Тлумачыць «Вясна». «Справа дваровых чатаў»: як чаты суседзяў ператварыліся ў крымінальную справу

12 November 2025, 9:00 PM
Тлумачыць «Вясна». «Справа дваровых чатаў»: як чаты суседзяў ператварыліся ў крымінальную справу

"Дваровыя чаты" былі адной з формаў самакаардынацыі грамадзян пасля падзей 2020 года. Іх удзельнікі займаліся пераважна лакальнымі пытаннямі — дапамогай суседзям, падтрымкай сем’яў палітвязняў, добраўпарадкаваннем тэрыторый, абмеркаваннем навін. Цяпер гэтая дзейнасць трактуецца як "стварэнне арганізаванай групы з мэтай змены дзяржаўнага ладу".

"Вясна" распавядае, што вядома па "справу дваровых чатаў", па якой асудзілі ўжо мінімум 35 чалавек са Смаргоні, Навагрудку, Ваўкавыска і іншых гарадоў.

"Хапун" год таму і цяжкія абвінавачванні

Напрыканцы кастрычніка 2024 года ў Беларусі прайшла адна з самых маштабных хваляў затрыманняў апошняга часу. Паводле версіі абвінавачвання, дваровыя чаты — лакальныя Telegram-суполкі жыхароў раёнаў і мікрараёнаў, якія ўзніклі пасля пратэстаў 2020 года, — нібыта ўтваралі "экстрэмісцкае фармаванне" пад агульнай назвай "Ордэн".

29 кастрычніка 2024 года КДБ афіцыйна прызнаў гэтую дваровую кааліцыю экстрэмісцкай. "Экстрэмісцкім фармаваннем" былі прызнаныя таксама чаты «Злые когтики», «Сеніца 2.0», «Солідарнасць», «Вольныя ваўкі», «Сухарава», «Соседи», «Скромные матрёшки», «Навагрудскія партызаны» ды іншыя. Паводле ведамства, дачыненне да гэтых ініцыятыў маюць Ірына Якаўлева, Наталля Дароніна, Дзіяна Гаўрылава, грамадзянін Украіны Іван Амялян, Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Наталля Гужова, Ірына Смалярава, Станіслаў Батвін, Наталля Лантух.

Супраць дзясяткаў чалавек былі ўзбуджаныя крымінальныя справы па артыкулах 357 (змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і 361-1 (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні) Крымінальнага кодэкса. Частцы фігурантаў спачатку прад’явілі "змову", але потым перакваліфікавалі абвінавачанні толькі ў "удзел у фармаванні".

Мінімум 35 асуджаных па "справе дваровых чатаў"

"Вясне" вядома, што за кратамі ўтрымліваецца не менш за 33 палітзняволеных фігурантаў справы, сярод якіх — 25 жанчын. Сярод іх ёсць жанчыны пенсійнага ўзросту, з сур'ёзнымі захворваннямі, некаторыя маюць непаўналетніх дзяцей. Некаторыя фігуранты справы выехалі за мяжу. Па звестках "Вясны" па "справе дваровых чатаў" ужо асудзілі мінімум 35 чалавек.

Так, 14 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд сямі жыхарам Смаргоні — усім, акрамя адной жанчыне з анкалогіяй, прызначылі па два з паловай гады калоніі і штрафы ў памеры 800 базавых велічыняў (33 600 беларускіх рублёў). Удзельнікаў і ўдзельніц закрытага Telegram-чата "ВИЛИЯ" прызналі вінаватымі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса).

Напрыканцы кастрычніка ў тым жа судзе асудзілі дзевяць жыхароў Ваўкавыску за ўдзел ў дваровым Telegram-чаце "Вольныя ваўкі". Шасцярых жанчын і траіх мужчын абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) і прызначылі калонію і штрафы ў памеры 800 базавых велічыняў (33 600 беларускіх рублёў) кожнаму. 

21 кастрычніка зноў жа ў Гродзенскім абласным судзе 21 кастрычніка агучылі прысуд пецярым палітзняволеным за ўдзел у тэлеграм-чаце "Партызаны Наваградку" іх прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і прызначылі па два з паловай гады зняволення кожнаму і кожнай, а таксама штрафы памерам 800 базавых велічыняў.

Таксама па "справе дваровых чатаў" асуджана 63-гадовая Ірына Кішкурна. Паводле ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса ёй прызначылі два гады калоніі і штраф у памеры 1000 базавых велічыняў.

Па "справе дваровых чатаў" у Мінскім абласным судзе былі да зняволення былі асуджаныя тры жанчыны — Анастасія ГарчаковаАнастасія Сікірыцкая і Марына Петражыцкая. Ім прызначылі па два гады калоніі і штраф у 800 базавых велічыняў паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Якое злачынства ў суседскіх чатах убачыў рэжым?

Паводле версіі абвінавачвання, мэтамі і задачамі дваровых чатаў, якія аб'ядналіся ў кааліцыю "Ордэн" выступалі, апроч усяго іншага, "захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; аказанне мэтанакіраванага інфармацыйнага ўздзеяння на масавую грамадскую свядомасць, парушэнне інфармацыйнага суверэнітэту краіны, размыванне рэчаіснасці, скажэнне і ўтойванне рэальных фактаў, фармаванне негатыўнага грамадскай думкі да дзейнасці органаў улады, фармаванне і падтрыманне радыкальнага і пратэстнага патэнцыялу, стымуляванне росту пратэстнага настрою і сацыяльна-палітычнага хаосу ў беларускім грамадстве, расхіствання і расколу яго на "сваіх" і прыхільнікаў дзеючага канстытуцыйнага ладу; нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве" і іншае. Гэта ўсё кваліфікавалі як "удзел у экстрэмісцкім фармаванні".

Дваровыя чаты следства называла "падпольнымі супольнасцямі", якія вядуць сваю дзейнасць канспіратыўна і маюць сваіх нефармальных лідараў (кіраўнікоў) з ліку найбольш актыўных і пратэсна настроеных удзельнікаў.

У віну фігурантам суполак ставілі ўдзел у адукацыйных курсах "ПаЧАТак", "НUВ 9", "Нация Лидеров", "Открытый университет свободы". Так, фактычна любая форма адукацыйнай або грамадскай актыўнасці за мяжой трактавалася як "падрыхтоўка да змены ўлады". 

Напрыклад, атрыманыя веды ў сферы палітыкі і дзяржаўнага кіравання, на думку абвінавачвання, давалі магчымасць удзельнікам "экстрэмісцкага фармавання" ў наступным вылучыцца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў альбо ўвайсці ў склад грамадскіх аб'яднанняў або палітычных партый, дзеючых на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам удзельнікі суполак маглі атрымаць "легальную магчымасць весці сакрэтную дзейнасць па рэалізацыі злачынных мэтаў і задач экстрэмісцкага фармавання, у тым ліку накіраваную на фармаванне і ўзмацненне антыдзяржаўных настрояў у грамадстве з мэтай стварэння ўмоў для антыканстытуцыйнага захопу ўлады ў Рэспубліцы Беларусь". 

Але віна прад'яўлялася не толькі за актыўныя дзеянні, але і за бяздзейнасць. У аснову абвінавачання ўдзельнікаў і ўдзельніц суполак быў пакладзены так званы "дзень Ч" — змена ўлады, у тым ліку шляхам натуральнай смерці Лукашэнкі. План прадугледжваў чаканне гэтага дня без ажыццяўлення актыўных дзеянняў па захопу ўлады з боку суполак.

Праслухоўка і назіранне 

Як высветлілася, за некаторымі затрыманымі ўдзельнікамі чатаў сачылі амаль год. У матэрыялах фігуруюць дзясяткі праслуханых Zoom-канферэнцый, запісы тэлефонных размоў і анлайн-сустрэч, якія, паводле следства, сведчылі пра "планаванне каардынацыйнай дзейнасці". 

Фігурантка справы, якой удалося выехаць за мяжу, распавяла "Вясне" пра затрыманне і допыты, падчас якіх пыталіся пра паездкі за мяжу. Падчас допыту супрацоўнікі цікавіліся адкуль у жанчыны шэнгенская віза, бо з вясны 2023 года атрымаць яе могуць толькі тыя, у каго сваякі маюць грамадзянства Літвы ці Еўразвязу. Па словах Таццяны, заяўку на атрыманне візы яна падала за два тыдні да прыняцця гэтага закону ў Літве.

"Мне пра маю актыўнасць распавялі ўсё, што толькі магчыма — і гэта было праўдай. І тое, што я дапамагаю палітвязням і іх сем'ям, хлопчыку з інваліднасцю і іншыя рэчы. Потым была гульня ў злога і добрага паліцэйскага".

Супрацоўнікаў КДБ цікавалі паездкі жанчыны за мяжу, з кім яна там сустракалася, у якіх мерапрыемствах удзельнічала.

"У мяне зноў пыталіся пра маю візу, называлі мне людзей. Але я казала, што нікога і нічога не ведаю. Быў вельмі жорсткі допыт, які вельмі доўга цягнуўся. Пагражалі мне расстрэлам. Казалі, што будуць катаваць і збіваць да паўсмерці. Пагражалі адправіць у карцар і не даваць спаць. Напрыканцы я проста адмовілася сведчыць супраць сябе (арт. 27 Канстытуцыі). Яны адразу замоўклі, а ў пратаколе допыта пазначылі выключна толькі пра маю адмову сведчыць".

У віну фігурантам ставіліся паездкі ў Літву, Польшчу і Грузію, удзел у трэнінгах і сустрэчах. 

"Замежны ўплыў"

Асобны блок абвінавачанняў фігурантаў справы датычыцца сувязяў з літоўскай арганізацыяй “Gero kaimyno agentūra, VšĮ” (“Агенцтва добры сусед”). У абвінавачанні сцвярджаецца, што гэтая арганізацыя займалася, апроч усяго іншага, каардынацыяй і навучаннем беларускіх актывістаў, падтрымкай іх у атрыманні віз і ўдзеле ў міжнародных мерапрыемствах, фандрайзінгам і праектным навучаннем. 24 кастрычніка Вярхоўны суд прызнаў літоўскую "Gero kaimyno agentūra, VšĮ" "экстрэмісцкай арганізацыяй". У Літве арганізацыя была афіцыйна зарэгістраваная, таму яе прызнавалі "экстрэмісцкай арганізацыяй" у судовым парадку. Цяпер яе дзейнасць забаронена на тэрыторыі Беларусі.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Share

See more news

Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
05 December 2025, 9:00 PM
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) апублікавала брыфінг, як беларускі рэжым ператварыў публічную дэманстрацыю прымусовых прызнанняў у жорсткі інструмент псіхалагічных катаванняў і палітычных рэпрэсій.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
05 December 2025, 9:00 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
У Беларусі захоўваецца цяжкая сітуацыя з правамі чалавекa.
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі
05 December 2025, 9:00 PM
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі
Напярэдадні Дня юрыста "Вясна" распавядае, хто сёння застаецца за кратамі і якім чынам юрыдычная дзейнасць ператварылася ў падставу для пераследу.
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
26 November 2025, 2:00 AM
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва разбірае сітуацыю з Мікалаем Статкевічам згодна з нацыянальным заканадаўствам. 

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці