«У аўтазаку зразумеў: магу ня выбрацца жывым». Выйшаў даклад, як катавалі затрыманых у Маскоўскім РУУС Менску ў 2020-м

26 June 2024, 1:18 PM
«У аўтазаку зразумеў: магу ня выбрацца жывым». Выйшаў даклад, як катавалі затрыманых у Маскоўскім РУУС Менску ў 2020-м

«Маскоўскі РУУС горада Мінска. Катаванні затрыманых 9-13 жніўня 2020 года». Грамадскае расследаванне

«Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадстаўляе новае расследаванне аб злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам пасля выбараў 2020 года. На гэты раз фокус увагі расследавальнікаў быў накіраваны на Маскоўскае РУУС г. Мінска і злачынствы, якія адбывалiся там у перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года.

Эксперты Камітэта старанна вывучылі 48 індывідуальных інтэрв’ю (569 старонак тэксту) затрыманых, прааналізавалі фатаграфіі траўмаў і медыцынскія дакументы (58 старонак). На падставе гэтага была складзена храналогія падзей.

У Маскоўскае РУУС затрыманых звазілі з усяго горада, сярод іх былі жанчыны, непаўналетнія і пажылыя. Найбольш жорстка абыходзіліся з людзьмі, якіх фарбай пазначыў АМАП: з татуіроўкамі, якія размаўляюць на беларускай мове, з нестандартнай знешнасцю (з доўгімі або афарбаванымі валасамі, дрэдамі, пірсінгам).

На падставе паказанняў грамадзян і прадстаўленых імі дакументаў, расследавальнікі Камітэта робяць выснову, што сілавікі на тэрыторыі РУУС Маскоўскага раёна г. Мінска ажыццяўлялі масавыя і сістэмныя акты катаванняў і гвалту, у тым ліку сэксуальнага (як мінімум трое пацярпелых распавялі пра гэта), здзекаў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых.

Людзей праганялі праз строй сілавікоў з дубінкамі (так званыя «калідоры смерці»), гадзінамі трымалі ў нязручных позах, збівалі. Пры допытах і працэдуры афармлення ставіліся да затрыманых з асаблівым зверствам: душылі, накрывалі галаву адзеннем, садзіліся на іх. У адной з дзяўчат здымалі пірсінг на грудзях абцугамі. Параненых і збітых утрымлівалі ў перапоўненых душных і вільготных камерах, не кармілі, абмяжоўвалі ў вадзе. У прыбіральню выводзілі ў рэдкіх выпадках, пры гэтым абражалі і збівалі, былі спробы “ўтаплення” ва ўнітазе. Медыцынская дапамога, як правіла, не аказвалася.

Цытаты з паказанняў пацярпелых:

  • «Я яшчэ ў аўтазаку зразумеў, што, мусіць, можна і не абрацца адтуль жывым. А ў РУУС я ўжо ў гэтым быў упэўнены».

  • «Калі ў актавай зале яшчэ параўнальна не вельмі моцна білі людзей, то ў калідорах было больш жорстка. Чуваць было, як іх б’юць. Мы, якія ляжаць у актавай зале, абураліся і спрабавалі крычаць: “Што ж вы робіце, спыніцеся!”. Здавалася, там ужо нічога жывога няма».

  • «Тыя, хто ляжаў на падлозе, ім казалі: “Галаву ў падлогу”. Калі нехта не слухаўся, у кагосьці зацякала шыя, ён не мог нешта зрабіць, яны дамагаліся гэтага сілай. Збівалі нагамі».

  • «Выйсці ў прыбіральню, ну, выпускалі рэдка. Там людзі пісаліся пад сябе. Ну, хадзілі па вялікім таксама пад сябе, некаторыя, ад болю, яшчэ нечага…».

  • «Што мяне больш за ўсё ўразіла – тое, што адзін з іх крычаў, што “мы толькі чакаем, калі нам дазволяць ужываць зброю, і мы вас, сук, будзем расстрэльваць. Усіх будзем страляць!”».

  • «Я магу сказаць, што гэта былі дзве самыя страшныя гадзіны ў маім жыцці. Яны нас збівалі там, яны здзекаваліся».

  • «Калі я там быў, адчуванні таго, што ты бездапаможны чалавек, яно цябе ніколі не пакідала. Бо з табой могуць зрабіць усё што заўгодна. У прынцыпе ты не можаш гэтаму супрацьстаяць ніяк. Я зразумеў, што яны захочуць, дык яны могуць зрабіць. Гэта значыць, у іх рукі развязаныя былі. Яны пра гэта самі казалі не раз.»

У выніку знаходжання ў Маскоўскім РУУС у многіх затрыманых узніклі сур’ёзныя праблемы з фізічным і псіхічным здароўем, у некаторых яны маюць незваротны характар.

Галоўная задача нашага расследавання — аднавіць падзеі жніўня 2020 года, захаваць усе сведчанні злачынстваў і імёны злачынцаў, забяспечыць урачыстасць правасуддзя ў будучыні. У канцы справаздачы мы прыводзім спіс з 14 сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях. Іх апазналі пацярпелыя, а дадатковую інфармацыю аб супрацоўніках эксперты атрымалі з некалькіх крыніц. Важна: віна гэтых людзей павінна быць даказаная ў судзе.

Мы працягваем заклікаць міжнародную супольнасць прыняць меры і падтрымаць пацярпелых, прыцягнуць да адказнасці вінаватых за ўчыненыя злачынствы. Неабходна спыніць цыкл гвалту і беспакаранасці, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся.

Поўная версія расследавання

See more news

Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2025
13 May 2025, 12:02 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2025
У красавіку ўлады Беларусі працягнулі маштабную кампанію рэпрэсій пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам».
Cалідарнасць супраць рэпрэсій! 21 траўня — Дзень палітвязняў Беларусі
13 May 2025, 11:11 AM
Cалідарнасць супраць рэпрэсій! 21 траўня — Дзень палітвязняў Беларусі
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі на знак памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам.
БАЖ і Марыя Калеснікава атрымалі Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека
12 May 2025, 10:12 AM
БАЖ і Марыя Калеснікава атрымалі Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека
Беларускую асацыяцыю журналістаў адзначылі за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
17 April 2025, 12:57 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
На 15 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці