыі і заканадаўчай забароны і захадаў па пакаранні вінаватых, захадаў па кампенсацыі ахвяры, то я вам у судзе адмаўляю". То бок, гэта быў чыста фармальны адказ — яна нам сказала, што на падставе заканадаўства ваш пазоў не можа быць падтрыманы.

Што ж там было? Мы дамовіліся з адміністратарам тэатра прыйсці да яго і паразмаўляць пра даступнасць тэатра — тады гэта было актуальна. Мы прыйшлі. Чакалі-чакалі каля цэнтральнага ўваходу — зачынены, пайшлі да службовага працоўнага ўваходу, і ахоўнік нас выправадзіў проста, убачыўшы нашы інвалідныя вазкі, відавочна паводле ўказання гэтага адміністратара, які вырашыў з намі не сустракацца. Мы казалі: гэта спецыяльна створанае месца, дзе наведвальнікі прыходзяць, рэгіструюцца каля стойкі... І гэта было відавочна, што нашы вазкі былі выразнай прыкметай, каго выганяць. Пры гэтым мы стаялі — ён нас не пускаў наогул, перагароджваў сабой уваход. У гэты час уваходзілі іншыя людзі, і мы пыталіся, чаму вы іх прапускаеце? Ён адказаў: "А таму што па іх не відаць, хто яны такія". Гэта значыць, там былі ўсе прыкметы дыскрымінацыі.

І мы падалі ў суд. Я прапісаў так: нам абмежавалі доступ да агульнага права звярнуцца праз усе механізмы гэтага тэатра да адміністратара, на што [ужо ў судзе адміністрацыя тэатра] пачала зводзіць да таго, што гэта службовае памяшканне, у якім нікому нельга знаходзіцца. Але гэта абсурд. Падчас справы, слуханняў, гэтага ахоўніка звольнілі з працы, зрабіўшы вінаватым. Пасля, трэба сказаць, што з гэтым адміністратарам мы так больш і не сустрэліся. У выніку сёння наш тэатр знаходзіцца ў досыць жаласным стане з пункту гледжання даступнасці, хоць элементы ёсць.

Дарэчы, пасля нашага суда ў 2009 годзе гэты кейс быў вынесены на абмеркаванне ў калегіі суда. І мне пра гэта сказалі калегі са Швецыі, якія чыталі вынікі калегіі, на якой гэтая гісторыя была пададзеная так: "Вось глядзіце, куды дабраліся, давайце мы гэтую справу прыкрыем". У далейшым проста суды перасталі прымаць да разгляду падобныя рэчы. Гэта значыць шчыліну яны такую зачынілі".

Як беларускі рэжым паслядоўна адмаўляе неабходнасць увядзення рамачнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і якія аргументы выкарыстоўвае пры гэтым?

Тое, як беларускі рэжым ставіцца да рамачнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства і якія аргументы пры гэтым выкарыстоўвае, можна адсачыць падчас справаздачнасці беларускіх уладаў у розных камітэтах ААН. Так, у 2022 годзе Беларусь як дзяржава-ўдзельніца Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах адчытвалася ў Камітэце па эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Тады дакладчыца Камітэта Хэй Су Шын закранула пытанне ўсёабдымнага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, якое ў Беларусі адсутнічае. Як заўважыла дакладчыца, у 2015 годзе Беларусь абяцала разгледзець яго, але цяпер кажа пра тое, што замест гэтага існуюць многія галіновыя законы, і, па логіцы Беларусі, неабходнасці ва ўсёабдымным антыдыскрымінацыйным заканадаўстве няма. На гэта дэлегацыя Беларусі адказала, што прынцып роўнасці наўпрост замацаваны ў Канстытуцыі Беларусі:

"Мы праводзілі даследаванні па замацаванні ў заканадаўстве антыдыскрымінацыйных падыходаў. І гэтыя даследаванні паказваюць, што нацыянальнае заканадаўства дыскрымінацыйна нейтральнае [ ... ] у Беларусі ў цяперашні час дзейнічае 380 законаў, у 12 з іх наўпроставая забарона дыскрымінацыі".

Аднак у сваіх заключных заўвагах Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах сфармаваў рэкамендацыю, каб быў прыняты ўсёабдымны закон аб супрацьдзеянні дыскрымінацыі.

На гэта спаслаліся сябры іншага Камітэта — па правах людзей з інваліднасцю — падчас справаздачнасці там беларускага рэжыму ў 2024 годзе.

"Наколькі далёка вы зайшлі?" — спыталі сябры Камітэта ў прадстаўнікоў беларускай улады.

"У 2022 годзе мы правялі канстытуцыйную рэформу, куды ўключылі асобным артыкулам правы інвалідаў", — адказала дэлегацыя Беларусі, на што сябры Камітэта сказалі, што гэтага недастаткова.

Пытанне аб антыдыскрымінацыйным заканадаўстве ўздымалася і падчас справаздачнасці Беларусі ў Камітэце па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, дзе беларускія ўлады давалі справаздачу ў 2024 годзе.

"Што перашкаджае Беларусі прыняць усёабдымнае заканадаўства супраць расавай дыскрымінацыі? Дзяржава ў 2019 прыйшла да высновы аб заўчаснасці закона аб дыскрымінацыі...", — запытваліся сябры Камітэта.

"Калі казаць простай мовай, нішто не перашкаджае ўвесці вызначэнне, але нам гэта не трэба. У Канстытуцыі ў артыкуле 22 выразна сказана: замацаваная роўнасць перад законам і роўнасць ад дыскрымінацыі", — адказаў кіраўнік дэлегацыі Беларусі Юрый Амбразевіч.

Пытанне аб антыдыскрымінацыйным заканадаўстве ўздымалася і падчас справаздачнасці Беларусі ў 2025 годзе ў Камітэце па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын. Так, сябра Камітэта Елгун Сафараў адзначыў:

"Ні ў Крымінальным, ні ў Працоўным кодэксе няма палажэнняў, канкрэтна накіраваных на барацьбу з сексуальнымі дамагальніцтвамі".

На гэта прадстаўніца дэлегацыі рэжыму адказала, што Беларусі антыдыскрымінацыйны закон не патрэбны, таму што мэты імплементацыі Канвенцыі ўсё адно дасягаюцца:

"У той час універсальныя антыдыскрымінацыйныя палажэнні знайшлі сваё адлюстраванне ў Канстытуцыі, а таксама ў галіновых заканадаўчых актах, накіраваных [напрыклад] на працоўныя адносіны. Пазначанае вамі пытанне разглядалася ўрадам у 2017-2019 гадах, і яно паказала, што нашае заканадаўства досыць разнастайна імплементуе становішча Канвенцыі".

Што не так з такімі аргументамі ўладаў?

На гэтае пытанне адказвае Кацярына Дзяйкала:

"З гэтымі аргументам не так усё. У беларускім заканадаўстве не распрацаваны тэрміналагічны апарат у сферы забароны дыскрымінацыі. І гэта перашкаджае ўсёабдымнай сістэмнай абароне ад дыскрымінацыі.
Калі яны кажуць, што "універсальныя антыдыскрымінацыйныя палажэнні" змяшчаюцца ў пэўнай колькасці актаў, гэта таксама не зусім праўда. Там можа ўтрымлівацца прынцып роўнасці кожнага перад законам або права на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў без якой-небудзь дыскрымінацыі (гэта канстытуцыйная норма, якая адлюстроўваецца ў шэрагу заканадаўства), але справа ў тым, што гэта не з'яўляецца вызначэннем дыскрымінацыі. Гэта розныя рэчы.

Безумоўна, сутнасць забароны дыскрымінацыі грунтуецца на гэтай канстытуцыйнай норме і Канстытуцыя таксама ўваходзіць у комплекснае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства, але, па-першае, не будзем у прынцыпе казаць пра тое, як беларускія ўлады карыстаюцца Канстытуцыяй — для іх гэта абсалютна не дакумент прамога дзеяння. Па-другое, адны з нямногіх, калі не адзіныя дакументы, у якіх утрымліваюцца паняцці дыскрымінацыі — менавіта як няроўны зварот без разумнага абгрунтавання і г.д. — гэта Працоўны кодэкс і новы Закон 2022 г. "Аб правах інвалідаў ды іх сацыяльнай інтэграцыі". І гэтых двух паняццяў у галіновым заканадаўстве не хапае, безумоўна, для таго, каб ахопліваць усе сферы, у якіх можа адбывацца дыскрымінацыя. І гэтыя палажэнні таксама не зусім адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязальніцтвам Беларусі.

Таму казаць пра тое, што нам не патрэбны агульны закон таму, што дастаткова нормаў у беларускім заканадаўстве, не даводзіцца зусім, бо іх недастаткова. Тыя, якія ёсць, як я ўжо сказала, шэраг з іх — наогул не з'яўляецца вызначэннем дыскрымінацыі, а выказвае агульны прынцып роўнасці, што недастаткова.

Таму, калі мы хочам абараніцца ад дыскрымінацыі, нам патрэбная канкрэтная і ясная норма, дзе канкрэтна напісана, якія дзеянні або бяздзейнасці з'яўляюцца дыскрымінацыяй. Нам патрэбны прапісаны ў заканадаўстве пералік усіх забароненых падстаў дыскрымінацыі паводле міжнароднага стандарту, каб людзі былі абароненыя ад усіх магчымых яе праяваў. Нам патрэбныя канкрэтныя і ясныя правілы даказвання, што, у тым ліку, укаранёныя ў адпаведныя працэсуальныя кодэксы. Гэтага ўсяго няма ў беларускім заканадаўстве. Гэта значыць беларускае заканадаўства не арыентаванае на стварэнне комплекснай сістэмы захадаў па барацьбе з дыскрымінацыяй і не вызначае механізмы прававой абароны ад дыскрымінацыі".

Сваім меркаваннем, што не так з аргументамі ўладаў, падзяліўся і Сяргей Драздоўскі:

"Давайце пяройдзем да аналогіяў. Калі мы сёння ў грамадстве скажам: "Забойства забароненае — і кропка". У Канстытуцыі гэта напішам. І выкінем, спалім Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, закрыем турмы, дзе сядзяць забойцы... Так? Ну, абсурд. А з дыскрымінацыяй атрымліваецца сапраўды так. Гэта значыць, яны кажуць: "Дыскрымінацыя забароненая, у Канстытуцыі напісалі" — і ўсё, больш нічога не рабіць... Гэта значыць, дыскрымінацыя мусіць сама сябе забараніць і знікнуць з грамадства як з'ява! У той час, як дзяржава, ды і само грамадства, плодзіць велізарную колькасць спрыяльнай глебы для развіцця антыдыскрымінацыйных сітуацыяў: няроўнасці паводле разнастайных межаў, дзе з'яўляюцца новыя і ўзмацняюцца старыя.

Трэба сказаць, што праз тое, што ў нас у Беларусі дзяржава займае практычна ўсе высокія паверхі сацыяльных адносінаў (гэта значыць дзяржава ў нас практычна паўсюль, яна — манапаліст у многіх-многіх сферах), то і, натуральна, сітуацыя з дыскрымінацыяй — гэта амаль заўсёды будзе і ёсць канфлікт чалавека і дзяржавы. І гэта ў некаторых дзяржаўных інстанцыях вельмі выразна разумеюць: што забарона дыскрымінацыі ў Беларусі — гэта магутны інструмент людзям у размове з уладай.

Тэзіс дзяржавы: мы забаранілі ў Канстытуцыі — зараз усё добра. А давайце звернемся да судовай практыкі: колькі ў нас у краіне вядомых кейсаў, дзе людзі, групы людзей, або адвакаты прыносяць справы аб абароне ад дыскрымінацыі? Ды яны невядомыя. Можа быць такое і адбываецца, але ў публічную прастору гэта ніяк не трапляе абсалютна. Адкрытых даных такіх няма. Гэта значыць — людзі не здольныя гэта рабіць і не вераць у тое, што можна абараніцца толькі на падставе таго, што Канстытуцыя забараняе".

Аднак беларускі рэжым гадамі не хоча ўводзіць рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства. Чаму?

"Тут прычына вельмі комплексная, — кажа Кацярына Дзяйкала. — У першую чаргу, гэта адзін з эфектаў або адзін з вынікаў постсавецкага разумення права і прававой сістэмы, у якім мы дагэтуль жывем, дзе само слова дыскрымінацыя — гэта нешта з заходніх каштоўнасцяў, і тут у нас усё нармальна з гэтым нібыта. Беларуская прававая сістэма цяжкавагава працуе, яна ў цэлым не імкнецца да развіцця. То-бок, яна, вядома, развіваецца — у асноўным там, дзе дзяржаве трэба і выгадна, там, дзе дзяржаве не страшна. Ну і там, дзе трошкі патрабаванні часу (напрыклад, Закон "Аб абароне персанальных даных" з'явіўся збольшага з гэтай нагоды).

Агулам стварэнне комплекснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства — гэта адлюстраванне таго факту, што дзяржава думае пра людзей, яна думае, як больш эфектыўным зрабіць абарону чалавека.

І гэта азначае, што яна прызнае: ёсць праблема. І што яна ёсць не толькі ў працоўных адносінах або для асобаў з інваліднасцю — што гэта наогул комплексная вялікая праблема, якая існуе ў грамадстве, і што як мінімум павінен быць базавы закон аб роўнасці і амбудсмен. А беларускія чыноўнікі ў асноўным не бачаць чалавека і яго праблемы праз чалавекаарыентаваную лінзу. У іх логіка ідзе не знізу ўверх, а зверху ўніз. Нават новы закон аб правах асобаў з інваліднасцю з'явіўся толькі ў 2022 годзе, хоць ратыфікавалі Канвенцыю мы ў 2016 годзе".

Пра тое, як пісаўся згаданы Закон "Аб правах інвалідаў ды іх сацыяльнай інтэграцыі", успамінае Сяргей Драздоўскі:

"У 2013 годзе здарылася вялікае-вялікае даследаванне — інструментальнае, з апытаннямі, з фокус-групамі, з прававым даследаваннем, якое называецца "За паўгадзіны да вясны". І гэта быў такі грунтоўны матэрыял, які сабраў на той момант усе нашы перадавыя думкі з грамадзянскай супольнасці, і экспертныя ацэнкі, і фактуру — а гэта самае галоўнае. У адказ на гэта дзяржава адрэагавала і замовіла ў НЦЗПІ такую перадзакандаўчую працу, даследаванне, з нагоды неабходнасці ды не-неабходнасці антыдыскрымінацыйнага заканадаўства. Гэта было доўга, яны ў прынцыпе працавалі дастаткова добра і адкрыта, там былі добрай якасці маладыя юрысты, якія з гэтым пытаннем працавалі, пастаянна ўзаемадзейнічалі з нашай праваабарончай супольнасцю.

І канчатковы вынік быў такі палітычны — не, не трэба, у нас і так усё добра. І абгрунтоўвалася гэта тым, што ў нас вельмі магутны, у адрозненне нават ад вельмі многіх краін, набор пазітыўных дзеянняў, выкананне якіх, на думку дзяржавы, мусіць у прынцыпе пазбаўляць глебы для існавання дыскрымінацыі. То бок, калі мы даем вялікі дэкрэтны адпачынак — вось табе і ўсё, вось гэта пазбаўленне дыскрымінацыі. Калі мы падкінулі людзям з інваліднасцю купку льготаў — дзе ж тут дыскрымінацыя? Хай будуць задаволеныя, і гэтыя льготы ўсё перакрыюць. Ну і гэтак далей — па ўсіх галінах вось такая логіка. Але на самой справе асабістыя высновы падчас гэтага даследавання не стыкаваліся з гэтым вялікім палітычным ходам. І, вядома, гэта было прыкметна, гэта было палітычнае рашэнне.

Калі рыхтаваўся закон аб правах людзей з інваліднасцю, туды мне ўдалося ўнесці практычна цалкам увесь пакет па дыскрымінацыі: так, вядома, праблема ў тым, што гэта нібы прыватны разварот аб забароне дыскрымінацыі ў сферы менавіта інваліднасці, які хутчэй за ўсё не можа працаваць у такім выглядзе без агульнага закона — так. Але і заканадаўца, і Міністэрства — усе пайшлі на гэта і пагадзіліся на тое, каб гэты пакет нормаў, поўных інавацый (такога яшчэ нідзе не было ў заканадаўстве) апынуўся ў гэтым законе.

І раптам мы даведаемся, што ён цалкам выкраслены. Самае цікавае, што дэфініцыі дыскрымінацыі было вырашана выкрасліць, а пакінуць толькі запіс, што не лічыцца дыскрымінацыяй".

Яшчэ раз пра тое, чаму рамачнае антыдыскрымінацыйнае заканадаўства важнае:

"Таму што гэта наўпроставы (чым больш кароткі, тым больш наўпроставы) інструмент для абароны чалавека ад парушэння яго правоў, калі ёсць дыскрымінацыя, — кажа Сяргей Драздоўскі. — Гэта значыць, не любое парушэнне правоў ёсць дыскрымінацыя, хоць любая дыскрымінацыя — парушэнне правоў. Але тыя сітуацыі, у якіх прасочваецца дыскрымінацыйны характар, такога кшталту заканадаўства найбольш эфектыўнае. І ва ўсім свеце гэта даказана.

У чым яшчэ асаблівасць. У тым, што тут канкрэтны чалавек наўпрост можа выкарыстаць гэты закон. І па-мойму, менавіта гэтая эфектыўнасць, гэтая працаздольнасць вось такога антыдыскрымінацыйнага заканадаўства на карысць чалавека акурат і з'яўляецца аддзяляльным матывам для дзяржавы. Гэта я кажу, што акрамя таго, што "правы чалавека — гэта ворагі" і гэтак далей. Але што менавіта іх так прымушае баяцца гэтага? Але вось, так, эфектыўнасць гэтага закона.

І насамрэч [беларускія] даследаванні паказалі, што жаданні абараняцца ад дыскрымінацыі, жаданне дамагацца роўнасці і сярод людзей, і сярод спецыялістаў, напрыклад сацыяльных работнікаў, напрыклад у адукацыі — гэта значыць людзей, якія працуюць з людзьмі — гэта жаданне досыць высокае: каб быў інструмент, які гэтыя ўсе сітуацыі нарэшце растлумачыў. Гэта значыць людзі спадзяюцца на тое, што атрымаюць чароўную палачку (хоць гэта, вядома, не так), чыноўнікі спадзяюцца, што да іх не будуць прыходзіць і любую з'яву ў прыродзе называць дыскрымінацыяй, а больш пяройдуць да канструктыву. Гэта было чаканым. Цяпер, відавочна, усё гэта абрынулася проста таму, што адбыўся злом павагі да правасуддзя, права, закона, гэта значыць гэты нігілізм, які праціскаецца зверху, валодае такім дзеяннем.

Людзі ва ўладзе вельмі добра разумеюць, што інструмент забароны дыскрымінацыі — гэта магутны інструмент абароны чалавека. Яны гэта вельмі добра разумеюць, яны нават не ідуць у публічныя дыскусіі з гэтай нагоды, бо бессэнсоўна. На адной нарадзе па гэтым законе, калі скончыліся аргументы супраць мяне, начальніца ўпраўлення НЦЗПІ сказала: "А цяпер я сваёй уладай проста закрываю тэму, мы зробім так, як мы лічым патрэбным". І гэты падыход дэманструе жорсткасць пазіцыі. Гэта значыць, там людзі дакладна разабраліся, як гэта працуе, яны дакладна разумеюць, на чыю карысць гэта працуе, і далей выключна сілавы варыянт: мы проста не будзем гэта абмяркоўваць, мы проста не будзем дазваляць гэта рабіць.

Навошта яшчэ патрэбны антыдыскрымінацыйны закон. Калі не існуе заканадаўчай нормы, то няма і матыву ў грамадства разбірацца з гэтым, высвятляць, а як даказваць... Яны з'яўляюцца толькі ў прынцыпе разам з развіццём права. Таму што правы гэта не проста інструмент у руках улады, гэта спосаб нам у грамадстве ўжывацца разам адно з адным".

Share

See more news

Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
22 September 2025, 2:07 PM
Тлумачыць «Вясна». Ціск на сваякоў палітэмігрантаў: што важна ведаць
Калі чалавек з'язджае з Беларусі, улады ўсё часцей спрабуюць дастаць яго праз сваякоў, якія засталіся. Бацькоў або братоў і сясцёр выклікаюць у міліцыю, ладзяць ператрусы, дапытваюць, часам затрымліваюць.
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
22 September 2025, 1:45 PM
Заснавана новая прэмія "Голас пакалення свабоды" для правабаронцаў, літаратараў і журналістаў ва ўзросце 60+
Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
19 September 2025, 12:49 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2025
Коратка: у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці