Аргкамітэт Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці выступіў са зваротам і апублікаваў лонг-ліст намінантаў Прэміі.
Нацыянальная праваабарончая прэмія заснаванная Праваабарончым альянсам у 2008 годзе. Усю інфармацыю пра яе гісторыю, склад аргкамітэта, а таксама Палажэнне можна пачытаць тут.
Сёння ў Аргкамітэт прэміі уваходзяць 8 праваабарончых арганізацыяў. Імёны сябраў Аргкамітэту не называюцца з мэтаў бяспекі: сярод іх ёсць непублічныя персоны.
Аргкамітэт дзейнічае паводле Рэгламенту, які быў унутраным дакументам, але сёлета, улічваючы падвышаную цікаўнасць да прэміі, Аргкамітэт прыняў рашэнне яго апублікаваць.
РЭГЛАМЕНТ ДЗЕЙНАСЦІ АРГКАМІТЭТА ПРАВААБАРОНЧАЙ ПРЭМІІ
Крытэры намінавання, парадак вылучэння і вызначэння лаўрэатаў падрабязна апісаныя ў Палажэнні аб Прэміі. Пералічым тут скарочана асноўныя моманты.
ХТО МАЕ ПРАВА ВЫЛУЧАЦЬ НАМІНАНТАЎ
Суб'ектамі, якія маюць права вылучаць намінантаў, ёсць:
арганізацыі, якія далучыліся да Прынцыпаў дзейнасці праваабаронцаў Беларусі і чыя дзейнасць адпавядае вызначэнню панятка “праваабаронца”. Арганізацыя мусіць быць дзейснай, а не намінальна існаваць.
лаўрэаты Прэміі мінулых гадоў.
ВАЖНА! Сёлета Аргкамітэт зняў абмежаванні, якія не дазвалялі намінаваць на Прэмію лаўрэатаў мінулых гадоў. Цяпер намінавацца на Прэмію можна неабмежаваную колькасць разоў.
ЦІ МОГУЦЬ СУБ'ЕКТЫ, ЯКІЯ ВЫЛУЧАЮЦЬ НАМІНАНТАЎ, ЗАПЫТВАЦЬ У ПУБЛІКІ, КАГО ВЫЛУЧАЦЬ?
Часам сябры праваабарончых арганізацыяў і лаўрэаты мінулых гадоў запытваюцца ў сваёй аўдыторыі, каго варта вылучыць на Прэмію. Такія пытанні не забароненыя Палажэннем ці Рэгламентам, аднак, суб'екты не абавязаныя намінаваць менавіта таго, каго яму параіць публіка. Канчатковае рашэнне, каго намінаваць – застаецца за суб'ектам.
ШТО АДБЫВАЕЦЦА ПАСЛЯ ВЫЛУЧЭННЯ НАМІНАНТАЎ
Пасля вылучэння Аргкамітэт абмяркоўвае адпаведнасць намінантаў Прынцыпам дзейнасці праваабаронцаў Беларусі, крытэрыям панятку “праваабаронца” і крытэрыям Прэміі, і складае лонг-ліст. З 2023 года Аргамітэт прыняў рашэнне публікаваць лонг-ліст.
ХТО ТРАПІЎ У ЛОНГ-ЛІСТ ПРЭМІІ Ў 2023 ГОДЗЕ
Намінанты на Праваабаронцу года – 2023
1. Кацярына Дзяйкала
2. Алег Агееў
3. Аляксандр Кабанаў
4. Павел Левінаў
5. Леанід Судаленка no yes
6. Наталля Мацкевіч
7. Вікторыя Фёдарава
8. Сяргей Усцінаў
Намінанты на Журналіста года – 2023
1. Анастасія Бойка, Медыязона.Беларусь
2. Журналісты сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў
3. Кацярына Пытлева, Маланка-Медыя
4. Валярына Кустава, Белсат
5. Аляксандр Манцэвіч, “Рэгіянальная газета”
6. Дзіяна Пінчук, сайт і сацсеткі “Вясны”
7. Ягор Марціновіч
8. Раман Васюковіч, “Цяперашні час”
9. Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода
10. Аляксандра Шакава, Медыязона.Беларусь
Намінанты на Праваабарончую кампанію/ініцыятыву года – 2023
1. Праект “Права на абарону”
2. Марафон салідарнасці “Нам не ўсё адно”
3. Аватар Насты Лойкі
4. Сусветны марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі (БАЖ)
5. Майстэрня паштовак салідарнасці
6. Служба эвакуацыі BYSOL
7. Ініцыятыва Partyzanka
8. Ініцыятыва “Палітвязынка”
Намінанты на Праваабарончую салідарнасць - 2023
1. Віталь Брагінец
2. Марфа Рабкова
3. Алесь Бяляцкі
4. Наста Лойка
5. Леанід Судаленка
6. Паліна Шарэнда-Панасюк
7. Васіль Бераснеў
8. Уладзь Лабковіч
9. Ларыса Шчыракова
Больш за ўсё (дзесяць) кандыдатаў было прапанавана ў намінацыі "Журналіст года". Агулам ў лонг-ліст Прэміі трапіла 35 асобаў і ініцыятываў.
ШТО АДБЫВАЕЦЦА ПАСЛЯ ВЫЗНАЧЭННЯ ЛОНГ-ЛІСТА
Сябры Аргкамітэта ТАЕМНЫМ ГАЛАСАВАННЕМ абіраюць шорт-ліст. Кожны сябар Аргкамітэта можа прагаласаваць максімум за трох намінантаў у кожнай намінацыі, аднак мае права абраць двух, аднога ці ўвогуле ўстрымацца. Палажэнні, якія дапамагаюць унікнуць канфлікту інтарэсаў, утрымліваюцца ў Рэгламенце.
Па выніках гэтага галасавання фармуецца шорт-ліст, у які сёлета ўвайшлі:
У намінацыі «Праваабронца года-2023» у спіс увайшлі:
Алег Агееў;
Павел Левінаў;
Наталля Мацкевіч.
У намінацыі «Журналіст(ка) года-2023» :
Алег Груздзіловіч;
Аляксандр Манцэвіч;
Дзіяна Пінчук.
У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2023» :
Служба эвакуацыі “BYSOL”;
Ініцыятыва “Права на абарону”;
Марафон салідарнасці “Нам не ўсё адно”.
У новай намінацыі, якая з’явілася сёлета, «Праваабарончая салідарнасць года-2023»:
Васіль Бераснеў;
Уладзь Лабковіч;
Паліна Шарэнда-Панасюк.
ЯК ВЫЗНАЧАЮЦЦА ЛАЎРЭАТЫ ПРЭМІІ
Аргкамітэт прапануе ўдзельнічаць у фінальным галасаванні праваабарончым арганізацыям (лаўрэаты мінулых гадоў у гэтым галасаванні не ўдзельнічаюць). Вынікамі галасавання вызначаюцца лаўрэаты, якіх публічна абвяшчаюць на цырымоніі ўручэння Прэміі. Цырымонія сімвалічна ладзіцца 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.
КАГО ЎЗНАГАРОДЖВАЮЦЬ ПРАВААБАРОНЦЫ СВАЁЙ ПРЭМІЯЙ
Ідэя Праваабарончай прэміі ў тым, каб пашырыць веды аб правах чалавека і ўганараваць тых, хто іх распаўсюджвае. Гэта прэмія праваабарончай супольнасці, але супольнасць узнагароджвае ня толькі праваабаронцаў. На прэмію вылучаюць журналістаў і актывістаў, а да 2010 году – адвакатаў, тых, хто ў сваёй дзейнасці трымаецца стандартаў міжнароднага права правоў чалавека, выяўляе вернасць агульначалавечым каштоўнасцям, хто ў сваіх артыкулах распавядае пра правы чалавека і іх абаронцаў.
Сёлета, у 2023 годзе, мы дадалі яшчэ адну намінацыю, “Праваабарончая салідарнасць”: для праваабаронцаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Гэтая намінацыя з’явілася, каб натуральнае жаданне падтрымаць тых, хто пацярпеў, не перашкаджала ўганараваць тых, хто працягвае дзейнасць.
ЧАМУ ПРАВААБАРОНЦЫ ЎЗНАГАРОДЖВАЮЦЬ ПРАВААБАРОНЦАЎ
Так, Прэмія дае магчымасць праваабаронцам уганараваць сваіх калег. Ці ёсць справядлівай сітуацыя, калі “праваабаронцы ўзнагароджваюць праваабаронцаў”? Аргкамітэт мяркуе, што так. Гэтае меркаванне грунтуецца на глыбокім перакананні, што ў праваабарончым асяроддзі мае панаваць альтруізм, сяброўства і памкненне дзейнічаць разам і дапамагаць адно адному – а не канкурэнцыя і змаганне міжсобку.
Для ўганаравання праваабаронцаў праваабаронцамі ёсць яшчэ адна падстава, не такая відавочная: дзейнасць многіх праваабаронцаў – непублічная, асабліва цяпер, калі гэтая дзейнасць жорстка пераследуецца беларускімі ўладамі. І часцяком толькі праваабаронцы ведаюць аб ціхай працы іх калегаў, якая можа працягвацца гадамі. Такая праца, хай і схаваная ад вачэй, таксама вартая ўганаравання.
І найгалоўнае: сутнасць Прэміі ў тым, што гэта прэмія, якую ўручае праваабарончая супольнасць. Паводле ўласных правілаў, стандартаў, падыходаў, кіраваная Рэгламентам і Палажэннем прэміі. Уручае дзеля таго, каб пашырыць веды аб правах чалавека і ўганараваць тых, хто іх абараняе і распаўсюджвае.
З упэўненасцю, што выкананне правоў чалавека зробіць гэты свет справядлівейшым для кожнага чалавека,
Аргкамітэт Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі